Вы тут

Кацярына Вандар’ева: Адрэналін для бою, а не для прамога эфіру


У спартыўных колах дзяўчына вядомая як «Барбі». ​Так яе празвалі, як нескладана здагадацца, з-за знешнасці. Але знешнасць — адзінае, што аб’ядноўвае Кацярыну са знакамітай лялькай. Ні ў адной Барбі ў свеце няма такога моцнага характару. Ні адна Барбі не займаецца тайландскім боксам і кікбоксінгам. Таму, як жартуе Кацярына, здзіўленне ад таго, чым яна займаецца, суправаджае яе пастаянна. Але здзіўляе не толькі гэта. Акрамя таго, што Кацярына Вандар’ева — шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, яна яшчэ вядучая праграмы «СТБ-спорт» і маладая мама. Здаецца, Кацярына ведае сакрэт, як спалучаць заняткі, якія патрабуюць шмат сіл і часу, і пры гэтым усюды паспяваць. Сваім сакрэтам, а таксама некаторымі тонкасцямі тайландскага бокса яна падзялілася з «Чырвонкай. «Чырвонай зменай».


— Кацярына, аналізуючы ўсе вашы ролі, узнікае толькі адно пытанне: як вы на ўсё знаходзіце час?

— Я глыбока пераканана, што калі чалавеку нечага сапраўды хочацца, ён на ўсё знойдзе час. Вядома, цяжэй усё паспяваць, калі пачынаецца асноўная частка падрыхтоўкі да баёў. Тады нагрузкі проста неверагодныя, а яшчэ трэба працаваць, удзяліць час дзіцяці, а ты з канапы ўстаць не можаш. У нас не прынята, каб прафесійныя спартсмены яшчэ і паралельна працавалі, звычайна максімум трэніруюць, ды і не ўсе. Але я заўсёды сумяшчала спорт з працай, таму не разумею, як можна не працаваць.

— Калі ісці па парадку, то як у вашым жыцці ўзнік спорт?

— Я з дзяцінства марыла стаць следчым, марыла змагацца за справядлівасць. І таму збіралася паступаць у Акадэмію МУС. Была так сур’ёзна настроена, што стала займацца фізічнай падрыхтоўкай. Якраз у гэты час да нас у школу прыйшоў трэнер па рукапашным баі. Я вырашыла: гэта тое, што мне трэба. Нашы трэнеры адраджалі ўсебеларускае казацтва і прыцягвалі ў адпаведны гурток дзяцей. Чаго мы толькі там не рабілі, фізічную форму я набыла выдатную. Але Акадэмія МУС не прадугледжвае завочнай формы навучання, толькі дзённую. Мне гэта не падыходзіла, паколькі трэба было паралельна працаваць і трэніравацца. Так мара стаць следчым разбілася, але нечакана для мяне самой спраўдзілася мара стаць спартсменкай.

— Здавалася б, пры чым тут тэлебачанне…

— Яно ў маім жыцці з’явілася абсалютна выпадкова і нечакана. Нават уявіць не магла, што калісьці буду працаваць на тэлеканале. Я знаёмая з рознымі журналістамі, вядучымі, і яны расказвалі, што, каб трапіць туды, праходзілі шмат кастынагаў, курсаў. А я нават не глядзела свае інтэрв’ю, бо не магла слухаць свой голас у запісе. Ну і якое тэлебачанне? Але ў адзін цудоўны дзень мне патэлефанавалі з тэлеканала СТБ і запрасілі на праслухоўванне. І праз тыдзень пасля першай спробы я ўжо была ў прамым эфіры. Вельмі цяжка ў жыцці знайсці тое, што давала б такія ж эмоцыі, як і спорт. На тэлебачанні я адчуваю тое ж, што і ў спорце. Кожны раз перад выхадам ці на бой, ці ў прамы эфір даю сабе абяцанне, што не буду хвалявацца. І кожны раз хвалююся. 

Я вельмі рада, што ў маім жыцці ёсць тэлебачанне, яно выклікае непаўторныя эмоцыі, паказвае нешта новае. Тым больш мне, як чалавеку спорту, лёгка расказваць спартыўныя навіны, рабіць сюжэты са спаборніцтваў, паколькі я ведаю, якія пытанні задаваць спартсменам і трэнерам, на што трэба рабіць акцэнты. Аднак існуюць і складанасці. Я прывыкла, што на трэніроўкі, на баі я выходжу на адрэналіне, тут спакойным быць нельга, бо ўсё праспіш, адрэналін дае энергію і хуткасць, дапамагае правільна рэагаваць на ўдары і прымаць правільныя рашэнні. А ў прамым эфіры адрэналін перашкаджае, цябе трасе, голас трасецца, пачынаеш задыхацца. І спачатку мне было цяжка пераключацца з аднаго стану на супрацьлеглы. Прыходзіла з трэніроўкі на працу і прасіла хаця б паўгадзіны са мной не размаўляць, каб супакоіцца.

— Першы выхад у прамы эфір можна параўнаць з першым чэмпіянатам свету?

— Не, гэта зусім розныя рэчы. Першы раз у прамым эфіры я хвалявалася, разумела ўзровень адказнасці. А на першы чэмпіянат свету ехала абсалютна ўпэўненая ў сабе, без аніякага страху. Мне ўсе казалі, што я еду туды набрацца досведу, паглядзець, што гэта такое. А я рыхтавалася да яго як апантаная, акрамя гэтага, яшчэ працавала і вучылася ва ўніверсітэце. Ну якое набрацца досведу? Я ехала толькі перамагаць, нават уявіць не магла, што ў мяне будзе іншы медаль, акрамя залатога. І на тым чэмпіянаце свету я перамагла. Калі ты яшчэ зялёны, недасведчаны, лягчэй выступаць на буйных стартах — ты не ведаеш, што гэта такое, табе цікава, і няма месца хваляванню. А ўжо з вопытам узрастае пачуццё адказнасці, лепш пазнаеш саперніц, аналізуеш, думаеш, што часам можа збіваць.

— Які турнір у кар’еры запомніўся больш за ўсё?

— Кожны — асаблівы. Мне запомніўся чэмпіянат свету, дзе мяне прызналі «Найлепшым байцом чэмпіянату свету». Узнагароджанне было незабыўным — у дзень нараджэння караля Тайланда ў прысутнасці членаў яго сям’і каля яго палаца. У нас заўсёды баксёры добра выступалі, але ніколі нікога з беларусаў не прызнавалі найлепшым байцом чэмпіянату свету. Тваё імя ўваходзіць у сусветную гісторыю, і гэта па-вар’яцку прыемна. А падрыхтоўка да гэтага чэмпіянату свету была вельмі своеасаблівай. Я месяц была ў Аргенціне, дзе здымалася ў экстрэмальным шоу. Чаго мы там толькі не рабілі! Пасля гэтага я падумала, што чэмпіянат свету — гэта ўвогуле глупства ў параўнанні з тым, што мы перажылі. Але ў Аргенціне я адключылася ад падрыхтоўкі, перазагрузілася і з лёгкай душой паехала на чэмпіянат свету.

— А былі моманты, калі хацелася кінуць спорт?

— У пачатку кар’еры, пасля першых перамог на мяне звалілася вялікая ўвага. Папулярнасць стала для мяне нечаканай. Кожны мой бой асвятляўся ў розных СМІ. А людзі ж розныя і пішуць па-рознаму. А я знешнюю ўвагу не вельмі люблю, мне дастаткова таго, што мяне любяць блізкія. Публічнасць мне не патрэбна. І я не вытрымала, сышла са спорту. Амаль тры гады мяне нідзе не было. А потым зразумела, што не магу без спорту, і вярнулася. А да публічнасці прывыкла. У нашым відзе спорту так: калі ты не публічны чалавек, табе не будуць прапаноўваць выгадныя кантракты. Ды і каму як не чэмпіёнам рэкламаваць свой спорт. Мне хочацца паказаць людзям, што тайскі бокс або кікбоксінг — рэальна відовішчныя віды спорту.

— Кацярына, як вопытная спартсменка што вы можаце сказаць наконт маладога пакалення ў тайландскім боксе?

— У нас у свой час утварыўся сур’ёзны прабел, калі не было збораў нармальных, калі моладзь не ездзіла за мяжу, калі мяняўся трэнерскі састаў. Але сёння праходзіць шмат турніраў па тайскім боксе, расце маладое пакаленне. Для мяне самая перспектыўная спартсменка па тайскім боксе — Валерыя Хвацік. Яна вельмі мілая, інтэлігентная, выхаваная дзяўчына. Але ў баях мяняецца кардынальна, у яе выдатная тэхніка, яна ўсё бачыць, прымае рашэнні. Я веру, што ў яе ёсць вялікая будучыня. І я рада, што ў нашым відзе спорту цяпер шмат маладых перспектыўных спартсменак.

— Дарэчы, як з мілай інтэлігентнай дзяўчыны пераключацца на байца?

— Сіла характару, сіла волі не залежыць ад знешнасці. Да нас прыходзіла мноства дзяўчат, агрэсіўных у жыцці, але ў спорце яны не маглі нічога паказаць, бо сіла волі і агрэсіўнасць — гэта розныя рэчы. Калі ты выходзіш у рынг, ты змагаешся з сабой, са сваёй стомленасцю — гэта і ёсць сіла волі. Часам бываюць такія нагрузкі, што мозг пачынае супраціўляцца, але ты павінен ісці і выконваць іх. Таму што ёсць мэта. І ніякая агрэсіўнасць тут не дапаможа. У людзей склаўся стэрэатып, што калі ты займаешся тайскім боксам ці кікбоксінгам, то аб жаноцкасці і размовы быць не можа. Але гэта зусім не так. У нас у спорце вельмі шмат прыгожых дзяўчат, але яны вырашаюць выглядаць больш мужна, быць больш грознай, напэўна, каб адпавядаць свайму віду спорту. Мне падабаецца падкрэсліваць сваю жаноцкасць.

— Спорт мяняе характар?

— Безумоўна. Ён вучыць камунікаваць з людзьмі, знаходзіць да іх падыход. Спорт гартуе характар. Дзякуючы спорту я разумею, што здольная калі не на ўсё, то на вельмі многае.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.