Вы тут

Аляксандр Зураеў: Каб рухаць навуку наперад, вучоны проста абавязаны быць практыкам


У дэкана хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Аляксандра Зураева — вельмі паспяховая і навуковая, і адміністрацыйная кар’ера. Яшчэ будучы аспірантам, у 26 гадоў ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму, якую далёкі ад хіміі чалавек нават не зможа вымавіць з першай спробы «Сінтэз і фізіка-хімічныя ўласцівасці полі-5-вінілтэтразалатау Cu, Nі, Pd і прадуктаў іх тэрмараскладу». За кароткі час ён прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да старшага навуковага супрацоўніка Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ. Падчас навучання ў аспірантуры быў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.


Тры гады працаваў на пасадзе дацэнта кафедры неарганічнай хіміі БДУ, а з 2022 года ўзначальваў кафедру агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімфака БДУ. Сёння ён аўтар 39 навуковых работ, з якіх сем апублікаваны ў высокарэйтынгавых замежных выданнях, двух навучальных і трох вучэбна-метадычных дапаможніках. Мае патэнт на вынаходства. А вясной бягучага года 30-гадовы кандыдат хімічных навук узначаліў факультэт, які сам скончыў адносна нядаўна — у 2015 годзе. Гэта, так бы мовіць, унікальны выпадак і ў гісторыі найстарэйшай ВНУ, і ў гісторыі факультэта, хоць сам ён так не лічыць…

Стартавы капітал

— Аляксандр Віктаравіч, хімія — дастаткова складаны прадмет для школьнікаў. І, напэўна, ад школьнага настаўніка ў вялікай ступені залежыць, ці застанецца ён абстрактным для вучняў або яны зразумеюць, што хімія — гэта не толькі хімічныя формулы і табліца Мендзялеева... Раскажыце, а як захапіліся гэтай навукай вы?

— І ў маім жыцці таксама былі педагогі, якія паўплывалі на мой прафесійны выбар. Я спачатку навучаўся ў 20-й мінскай школе, а на старшай ступені — у 196-й сталічнай школе ў профільным класе з паглыбленым вывучэннем хіміі і біялогіі. Выкладала ў нас хімію выпускніца хімфака БДУ Галіна Іванаўна Леановіч, якая доўгія гады займалася на гэтым факультэце навукай. У маёй фінальнай школьнай версіі менавіта яна аграніла мае здольнасці, дала раскрыцца патэнцыялу ў алімпіядным руху, рэалізаваць сябе ў навукова-даследчай рабоце. Яна прывяла мяне ў БДУ, у «Школу юнага хіміка». Гэтым аб’яднаннем кіраваў тады Мікалай Мікалаевіч Гарошка, дацэнт кафедры неарганічнай хіміі. Цяпер ён ужо на пенсіі. Вось такі быў мой стартавы капітал.

— Калі паступалі ў БДУ, кім бачылі сябе пасля заканчэння вучобы? Вы ж навучаліся на кірунку «фармацэўтычная дзейнасць»…

— Першапачаткова я паступіў на спецыяльнасць «Хімія» (навукова-вытворчая дзейнасць). Тады гэта былі пяцігадовыя праграмы навучання. Цяпер аналагам з’яўляецца спецыяльнасць «Фундаментальная хімія». Але пасля другога курса зразумеў, што мяне, напэўна, больш цікавіць распрацоўка лекавых спалучэнняў, накіраваны сінтэз малекул, якія валодаюць біялагічнай актыўнасцю. Я зразумеў, што хачу працаваць у гэтай сферы, і перавёўся ўнутры факультэта на больш блізкую мне спецыяльнасць.

— А каго ўсё ж такі рыхтуюць на хімфаку БДУ: вучоных ці практыкаў? І увогуле як вызначыцца з выбарам спецыяльнасці, таму што прафесій, звязаных з хіміяй, вялікае мноства. Калі ўявіць сабе чалавека, захопленага хіміяй, то для таго, каб стаць педагогам, яму спатрэбяцца адны якасці, каб пайсці ў навуку — другія, каб працаваць на вытворчасці — трэція.

— Не згодны. Давайце паразважаем. Ці можа быць добрым практыкам дрэнны вучоны? Можа... А, наадварот, ці можа быць добрым вучоным хімік, калі ён не з’яўляецца практыкам? Каб рухаць наперад і развіваць сваю распрацоўку, вучоны проста абавязаны быць практыкам. Калі ён не ведае, як яе ўвасобіць у жыццё, яго ідэя так і застанецца толькі ідэяй.

Скажу так: чыстых практыкаў мы не рыхтуем. Чым наш выпускнік адрозніваецца ад выпускнікоў іншых ВНУ, дзе таксама рыхтуюць хімікаў? Ёсць спецыяльнасці, якія маюць на ўвазе даволі вузкую падрыхтоўку. Напрыклад, хімік можа займацца складам фарфору ці керамікі, падбіраць пігменты для фарбаў. А калі вы прапануеце яму далучыцца да праекта па распрацоўцы лекавых сродкаў ці тэхналогій харчовай хіміі, ён не зможа гэта зрабіць, таму што дасканала валодае нюансамі толькі аднаго тэхналагічнага працэсу.

Хімік не можа быць фізікам, але хімік павінен валодаць глыбокімі ведамі па фізіцы. Таксама як і фізік не можа быць хімікам. Таму мы і імкнёмся аб’ядноўвацца ў навуковыя кластары, якія дазваляюць рэалізоўваць праекты на стыку розных дысцыплін. Я прыхільнік канвергентнага падыходу ў навуцы. Лічу, што навуковую групу неабавязкова павінен узначальваць масціты вучоны. Гэта павінен быць чалавек, у якога ёсць ідэя. А пад яго кіраўніцтвам ужо будуць працаваць хімікі, біёлагі, матэматыкі, праграмісты і гэтак далей. Кожны павінен выконваць той адрэзак работы, які яму цікавы і дзе ён разбіраецца лепш за іншых.

Калі мы паглядзім на вучэбныя планы падрыхтоўкі студэнтаў хімфака, то ўбачым што яны некалькі гадоў вывучаюць фізіку, матэматыку, у іх ёсць дысцыпліны, звязаныя з матэматычнай статыстыкай, матэматычным мадэліраваннем, апрацоўкай эксперыментальных вынікаў. Матэматыкі і фізікі на факультэце столькі, што можна смела пісаць у дыплом праз коску «хімік, матэматык, фізік» (смяецца) Наша падрыхтоўка больш фундаментальная.

Цяпер падрыхтоўка на спецыяльнасці «Фундаментальная хімія» ў нас будзе шасцігадовай. І выпускаць мы будзем адразу магістраў хімічных навук. Прызнаюся, падчас прыёмнай кампаніі былі прыемна здзіўленыя, што спецыяльнасці з шасцігадовым тэрмінам падрыхтоўкі, а гэта акрамя «Фундаментальнай хіміі» яшчэ і спецыяльнасць «Хімія высокіх энергій», у нас паспяхова запоўніліся абітурыентамі, нават быў конкурс. На педагагічным напрамку ў нас таксама было шмат ахвотных — прахадны бал 311. Гэтым вынікам мы задаволеныя. Выкладчыкі канстатуюць, што сабралася моцная група студэнтаў. Хачу заўважыць што мы адкрылі сёлета новую спецыяльнасць, якая была ўнесена ў Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцяў — «Хімія (навукова-педагагічная дзейнасць)». Яна чатырохгадовая. Ранейшыя навучальныя планы былі перапрацаваныя з ухілам у бок дысцыплін вузаўскага профілю. Цяпер мы рыхтуем спецыялістаў не толькі для школы, але і для іншых ВНУ, дзе ёсць праблемы з кадрамі, а таксама для каледжаў. Нашых педагогаў актыўна разбіраюць. Але ў іх дыпломах пазначаны дзве кваліфікацыі «Хімік. Выкладчык».

Выкладанне захапіла…

— Аляксандр Віктаравіч, вы з’яўляецеся пераможцам Рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» і «100 ідэй для СНД». З якой распрацоўкай удзельнічалі і што даў вам досвед удзелу ў гэтым праекце? Як лічыце, ці можна такім спосабам прарэкламаваць сваю навуку?

— На мой погляд, галоўны вынік удзелу ў такіх праектах — не рэклама сваёй навукі, хоць, гэта, канешне, таксама важна, а магчымасць падзяліцца сваімі ідэямі адно з адным. Зразумела, што пераможцамі ўсе стаць не могуць. Але там ты набываеш вельмі каштоўны вопыт прэзентацыі свайго праекта, які дазваляе данесці ідэю да мэтавай аўдыторыі не прафесійнай мовай, не мовай тэрмінаў, а мовай, зразумелай кожнаму. І чым прасцей ты зможаш данесці сваю складаную ідэю, тым бліжэй ты да этапу, калі зможаш распрацоўваць ідэю ў бок яе камерцыялізацыі. Тым бліжэй ты да людзей: ты разумееш, што твая распрацоўка можа ім даць і чым можа іх зацікавіць.

У конкурсе «100 ідэй для Беларусі» я ўдзельнічаў, калі навучаўся ў магістратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і працаваў у лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі. Маім науковым кіраўніком была доктар біялагічных навук, прафесар Ірма Барысаўна Массэ. Калі прыйшоў да яе на дыпломную работу, мне прапанавалі пачаць развіваць кірунак, звязаны з фармакагенетыкай. Я займаўся даследаваннямі, прысвечанымі неўспрымальнасці чалавека да такіх лекавых сродкаў, як «Варфарын» і «Клапідагрэл». Гэта быў базіс для маёй магістарскай работы, а потым і для праекта, з якім я ўдзельнічаў у «100 ідэях для Беларусі» і «100 ідэях для СНД». Ідэя заключалася ў тым, каб вызначаць па тэсце ДНК, ці падыходзяць пацыенту лекі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў медыцынскай практыцы: антыкаагулянт «Варфарын» і антытрамбатычны «Клапідагрэл». «Варфарын» зніжае рызыку інсульту ў хворых з пастаяннай мігальнай арытміяй. Таксама гэты прэпарат прызначаецца хворым з пратэзіраванымі клапанамі сэрца. Вялікая частка папуляцыі мае да «Варфарыну» нармальную адчувальнасць, але ёсць людзі з вельмі высокай адчувальнасцю, і ў іх у выніку прыёму гэтага прэпарату могуць назірацца крывацёкі аж да лятальных выпадкаў. Ёсць людзі, устойлівыя да «Варфарыну», — ім патрабуецца павялічваць дазіроўку прэпарату як мінімум утрая. А некаторыя «сардэчнікі» і ўвогуле неадчувальныя да «Варфарыну», таму ім ён у прынцыпе не можа дапамагчы.

Тэст ДНК, які быў распрацаваны, дазваляе па ўнікальным генатыпе чалавека ўстанавіць яго адчувальнасць да сардэчна-сасудзістых прэпаратаў. Гэта быў крок у бок развіцця так званай персаналізаванай медыцыны.

— Але пасля заканчэння акадэмічнай магістратуры вы вярнуліся ў БДУ, некалькі гадоў працавалі ў НДІ фізіка-хімічных праблем і вас прыцягнулі на выкладчыцкую работу.

— Дома і сцены дапамагаюць. Не буду адмаўляць, што малекулярна-генетычныя даследаванні моцна захопліваюць, але я ўсё ж такі прыхільнік STEM-падыходу, лічу, што трэба працаваць на мяжы міждысцыплінарнасці. Таму, калі з’явілася месца ў аспірантуры на хімічным факультэце, я сюды вярнуўся. З першага года навучання ў аспірантуры паралельна выкладаў як сумяшчальнік на кафедры неарганічнай хіміі, вёў лабараторныя заняткі, праводзіў практычныя заняткі са студэнтамі першага курса. А калі зразумеў, што цяга да выкладання мяне захоплівае і гэты фармат майго развіцця мне цікавы, цалкам перайшоў на кафедру. На той момант я ўжо абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Галоўнае — каманда

— Гэта рэдкі выпадак, калі малады вучоны абараняецца яшчэ падчас навучання ў аспірантуры. А якая сёння сфера вашых навуковых інтарэсаў?

— Хачу заўважыць, што тэму кандыдацкай я распрацоўваў з нуля, у мяне не было створана ніякага навуковага задзелу, калі прыйшоў у аспірантуру. Апантана працаваў па начах, у выхадныя і на святы. Да ночы аналізаваў вынікі праведзеных у лабараторыях доследаў і эксперыментаў. У хіміі мяне цікавіць гамагенны і гетэрагенны каталіз прамыслова важных рэакцый. Санкцыі прыйшлі, каталізатары на айчынныя прамысловыя прадпрыемствы не пастаўляюцца, а яны патрабуюцца і для перапрацоўкі нафты, і для стварэння лекавых прэпаратаў, і для атрымання новых матэрыялаў. Працэс гетэрагеннага каталізу — гэта тая ж супрамалекулярная хімія (адносна новы міждысцыплінарны напрамак у хіміі) з шырокімі перспектывамі практычнага выкарыстання ў біятэхналагічнай і матэрыялазнаўчай галінах. Гэта галіна навукі ўключае хімічныя, фізічныя і біялагічныя аспекты разгляду складаных хімічных сістэм, звязаных у адзінае цэлае міжмалекулярнымі некавалентнымі ўзаемадзеяннямі. Інтэнсіўнае вывучэнне супрамалекулярых комплексаў звязана з тым, што такія спалучэнні валодаюць перспектыўнымі ўласцівасцямі: звышправоднасцю, каталітычнай і іонаабменнай актыўнасцю і гэтак далей. У дадзеным выпадку мае навуковыя інтарэсы супалі з інтарэсамі дзяржавы ў плане імпартазамяшчэння і абароны ад санкцыйнага ціску.

— Аляксандр Віктаравіч, вы сталі дэканам у 30 гадоў. Калі паступіла прапанова ўзначаліць свой родны факультэт, прызнайцеся, ці доўга разважалі? Не баяліся, што вас будуць папракаць маладосцю?

— Акадэмік Фёдар Мікалаевіч Капуцкі, стваральнік школы поліцукрыдаў у Беларусі (ён даў старт вытворчасці вялікай групы супрацьанкалагічных прэпаратаў, што вырабляюцца на прадпрыемстве «Унітэхпрам» БДУ), таксама стаў дэканам хімічнага факультэта ў трыццацігадовым ўзросце, ну, можа, быў на пару гадоў старэйшы за мяне. Менавіта пры ім узвялі корпус хімічнага факультэта па вуліцы Ленінградскай, дзе мы з вамі сёння і знаходзімся. Лічу, што папракаць маладасцю, як мінімум, няветліва. Упэўнены, што ўзрост чалавека не з’яўляецца перашкодай для таго, каб чымсьці не займацца. Калі чалавек знаходзіцца ва ўзросце, калі ён захоплены навукай, поўны энергіі, не скардзіцца на тое, што «ўсё, я выдыхнуўся», то чаму б не даць яму такую магчымасць?

Шчыра кажу, што я думаў паўгода. Чуткамі зямля поўніцца, і калі мне стала вядома, што мая кандыдатура разглядаецца, я, само сабой, пачаў ацэньваць і аналізавацць, а што я буду рабіць, калі мне насамрэч прапануюць узначаліць хімфак. І ад стадыі вострага адмаўлення паступова перайшоў да стадыі «а чаму б і не пагадзіцца». Вырашыў, што галоўнае — мець каманду. Задумаўся, ці змагу я сабраць сваю каманду аднадумцаў не толькі сярод адміністрацыі, але і сярод студэнтаў, якія захочуць займацца навукай і развівацца ў сферы выкладання. Калі даў на гэта пытанне станоўчы адказ, то і на прапанову ўзначаліць факультэт пагадзіўся. Мне пашанцавала, што мая сям’я заўсёды мяне падтрымлівала. Хочаш займацца навукай — займайся, хочаш быць дэканам, калі ласка, спрабуй, рэалізуй сябе…

— А ці застаецца ў вас цяпер час на тое, каб займацца навукай?

— Мне ўдаецца знайсці баланс. Я ж разумеў, што калі-небудзь прыйдзе момант, калі я буду з галавой загружаны вучэбным працэсам, выхаваўчай работай, а паралельна з’явяцца яшчэ і нейкія жыццёвыя абставіны... Кандыдацкая дысертацыя абароненая, а што далей? На гэтым я спыняюся?

Яшчэ падчас навучання ў аспірантуры пачаў ствараць сваю навуковую групу ў рамках лабараторыі, прыцягваў актыўных таленавітых студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, з якімі ў нас у суаўтарстве выходзіць дастаткова шмат навуковых артыкулаў і тэзісаў да дакладаў на міжнародных канферэнцыях. У групе шэсць чалавек. Яны працягваюць развіваць маю навуковую канцэпцыю, прыўносяць штосьці новае, сваё, ім даецца зялёнае святло. Я ж выконваю опцыю кіраўніка навуковай групы. Мая ідэя працягвае развівацца, я чытаю напісаныя маімі супрацоўнікамі навуковыя артыкулы, мы разам абмяркоўваем атрыманыя імі ў ходзе навуковага эксперыменту вынікі. Таму не магу сказаць, што я спыніўся. Збіраюся паступаць у дактарантуру БДУ і працаваць над доктарскай дысертацыяй. Мая навуковая мэта — укараніць сямейства гетэрагенных каталізатараў для прамыслова важных працэсаў арганічнага сінтэзу.

— А як бы вы ацанілі навуковую актыўнасць на факультэце?

— У нас штогод выходзіць сама меней 26 навуковых артыкулаў, напісаных у суаўтарстве нашымі супрацоўнікамі і студэнтамі. Выкладчыкі, як правіла, працуюць у НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, сумяшчаюць навуку і выкладанне. У нас створана кластарная структура. Мы ўсе знаходзімся ў адным будынку, карыстаемся інстытуцкай лабараторнай базай. І ў нас ёсць публікацыі ў сур’ёзных замежных выданнях, напрыклад, у часопісах брытанскага Каралеўскага і амерыканскага хімічных таварыстваў.

Нашы студэнты атрымліваюць гранты Міністэрства адукацыі на выкананне навуковых праектаў як дарослыя даследчыкі. Магу прывесці і канкрэтны прыклад. Мой магістрант у пазамінулым годзе выконваў праект па стварэнні праграмнага забеспячэння для мэтанакіраванага сінтэзу антыбактэрыяльных малекул на аснове трыазолу пры грантавай падтрымцы Міністэрства адукацыі. Магчыма, там не вельмі вялікія гранты, тым не менш для вучонага, які знаходзіцца толькі ў пачатку свайго шляху, важна навучыцца, як правільна кіраваць праектам, як размяркоўваць фінансаванне. Трэба з чагосьці пачынаць, а калі штосьці пойдзе не так, гэта стане прадметам для аналізу памылак, якія, магчыма, былі дапушчаны яшчэ на стадыі планавання праекта.

На адной хвалі

— Вы сёння выкладаеце і ліцэістам, і выхаванцам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, і студэнтам. Узначальваеце журы секцыі «Хімія» рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў. А з кім вам больш цікава працаваць?

— Ад выкладання ў Ліцэі БДУ я быў вымушаны адмовіцца ў гэтым навучальным годзе па прычыне сваёй загружанасці. І я склаў з сябе абавязкі старшыні журы. Усё ж такі павінна быць нейкая ратацыя, хоць з задавальненнем застануся ў журы, калі мне гэта дазволяць (смяецца). Працаваць з таленавітай моладдзю вельмі цікава. Канешне, я разумею, што мне пашанцавала і я заўсёды меў справу толькі з матываванымі дзецьмі. Я пачынаў выкладаць на першым курсе і бачыў, як таленавітыя школьнікі становяцца таленавітымі студэнтамі, як іх тут падхопліваюць. Яны ўсе цікавыя, з розным багажом, кожны — са сваім унікальным досведам. Ад нашага пакалення яны адрозніваюцца адкрытасцю да крытыкі. Прычым крытыку ўспрымаюць як стымул для далейшага росту, крытыка напрамую звязана для іх з манетызацыяй асабістага росту.

— Дзіўна, а настаўнікі кажуць, што пакаленне NEXT — гэта пакаленне лайкаў, іх увесь час трэба гладзіць па галаве…

— Так, яны любяць, калі іх хваляць ці лайкаюць, але адна справа — лайкаць карцінкі ў сацыяльных сетках і зусім іншая — лайкаць дасягненні свайго равесніка. У гэтым выпадку яны адчуваюць, што іх праца ўзнагароджваецца, яны растуць ва ўласных вачах.

— Тое, што паміж вамі і вашымі студэнтамі не вельмі вялікая розніца ва ўзросце, перашкаджае вам ці, наадварот, дапамагае? Вы — патрабавальны выкладчык?

— Не буду хаваць, я — патрабавальны. Каб сумяшчаць адміністрацыйныя функцыі з выкладчыцкай работай, пакінуў палову стаўкі выкладчыцкай нагрузкі, у мяне сем лекцый у тыдзень. Акрамя першакурснікаў, буду чытаць на пятым курсе «Хімію малекулярна арганізаваных сістэм». Гэта мая любімая супрамалекулярная хімія.

Вы пытаецеся, перашкаджае ці дапамагае. Я размаўляю са студэнтамі на іх мове. Натуральна, у рамках этычнага кодэкса выкладчыка і карпаратыўнай этыкі ўніверсітэта. Я адкрыты для іх, і яны ахвотна кантактуюць з выкладчыкам, які блізкі ім па ўзросце, па іх лічбавай ментальнасці. Ім прасцей быць са мной на сувязі. Мне ж, у сваю чаргу, прасцей разумець іх інтарэсы і сферы, у якіх яны жадаюць развівацца. Лічу, выкладчык павінен разумець, што памылкі з боку студэнтаў будуць, і мая місія — зрабіць так, каб яны гэтыя памылкі не проста прызнавалі, а разумелі, які адбітак тыя могуць пакінуць на іх будучыні.

Кожны раз на першай лекцыі па неарганічнай хіміі я пачынаю з вызначэння навукі. Прапаную ім паразважаць. Ведаеце, мне вельмі падабалася думка, выказаная Папам Рымскім, які сказаў, што навуцы трэба больш цярпліва ставіцца да рэлігіі, таму што ў навуцы ёсць шмат спосабаў для пазнання свету, у той час як рэлігія не валодае нічым.

— Вы ўжо ведаеце адказ на пытанне, без якіх якасцяў не можа адбыцца паспяховы вучоны? У вас ёсць аўтарытэты ў навуцы?

— Для мяне такі аўтарытэт акадэмік Мікалай Аляксандравіч Прыляжаеў, які быў адным са стваральнікаў хімічнага факультэта. Яго барэльеф сёння размешчаны на нашым будынку. Дык вось ён валодаў надзвычай важнай для вучонага якасцю — праніклівасцю, уменню ўбачыць тое, што іншыя яшчэ не бачаць. 1 верасня наш універсітэт наведваў легендарны савецкі і расійскі фізік-ядзершчык Юрый Аганесян, які сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі некалькіх факультэтаў. Ён агучыў наступную думку: у наш час, калі адкрыццяў вельмі шмат і кожны вучоны літаральна патанае ў неверагоднай колькасці даных, самае складанае — не прагледзець адкрыццё, зразумець, што вынік, які ты атрымаў, патрабуе ўвагі і мае права на жыццё. Гэта і ёсць праніклівасць, надзвычай важная для вучонага.

І «Віртуозы навукі»…

— А вы можаце сфармуляваць свае мэты па развіцці факультэта?

— Гэта пастаяннае ўдасканаленне ў вобласці прымянення сучасных адукацыйных тэхналогій. Выкладчыкі павінны дапаўняць свой курс самастойна створанымі інфармацыйнымі прадуктамі, запісамі відэалекцый, стварэннем падкастынгаў. Другі момант — гэта павышэнне ўзроўню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Універсітэт аказвае нам дапамогу, але мы павінны самі ствараць фінансавую падушку бяспекі ў выглядзе пазабюджэтнага фінасавання. Дапамагчы калегам у пошуку пазабюджэтнага фінансавання — адна з маіх стратэгічных задач. Таксама пастаўлена задача, каб «Школа юнага хіміка» выйшла на самаакупнасць. Мы зрабілі платным гурток для старшакласнікаў, які раней быў бясплатны. Патлумачу, чаму пайшлі на гэты крок. Каб на ўваходзе было нейкае сіта і школа не пераўтваралася ў месца, куды бацькі ўладкоўваюць сваё дзіця, каб чымсьці яго заняць, а яму гэта непатрэбна. Мы хацелі б, каб да нас прыходзілі найперш матываваныя дзеці. Дарэчы, для пераможцаў алімпіяд навучанне ў школе засталося бясплатным.

Толькі падумайце, ці захоча ўніверсітэцкі выкладчык ў свой свабодны час практычна за бясплатна выкладаць дзецям, якім хімія як навука ўвогуле не цікавая? А большасць выкладчыкаў з’яўляюцца кандыдатамі і дактарамі хімічных навук, былі ў свой час пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па хіміі. Таму прадумана новая канцэпцыя. Змяненні абумоўлены нашым жаданнем знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня. Акрамя таго, мы імкнёмся папулярызаваць хімію як навуку, а таксама аказаць дапамогу будучым абітурыентам у падрыхтоўцы да здачы іспытаў. А для нашых студэнтаў, якія таксама прыцягваюцца да выкладання, гэта будзе магчымасць праявіць сябе ў педагагічнай дзейнасці.

У наступным годзе ў школе з’явіцца дыстанцыйная форма навучання, каб да адукацыйнага працэсу маглі далучыцца і матываваныя вучні з рэгіёнаў. Яшчэ адна сумесная задумка з журфакам — укараніць курс для студэнтаў па фота- і відэаздымках, навучыць іх здымаць якаснае відэа, якое потым мы маглі б выкарыстоўваць у «Школе юнага хіміка», у рамках лабараторных работ і практыкумаў.

— Як бы вы ацанілі карпаратыўны дух на факультэце? Ці існуюць у вас нейкія традыцыі?

— Як і ў любой сям’і, у нас бывае непаразуменне, але гэта рабочыя моманты, якія вырашаюцца і мы ідзем далей. Кожную вясну на хімфаку з размахам адзначаюць Дзень хіміка. Маштабныя мерапрыемствы ствараюцца намаганнямі не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў На другім паверсе ўсе сцены завешаны партрэтамі выкладыкаў, дзе яны паўстаюць у вобразах або герояў кніг, або герояў кінастужак. Такія бяскрыўдныя карыкатуры. А выкладчыкі выступаюць на традыцыйным канцэрце, дзе спяваюць песні, прысвечаныя любімай хіміі, напісаныя іх пакаленнем. Нават быў выпушчаны дыск з песнямі да Дня хіміка.

У нас вельмі шмат актыўнасцяў на факультэце. Мой фаварыт — праект «Віртуозы навукі» па папулярызацыи хіміі сярод малодшых школьнікаў. «Цень на дзень БДУ» — сумесны праект хімічнага факультэта, юрыдычнага і Цэнтра кар’еры БДУ. Яго задача — паказаць моладзі самыя розныя магчымасці для іх будучай прафесійнай самарэалізацыі. Студэнты наведваюць мерапрыемствы і арганізацыі, дзе запатрабаваная работа хімікаў, а гэта фармацэўтычныя вытворчасці, аналітычныя лабараторыі ў Камітэце судовых экспертыз, Беларускі навукова-даследчы і праектны інстытут нафты, лакафарбавальны завод, Мінскі гадзіннікавы завод і многія іншыя.

— Ці ёсць у вас жыццёвае крэда абоі нейкі выраз, якія адлюстроўваюць вашы прынцыпы?

— «Усё трэба рабіць добра, таму што дрэнна і само атрымаецца» — вось мой лозунг па жыцці. А яшчэ я лічу, што добры чалавек — гэта не прафесія.

— Прызнайцеся, ці застаецца ў вашым жыцці месца для нейкіх заняткаў для душы акрамя любімай навукі?

— Я фанат блюза і джаза. Ведаючы гэта, мае сябры на юбілей падарылі мне музычны прайгравальнік для вініла. Цяпер я калекцыянірую пласцінкі. У школьныя гады заканчваў музычную школу, дзе вучыўся іграць на гітары. Сам ужо даўно не бяру інструмент у рукі, але люблю слухаць гітарную музыку ў розных варыяцыях. Люблю якасны HіFі-гук. Вось такія ў мяне спосабы баўлення вольнага часу…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Аўдыёверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zvіazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.