Вы тут

Шчасце — калі тата прыходзіць з працы і цалуе маму


Напярэдадні тыдня бацькоўскай любові я сустрэлася з мамай чатырох школьнікаў, стваральніцай жаночага клуба «Шчасце сваімі рукамі» пры Смалявіцкім раённым цэнтры культуры Веранікай ПІВАНКОВАЙ. Мая сённяшняя гераіня сваім уласным прыкладам даказвае, што, маючы шмат дзяцей, можна не толькі знайсці час на самаразвіццё, але і быць матыватарам для іншых. Прынамсі, Вераніка праводзіць трансфармацыйныя гульні для жанчын — тым самым дапамагае ім намацваць шлях да сябе сапраўднай, бо не па чутках ведае, што ўсе змены ў жыцці пачынаюцца са змянення сябе. 


Пра зацяжны дэкрэт і акружэнне, якое падтрымлівае

15 гадоў таму я з мужам і тады яшчэ адзіным дзіцем пераехала жыць у вёску пад Смалявічамі. Арцём быў з раніцы да позняга вечара на працы, а я, да дэкрэта актыўная, з вялікім колам зносін, сядзела з малечай, якой не было і года, у чатырох сценах. І вельмі пакутавала ад недахопу зносін. Таму, як толькі дачка падрасла, стала вазіць яе на гурткі і разам з ёй вучылася сама. Скончыла курсы па рытмапластыцы і атрымала права працаваць з дзецьмі. Калі прыйшоў час Ксюшы ісці ў садок, пайшла туды разам з ёй, каб весці там развіццёвыя заняткі (я і цяпер выкладаю ў сямейнай праваслаўнай студыі).

Мой дэкрэтны водпуск зацягнуўся на 12 доўгіх гадоў. І ўвесь гэты час душа прагнула пашырэння кола зносін. Па першым часе я працягвала ездзіць на сустрэчы ў Мінск. А потым пазнаёмілася з вялікай колькасцю цікавых жанчын у Смалявічах, і мне захацелася іх аб'яднаць. Так з'явіўся жаночы клуб «Шчасце сваімі рукамі».

Жанчыне патрэбна жанчына. Тут я маю на ўвазе менавіта падтрымлівальнае акружэнне, пасля зносін з якім вырастаюць крылы. Мая сяброўка, майстар па экаманікюры, кажа: «На сустрэчах, якія ты арганізоўваеш, я падпітваюся жаночай энергіяй і сыходжу дадому напоўненай».

Для сустрэч у жаночым клубе я падбіраю тэмы, якія хвалююць мяне саму. І яны знаходзяць водгук у іншых жанчын, бо мы ў многім падобныя. Напрыклад, летась я запрашала ў Смалявічы педагога і шматдзетнага тату Яўгена Ісачанку, ці проста «Дзядзьку Жэню». На такія сустрэчы прыходзілі нават мужчыны, і гэта вельмі радуе, бо роля таты ў выхаванні дзяцей ніколькі не меншая, чым маміна.

У дзяцінстве мае старэйшыя дзеці былі дружныя і ўсё рабілі разам. Але прыйшоў пераходны ўзрост, і ўсё змянілася. Прычым настолькі, што я была ў роспачы. Фадзей крыўдзіўся на старэйшую сястру і прыбягаў да мяне са слязамі на вачах. Але я не ў сілах была што-небудзь змяніць. Менавіта гэтай праблемай я падзялілася на сустрэчы з «Дзядзькам Жэнем», які сваім адказам быццам развярнуў мяне ў іншы бок, і я змагла многае зразумець і ўбачыць. А пачыналася ўсё са слоў: «Так БЫЛО не заўсёды і БУДЗЕ не заўсёды».

Гэтыя цёплыя сямейныя карціны намалявала старэйшая дачка Веранікі Ксюша

Калі Фадзей падрос, адносіны паміж дзецьмі сапраўды наладзіліся. Цяпер гэтую фразу я згадваю ў многіх сферах майго жыцця. І яна мяняе погляд на рэчы, дае ўпэўненасць і спакой, дапамагае знайсці правільнае рашэнне. Раю кожнай жанчыне ствараць скарбонку падтрымлівальных фраз, якія дапамагаюць захоўваць мудрасць у сэрцы, не ператвараючы сваё жыццё ў катастрофу. Я зразумела, што, калі ў адносінах з дзецьмі апускаюцца рукі, з'яўляецца непаразуменне, адчай — гэта знак, што надышоў час падняцца на новы ўзровень, паглядзець на сітуацыю па-іншаму, даведацца пра штосьці новае — і тады яна вырашыцца.

Пра кіслародную маску і агонь у адносінах

На першым месцы павінен быць клопат пра сябе. Гэта як у самалёце, дзе ў выпадку небяспекі спачатку трэба надзець кіслародную маску на сябе і толькі потым на дзіця. Бо толькі калі я сама буду ў парадку, то змагу дапамагчы тым, хто побач. Важна памятаць аб гэтым правіле і ў паўсядзённым жыцці. Многія жанчыны ў штодзённай мітусні забываюцца пра свае ўласныя патрэбы і жаданні, і потым пачынаюцца сур'ёзныя праблемы, аж да хвароб. Гэта праверана досведам, і не толькі маім. Трэба часцей у сябе пытацца: «Як ты, мілая, што ты зараз адчуваеш?» Бо ад таго, наколькі шчаслівая жонка і мама, напрамую залежыць шчасце ўсёй сям'і.

У нас у жаночым клубе была сустрэча на тэму, што важней: роля жонкі ці роля мамы. Дык вось псіхолаг сказала: «Даражэнькія мае, запомніце: спачатку вы — жанчына, чалавек, асоба, і толькі потым жонка і мама». Многія бацькі са з'яўленнем дзяцей забываюцца, што яны ў першую чаргу не мама і тата, а муж і жонка. Вельмі важна пастаянна падтрымліваць агонь у адносінах. За вас гэтага ніхто не зробіць. Мы з мужам і цяпер працягваем хадзіць на спатканні, у тэатр, на канцэрты жывой музыкі. Абавязкова трэба пакідаць час для дваіх. У нашай сям'і не абышлося без крызісаў адносінаў. Але абсалютна ўсе яны былі важныя і патрэбныя, інакш не было б цяпер такой глыбіні і ўзаемаразумення паміж намі. Найвышэйшы пілатаж у адносінах — гэта «дарослае каханне», калі ёсць блізкасць і няма праблем з даверам.

Трэба пачынаць выкройваць для сябе свядома хаця б гадзіну на працягу дня. Для мяне ідэальны час — раніца. Я пачынала з таго, што стала займацца ёгай па інтэрнэце з трэнерам. Адпраўляю дзяцей у школу — і ў 7.30 ужо на дыванку. Ёсць анлайн-клуб «Дарослае шчасце», там у асноўным жанчыны 35+. Ён дазваляе не выходзячы з дому, па запісе займацца ёгай у любы зручны час. У аўторак — чацвер у нас па раскладзе — гімнастыка для твару, па серадах эксперт разбірае нейкае хвалюючае пытанне, у суботу рэкамендуе фільм для сямейнага прагляду…

Чатыры гады таму сям’я Піванковых стала пераможцай раённага конкурсу «Найлепшая шматдзетная сям’я».

Нельга на сябе ўзвальваць усе клопаты па доме. Вучыцеся дэлегаваць, прасіць дапамогі. Маім дзецям ад 6 да 16 гадоў. Я ведаю іх моцныя бакі і магу выбіраць. Напрыклад, Фадзей якасна мые посуд, усе дзеці ў нас па чарзе мыюць падлогу ў доме. Гэтай восенню старэйшыя з задавальненнем гатуюць шарлотку і каралеўскую ватрушку. У Ксюшы цудоўна атрымліваюцца сінабоны. Фадзей любіць гатаваць венскія вафлі і панкейкі, але можа спячы і звычайныя бліны, калі я яго папрашу дапамагчы з гатоўкай. Малодшы сын, якому 10, летась нават пёк посныя шакаладныя пірагі і прадаваў іх сярод знаёмых нашай сям'і. Ён з маленства накіраваны на тое, каб самому зарабіць грошы.

Вера — адна з маіх апор, якія я пастаянна ўмацоўваю. Я вучуся давяраць Богу, нават калі штосьці атрымліваецца не па плане. Стараюся ўспрымаць усё, што здараецца ў маім жыцці, не з пазіцыі «эга» (як непатрэбнае, лішняе), а з пазіцыі даверу, любячай клапатлівай сілы. Нічога ў жыцці не здараецца проста так. Азіраючыся назад, разумею, што нават боль быў патрэбны, менавіта дзякуючы яму я стала той, кім з'яўляюся.

Пра нараджэнне сябе і адсутнасць прэтэнзій

Калі ў мяне было двое дзяцей, я адчула: штосьці не так, і пайшла на кансультацыю да праваслаўнага псіхолага. Яна пры першай сустрэчы паставіла мне дыягназ. «Вераніка, ты не жанчына, а конь». Сапраўды, я ўсю сябе цалкам прысвяціла дзецям, гатоўцы, прыборцы. І пры гэтым абсалютна не звяртала ўвагі на свае адчуванні. Калі псіхолаг спытала ў мяне пра свае асабістыя жаданні, я з цяжкасцю магла назваць нават тры. З таго дня я пачала ўзрошчваць у сабе жаноцкасць. Пры дапамозе групавой работы з псіхолагам, адмысловых курсаў, трэнінгаў. У нейкі момант з'явілася адчуванне, што я прачнулася. Мне вельмі дапамог багаслоў Антон Сідарэнка, ён навучыў мяне жывой веры, жывой малітве. Я прайшла яго курс «Нараджэнне сябе». Цяпер у мяне працягваецца ўнутраная работа над сабой, мне здаецца ў ідэале яна не павінна заканчвацца ніколі.

Калі ты хочаш змяніць штосьці ў іншым чалавеку — пачні з сябе. Як толькі я перастала прад'яўляць мужу прэтэнзіі, нашы адносіны расквітнелі. Акрамя таго, я навучылася вяртаць мужу сваю ўдзячнасць. Хоць заднім чыслом, але абавязкова скажу яму, што тое, што ён зрабіў, каштоўна для мяне.

Калі я пачала мяняцца, заўважыла, што мянялася і ўсё вакол. І муж у тым ліку. Ён стаў хадзіць у спартзалу, пахудзеў на 9 кілаграмаў. А потым здзейсніў сваю даўнюю мару — скончыў курсы па дайвінгу, каб апускацца пад ваду ў любой кропцы свету. Я яго падтрымліваю ва ўсім, бо разумею, што для мужчыны вельмі важна мець захапленне, ад якога свецяцца вочы. Гэта дае зарад энергіі не толькі яму, але ідзе на карысць усёй сям'і. Калі дзеці бачаць, што бацькі чымсьці захоплены, у іх таксама ўзнікае патрэба чымсьці захапляцца ў жыцці. Бо ў іх перад вачыма ёсць жывы прыклад, які з'яўляецца фундаментам у выхаванні.

У рэстаране на спатканні з мужам, фота зроблена на 28-м паверсе.

Старэйшая дачка павесіла ў сваім пакоі на дзвярах наш з мужам фотаздымак. На ім мы адзначалі маё 25-годдзе. Мы там, абняўшыся, сядзім, шчака да шчакі. Неяк псіхолагі спыталі ў 7-гадовага дзіцяці: «Што такое шчасце?» На што той адказаў: «Шчасце — гэта калі тата прыходзіць з працы і цалуе маму!» І па сваіх дзецях я таксама бачу, што для іх галоўнае, каб мама і тата былі шчаслівыя адно з адным.

Раней я часта прасіла мужа ўзяць Фадзея з сабой на работу, бо хлопчык павінен больш часу праводзіць з татам. Ён спачатку аднекваўся. Але пасля таго, як летась Фадзей падпрацоўваў у таты на вытворчасці тратуарнай пліткі, я заўважыла, што муж стаў больш цікавіцца справамі сына, штосьці пытацца ў яго. Не так даўно ў мяне былі занятыя два выхадныя. А ў мужа былі планы з'ездзіць на пагружэнне ў адкрытую ваду з клубам дайвераў. І ён узяў з сабой дзяцей. Як я радавалася, калі яны дасылалі мне фотаздымкі! Яны, кожны на свой тэлефон, здымалі, як тата пагружаўся, а потым разам ставілі палаткі, разводзілі вогнішча, смажылі сасіскі. Хлопчыкаў Арцём возіць на заняткі: аднаго — на стральбу з лука, другога — на тэніс. Па дарозе яны кантактуюць. Гэта вельмі важна — размаўляць з дзецьмі па душах, жартаваць. Чаму, калі нешта здараецца, бацькі пра гэта даведваюцца апошнімі? Бо ў іх няма даверлівых адносінаў з дзецьмі. Менавіта таму іх важна ствараць.

Бліц-апытанне

Самае галоўнае ў сям'і?Узаемапавага, цярпенне, а яшчэ шчырасць і сумленнасць з сабой і іншымі.

Месца сілы? На прыродзе, каля вады. Неяк у клубе практыкаў пачула класную фразу: калі цябе турбуе нейкае невырашальнае пытанне, спытай у сябе: колькі ты была са сваім запытам у цішыні? Усе адказы — унутры нас. Прырода ў гэтым плане валодае цудоўным эфектам.

Мой дэвіз па жыцці?Жыві так, каб людзі, сутыкнуўшыся з табой, усміхнуліся, а кантактуючы з табой, сталі крышачку больш шчаслівымі.

Што б напісалі сваім дзецям у пасланні ад мамы? Слухаць сваё сэрца і не губляць Бога ў жыцці, бо ў гэтай звязцы можна пераадолець усё. Яшчэ хацелася б, каб яны адрознівалі ўласныя жаданні ад навязанага звонку, умелі адрозніць важнае ад другаснага. Акрамя таго, вельмі важна сачыць за чысцінёй сваіх думак. Бо нашы думкі, як штурвал карабля, кіруюць нашым жыццём.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з сямейнага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.