Вы тут

Як жыве вёска Амелянец, галоўнай славутасцю якой на працягу стагоддзяў з'яўляецца храм у гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподня


У адзін з прыгожых кастрычніцкіх па-летняму цёплых дзён гэты храм з пяццю купаламі выглядаў асабліва прывабна-ўрачыста. Яго відаць здалёк, калі толькі ўязджаеш у Амелянец з боку Вярховіч, бо стаіць ён на невялікім узвышшы. Добраўпарадкаваная пляцоўка, высаджаныя кветкі і дэкаратыўныя дрэўцы сведчаць пра клопат настаяцеля і прыхаджан-актывістаў. З апошнімі вясковай святыні дакладна пашанцавала.


Са сшытка старасты

Ніна Васілюк — не толькі стараста вёскі Амелянец, але і руплівіца царкоўных спраў. Пра вёску, яе ваколіцы, суседнія населеныя пункты, а таксама пра гісторыю храма можа расказаць грунтоўна. І не толькі па памяці. У вялікім адмысловым сшытку ў яе запісаны даты, падзеі, прозвішчы. Асобным раздзелам ідзе спіс з біяграфічнымі звесткамі святароў тутэйшага храма з пачатку ХХ стагоддзя. Напрыклад, адзін з іх Сямён Ярашук быў франтавіком, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Айцец Сямён служыў тут да пачатку 90-х і пахаваны побач з царквой.

Ніна Паўлаўна не настаўніца, не работнік культуры ў мінулым, яна былы сельскі прадавец і загадчыца фермы. Але мінуўшчынай сваёй мясцовасці заўсёды цікавілася, з часам запісваць пачала, як яна кажа, для памяці. Можа, дзецям, унукам, праўнукам спатрэбіцца. Хоць жанчыне няма яшчэ сямідзесяці, у іх з мужам ужо і праўнук у школу ходзіць.

Адбудаваная пасля двух пажараў

Гісторыя ў гэтага храма сапраўды цікавая. Першапачаткова царква ў Амелянцы была ўзведзена недзе каля 1713 года. Захаваліся дакументы, якія ўказваюць, што ў 1836 годзе храм быў значна пашыраны ў выніку перабудовы. Варта яшчэ сказаць, што ён адрозніваецца ад большасці драўляных цэркваў Брэстчыны незвычайным для захаду Беларусі рэтраспектыўна-рускім стылем. Падчас Першай сусветнай вайны царква моцна пацярпела, была пашкоджана званіца, асколкамі і кулямі пабітыя дах і сцены. У 1922 годзе, калі вяскоўцы пасля эвакуацыі вярнуліся дадому, вырашылі адрамантаваць святыню. Але вясной наступнага года ад удару маланкі згарэў купал. А ў 1925 годзе зноў здарыўся пажар. Ноччу людзі пачулі выбух, адкрылі дзверы храма, але ўвайсці ўнутр не змаглі, там бушаваў пажар. Агонь нібы абрынуўся са столі, і пабудова згарэла датла. Ніхто так і не дазнаўся, што стала прычынай узгарання.

Атрыманых выплат па страхоўцы хапіла, каб купіць зруб гатовай царквы ў Яблачынскім манастыры на тэрыторыі цяперашняй Польшчы. Тамтэйшую царкву збіраліся закрываць, пакупка для яе азначала далейшае жыццё. Пабудову разабралі і па чыгунцы давезлі праз Дубіцу да станцыі Чарамха. Адтуль жыхары Амелянца перавезлі яе падводамі. Узвядзенне новага храма пачалося ў 1927 годзе, а ў 1930 годзе яго ўжо асвяцілі ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга і пачалі праводзіць службы. Сюды вярнулася схаванае клапатлівымі прыхаджанамі перад вайной дабро. А вось старадаўнія званы не ўдалося знайсці. Гаварылі, што, магчыма, іх вывезлі ў Германію… Карацей, у 1930 годзе царква пачала новую старонку гісторыі, з той пары службы тут не перапыняліся, яны працягваліся і ў вайну, і ў пасляваенны час ваяўнічага атэізму.

Снарады праляталі міма

Старажылы ў розны час расказвалі нямала цікавых гісторый, звязаных з царквой, з яе званіцай. Яны занатаваныя ў сшытку Ніны Васілюк. Напрыклад, падчас апошняй вайны на званіцы хаваўся савецкі карэкціроўшчык агню, бо лінія фронту праходзіла паблізу. Яго нейкім чынам немцы заўважылі, хацелі ліквідаваць, старанна абстрэльвалі храм. Але — цуд, усё навокал разбілі, толькі ніводная куля, ніводзін снарад не даляцелі да цэлі. Казалі нават, што той салдат спусціўся ўніз пасівелы.

— Яно і зразумела, — разважае Ніна Паўлаўна, — тут жа ўсё як на далоні, любы снарад мог разнесці драўляную званіцу на дробныя кавалкі. А яны ўсе ляцелі міма, адно тлумачэнне засталося — Бог збярог.

Стараста Ніна Васілюк

Пасылка ад маршала Перамогі

У час вайны настаяцелем царквы быў Яўген Місюк. Адразу пасля вызвалення прыхаджане сталі вязаць шкарпэткі, рукавіцы, збіралі прадукты для патрэб фронту. На пасылках звычайна пісалі «На фронт. Жукаву». Адны вяскоўцы сцвярджалі, што айцец Яўген напісаў маршалу ліст, у якім павіншаваў з Перамогай. Другія казалі, што Жукаў прыслаў ліст з падзякай за дапамогу франтавікам і пытаў, чым дапамагчы прыходу, тады і папрасіў святар званы для царквы. Адным словам, завязалася перапіска ў святара з маршалам. Аднойчы айцец Яўген аб'явіў прыхаджанам, што палкаводзец абяцаў званы для Амелянца. І праўда, неўзабаве ў вёску прыйшла «пасылка» вагой больш за тону. Званы прывезлі салдаты. Потым казалі, што званы былі знойдзены ў адным з нямецкіх эшалонаў, падрыхтаваныя для адпраўкі ў Германію, а Жукаў распарадзіўся адправіць іх у Амелянец. Дарэчы, нястомны бацюшка Яўген Місюк пазней быў узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».

...На адным са званоў, якія прывезлі ў вёску, зроблены надпіс на царкоўнаславянскай, на двух другіх — на рускай мове. Адзін, паводле надпісу, адліты для царквы ў Антопалі, другі — для Грушаўкі. Антопаль ёсць у Драгічынскім раёне, Грушаўка — назва распаўсюджаная. Хутчэй за ўсё, легенда праўдзівая наконт падрыхтоўкі для вывазу ў Германію, які нашым войскам удалося папярэдзіць.

Абнаўленне і добраўпарадкаванне

Адным словам, Амелянец атрымаў званы, якія ўжо без малога 80 гадоў склікаюць сваіх вернікаў да храма, абвяшчаюць пра святы. А Ніна Васілюк зараз кіруе і царкоўным хорам. Спачатку была толькі ў ліку пеўчых, а пасля сыходу з жыцця былой кіраўніцы давялося ёй хор узначаліць. Расказвае, што па першым часе вельмі хвалявалася, але ж усё атрымалася. Яна таксама актыўная памочніца цяперашняга святара Ігара Пяркоўскага ў клопатах пра рамонт і добраўпарадкаванне храма.

Цяперашні настаяцель прыйшоў на службу ў 2009 годзе і фактычна адразу заняўся рамонтам, які працягваўся дзевяць гадоў. Усё зрабілі грунтоўна: памянялі выгляд сцен, замянілі падлогу, цалкам абнавілі фасад, дах. Купалы здымалі з дапамогай спецыяльнай тэхнікі. Рамонт зацягнуўся, бо храм з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Любую работу даводзілася ўзгадняць з адпаведнымі ведамствамі. Але ўсе этапы паспяхова пройдзены, цяпер храм выглядае прыгожым, дагледжаным. Нават мікрафон купілі для ўзмацнення гуку. Цяпер, дарэчы, у храме працуе майстар-іканапісец з майстэрні горада Уладзіміра. Некалькі гадоў таму ён распісваў іканастас, а цяпер займаецца рэстаўрацыяй асобных абразоў.

Ну, а добраўпарадкаванне — справа пастаянная. Два гады таму Ніна Васілюк была ініцыятарам пасадкі туй на падворку. Прайшла па дварах, грошы сабралі, купілі 70 саджанцаў. Сама і садзіла іх з дзвюма прыхаджанкамі, айцец Ігар дапамагаў. Трэба было потым дрэўцы паліваць, брала ваду ў суседнім доме, гэта было не надта зручна і далекавата. Сама купіла гідрафор, потым прабілі калонку, і каля царквы з той пары ёсць вада. За гідрафор ёй, праўда, грошы пазней сабралі. Вяскоўцы рэгулярна ахвяруюць на сваю царкву, здаўна набожныя людзі жылі ў Амелянцы. Сведчаннем таму — яшчэ адна гісторыя.

На тэрыторыі могілак доўгі час стаяла невялікая цэркаўка, у ёй вялі службы, калі, напрыклад, храм рамантавалі пасля пажараў. Дык вось у шасцідзясятыя гады ў калідорах улады некаму прыйшло ў галаву яе разабраць. Работу даручылі дырэктару школы. Той узяў старшакласнікаў і пайшоў да царквы. Яны паспелі толькі зняць дах, як з суседняй фермы наляцелі жанчыны. Хто з матыкай, хто з віламі, хто з кіем — разагналі тую гора-брыгаду ўмомант. Больш ніхто не падыходзіў да цэркаўкі, толькі без даху яна і сама стала паступова разбурацца. Але пасля таго інцыдэнту ніхто не адважваўся чапаць і вялікі храм. Дачакалася сваёй чаргі і тая капліца. Яе таксама адрамантавалі і прывялі ў парадак.

Да вайны і пасля яе

Паводле слоў Ніны Васілюк, у вайну ў параўнанні з іншымі населенымі пунктамі Амелянцу адносна пашанцавала. Вёску не палілі, людзей не забівалі. Вядома, жыхары ўсялякага нацярпеліся ў акупацыю:

— Мае бацькі жылі на хутары, фактычна ў лесе, — расказвае жанчына. — Немцы прыехалі, загадалі бацьку на працягу трох сутак пакінуць хутар, у адваротным выпадку, сказалі, спаляць. Уяўляеце, што такое перавезці хату, гаспадарчыя пабудовы за тры дні? Мяне яшчэ не было, але ў бацькоў ужо шасцёра дзяцей гадавалася. Ведаю ад іх, што спачатку на санях перацягнулі на новае месца хлеў, каб было дзе скаціну паставіць. У тым хляве і туліліся ўсе разам некаторы час. А хату разабралі, потым ужо перавозілі бярвенні часткамі, яе ж у адзін дзень не складзеш. Адным словам, гора хапіла. Маці ўспамінала, як не раз забіралі прадукты, маёмасць. Тры каровы трымалі, вялікую сям'ю трэба было карміць. Маці казала, што часам пасля іх налётаў заставалася толькі тое, што паспявала схапіць са стала і схаваць у калысцы з самым меншым.

Пасля Перамогі жыццё стала наладжвацца. І ўжо на пачатак 70-х гадоў Амелянец быў вялікім населеным пунктам, цэнтрам гаспадаркі. Тут размяшчалася сярэдняя школа, працавалі ўсе аб'екты сацкультбыту. Таму ў ліку першых у раёне населены пункт атрымаў статус аграгарадка. Але ў выніку рэарганізацыі сельгаспрадпрыемства было далучана да іншага. Паступова закрылі ФАП, потым — школу. Сёння засталіся Дом культуры з бібліятэкай, дзіцячы садок, пошта і магазін.

Тутэйшы бібліятэкар Любоў Казачук расказала, што шмат гадоў збірае матэрыялы пра свой населены пункт.

— Як і ўсе бібліятэкары, цікаўлюся звесткамі пра мінулае вёскі, у свой час работу пісала на гэтую тэму, — гаворыць Любоў Іванаўна. — Знайшла, напрыклад, легенду аб паходжанні назвы. Паводле падання, назва звязаная з мноствам вадзяных млыноў, якія акружалі паселішча, утворанае ў ХVІІ стагоддзі для асочнікаў, вартаўнікоў Белавежскай пушчы. Яны павінны былі ахоўваць царскія ўгоддзі ад самавольнага захопу. Але ж уся пазнейшая гісторыя Амелянца цесна пераплеценая з храмам. Бо ён быў галоўнай святыняй для людзей, цэнтрам духоўнага жыцця. У гэтым годзе нас пакінулі самыя сталыя жанчыны вёскі: адной было 99 гадоў, другой — 98. Яны многа расказвалі ў свой час пра храм.

І цяпер асноўныя мерапрыемствы бібліятэкі так ці іначай звязаныя з гэтай тэмай, большасць актыўных чытачоў дасягнулі пенсіённага ўзросту. У бібліятэцы значыцца 180 наведвальнікаў. А пражывае ў Амелянцы па стане на 1 студзеня 259 чалавек. Ну, вядома, Ніна Паўлаўна ў нас актывістка ва ўсіх справах, гаворыць бібліятэкар.

Апошняе адзначае і старшыня Камянецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына НІГЕРЫШ:

— Не так даўно стараста вёскі Ніна Васілюк была адзначана граматай раённага Савета за актыўную грамадскую работу. Напрыклад, у гэтым месяцы пад яе кіраўніцтвам і наглядам зносяць аварыйныя дрэвы на могілках. Яна арганізоўвае пенсіянераў на штогадовае правядзенне флюараграфіі ў Вярховічах. Ведаю, што і на мінулым тыдні прабеглася па вёсцы, склала спіс, а сельсавет ужо паспрыяў з транспартам. Яна першай прыходзіць на дапамогу старым, адзінокім людзям у самых розных бытавых пытаннях. А яшчэ Ніна Паўлаўна цудоўна вышывае і не раз была ўдзельніцай розных выстаў. Яе паважаюць у вёсцы, да яе меркавання прыслухоўваюцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Камянецкі раён.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.