Вы тут

Тэхналогіі, здольныя змяніць наша жыццё. У НАН прадставілі асноўныя ІТ-трэнды


Штучны інтэлект — той кірунак, які найбольш імкліва развіваецца ва ўсім свеце. Ён стаў новым фактарам, які вызначае вектары грамадскага развіцця. Яго прымяненне пашыраецца ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: ад бытавой тэхнікі, медыцыны, прамысловых вытворчасцяў да касмічных станцый. Ключавыя напрамкі развіцця штучнага інтэлекту — камп’ютарны зрок, распазнанне маўлення, разуменне сэнсу тэкстаў, аналітыка і падтрымка прыняцця рашэнняў, алічбаваныя прадпрыемствы.


Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук адкрылася выстаўка-форум ІT-акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі». Ён аб’яднаў каля 50 арганізацый краіны, якія прадставілі ўвазе гасцей больш як 100 сваіх праектаў.

Рашэнні — за лічаныя хвіліны

— Па імклівасці развіцця са штучным інтэлектам могуць спаборнічаць хіба што толькі біятэхналогіі. Сёння ўсе тэхнічныя сістэмы і ўсе галіны абапіраюцца на дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту, — падкрэсліў падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Мы назіраем, як ствараюцца бязлюдныя вытворчасці, як штучны інтэлект стварае творы мастацтва, музыкі, літаратуры... Многія баяцца, што раней ці пазней, але штучны інтэлект перасягне чалавечы, а чалавек у выніку стане яго рабом. Я такую думку не падзяляю. Усё залежыць ад таго, якую праграму задасць чалавек. Штучны інтэлект павінен служыць нам на карысць. Мы вельмі рады, што гэты форум ужо становіцца брэндам Акадэміі навук. На другой па ліку выставе можна ўбачыць, што было зроблена за апошні год, наколькі мы прасунуліся ў тых ці іншых сферах. Хачу запэўніць, што ў Нацыянальнай акадэміі навук сфарміраваны настолькі магутны патэнцыял, што мы можам вырашаць задачы любой складанасці ва ўсіх галінах.

Спонсарам выстаўкі выступіў ААТ «БПС-Сбербанк». Намеснік старшыні праўлення банка Андрэй Саўчанка паведаміў, што цяпер каля 70 працэнтаў працэсаў унутры банка ўключаюць тэхналогіі штучнага інтэлекту: «Мы прайшлі вялікі шлях ад нейкіх кропкавых праектаў, дзе выкарыстоўваліся элементы штучнага інтэлекту, да цяперашняга ўзроўню, калі ў банку штучны інтэлект удзельнічае ў прыняцці ключавых рашэнняў, якія раней прымаў толькі чалавек. Напрыклад, які прадукт і калі прадставіць кліенту, як выбудаваць аптымальны маршрут для інкасатараў і гэтак далей. На 50 працэнтаў запытаў, што паступаюць у наш цэнтр калектыўнага карыстання, адказвае штучны інтэлект. 90 працэнтаў рашэнняў аб спажывецкім крэдытаванні прымаецца без удзелу чалавека, і калі раней для таго, каб даць кліенту адказ, патрабавалася два-тры дні, то цяпер мы гэта робім за дзве хвіліны. У карпаратыўным крэдытаванні рашэнні прымаюцца не за тыдні, а за гадзіны. І мы шчыра лічым, што за штучным інтэлектам — будучыня…

На сувязі — Алесь і Васіліна

Галоўны арганізатар выстаўкі — Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі — прадставіў самыя апошнія распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, медыцыны, біяінфарматыкі, робататэхнікі і маўленчых тэхналогій. Адна з навінак — «Платформа штучнага інтэлекту BELAІ.BY». Мэта праекта — сабраць на адзіным партале пад эгідай НАН Беларусі айчынныя і замежныя кампаніі, каманды і індывідуальных распрацоўшчыкаў у галіне штучнага інтэлекту, выбудаваць агульную палітыку іх работы ў гэтай прадметнай галіне. Ахвотныя могуць зайсці на платформу і зарэгістравацца ў якасці ўдзельніка. Платформа прызначана для таго, каб аб’яднаць намаганні. Каб укараненне сістэм штучнага інтэлекту было не «лапікавым», а сістэмным.

Таксама платформа змяшчае інфармацыю пра навуковыя (навукова-тэхнічныя, навукова-практычныя) мерапрыемствы, якія праводзяцца па праблемах штучнага інтэлекту і інтэлектуальных тэхналогій.

Варта адзначыць яшчэ адну распрацоўку інстытута — галасавы AІ-асістэнт, які ўяўляе сабой платформу з пытальна-зваротнымі сістэмамі на беларускай мове, у аснову якіх пакладзены тэхналогіі сістэм распазнання і сінтэзу маўлення, дыялогавых сістэм. За кошт выкарыстання штучнага інтэлекту пытальна-адказная сістэма дае магчымасць атрымліваць хуткія, якасныя і дакладныя адказы на самыя розныя пытанні. У выніку штодзённага навучання галасавы асістэнт можа як адказаць вам на сур’ёзны запыт пра навуку, так і зрабіць забаўную прапанову. Запыты — як галасавыя, так і тэкставыя. Выбіраем і суразмоўніка: Алесь, Алеся, Алена, Барыс, Кірыл, Васіль ці Васіліна. Кожная з прапанаваных сістэм мае імя, што ачалавечвае яе, і ў карыстальніка ствараецца ўражанне размовы з рэальным чалавекам. Для зручнасці на дадзены момант актываваныя дамены asіstent. by, асістэнт. бел і асистент. бел. У хуткім часе плануецца дадаць у памочнік таксама англійскую, рускую і кітайскую мовы, прапанаваць некалькі тыпажоў для асістэнта, напрыклад, «вучоны», «дызайнер», «бізнесмен»... На бягучы момант галасавыя асістэнты даступныя ў фармаце тэлеграм-ботаў, дадаткова вядуцца работы па распрацоўцы Web, іOS і Androіd версіі асістэнта для больш зручнага карыстання.

Машынны зрок... для бульбы

Цікавая распрацоўка — «Штучны нейрон» — прадстаўлена на выстаўцы Інстытутам фізікі НАН Беларусі імя Б. Сцяпанава. Штучны імпульсны нейрон на аснове оптаэлектроннай пары «вертыкальна-выпраменьвальны лазер — аднафатонны лавінны фотадыёд» прызначаны для распрацоўкі і мадэлявання штучных імпульсных нейронавых сетак трэцяга пакалення шырокага прымянення.

— Інавацыйнасць нашай распрацоўкі ў тым, што ў гэтай тэхналогіі нейрон працуе па аналогіі з чалавечым мозгам, але ён больш энергаэфектыўны, чым біялагічны нейрон, і ў мільёны разоў больш хуткі, — патлумачыў малодшы навуковы супрацоўнік інстытута, аспірант Мікіта Лахміцкі. — Цяпер мы даследуем ўласцівасці нейрона і на аснове атрыманых ведаў будзем ствараць нейронную сетку.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадставіў на выстаўцы беспілотныя лятальныя апараты «Бусел МКР» і «Гексакоптэр-1», аснашчаныя найноўшым апаратна-праграмным комплексам айчыннай распрацоўкі, які выкарыстоўвае тэхналогіі штучнага інтэлекту, што дазваляе эфектыўна вырашаць пры дапамозе БЛА такія задачы, як аўтаматычнае суправаджэнне аб’ектаў, якія рухаюцца, і вызначэнне іх каардынат; выяўленне месцаў вырастання інвазіўных раслін; выяўленне пасеваў нарказмяшчальных раслін; аператыўная эколага-функцыянальная дыягностыка стану іглічных лясоў (выяўленне ўчасткаў усыхання і хвароб лесу).

Макет аўтаматычнай бульбасартавальнай машыны прадставіў увазе наведвальнікаў Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Машына прызначана для аддзялення некандыцыйных клубняў бульбы на стадыі перадпродажнай падрыхтоўкі ў аўтаматычным рэжыме з дапамогай сістэм машыннага зроку і аўтаматычнай інспекцыі. На рамянным канвееры клубень робіць поўны абарот вакол сваёй восі для вызначэння знешніх дэфектаў. Сістэма машыннага зроку распазнае на знешняй паверхні клубняў сляды пазелянення, захворванняў, механічныя пашкоджанні, наросты, чарвяточыны і ідэнтыфікуе клубні з гэтымі дэфектамі як некандыцыйныя, пасля чаго выдаляе іх з канвеера струменем сціснутага паветра.

НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі знаёміў гасцей форуму з Праграмна-апаратным комплексам сістэмы ідэнтыфікацыі і кантролю фізіялагічнага стану жывёлін.

— Гэта распрацоўка забяспечвае цэнтралізаваны камп’ютарны ўлік і сістэматызацыю параметраў, кантроль над фізіялагічнымі паказчыкамі кожнай жывёліны ў статку, спрашчае зоатэхнічны аналіз, — патлумачыла сутнасць навуковы супрацоўнік цэнтра Юлія Рагальская. — Кругласутачны маніторынг ажыццяўляецца з дапамогай транспондара, які замацоўваецца на шыі і вызначае не толькі рухі каровы, але і яе агульны стан. Звесткі аб актыўнасці транспондар перадае на прыёмнік Усе яны захоўваюцца ў памяці. Пры паступленні новых звестак тыя параўноўваюцца з гісторыяй актыўнасці каровы для вызначэння магчымых змяненняў у яе паводзінах. У выпадку, калі вынікі вымярэнняў паказваюць, што карова ўступіла у перыяд палавога палявання, сістэма апавяшчае пра гэта фермера. Усе даныя аб актыўнасці каровы не менш чым за тры апошніх месяца можна паглядзець у праграме «Майстар» на камп’ютары ў выглядзе графікаў і табліц.

Космас — на сувязі

Вучоныя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўпершыню прадэманстравалі «Карпаратыўную аўтаматызаваную сістэму праектавання кіравання і суправаджэння горных работ». Гэта комплекс праграмнага забеспячэння, які ўкараняецца на прадпрыемствах горназдабыўной прамысловасці для аўтаматызацыі работы пры праектна-здабыўной дзейнасці.

«Інфармацыйны рэсурс для маніторынгу навакольнага асяроддзя» прадставіў увазе наведвальнікаў выстаўкі Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава БДУ. Гэта сайт з інтэрактыўнымі картамі асобнага рэгіёна. Яны ўключаюць інфармацыю аб паказчыках атмасфернага паветра, сцёкавых, падземных і паверхневых водах, хімічных забруджваннях зямлі, узроўні радыяцыі. Напрыклад, пры выбары кропкі на карце атмасфернага паветра можна ўбачыць яго дэталёвы разбор на кампаненты і прааналізаваць узровень забруджвання.

Акрамя таго, наведвальнікі выставы змаглі азнаёміцца з макетам касмічнага нанаспадарожніка BSUSat-2, які быў паспяхова выведзены на арбіту 27 чэрвеня 2023 года. Запуск другога ўласнага нанаспадарожніка стаў вынікам пяцігадовай работы супрацоўнікаў і студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Па тэхнічных і тэхналагічных параметрах «BSUSat-2» перасягнуў першы апарат. Ён важыць каля трох кілаграм і ў адрозненне ад свайго папярэдніка большы па памерах — 30?10?10 см. Усе асноўныя кампаненты і сістэмы зроблены ў Беларусі.

Другі спадарожнік уяўляе сабою ўніверсальную лётную платформу модульнага тыпу з аб’яднальнай мацярынскай платформай, каркасам, службовымі модулямі асноўных бартавых падсістэм для энергазабеспячэння, радыёсувязі, кіравання, арыентацыі і стабілізацыі і наборам модуляў карыснай нагрузкі пад пэўныя навуковыя і практычныя задачы. Апарат таксама абсталяваны ўнікальнымі сонечнымі батарэямі, устойлівымі да касмічнай радыяцыі. Акрамя таго, у адрозненне ад першага спадарожніка ў «BSUSat-2» сістэма кіравання цалкам мадэрнізаваная, устаноўлены дзве новыя камеры высокай дакладнасці і дадатковыя каналы сувязі. Абодва ўніверсітэцкія спадарожнікі пралятаюць над тэрыторыяй Беларусі шэсць разоў у суткі, знаходзячыся ў зоне радыёбачнасці 10-11 хвілін. За гэтыя кароткія інтэрвалы можна прыняць інфармацыю тэлеметрыі і мэтавай нагрузкі.

Этычныя пытанні

У рамках форуму адбыўся круглы стол, дзе абмяркоўваліся прававыя і маральныя аспекты рэгулявання прымянення тэхналогій штучнага інтэлекту, а таксама пасяджэнне Экспертнага савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі.

«Укараненне штучнага інтэлекту ў СНД будзе ўрэгулявана законам, — праінфармаваў журналістаў генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Круглікаў. — Мы будзем дакладваць аб першым этапе распрацоўкі мадэльнага закона аб штучным інтэлекце для краін СНД. Наш інстытут у гэтым годзе выйграў конкурс на распрацоўку праекта закона і быў вызначаны галаўной арганізацыяй. У Расійскай Федэрацыі ўжо прыняты Кодэкс этыкі штучнага інтэлекту. Наш інстытут і шэраг беларускіх арганізацый далучацца сёння да гэтага кодэкса. Але этыка — этыкай (на яе можна і вочы заплюшчыць), а закон аб штучным інтэлекце — проста неабходны. Гэта правілы ўкаранення штучнага інтэлекту ў жыццядзейнасць чалавека, якіх усе абавязаны будуць прытрымлівацца, іх нельга будзе парушаць».

Таксама ў першы дзень работы форуму адбылося ўзнагароджанне пераможцаў адкрытага конкурсу «Лідары штучнага інтэлекту Беларусі». Ён праводзіўся ў нашай краіне ўпершыню па трох намінацыях: «Кампанія — лідар штучнага інтэлекту Беларусі»; «Праект — лідар штучнага інтэлекту Беларусі» і «Прадукт — лідар штучнага інтэлекту Беларусі». Пераможцам у намінацыі «Кампанія — лідар штучнага інтэлекту Беларусі» стаў Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».