Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Гарантам нашага ўстойлівага і бяспечнага развіцця можам быць толькі мы самі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочы візіт у Кыргузскую Рэспубліку. Галоўная мэта візіту — удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Акрамя таго, традыцыйна на палях самітаў СНД абмяркоўваюцца і пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. 

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД працягваўся амаль пяць гадзін традыцыйна ў шырокім і ў вузкім саставах. Нацыянальныя лідары грунтоўна абмеркавалі ключавыя тэмы супрацоўніцтва на прасторы СНД, а таксама пытанні знешняй палітыцы. Прычым размаўлялі кіраўнікі дзяржаў не толькі ў афіцыйным фармаце, але і ў кулуарах «на нагах». Аляксандр Лукашэнка прадставіў пазіцыю і прапановы Беларусі па найбольш актуальных пытаннях узаемадзеяння ў рамках Садружнасці.


Аб неабходнасці кансалідацыі ў СНД і развязцы канфліктаў

«Пачаць сваё выступленне хацеў бы з асноў. Нагадаю, што галоўнай мэтай стварэння Садружнасці было не дапусціць разрыву сувязяў пасля развалу Савецкага Саюза. Гэта не задавальняла і сёння не задавальняе нашых канкурэнтаў — Захад, які дагэтуль не пакідае спробаў расхістаць нас, аслабіць і падпарадкаваць сваім інтарэсам. Спачатку выйшла з нашага аб’яднання Грузія, дэ-факта з намі няма Украіны. Вялікія пытанні па Малдове. Не заўсёды па-партнёрску паводзіць сябе, на жаль, Арменія», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім. складзе. Ён падкрэсліў, што за гэтым нельга спакойна назіраць з боку: «Інакш нас проста парвуць на часткі. І пацерпяць перш за ўсё простыя людзі — народы нашых краін. Таму мы — кіраўнікі дзяржаў — павінны выконваць волю сваіх выбаршчыкаў. І прынамсі выканаць і вырашыць тыя задачы, якія мы абяцалі. І ў прынцыпе сёння час больш крытычна ацаніць сітуацыю ў нашай Садружнасці. Нам не варта хаваць галаву ў пясок. Мы ж бачым, што ўсе застарэлыя канфлікты, якія нам падкінулі ў свой час, непазбежна выходзяць вонкі з вельмі сумнымі наступствамі. Дзякуй Богу, што не проста намецілася тэндэнцыя да развязкі гэтых канфліктаў, але некаторыя з іх паспяхова пераадолены», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вырашаць існуючыя задачы неабходна менавіта цяперашняму пакаленню палітыкаў, якія нарадзіліся і былі выхаваны ў Савецкім Саюзе: «Вопыт і веды ў нас ёсць. Цяперашняя моладзь наўрад ці справіцца. Большасць з іх ужо не разумеюць многіх каштоўнасцей і выгод, якія нас аб’ядноўвалі і пакуль што аб’ядноўваюць зараз, — растлумачыў ён. — Ажыццявім гэта — і да нас зноў далучацца тыя, хто сёння бачыць вырашэнне сваіх пытанняў недзе там, за акіянам. А там увогуле слаба ўяўляюць, дзе знаходзяцца нашы краіны». 

Беларускі лідар падкрэсліў, што настаў час сур’ёзнай кансалідацыі ў рамках Садружнасці, і прыкладаў паспяховай работы дастаткова. Гэта ў тым ліку пацвярджаецца насычаным парадкам дня саміту, які ўключае ў тым ліку шэраг найважнейшых сумесных заяў. «Яны пацвярджаюць наяўнасць у краін агульных падыходаў да такіх актуальных пытанняў, як свабода веравызнання, недапушчальнасць дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, гарманізацыя сістэм дзяржаўнага кіравання ў сферы лічбавых тэхналогій», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб шматпалярнасці і запыце на больш справядлівае светаўладкаванне

Прэзідэнт асабліва адзначыў важнасць выхаду на прыняцце заявы аб міждзяржаўных адносінах у шматпалярным свеце: «Яна ў цэлым адлюстроўвае наша агульнае бачанне асноў светапарадку, за выключэннем абзаца, у якім прапаноўвалася выказаць заклапочанасць наконт палітызацыі дзейнасці міжнародных судоў. Але нават такая мяккая фармулёўка была падтрымана не усімі. Навошта нам гэтыя міжнародныя суды? Тым больш у нашых адносінах. Тым больш, мы разумеем, асабліва зараз, для чаго гэта робіцца. Відаць, кагосьці гэта проста пакуль не закранула. Калі-небудзь захочаце і вы дапамагчы дзецям, падарыць ім крыху дзяцінства, выратаваць ад бамбёжак і выбухаў, а вас за гэта аб’явяць у міжнародны вышук», — заўважыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што ва ўмовах сітуацыі, якая імкліва змяняецца, запыту на больш справядлівае светаўладкаванне як ніколі запатрабаваны аб’яднанні, якія шукаюць шляхі пашырэння і ўмацавання супрацоўніцтва, мірнага суіснавання, прававых гарантый развіцця і ўстаранення дыскрымінацыі па прыкмеце веравызнання або ўзроўню даходаў. «Наша Садружнасць якраз і з’яўляецца адным з такіх аб’яднанняў, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Чаму мы не ўсе яе цэнім? У нас жа назапашаны вялікі вопыт канструктыўнай работы, які цікавы за межамі СНД. Да яго прыглядаюцца іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні. А ў многіх яно як бяльмо на воку».

Пра мову, якую нельга страціць

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні назваў вельмі своечасовай і запатрабаванай ініцыятыву Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Токаева аб заснаванні міжнароднай арганізацыі па рускай мове. «Вы ведаеце, мы сёння ўсё размаўляем на рускай мове, таму не так востра адчуваем гэтую каласальную праблему. А паглядзіце ж на моладзь у нашых рэспубліках. Многія размаўляюць на рускай мове горш і слабей, чым на англійскай і іншай мове. Гэта (валоданне рускай мовай) найвялікшы наш здабытак. Можам дастукацца да таго, што будзем мець зносіны праз перакладчыка,. Нельга страціць мову міжнацыянальных зносін, як яе завуць.І потым, я наогул не разумею, а чаму яе павінны страціць? Яна што, шкодзіць нам, нашаму пакаленню? Не. Яна не павінна шкодзіць і пакаленню нашых дзяцей. Гэта наш здабытак», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды гаварыў аб тым, што руская мова — гэта не расійская мова: «Гэта наша агульная мова. Мы былі ў адзінай дзяржаве доўгі час. А зыходзячы з канцэпцыі, што мова — гэта жывая, творча развіваецца, дык мы ж разам развівалі гэтую рускую мову. Там часцінка азербайджанцаў, узбекаў, таджыкаў і гэтак далей. Не толькі рускіх і беларусаў». 

Аб пашырэнні зоны ўплыву СНД, супрацоўніцтве ў ШАС і БРІКС

Гаворачы аб пашырэнні зоны ўплыву СНД, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Беларусь заўсёды была прыхільнікам спалучэння дзейнасці міжнародных інтэграцыйных аб’яднанняў з сугучнымі мэтамі і задачамі. Базавая ўмова — мы павінны падтрымліваць адна адну, а не ствараць перашкоды. Мяркую, што для дзяржаў — удзельніц Садружнасці могуць быць цікавыя ўжо існуючыя напрацоўкі па лініі іншых нашых фарматаў, напрыклад, па такіх важных тэмах, як электронны гандаль, шырокае ўкараненне лічбавых тэхналогій, доступ да дзяржаўных закупак, зніжэнне тарыфаў тэлефоннай сувязі ў роўмінгу і многіх іншых напрамках», — заявіў ён. Беларускі лідар упэўнены, што супрацоўніцтва ў рамках ШАС і БРІКС, рэалізацыя высокатэхналагічных праектаў, адпрацоўка новых схем лагістыкі пры пастаўках тавараў у краіны далёкай дугі, у тым ліку актыўнае развіццё калідора «Поўнач — Поўдзень», цесная каардынацыя намаганняў для забеспячэння міжнароднай харчовай бяспекі найбольш уразлівых краін. свету — усё гэта ўяўляе цікавасць і павінна актыўна развівацца без асцярогі патрапіць пад другасныя санкцыі Захаду.

Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на новы трэнд, звязаны з развіццём такіх буйных міжнародных арганізацый, як ШАС і БРІКС. «Безумоўна, гэта арганізацыі, магчыма, і будучыні. Але бачыце, што пэўнае тармажэнне там прысутнічае. Усё ж такі ўзровень інтэграцыі паміж (партнёрамі. — Зв.) ЕАЭС і СНД у нас вышэйшы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — А калі б мы былі ў ШАС і БРІКС, калі мы б там былі як адзіная арганізацыя, гэта што, аслабіла б нашы пазіцыі? Не.І я ўпэўнены, што тут і Расіі трэба больш актыўна сябе паводзіць, не гледзячы на тое, як там амерыканцы ці Захад сябе паводзяць або куды яны глядзяць».

Аб сітуацыі ў свеце і на Блізкім Усходзе

«Павінен сказаць, што сітуацыя мяняецца катастрафічна хутка. Вельмі мяняецца. З’яўляюцца ўсё новыя і новыя выклікі. Вазьміце Блізкі Усход. І яны ўжо не толькі нас падтрасаюць. Яны ўжо падтрасаюць увесь свет. Дай бог спыніцца, каб да трэцяй сусветнай вайны не падысці», — сказаў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь у адказ на эканамічны націск сумесна са сваімі саюзнікамі, перш за ўсё Расіяй, кансалідавала сілы для ўстойлівага эканамічнага развіцця. Захавана макраэканамічная і фінансавая стабільнасць. Забяспечаны выхад на траекторыю росту. «Ды і Расія добра ўскалыхнулася і па многіх напрамках эканамічнага развіцця стала на парадак больш самадастатковай. А калі б мы разам Садружнасцю плячом да пляча паставілі заслон гэтым страшылкам заходнім, нашы агульныя вынікі былі б значна вышэйшыя, — упэўнены беларускі лідар. — Успомніце, калі мы былі ў Савецкім Саюзе, нас баяліся ўсе. Баяліся і паважалі. На жаль, свет такі, што паважаюць толькі сілу. А цяпер разам з Кітаем, Іранам, Бразіліяй, ды і Глабальным Поўднем, якія заходнія санкцыі? З нашым меркаваннем будуць лічыцца толькі, калі мы будзем разам. А нашае меркаванне ў міжнародных справах будзе вызначальным».

Аб каштоўнасці фармату СНД і міжрэгіянальным супрацоўніцтве

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што партнёрамі шмат зроблена на будучае: «Пакуль на Захадзе інвесціруюць у вайну, а прасцей кажучы — транжыраць грошы сваіх падаткаплацельшчыкаў, мы з кожным годам павялічваем капіталаўкладанні з далёкім прыцэлам — у навукаёмістыя вытворчасці, такія як мікраэлектроніка, авіябудаванне, біятэхналогіі, штучны інтэлект, інфармацыйна-камунікацыйныя рашэнні. Многія праблемы мы можам вырашыць толькі разам. Калі не будзем разам, будзем толькі размаўляць на гэтыя тэмы».

«Гарантам нашага ўстойлівага і бяспечнага развіцця можам быць толькі мы самі. А для гэтага трэба быць самадастатковымі ў стратэгічна важных галінах. Рэсурсы, патэнцыял, кампетэнцыі для гэтага ёсць. Неабходна палітычная воля і разуменне каштоўнасці фармату Садружнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба ў што б там ні стала захаваць унікальныя фарматы адзінства на прасторы СНД, нельга дапусціць унутранага расколу і далучэння да ідэолагаў і праваднікоў санкцыйнага націску. Таксама катэгарычна недапушчальна паддавацца на правакацыі, накіраваныя на распальванне міжнацыянальных і тэрытарыяльных спрэчак на постсавецкай прасторы.

«Вы адчуваеце, што мы і расіяне зразумелі вельмі сур’ёзна, дзе мы знаходзімся. І асабліва мы, беларусы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён звярнуў увагу на тое, што і іншых краін Садружнасці чакаюць няпростыя часы. «З аднаго боку — зразумела: вялікі брат, які імкнецца нам дапамагчы. Натуральна, у яго свае інтарэсы. З іншага боку — амерыканцы, Захад, вы ўжо гэта адчулі. Не забывайце, што наша шчасце тут. Вось за гэтым сталом кіраўнікі дзяржаў, якія могуць ашчаслівіць нашы народы, калі мы вырашым некаторыя пытанні, якія не ўдавалася доўгі час вырашыць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў падпісанне ў бягучым годзе ў СНД Пагаднення аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. «Перакананы, што гэта своечасовы, важны дакумент. У рэчышчы гэтых дакументаў, а таксама ў працяг прынятых раней прапаную актывізаваць работу па пашырэнні міжрэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва. Сёння добрую фразу Шаўкат Мірамонавіч (Мірзіёеў, Прэзідэнт Узбекістана. — Зв.) сказаў: «Калі мы не будзем перашкаджаць рэгіёнам, а яшчэ ў нечым ім дапаможам, яны без нас вырашаць многія праблемы». «Гэта наш безумоўны і запатрабаваны патэнцыял. Вопыт ёсць, — сказаў беларускі лідар. — Прапанаваная раней Рэспублікай Узбекістан ініцыятыва аб правядзенні Форуму рэгіёнаў СНД з’яўляецца актуальнай і патрабуе больш хуткай практычнай рэалізацыі. Гэта павінна стаць адной з прыярытэтных задач. Неабходны вопыт і напрацоўкі ў двухбаковым фармаце ў дзяржаў Садружнасці ёсць».

Вынікі саміту 

Па выніках пасяджэння прыняты шэраг рашэнняў і падпісаны адпаведныя дакументы. Вырашана, што старшынстваваць у СНД у 2024 годзе будзе Расійская Федэрацыя. 

Удзельнікі саміту абмеркавалі і прынялі Дагавор аб заснаванні Міжнароднай арганізацыі па рускай мове. Прыняты таксама чатыры заявы: аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавізацыі ў дзяржаўным кіраванні; аб міжнародных адносінах у шматпалярным свеце; аб абароне права чалавека і грамадзяніна на свабоду веравызнання; аб падтрымцы і прасоўванні рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін. Кіраўнікі дзяржаў заснавалі медаль «За ўклад ва ўмацаванне міру». Узнагарода стане адзінай міждзяржаўнай адзнакай, якая адлюстроўвае прызнанне асаблівых асабістых заслуг грамадзян дзяржаў Садружнасці, а таксама прадстаўнікоў іншых дзяржаў ва ўмацаванні міру і падтрыманні міжнароднай бяспекі. Культурнай сталіцай СНД у 2024 годзе аб’яўлены горад Самарканд.


Дарэчы

Перад пасяджэннем кіраўнікоў дзяржаў Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. Лідары дзвюх краін абмеркавалі далейшую работу па развіцці адносін Беларусі і Узбекістана. Было адзначана, што тавараабарот мае пазітыўную дынаміку, але патэнцыял яго росту значна большы. У гэтым плане галоўнае на сённяшні момант — зрабіць наступны крок. Гэта задача ўрадаў. У эканоміцы важна развіваць паглыбленую кааперацыю. Беларускія тэхналогіі цікавыя для Узбекістана ў розных галінах, перш за ўсё прамысловасці. Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў намецілі план работы і абмеркавалі падрыхтоўку да маючага адбыцца візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан. Прэзідэнты на сустрэчы таксама закранулі пытанні маладзёжнай палітыкі, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Грунтоўна Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў абмеркавалі і глабальны парадак дня — сітуацыю ў свеце, гарачых пунктах, рэгіянальны зрэз. Цяперашняя сустрэча, як адзначылі лідары дзвюх краін, — гэта задзел на будучыню. 

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.