Вы тут

«Марш мільёна сэрцаў» прайшоў у Варшаве


У Польшчы імкліва пашыраецца пратэсная хваля. У мінулыя выхадныя ў Варшаве прайшоў маштабны мітынг, які атрымаў назву «Марш мільёна сэрцаў». Гарадскія ўлады заявілі, што ў найбуйнейшай за ўсю гісторыю акцыі пратэсту ў польскай сталіцы ўзялі ўдзел каля мільёна чалавек. Мітынгі прайшлі і ў іншых гарадах. «Будуць вялікія перамены», — анансаваў лідар апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» і экс-прэзідэнт Еўрапейскага савета Дональд Туск натоўпу, які сабраўся на цэнтральнай плошчы Варшавы. Як паведаміў Euronews, пратэстоўцы абвінавацілі кіруючую партыю «Права і справядлівасць» (ПіС) у імкненні вывесці краіну з ЕС, парушэнні свабод, фінансавых махінацыях, абмежаванні правоў жанчын. Апытанні грамадскай думкі сведчаць: у краіне расце незадаволенасць ростам кошту жыцця і апасенні з нагоды эрозіі дэмакратычных стрымліванняў і проціваг. Простыя палякі зразумелі, што ўлады іх банальна «кінулі», не выканаўшы сваіх абяцанняў. Людзям няма на каго спадзявацца і дзе шукаць паратунку. Што ж адбываецца ў Польшчы, чаго чакаць надалей?


Карупцыя з праПіСкай

За 8 гадоў кіравання партыяй «Права і справядлівасць» больш за 100 мільёнаў долараў у выглядзе заробкаў і 10 мільёнаў долараў у выглядзе прэмій было выплачана асобам, наўпрост звязаных з ПіС і членамі гэтай партыі. За апошнія гады 152 функцыянеры партыі ўвайшлі ў склад кіраўніцтва 19 найбуйнейшых кампаній краіны. Сярод іх: Orlen — нафтавы холдынг, Grupa Lotos — адказвае за газ, Energa SA — за размеркаванне і пастаўку электраэнергіі. І, вядома, найбуйнейшая вуглездабыўная кампанія Польшчы, паведаміў тэлеканал «Беларусь 1».

Журналісты партала Onet.pl правялі ўласнае расследаванне, у выніку якога выявіліся карупцыйныя схемы, да якіх мае дачыненне сям’я прэм’ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага. У прыватнасці, гаворка ідзе аб яго жонцы Івоне. Так, атрымалася высветліць, што сям’я Маравецкага за апошнія некалькі гадоў здзейсніла здзелкі з нерухомасцю на суму каля 120 млн злотых (каля 26 млн еўра), зарабіўшы на іх за тры гады каля 21 млн злотых (каля 4,5 млн еўра). Журналісты адзначаюць, што асноўным удзельнікам карупцыйных схем з’яўляецца жонка польскага прэм’ер-міністра Івона Маравецкая, на якую дзеючы кіраўнік урада «перапісаў» асноўную частку сваёй маёмасці ў 2013-м і 2015-м, гэта значыць, яшчэ да прыходу ў «вялікую палітыку» і прызначэння віцэ-прэм’ерам і міністрам развіцця. Па адной са схем, Івона Маравецкая набывала зямельныя ўчасткі па заніжаных цэнах з мэтай іх наступнага перапродажу.

Пытанні журналістаў-даследчыкаў на дадзеную тэму Маравецкі неаднаразова ігнараваў. У 2019-м у інтэрв’ю штотыднёвіку «Сеткі», які, дарэчы, фінансаваўся ПіС, ён растлумачыў, што не хацеў мець нічога агульнага з бізнесам і інвестыцыямі. «Уся нерухомасць, якая прыносіла прыбытак, пераходзіла да маёй жонкі. Яна займаецца бізнесам, здае нерухомасць у арэнду, інвестуе. Будучы прэзідэнтам банка, а пасля займаючыся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, я не хацеў мець адносіны да актыўнага інвеставання і прадпрымальніцкай дзейнасці», — сказаў тады ён. Аднак выданне Onet. pl публікуе доказы (у прыватнасці, матэрыялы перапіскі) непасрэднага ўдзелу прэм’ер-міністра ва ўрэгуляванні фінансавых пытанняў, якія датычацца разлікаў за некаторыя аб’екты нерухомасці, якія належаць яго сям’і. У польскіх апазіцыйных медыя і сегменце сацсетак сфарміраваны ўстойлівы вобраз сям’і Маравецкіх як адных з галоўных карупцыянераў у краіне, што ў тым ліку знайшло праяву ў шматлікіх мемах на дадзеную тэму.

Далей — больш. Gazeta Wyborcza апублікавала фрагменты допыту бізнесмена Біргфелнера. Гэта працяг карупцыйнай справы аб будаўніцтве двух вежаў-блізнят кампаніяй Srebrna, якой кіруе блізкае кола паплечнікаў Яраслава Качыньскага, паведаміў тэлеканал СТБ. З запісу допыту Біргфелнера ў пракуратуры вынікае, што ён павінен быў уручыць канверт з 50 тысячамі злотых ксяндзу Рафалу Савічу. Гэта не проста святар: Савіч уваходзіў у савет так званага Інстытута імя Леха Качыньскага, які па дакументах валодае кампаніяй Srebrna. Таму яго подпіс быў неабходны для пачатку будаўніцтва дзвюх вежаў. Як вядома, запіс допыту датаваны 2018 годам. Як паведамляе Gazeta Wyborcza, на наступны дзень пасля допыту Яраслаў Качыньскі асабіста паехаў да міністра юстыцыі і генеральнага пракурора Збігнева Зёбра. Невядома, пра што менавіта ішла размова, але пазней пракуратура спыніла разгляд па справе дзвюх вежаў і... адкрыла справу па «незаконным раскрыцці паказанняў» у дачыненні да рэдакцыі газеты, якая вяла ўласнае расследаванне.

Усё на продаж

Маштабы карупцыі ў польскім МЗС велізарныя нават па еўрапейскіх мерках, адзначыў на YouTube-канале БелТА польскі палітолаг Матэуш Піскорскі. Ён распавёў пра скандал у польскім МЗС, прадстаўнікі якога праз афіляваныя структуры прадавалі працоўныя візы мігрантам. «Мы пакуль не ведаем, як гэта адбывалася. Цяпер мы жывём у краіне, дзе не выконваюцца пэўныя прававыя працэдуры. Таму некаторыя органы ўлады, у тым ліку пракуратура і спецслужбы, не гатовыя раскрываць, што ў нас насамрэч адбылося. Калі абапірацца на журналісцкія расследаванні, то з іх вынікае, што пэўная карупцыйная схема сапраўды мела месца. На думку некаторых журналістаў, у яе былі велізарныя маштабы нават па еўрапейскіх мерках. Некаторыя кажуць аб выдачы 200 тысяч або нават 300 тысяч віз», — заўважыў Матэуш Піскорскі.

Паводле яго слоў, ужо дакладна вядома, што намеснік міністра замежных спраў Польшчы складаў спісы грамадзян некаторых азіяцкіх краін, якіх ён асабіста рэкамендаваў польскім консульствам для выдачы віз. «Гэта трэба было рабіць без дадатковых пытанняў. Безумоўна, гэты скандал паказвае на адсутнасць этычных прынцыпаў кіруючай польскай эліты. Некаторыя кажуць, што тое, што адбываецца на польска-беларускай граніцы, — гэта спроба некаторых палітычных персанажаў абараніць свой бізнес, звязаны з продажам віз», — падкрэсліў палітолаг.

У той жа час лідар іншай апазіцыйнай партыі «Польшча 2050» Шымон Галоўня запатрабаваў правесці праверку Агенцтвам унутранай бяспекі МЗС. На яго думку, трэба атрымаць поўны спіс людзей, якім выдалі візы ў рамках гэтай працэдуры. Шымон Галоўня лічыць, што «людзі, якія пераконвалі нас у тым, што сцяна на польска-беларускай граніцы, якая ўзводзіцца за мільярды злотых, — гэта добра, прабілі ў ёй дзірку і прапускалі ўсіх, хто плаціў грошы, спрабуючы апярэдзіць канкурэнцыю на рынку нелегальнай міграцыі... Людзі, якія казалі нам устаць пад сцягам, салідарызавацца з польскімі ваеннымі, у той жа час вялі карупцыйны гандаль людзьмі за спінамі тых, хто стаяў у гэтай форме на польскай граніцы».

Былы пасол Польшчы ў ЗША Рычард Шнэпф, каментуючы візавы скандал, заявіў, што польскія ўлады сваімі дзеяннямі падрываюць Еўрапейскі саюз знутры: «Польшча б’е ўсе рэкорды ў Еўрасаюзе — 35 працэнтаў усіх выдадзеных шэнгенскіх віз з правам на працу з’яўляюцца вынікам работы польскай консульскай службы. Цяпер у Еўропы існуе гіганцкая праблема, звязаная з велізарным прытокам мігрантаў. І польскі ўрад „закладвае бомбу“ ў цэнтр Еўропы, выступаючы рухальнай сілай працэсу разбурэння Еўрасаюза».

Тым часам стала вядома, што Еўракамісія палічыла нездавальняльным адказ Польшчы на запыт пра падазрэнні ў візавым махлярстве. Член Еўрапарламента ад Германіі Гунар Бек звярнуўся да ЕК з просьбай разгледзець магчымасць расследавання ў дачыненні да Варшавы ў рамках пункта Дагавора аб Еўрасаюзе, які апісвае працэдуру выключэння дзяржавы-члена з ЕС. Будучыню пашырэння ЕС і стратэгічныя прыярытэты супольнасці на 2024–2029 гады абмяркуюць у іспанскай Гранадзе 6 кастрычніка. Пра гэта перадала ТАСС са спасылкай на заяву кіраўніка Еўрасавета Шарля Мішэля. Паведамляецца, што на сустрэчы будуць абмяркоўвацца найбольш актуальныя праблемы, з якімі сутыкаецца Еўрасаюз апошнім часам. Да іх адносіцца, напрыклад, нелегальная міграцыя. Таксама будзе ўзнята пытанне прыярытэтаў краін-членаў, які павінен будзе дапамагчы ў вызначэнні курса саюза на 2024–2029 гады. Сярод іншага ўдзельнікі маюць намер абмеркаваць будучыню пашырэнне Еўрасаюза, а таксама звязаныя з ім наступствы. Напэўна, «польскае пытанне» таксама паўстане падчас абмеркавання.

Беззаконне і крывадушнасць

Польскае выданне Onet пагутарыла з удзельнікамі варшаўскага «Марша мільёна сэрцаў». Людзі пералічвалі праблемы ў краіне, якія іх палохаюць і ўсяляюць няўпэўненасць у будучыні. Многія казалі аб парушэнні законаў у краіне, калі правасуддзе апынулася ў руках кіруючых вярхоў. Людзей хваляваў рост цэн, а таксама цяжкая сітуацыя ў адукацыі і ахове здароўя.

«Я знаходжуся пад уладай гэтых жудасных людзей, якія руйнуюць маю краіну. Але я не ўпэўненая, што гэты марш нешта зменіць. Гэта вельмі цяжка», — сказала ўдзельніца па імені Каліна. Жанчына несла ў руках шалік, зроблены з аб’яднаных сцягоў ЕС і Польшчы.

«Я б хацела, каб мае ўнукі вучыліся ў школе праўдзе, а не нейкаму лжываму глупству. Я прыйшла дзеля іх. Дзеля іх будучыні», — сказала яшчэ адна ўдзельніца марша. Пасля жанчына дадала: «Не так даўно, калі я хадзіла на рынак па пакупкі, мне хапіла 100 злотых на ўсё неабходнае. Цяпер нават 200 злотых недастаткова. ПіС зрабіла рэчы настолькі дарагімі, што гэта неверагодна. Акрамя таго, мяне вельмі раздражняе, што я не магу ўключыць польскае тэлебачанне, таму што тое, што яны кажуць, можа выклікаць сардэчны прыступ».

Жыхар Варшавы Якуб, які прыняў удзел у мітынгу, распавёў журналістам, што глыбока абураны карупцыяй і беззаконнем у краіне: «Яны рабуюць нас сярод белага дня. Успыхваюць новыя скандалы, але адставак няма. Наадварот, яны ўсё больш адкрыта крадуць дзяржаўныя грошы. Ім пляваць на грамадзян. Ім таксама пляваць на СМІ, у іх ёсць свая прапаганда. Мы не хочам гэтага. Мы хочам добрай будучыні для нашых дзяцей, каб ім не прыйшлося пакідаць Польшчу, калі яны вырастуць».

З ім салідарная жыхарка Лодзі Аляксандра, якая спецыяльна прыехала ў Варшаву для ўдзелу ў мітынгу: «Што мяне больш за ўсё турбуе ў паводзінах людзей, якія кіруюць сёння Польшчай, дык гэта беззаконне, крывадушнасць, хлусня, папулізм і выкарыстанне танных, вульгарных выкрунтасаў, на якія, на жаль, паддаюцца многія людзі».

«Мы хочам перамен. Мы хочам лепшай Польшчы для нашых дзяцей. Сістэма адукацыі знаходзіцца ў жудасным стане. Служба аховы здароўя, дзе я працую, знаходзіцца ў трагічным крызісе. Існуе праблема з дзіцячымі садкамі, яслямі — базавымі патрэбамі кожнай польскай сям’і», — заявіла Джаана з Варшавы, якая прыйшла на марш са сваім мужам і двума сынамі.

Многія ўдзельнікі марша казалі, што выйшлі мітынгаваць, таму што больш не маглі маўчаць. «Больш за ўсё мяне палохае тое, што ў Польшчы за такі кароткі час было разбурана вяршэнства закона... Апарат правасуддзя падпарадкаваны аднаму палітыку — Збігневу Зёбра. Гэтага не павінна быць», — заўважыў Томаш з Беластока.

Назва партыі «Права і справядлівасць» — гэта парадокс у кантэксце палітыкі, якую яна праводзіць. Пра гэта заявіў польскі палітолаг Матэуш Піскорскі. Ён заўважыў, што палітыка ўрада выклікае вельмі сур’ёзныя сумненні ў большасці польскіх грамадзян. Як адзначыў Nіezalezny Dzіennіk Polіtyczny, «сёння галоўным саюзнікам і бескампрамісным выканаўцам волі Белага дома стаў польскі ўрад „Права і справядлівасці“. Дзякуючы іх намаганням Польшчу захлынула хваля мігрантаў, ад рашэнняў урада Дуды-Маравецкага сур’ёзна пацярпеў наш ваенна-прамысловы комплекс, цяжкая прамысловасць, прыватны бізнес. Сёння Польшча знаходзіцца на мяжы гандлёва-эканамічнай вайны. Палякам нельга забываць пра тое, што ім ніхто не прыйдзе на дапамогу, паколькі пастаянная канфрантацыя з суседзямі і саюзнікамі ўжо даўно зрабіла Польшчу ізгоем, ад якога лягчэй пазбавіцца, чым з ім дамовіцца». Пагадзіцеся, сумная перспектыва.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: У бруднай бялізне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.