Вы тут

Мосцік даверу


Сын маёй сяброўкі сёлета пайшоў у першы клас. І вось нядаўна Таня распавяла гісторыю, якая расчуліла да слёз. «Ва ўсіх дзетак у класе аднолькавыя кашулі і камізэлькі. У чацвер Даня вярнуўся са школы вымурзаны. Плямы на кашулі я заўважыла толькі зранку, таму дала яму іншую — чыстую. Даніла расплакаўся, сказаў, што не будзе яе надзяваць, бо ў ёй ён зусім не падобны на сапраўднага школьніка. У выніку выйшлі з дома ў слязах. У мяне не было часу супакойваць сына, бо мы рызыкавалі спазніцца на ўрок. Па дарозе Даніла, здаецца, супакоіўся сам. Але як толькі ўбачыў сваю настаўніцу, зноў расплакаўся. Рэгіна Іванаўна прысела каля яго: «Даніла, што здарылася? Ты з мамай пасварыўся? Ну, з такім настроем нельга пачынаць дзень. Пайшлі мірыцца і абдымаць маму». Калі яны падышлі да мяне, я патлумачыла настаўніцы: Даня засмуціўся, што ў гэтай кашулі будзе выглядаць не так, як усе. «Паслухай, Даня, мама ўсё правільна зрабіла. Ты выглядаеш чысценька і акуратненька, як і павінен выглядаць сапраўдны першакласнік. І наогул, я табе скажу па сакрэце: тое, якая на табе кашуля, не самае галоўнае. Галоўнае, як свецяцца твае разумныя вочы». Пасля гэтых слоў мы з сынам абняліся, і ён з усмешкай пабег у клас». Як жа пашанцавала Данілу з першай настаўніцай, пабольш бы такіх мудрых педагогаў нашым дзецям, падумалася тады.


Нават не верыцца, але і мы з мужам ужо амаль пяць гадоў як мама і тата... І ўвесь гэты час, штодня дзякуючы сыну, вучымся быць найлепшай версіяй саміх сябе. Бо разумеем, што выхоўваць дзіця словамі бессэнсоўна, галоўнае — паказваць уласны прыклад.

Самае складанае, напрыклад, для мяне пакуль што — навучыцца правільна рэагаваць на дрэнныя паводзіны і капрызы сына, не паддавацца імгненным эмоцыям. Часам (калі своечасова згадаць пра гэты спосаб) дапамагае проста выйсці на кухню і выпіць шклянку вады. А нядаўна ўзяла на ўзбраенне і яшчэ адну стратэгію паводзін. Падгледзела яе ў дзіцячага псіхолага Карыны Рыхтэрэ. Яна прыводзіць прыклад з талеркай. «Напрыклад, ваш сын прыйшоў са школы, паеў, але не прыбраў за сабой талерку са стала. Можна пачаць абурацца «вось ты зноў пакінуў, колькі разоў табе нагадваць, чаму я ўсё павінна за вамі прыбіраць», але тым самым вы псуеце адносіны і ламаеце чарговую дошку на мосціку даверу паміж сабой і сваім дзіцем. Лепш падысці да сітуацыі творча, з гумарам і лёгкасцю. Напрыклад, напісаць цыдулку ад імя талеркі («Ляжу на стале, засыхаю без цябе. Твая талерка». Побач намаляваць талерку са словам «SOS» і смайлікам) і проста моўчкі пакласці яе сыну на стол. Як правіла, дзеці парушаюць правілы не спецыяльна, а проста таму, што элементарна забываюць».

А наогул, на маю думку, самае важнае ў бацькоўстве — гэта час, які мы праводзім са сваімі дзецьмі вочы ў вочы. Таму быць мамай для мяне ў першую чаргу — значыць сядзець разам на падлозе і знаходзіцца цалкам у гэтай гульні. Нават псіхолагі раяць: «Ну не стойце вы штовечар гадзінамі каля пліты, зварыце хуценька сасіскі ці пельмені, дзіця, калі вырасце, наўрад ці згадае, што яно ела. Лепш, прыйшоўшы з працы, паглядзіце сыну ў вочы — не для таго, каб прысароміць, а проста так. Паляжыце з ім на падлозе хоць бы дзесяць хвілін. Нікуды не спяшаючыся. Спытайце штосьці нелагічнае, палюбуйцеся ім, паназірайце за ім. За гэты час неба не ўпадзе, а сям'я ўмацуецца і дзецям будзе добра».

Штовечар, калі сын просіць пачытаць яму перад сном, у мяне ёсць спакуса сказаць, што ўжо занадта позна, і выключыць святло. Але потым своечасова ўспамінаць, што «мамачка, пачытай мне, калі ласка» — не назаўсёды, бо Сымонка хутка вырасце і навучыцца чытаць сам. Таму, як бы ні стамілася за дзень, чытаем разам услых, а потым выключаем святло, абдымаемся і гуляем у асацыяцыі. У такія моманты я адчуваю, што гэтыя сумесныя рытуалы — маленькія ключыкі да сяброўства на доўгія гады. Калі ж сынок засынае, я люблю фантазіраваць, якім ён будзе праз 15, 20 гадоў. І думаю, што такое цудоўнае я магу прывіць яму СЁННЯ, каб потым было вось так, як уяўляецца.

Як бачыце, быць бацькамі — няпростая задача. Для гэтага патрэбна неймаверная колькасць цярпення, мудрасці і любові. І цудоўна, калі мама і тата знаходзяцца з настаўнікамі на адной хвалі. Бо недарэмна ж Дзень маці, Дзень бацькі і Дзень настаўніка прыпадаюць на адзін месяц.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.