Вы тут

Досвед дзейнасці педагагічных класаў абмеркавалі педагогі-практыкі і вучоныя


Праблемы развіцця творчага патэнцыялу ў будучых педагогаў, досвед дзейнасці педагагічных класаў, лічбавыя выклікі, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, адукацыйныя тэхналогіі ў кантэксце тэорыі пакаленняў, развіццё крэатыўнага мыслення, функцыянальнай адукаванасці і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя напрамкі і перспектывы педагагічнай адукацыі», якая адбылася на пляцоўках Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, 86-й сталічнай школы і 20-й мінскай гімназіі.


— Гэта мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ўжо ў трэці раз, — паведаміла загадчыца кафедры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Алена БЯЛЬНІЦКАЯ. — Правядзенне канферэнцыі ініцыявала кіраўніцтва мінскай сярэдняй школы № 86 імя Фамы Занько, дзе дзейнічаюць два педагагічныя класы. З кожным годам пляцоўка для прафесійных зносін педагогаў пашыраецца. Сёлета да дыскусіі далучыліся ўжо больш як 200 удзельнікаў з усёй краіны, а таксама з Расійскай Федэрацыі. Гэта не толькі вучоныя, педагогі—практыкі, але і навучэнцы педагагічных класаў, якія яшчэ стаяць на парозе прафесійнага выбару. Ім было прапанавана паразважаць на тэму «Мая будучая прафесія — настаўнік». Адна з секцый канферэнцыі менавіта так і называецца. 

Трэба заўважыць, што яшчэ ў 2014 годзе Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт выступіў з ініцыятывай увядзення профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў 10–11-х класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Гэта ідэя знайшла падтрымку на дзяржаўным узроўні, ва ўстановах адукацыі, у школьнікаў і іх бацькоў. З 2015/2016 навучальнага года першыя педагагічныя класы і групы былі адкрыты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Дынаміка адкрыцця педкласаў аптымістычна: 2015/2016 навучальны год — 102 класа і каля 1500 старшакласнікаў, а ў мінулым 2022/2023 навучальным годзе — 756 педкласаў і больш за 6700 навучэнцаў. У сталіцы ў педкласах навучаюцца 1700 старшакласнікаў. 

Спецыяльна для педкласаўцаў была распрацавана праграма факультатыных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію», якая ўключае чатыры модулі: два педагагічныя і два псіхалагічныя. Тыя, хто хацелі б стаць настаўнікамі, пагружаюцца ў сваю будучую прафесію цягам двух апошніх гадоў навучання ў школе, даведваюцца, хто такі — сучасны настаўнік і якія патрабаванні да яго прад’яўляюцца.

Факультатыў, які вывучаюць вучні педкласаў, не дэмаверсія педагогікі і псіхалогіі, якія яны будуць вывучаць ужо ва ўніверсітэце. Гэта найперш магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару, пераканацца ў сваіх здольнасцях і схільнасцях яшчэ падчас першых педагагічных спроб, здзейсненых у школе. Трэба своечасова ставіць перад сабой пытанні: «ці магу я? ці хачу я?» і шчыра на іх адказваць, бо педагогіка — гэта прызванне. І ў педагогіцы непатрэбныя выпадковыя людзі…

Штогод каля трэці абітурыентаў, якія скончылі педагагічныя класы, атрымліваюць рэкамендацыі педсаветаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і паступаюць у ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці.

Між іншым, летась з 27 выпускнікоў педагагічнага класа ў сталічнай школе № 86 на спецыяльнасці, звязаныя з педагагічнай дзейнасцю, паступілі 15 чалавек. У бягучым годзе — 10 чалавек з 23.

— Канешне, мы зацікаўленыя ў тым, каб расла колькасць ахвотных стаць педагогамі, каб ў школы прыходзіла змена, але гэта нельга рабіць у загадным парадку, — падзяліўся сваімі думкамі дырэктар мінскай сярэдняй школы № 86 Аляксей СРЭБНЯК. — Здараецца, што дзеці, якія навучаліся ў педкласах, вяртаюцца да паступлення на педспецыяльнасці не адразу, а крыху пазней, калі ўжо нельга скарыстацца дадзенымі выпускнікам педкласаў льготамі. Але прызванне бярэ сваё…

Алена Бяльніцкая ўпэўнена, што выпускнікі школы, якія выбіраюць шлях настаўніцтва, — найлепшая рэклама гэтай прафесіі для тых, хто яшчэ навучаецца ў педагагічных класах. Яны разбіваюць стэрэатыпы аб непрэстыжнасці прафесіі настаўніка, бо яны — паспяховыя, актыўныя, крэатыўныя, творчыя, ініцыятыўныя. І дзецям у фармаце «роўны — роўнаму» прасцей задаць ім свае пытанні і атрымаць адказы. Прафесія настаўніка не дазваляе стаяць на месцы — навучэнцы педагагічных класаў гэта ўжо зразумелі. Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, і добра, калі ў старшакласнікаў яшчэ ў школе ёсць магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару…

Падчас канферэнцыі дзве выпускніцы сярэдняй школы № 86 Мінска — цяпер ужо студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Надзея Падабед і Ангеліна Матрунёнак — прадставілі фрагменты сваіх урокаў. Дарэчы, гэта ўстанова адукацыі з’яўляецца таксама арганізатарам раённага фестывалю педагагічных проб, мэта якога — пазнаёміць будучых педагогаў з іх патэнцыяльнымі работадаўцамі. Хтосьці з навучэнцаў педкласаў можа прыглянуцца дырэктарам школ яшчэ на гэтым этапе і атрымаць мэтавае накіраванне. А ў замацаванні педагагічных кадраў сталіца сёння асабліва зацікаўленая. Матывацыя да прафесі — гэта, напэўна, самае важнае... 

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.