Вы тут

Радыё «Беларусь» запусціла спецыяльны беларуска-польскі праект


Сёлета з кастрычніка Міжнароднае радыё «Беларусь» Белтэлерадыёкампаніі запусціла спецыяльны беларуска-польскі грамадска-палітычны праект. Праграмы на польскай мове ў эфіры Міжнароднага радыё «Беларусь» гучаць з 2006 года. Тады ўсё пачыналася з 20 хвілін на дзень і тэматыка вяшчання ахоплівала розныя бакі жыцця Беларусі: палітычныя працэсы, асаблівасці эканамічнага і сацыяльнага развіцця, культуру, спорт. А цяпер праграмы па-польску кожны дзень з улікам паўтораў маюць 9 гадзін эфірнага часу.


Фота: pixabay.com

Напружаная геапалітычная абстаноўка ў рэгіёне, сацыяльна-палітычныя турбулентнасці ў Польшчы ў разгар электаральнага цыкла прывялі да неабходнасці больш шырока і поўна асвятляць пазіцыю Рэспублікі Беларусь па найбольш актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня. Акрамя таго, мяркуючы па пошце, якую на радыёстанцыі атрымліваюць ад слухачоў, істотная частка польскага грамадства зацікаўлена ў тым, каб атрымліваць з альтэрнатыўных крыніц актуальную і неангажыраваную інфармацыю аб падзеях, якія адбываюцца і ў самой Польшчы. Менавіта з гэтай мэтай на хвалях Міжнароднага радыё «Беларусь» запушчаны новы штотыднёвы грамадска-палітычны праект «Думкі пра Польшчу: роздумы, дыскусіі, каментары». Ён ствараецца ў суаўтарстве польскімі і беларускімі журналістамі і грамадскімі дзеячамі.

Вядучы, польскі палітолаг Даніэль Мікусек, адзначыў, што новы праект дае магчымасць палякам разабрацца ў асаблівасцях адносін паміж Польшчай і краінамі Захаду з аднаго боку, і паміж Польшчай, Расіяй і Беларуссю — з іншага боку і, галоўнае, зразумець, якія ў гэтым сапраўдныя польскія інтарэсы. Афіцыйная польская прапаганда стварае з Беларусі вобраз агрэсіўнага ворага, што не адпавядае рэчаіснасці. А многія звычайныя палякі, як і беларусы, імкнуцца да захавання канструктыўных добрасуседскіх адносін. Менавіта на ўвагу гэтай аўдыторыі і разлічаны дадзены праект.

Галоўны дырэктар Міжнароднага радыё «Беларусь» Валерый Радуцкі адзначае, што «Праект дзейнічае ў рамках прыярытэтных задач міжнароднага вяшчання: стварэнне пазітыўнага вобраза Беларусі ў вачах сусветнай грамадскасці, разбурэнне памылковых стэрэатыпаў, якія фарміруюцца знешнепалітычнымі апанентамі нашай краіны. Мы рады, што цяпер многія жыхары Польшчы змогуць больш даведацца пра сітуацыю ў сваёй краіне, а таксама пра Беларусь з аператыўнай і аб’ектыўнай крыніцы!».

Міжнароднае радыё «Беларусь» адкрыла на польскай мове і тэлеграм-канал. А на сайце ідзе кругласутачнае вяшчанне на іншых мовах, доступ да якога ёсць на спадарожніку і на сайце ў рэальным часе. Праграмы ў FM-дыяпазоне можна слухаць у прыгранічных раёнах Латвіі, Літвы, Польшчы. Актыўна нарошчваецца прысутнасць радыё «Беларусь» у сацыяльных сетках і на рэсурсе YouTube і іншых інтэрактыўных платформах.

Загаловак у газеце: Пра Польшчу па-польску...

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.