Мерапрыемствы па санітарнай ачыстцы і добраўпарадкаванні тэрыторый праходзяць у Мінску з 18 верасня.
Плануецца, што да 1 лістапада восеньская прыборка сталіцы скончыцца. Камунальнікі абяцаюць, што прыгожа і цікава падчас правядзення запланаваных работ будзе і дарослым, і дзецям, бо ў рабоце на свежым паветры ўдзельнічаюць, як і раней, прадстаўнікі МНС, дэпартамента аховы, аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў, «Фаўны горада» і іншых. А на дарожных агароджах праспектаў ужо пачалі з’яўляцца скрыні з хрызантэмамі (плануецца, што іх будзе сем тысяч).
Работы па добраўпарадкаванні ў сталіцы ахопліваюць прыдамавую тэрыторыю 6377 шматкватэрных жылых дамоў. На абслугоўванні сталічнай ЖКГ — 4387 дваровых тэрыторый, 1762 вонкавыя лесвіцы, 25 811 адзінак дзіцячага гульнявога абсталявання, 235 спартыўных пляцовак, 2788 адзінак спартыўнага абсталявання, 34 798 лавак, 25 204 сметніцы і іншыя аб’екты добраўпарадкавання. Аснова работы па добраўпарадкаванні — падтрыманне інфраструктуры ў добрым стане, тэхнічнае абслугоўванне і своечасовы належны догляд, упэўнены Андрэй Новікаў, намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:
— Планавыя штогадовыя работы па добраўпарадкаванні мы стараемся разнастаіць, каб аб’екты добраўпарадкавання ўспрымаліся больш даступнымі. Цягам апошніх гадоў для прыцягнення жыхароў да добраўпарадкавання, фарміравання адказнасці за тое, што вакол нас, стараемся ладзіць разнастайныя конкурсы.
Сярод сёлетніх мерапрыемстваў — спаборніцтвы ў розных намінацыях: «Найлепшая дваровая тэрыторыя шматкватэрнага жылога дома», «Узорны пад’езд», «Найлепшае кветкавае афармленне агародчыка і (ці) балкона шматкватэрнага жылога дома», «Добраўпарадкаванне і кветкавае афармленне дваровай тэрыторыі сумесна з насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарання». Крытэрыямі ацэнкі сёлетніх аб’ектаў у частцы добраўпарадкавання Мінска былі найлепшы санітарны стан, арыгінальнасць, крэатыўны падыход, удзел насельніцтва ў афармленні дваровай тэрыторыі, утрыманне малых архітэктурных форм і іншыя. Сёлета сярод удзельнікаў былі і нестандартныя, напрыклад, храм роўнаапостальнай Марыі Магдалены ў Мінску, які далучыўся да конкурсу па кветкавым афармленні.
Пераможцам конкурсу сярод жыхароў стала Аліна Венская з Фрунзенскага раёна, якая да таго ж сёлета атрымала пачэснае званне «Мінчанін года» ў намінацыі добраўпарадкавання тэрыторый.
— Шмат інфармацыі пра конкурсы ў тэлеграм-канале «ЖКГ Мінск Афіцыйна». Перш чым праводзіць творчыя спаборніцтвы з удзелам насельніцтва, мы размяшчаем на гэтым рэсурсе інфармацыю пра іх: правілы правядзення конкурсу, анкеты. Тут жа людзі могуць пакінуць свае заявы на ўдзел і фатаграфіі зробленага. Так атрымалася і з Алінай Венскай, якая з дапамогай нашага канала ўбачыла аб’яву і даслала сваю заяўку, — удакладніў прадстаўнік сталічнай ЖКГ. — У Мінску шмат тэрыторый, па стане якіх відаць, што людзі не толькі на час конкурсаў, але і заўсёды станоўча ставяцца да свайго наваколля: ад пад’езда да прыдамавой тэрыторыі і зямель агульнага карыстання.
Мінпрыроды штогод таксамаправодзіць конкурсы-агляды, у прыватнасці на найлепшае ўладкаванне паверхневага воднага аб’екта ў дзвюх намінацыях. Пераможцам у намінацыі «Найлепшае ўладкаванне і ўтрыманне зоны адпачынку на водным аб’екце сярод дзяржаўных арганізацый» прызнаны Жодзінскі гарадскі пляж (Мінская вобласць), другое месца прысуджана месцу масавага адпачынку на возеры Белае ў Віцебскай вобласці, а трэцяе — пляжу на Пячорскім вадасховішчы (Магілёў). У намінацыі «Найлепшае ўладкаванне і ўтрыманне зоны адпачынку на водным аб’екце сярод водакарыстальнікаў, якія аказваюць паслугі рэкрэацыі і турызму» першынства аддалі пляжу-вадасховішчу Паперня (Брэсцкая вобласць), другое месца — пляжу і яго акваторыі ў парку сямейнага адпачынку «Лапландыя» (Любанскі раён Мінскай вобласці), трэцяе — месцу масавага адпачынку на рацэ Клева аграгарадка Трабы (Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці).
Адпаведна з абласнымі і рэспубліканскім планам мерапрыемстваў па навядзенні парадку вызначаны паказчыкі па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў і падтрыманні ў належным стане і ўладкаванні месцаў зон адпачынку на водных аб’ектах.
Сёлета ў сталіцы добраўпарадкавана больш як 820 дваравых тэрыторый (амаль 99% ад гадавога плана ў 836 двароў). 138 дваравых тэрыторый з іх абноўлены ў межах комплекснага добраўпарадкавання, калі ўладкаванне двара робіцца пасля завяршэння капрамонту ў некалькіх суседніх дамах. Бягучы рамонт асфальтавага пакрыцця дваравых праездаў зроблены на плошчы каля 385 тысяч м2 (амаль 96% ад плана), прычым звыш 224 тысяч м2 заменена з фрэзераваннем, то-бок, поўнай заменай папярэдняга пакрыцця новым. Сёлетні план па замене асфальту ў дварах, дарэчы, на 81% большы за леташні. Акрамя таго адрамантавана каля 88 тысяч м2 пешаходных сцежак і 115 вонкавых лесвіц, 1051 спартыўная і дзіцячая гульнявая пляцоўкі, заменена 1175 адзінак дзіцячага і гульнявога абсталявання і 4118 малых архітэктурных формаў, адрамантавана і ўладкавана 496 кантэйнерных пляцовак, высаджана 4,48 тысячы дрэў і 27,27 тысячы кустоў, адрамантавана звыш 40 гектараў газонаў, падзяліўся лічбамі Андрэй Новікаў.
За гэткі ж перыяд у Мінскай вобласці было адрамантавана 256 спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак; 280 кантэйнерных пляцовак, усталявана і адрамантавана больш за 700 кантэйнераў (247 з іх — для раздзельнага збору адходаў); адрамантавана 743 тысячы м2 вулічна-дарожнай сеткі, 44 шахтавыя калодзежы; уладкавана звыш 21 гектара газонаў; знесена 457 старых і пустых дамоў; уладкаваны і адрамантаваны тры велапаркоўкі; высаджана больш як 941 тысяча кветак, звыш 27,5 тысячы дрэў і 13,7 тысячы кустоў, агучыла Таццяна БАС, намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
— У Мінскай вобласці 100 зон масавага адпачынку, і стварэння новых месцаў і зон адпачынку на паверхневых водных аб’ектах сёлета не планавалася. Аднак у рамках падтрымання ў належным стане такіх месцаў са студзеня да жніўня ўключна было ачышчана пяць вадаёмаў на плошчы 3,8 гектара, уладкавана дзевяць паверхневых водных аб’ектаў, устаноўлена і адрамантавана 358 малых архітэктурных формаў. Усталявана таксама 27 інфармацыйных знакаў межаў водаахоўных зон і ўзбярэжных палос, уладкавана і адрамантавана 18 аўтамабільных парковак, 26 спартыўна-гульнявых пляцовак і чатыры велапаркоўкі, усталявана 37 кантэйнераў для збору адходаў, зроблена 47 вогнішчаў. Ад прыбярэжнай расліннасці і водарасцяў абкошана звыш 10 кіламетраў водных аб’ектаў, добраўпарадкаваны тры крыніцы ў Дзяржынскім, Салігорскім і Стаўбцоўскім раёнах.
З вясны ў сталіцы сёлета высадзілі каля 20 тысяч дрэў, звыш 90 тысяч кустоў і каля 1,5 мільёна кветак. З 15 тысяч ружаў былі створаны ружоўнікі ў парках Перамогі, Горкага і Лошыцкім, уздоўж праспекта Пераможцаў, на набярэжнай Драздоў. Красаваліся ў Мінску гартэнзіі з ружовымі і фіялетавымі суквеццямі, віёла, а таксама кусты, якія прыгожа цвітуць.
— На агароджах, раздзяляльных палосах магістральных вуліц сталіцы квітнелі амаль 14 тысяч скрынь з ампельнымі раслінамі. Цяпер іх пакрысе заменяць амаль сем тысяч скрынь з хрызантэмамі бардовых, малінавых, жоўтых і белых колераў, — расказала Кацярына Кароткіна, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзелянбуда». — Будуць упрыгожвацца і малыя архітэктурныя формы: вазы, кадкі і іншыя вертыкальныя кветкавыя канструкцыі. З’яўляюцца плоскасныя кветнікі з хрызантэмамі. Адзін з найбольш значных — кветнік у выглядзе карты на адхоне насупраць Палаца Незалежнасці.
Сталічныя азеляняльнікі штогод праводзяць мерапрыемствы па павышэнні жыццяздольнасці зялёных насаджэнняў, асабліва тых, што «прапісаны» на галоўных праспектах Мінска і найбольш падвержаны антрапагеннаму ўплыву. Вясной грунт шчодра паліваюць, дрэвы падкормліваюць, а ствалы і кроны абмываюць ад забруджвання супрацьгалалёднымі сумесямі і апрацоўваюць ад драпежнікаў. А вось аграхімічная лабараторыя «Мінскзелянбуда» даследуе стан зялёных насаджэнняў цягам усяго года.
— Штогод, згодна з рашэннем № 3103 Мінгарвыканкама, у кожным сталічным раёне павінны з’яўляцца па дзве новыя зоны адпачынку. Дзевяць такіх пляцовак (па адной у кожным раёне) сёлета адкрылі да Дня Незалежнасці, а яшчэ дзевяць — да Дня народнага адзінства. Цяпер іх у сталіцы 49, — заўважыла прадстаўніца «Мінскзелянбуда». — Тэматыка зон адпачынку — прыродныя матэрыялы і ўсё, што з іх можна стварыць.
Ахвотныя добраўпарадкаваць і ўпрыгожыць сваю дваровую тэрыторыю павінны звярнуцца ў арганізацыю, якая эксплуатуе, для ўзгаднення колеравай гамы абсталявання, якое яны хочуць афарбаваць, або ўтварэння кветніка, удакладніў Андрэй Новікаў:
— Згодна з правіламі добраўпарадкавання Мінска, усе тэрыторыі ў ім — землі агульнага карыстання, якія належаць гораду і абслугоўваюцца за кошт сталічнага бюджэту. У квітанцыі на аплату жыллёва-камунальных паслуг гэтых сум няма. Пры гэтым абслугоўванне і ўтрыманне зямель агульнага карыстання фізічнымі і юрыдычнымі асобамі магчыма толькі пасля замацавання за імі гэтых тэрыторый па ўзгадненні з адміністрацыяй раёна. Без гэтага не магчыма ні ўсталяваць малую архітэктурную форму, ні разбіць кветнік каля пад’езда.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.