Вы тут

Жыццёвы шлях Язэпа Драздовіча


Шмат на нашай зямлі знакамітых прыродных мясцін. Сярод іх і Галубіцкая пушча — цяперашні біялагічны заказнік у Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах. Знаходзячыся ў суседстве з Бярэзінскім біясферным запаведнікам, яны складаюць адзін з самых буйных у Еўропе луга-балотных комплексаў і рэзерваў біялагічнай разнастайнасці водна-балотнай флоры і фаўны. Гэта калі па-навуковаму. Па-простаму кажучы — цуд з цудаў. Хоць у параўнанні з Белавежскай пушчай, Налібокамі і куды меншы, але ім нельга не ганарыцца. Калі б магла Галубіцкая пушчай гаварыць, з гонарам падзялілася б, што яна — радзіма мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога, пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу Язэпа Драздовіча, які нарадзіўся сярод лясоў Дзісеншчыны 13 кастрычніка 1888 года, дзе колісь быў засценак Пунькі. Сёння гэта Глыбоцкі раён. 


Язэп Драздовіч

Як курганная кветка

Сям’я Драздовічаў, як і звычайна ў тыя гады, была немалая — бацькі, пяць сыноў і дачка. Язэпка — малодшы. Калі яму споўнілася ўсяго два гады, бацька Нарцыз Драздовіч памёр. Маці, каб выжыць, прадала засценак пад так званую заставу, а сама з дзецьмі падалася ў людзі. Беручы ў арэнду зямлю, падоўгу на адным месцы не затрымліваліся. Дзе на два гады, а дзе, калі шанцавала, то і на тры.

Дзесьці ў дзесяцігадовым узросце Язэп падахвоціўся маляваць. Няблага атрымлівалася, калі што-небудзь перамалёўваў з кніжак, купленых маці на базары ў Дзісне. З задавальненнем апрацоўваў розныя карэньчыкі, сучкі, галінкі, робячы з іх казачныя, загадкавыя фігуркі. «Слухалася» ў яго ўмелых руках і гліна. Маці, як цяжка ні даводзілася, калі падрос, адправіла яго ў Віленскую мастацкую школу.

Вучыўся чатыры гады, з 1906 да 1910-га, перапыняючы заняткі ў пошуках кавалка хлеба. Вывучаючы жыццё, не толькі маляваннем займаўся, пісаў і пра жыцці тых, з асяродка каго выйшаў. Калі восенню 1910-га ўзялі ў войска, апынуўся ў Саратаве. Яшчэ праз два гады паступіў на курсы вайсковых фельчараў, а зімой 1913 года атрымаў прызначэнне ў адну з амбулаторый горада Вольска, што на Волзе. Выязджаў у розныя камандзіроўкі, а калі пачалася Першая сусветная вайна, трапіў у Беларусь.

Служба службай, а з маляваннем не развітваўся. Пашанцавала, што яшчэ раней на некаторыя яго малюнкі звярнуў увагу Янка Купала. Іван Дамінікавіч якраз рыхтаваў да друку першую кнігу Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» і прапанаваў яму аформіць яе. З задачай малады мастак справіўся па-майстэрску. На графічным лісце з’явіўся загадкавы твар жанчыны. Як быццам нешта таямнічае, як тая самая папараць-кветка.

З арміяй Драздовіч развітаўся толькі пасля лютаўскіх падзей 1917 года. Паспяшаўся да маці, якая ўжо жыла ў Красоўшчыне, непадалёку ад Германавічаў (сёння Шаркоўшчынскі раён). Усяго месяц правёў з роднымі, а пасля стварыў кааператыўнае таварыства, арганізаваў харчовы камітэт. Калі ж даведаўся аб утварэнні БССР, падаўся ў Мінск, стаў працаваць мастаком-дэкаратарам у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле — быў такі пры Камісарыяце народнай асветы. Зрабіў не адзін дзясятак малюнкаў для буквара, што рыхтаваўся да друку, аформіў назву часопіса «Вольны сцяг».

Сталіца ў правінцыі

Перад самым новым 1921 годам атрымаў вестку, што маці пры смерці і абавязкова хоча пабачыцца з ім. Паспяшаўся пехам на Дзісеншчыну, але жывой яе не заспеў. І застаўся там назаўсёды. Канешне, выязджаў на некаторы час ў Вільню, бо Мінск для яго стаў «адрэзаным» — пралягла мяжа, якая надоўга падзяліла Беларусь на Усходнюю і Заходнюю.

У адной з вёсак з крыху дзіўнай назвай Сталіца стварыў беларускую школу, аднак польскія ўлады хутка зачынілі як незаконную. Заставалася ажыццяўляць свае даўнія і новыя творчыя планы. Яшчэ падчас знаходжання ў Мінску захацеў стварыць шэраг малюнкаў пра даўняе жыццё беларусаў. Рабіў гэта ў розных вёсках. І ў Лявонаўцы, і ў Прапелеўшчыне — пастаяннага прыстанішча не меў. І раптам адчуў (гэта прыйшло як азарэнне), што таму, пра што хочацца расказаць, цесна ў малюнках.

«Гарадзецкая брама», «Вежа Празор», «Хаты-буданы», «Тып старадаўняй беларускай будоўлі» — гэтыя і іншыя работы, зразумела, прыносілі задавальненне, але хацелася далей заглыбляцца ў даўніну. Даючы волю фантазіі, не забываць і пра паданні, легенды. Так нарадзілася задума аповесці-легенды «Гарадольская пушча». Пішучы яе, паралельна рабіў графічныя малюнкі. 

Адначасова пісаў казку-алегорыю «Сон Гараноса» (захавалася толькі ілюстрацыя да яе), аповесць «Вялікая шышка, або Вар’ят без вар’яцтва», першая частка якой пад псеўданімам Я. Нарцызаў выйшла ў 1923 годзе ў Віленскім выдавецтве Б. Клецкіна. У творы відавочны аўтабіяграфічныя моманты, расказваецца пра двух сяброў, студэнтаў мастацкага вучылішча. 

Мінулае не адпускала і ў выяўленчых работах. Нарадзілася карціна «Пагоня Ярылы» — алегарычная, з міфалагічнымі матывамі. Белы коннік на фоне светлага горада як бы павісае ў паветры. Ён імчыцца наперад, каб разграміць ворагаў. Коннік гэты не абы-хто, а сам Бог Сонца — Ярыла. Язэп Драздовіч па-свойму выказаў трывожны, набалелы роздум аб Беларусі, якую ў розныя часы тапталі ногі чужынцаў. Як працяг гістарычнай тэмы з’явіўся эцюд «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», графічныя малюнкі «Усяслаў Чарадзей», «Брачыслаў», «Рагвалод» і іншыя.

Ад замкаў да… Сатурна 

Ад гнятлівай рэчаіснасці адыходзіў і праз далучэнне да прыроды. Летам 1922 года прайшоўся берагамі Дзісёнкі. З’явіўся альбом графічных лістоў — «Дзісёнка ля Баяр», «Дзісёнка ля Сталіцы», «Дзісёнка ля Стараполля»... Пачаў працаваць над серыяй «Пунькі». Імкнучыся да дакументальнасці, пазбягаў вобразнай ускладненасці, паказваў усё такім, якім яно было ў сапраўднасці. Але гэтая прастата апраўдана. Матэрыял, багатая фактура гавораць самі за сябе. Тое ж тычыцца і графічных лістоў «Дом на пагорку», «Вёска Лаўрынаўка», «Гара Гараватка».

Выязджаў у Вільню, дзе меў сяброў і аднадумцаў. Найбольш блізкія ў яго былі адносіны з заходнебеларускім асветнікам, збіральнікам фальклору Янкам Пачопкам, у якога часта і жыў на кватэры. Пазнаёміўся з Уладзіславам Самойлам, Зоськай Верас, Браніславам Тарашкевічам... Сваім чалавекам стаў у Беларускай гімназіі, музеі, навуковым таварыстве. Больш-менш сталы заробак займеў у 1926 годзе, супрацоўнічаючы з часопісам «Маланка». Па запрашэнні Аляксандра Уласава прыязджаў у Радашковічы. Потым зноў была Вільня. У 1927 годзе адправіўся ў чарговую вандроўку на Наваградчыну. На працягу некалькіх летніх тыдняў абышоў Любчу, Лаўрышава. Шчорсы, Мір, Карэлічы і іншыя населеныя пункты. З’явіліся серыі малюнкаў «Мір» і «Лаўрышава і Незвішча».

Міжволі напрошваецца паралель з Напалеонам Ордам. Той, едучы ад засценка да засценка, ад фальварка да фальварка, ад замка да замка, таксама рабіў замалёўкі ўбачанага. Аднак Язэпа Драздовіча не толькі сучаснасць цікавіла, але і сляды даўніх падзей. Звяртаў увагу і на паўразбураныя замкі. Невыпадкова сёння яго называюць «вечным вандроўнікам». Калі ў паўсядзённым жыцці так не ставала звычайных радасцей, хацелася нечага незямнога, узвышанага. У снах падарожнічаў на іншыя планеты, сустракаўся з іх жыхарамі. Прачнуўшыся, занатоўваў «пабачанае». 

Першыя творы на касмічную тэму — «Сатурнянка», «Космаполіс» і іншыя — напісаў у 1931 годзе. А ў канцы яго выдаў брашуру «Нябесныя бегі», у якой пазяліўся думкамі пра будову Сусвету, паразважаў пра адну з самых загадкавых планет — Сатурн. Праз год з’явілася навуковая праца «Гармонія планет сонечнай сістэмы». Папаўняліся чарговымі раздзеламі аповесці «Трывеж», «З жыцця на Месяцы», «Краіна дымнага неба»…

У нечым Леанарда да Вінчы

І планы, планы, планы... А ў кішэні пуста і на лепшае не даводзіцца спадзявацца. Задавальняўся самым неабходным, а астатняе не надта турбавала. Апроч творчасці, якую паспелі заўважыць, высока ацаніць тыя, хто гэтаксама, як і ён, плённа працаваў на ніве адраджэння Бацькаўшчыны. У «Лістках календара» Максіма Танка ёсць такі запіс, зроблены 7 мая 1938 года: «Гэта надзвычай арыгінальны, цікавы і таленавіты чалавек, які ў нашых умовах жыцця бадзяецца, не знаходзячы сабе месца. Арыгінальныя яго карціны, напісаныя гуашшу, аква
рэльнымі і алейнымі фарбамі на гістарычныя і касмічныя тэмы. Яны не толькі здзіўляюць новым бачаннем свету, але і прымушаюць задумацца над яшчэ не разгаданым, што акружае чалавека. Замалёўкі ж народных тканін, дываноў, паясоў, зробленыя ў час яго бясконцых вандровак па Заходняй Беларусі і падараваныя музею, — рэдкі скарб, якому некалі і цаны не будзе». Паплечнік 
і сябра Драздовіча Пётра Сяргіевіч яшчэ больш дакладны: «Гэта быў беларускі Леанарда да Вінчы». Можа, 
і завельмі сказана, але «ўсё мог, за што ні браўся».

Сапраўды, гэта быў вельмі шматгранны талент. Захапляўся і скульптурай: адна з яго работ — «Гарыслава» — некалі ўпрыгожвала залу пасяджэнняў Інстытута беларускай культуры. На жаль, ці захаваўся гэты твор, цяжка сказаць. Тое ж тычыцца і бюста Францыска Скарыны, выкананага ў 1916—1917 гадах. Некаторыя ж работы, у тым ліку і разьбярныя, ёсць у фондах Музея старажытнабеларускай культуры.

 

Шмат зрабіў і ўжытковых рэчаў, а паколькі афармляў іх прыгожа, годна, яны таксама станавіліся творамі мастацтва. Асабліва атрымліваліся ў яго кіі, аздобленыя мужчынскімі ці жаночымі галовамі. З-пад умелых рук майстра выходзілі і адмысловыя табакеркі, шкатулкі, пісьмовыя прылады. Любіў рабіць маляваныя дываны. 

Мнюта і Аута — мясціны любімыя

Язэп Драздовіч быў вядомы і як апантаны збіральнік фальклору. Пісаў ён і вершы, якіх, на жаль, захавалася няшмат, аднак, несумненна, не ўсе пакуль знойдзены. Прынамсі, адзін з вершаў — «Кій» — адшукалі вучні Германавіцкай сярэдняй школы. Няхітрыя радкі, але і яны частка гісторыі літаратуры:

Кій мой верны друг,

Кій прыяцель мой,

Нам ня трэба слуг—

Я ды ты са мной.

З такім кіем — разным, прыгожа аздобленым — і адпраўляўся ў дарогу. «Хаджу паміж Мнютай і Аутай (правыя прытокі Дзісны. — А. М.) па хатах, малюючы людзям... на сваёй радзіме... даўгі ёй аддаю», — чытаем у яго дзённіках. На Дзісеншчыне яго добра ведалі і старыя, і малыя, ласкава і з павагай называючы: «Дзядзька Драздовіч», «Язэпка», «Наш Язэп»... Ахвотна запрашалі да сябе. Хто карціну заказваў, хто дыван маляваны, а хто і ўласны партрэт. Нікому не адмаўляў, а калі ў чалавека не было грошай, каб разлічыцца за работу, абмяжоўваўся тым, што пакармілі, пераначаваць дазволілі.

А гады бралі сваё. Слабеў зрок, усё меней слухалася рука. Неабходна было падсумоўваць пройдзены творчы шлях. І Язэп Нарцызавіч яго падсумаваў. 

29 верасня 1952 года ён закончыў свой апошні твор. Ім стаў жывапісны эцюд «Гара Гараватка». Вярнуўся, па сутнасці, туды, адкуль пачаў, — да вытокаў. 

Як бы зрабіў кругавое падарожжа па сваёй роднай зямлі: роўна ж трыццаць гадоў назад, у 1922-м, ён выканаў аднайменны графічны малюнак. 

Памёр 15 жніўня 1954 года, а вечны спакой знайшоў на Ліплянскіх могілках. Каля самай дарогі, ускрай сцежкі. У 1982 годзе на магіле адкрылі помнік аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка. Ёсць помнік Драздовічу і ў Мінску — выяву Язэпа Нарцызавіча з нязменным кіем у руцэ выканаў Ігар Голубеў. 


Прыемна, што Язэпа Драздовіча — аднаго з самых выдатных нацыянальных адраджэнцаў — яго землякі ўспомнілі і нядаўна, напярэдадні святкавання сёлетняга Дня народнага адзінства. Мурал пад назвай «Нябесныя бегі» па матывах яго аднайменнай кнігі стварылі на цэнтральнай плошчы Глыбокага выкладчыкі і вучні мясцовай мастацкай школы, якая носіць яго імя. Зорнае неба з планетамі Сонечнай сістэмы ператварылася ў своеасаблівы перформанс. Кожны ахвотны мог дамаляваць «на небе» ўласную зорку.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».