Вы тут

Алена Спірыдовіч: «У жыцці галоўнае — паспець скарыстацца часам»


Многія з нас ведаюць яе па інтанацыях голасу, усмешцы, вобразах, якія не раз бачылі на экранах сваіх тэлевізараў ці сцэнічных пляцоўках… А калегі характарызуюць гэтую вядучую як прафесіянала, роўных якому няма. Сама ж Алена Спірыдовіч тлумачыць свой поспех проста: «Займаюся любімай справай усё жыццё». Пра тое, чым вызначаецца якасць праекта на тэлебачанні, ці магчыма пераняць сакрэт чужога поспеху і як не выгарэць у няспынным руху, распыталі ў тэлевядучай пры сустрэчы.


Фота Лізаветы ГОЛАД

— Алена, вы ўжо 40 гадоў працуеце на тэлебачанні і 32 гады — на фестывалі «Славянскі базар». Што сёння дапамагае вам адчуваць сваю папулярнасць?

— Я заўжды вельмі многа працавала. Помню, калі толькі прыйшла на тэлебачанне, мы з камандай пачалі займацца першым у Беларусі вялікім конкурсам «Зорная ростань». Прычым не надта верылі, што на кастынг да нас даедуць людзі, таму самі ездзілі па абласных цэнтрах і там ладзілі адбор. І так атрымлівалася, што больш чым два тыдні ў месяц я была ў камандзіроўках. Што датычыцца вопыту, то чым больш працуеш, тым больш складанымі табе здаюцца многія простыя рэчы. Разумееш, што за знешняй прастатой (канцэртныя ці тэлевізійныя гэта праекты) могуць хавацца падводныя цячэнні і камяні. Таму я вельмі баюся фразы, калі прыходзіш весці канцэрт: «У нас Спірыдовіч — значыць, усё будзе добра!». А мне трэба шмат рэпеціраваць, я люблю задаваць у працэсе шмат пытанняў, бо, толькі расставіўшы ўсё для сябе па месцах, магу часова супакоіцца. А збоку здаецца, што ў нас, вядучых, гламурная праца, дзе мы спім да 12 гадзін дня, пасля ідзём да стыліста, робім прычоску, макіяж, а там паздымаліся недзе — і зноў можам адпачываць. Можа, так і павінна быць, каб людзям здавалася, што табе лёгка. Толькі не заўсёды так бывае.

— А што думаеце пра маладое пакаленне калег?

— Думаю, што тыя, хто абірае такі шлях, — шчаслівыя людзі. Ім здаецца, быццам усё проста. І няхай так думаюць, бо свае гузакі яшчэ паспеюць набіць і да іх прыйдзе вопыт. Маладых я ацэньваю не з пазіцыі крытыка, а як чалавек, які нечаму ў іх вучыцца і разумее, калі бачыць іх памылкі, што і сам некалі такія рабіў, потым перастаў — значыць, і яны перастануць. Мне ў гэтым сэнсе вельмі падабаецца ўсходняе выслоўе — «няхай кветак будзе шмат, і няхай усе яны квітнеюць».

— Пры ўсёй вашай пазнавальнасці вас не знойдзеш у сацыяльных сетках...

— Я проста за жывыя сустрэчы. Няхай зносін будзе менш, але яны будуць менавіта ў такім фармаце, калі можна проста спыніцца, запаволіцца і адчуць асалоду ад таго, што пражываеш тут і цяпер.

— Да чаго абавязвае вас публічны бок прафесіі? І што застаецца за кадрам?

— Мяне пазнаюць без макіяжу і без канцэртнай сукенкі, таму я заўсёды гатовая да сустрэчы са сваім гледачом, хоць і не ведаю, калі яна адбудзецца. Бывае, ты можаш проста выйсці ў краму, а там да цябе звернецца незнаёмы чалавек. І вось такая гатоўнасць у любы момант кантактаваць з кімсьці не заўсёды лёгка даецца, але ж я сама абрала такую прафесію, таму павінна адпавядаць. Я займаюся любімай справай, і ўсё роўна наперадзе мяне ідзе ўдзячнасць усім тым людзям, якія прыходзяць на канцэрты, глядзяць праграмы, дзе я працую вядучай. Пры тым, што я толькі прадстаўляю некалькі праектаў на тым жа тэлебачанні, а стварае іх група таленавітых, разумных прафесіяналаў, якія аддаюць на гэта жыццё. І калі мяне пазнаюць, то я не думаю «ах, якая я цудоўная!», а радуюся, што мы з камандай зрабілі штосьці такое, што знаходзіць водгук у іншых.

— Сёлета на «Славянскім базары» з'явілася ваша імянная валошка на Алеі зорак і вы з рук нашага Прэзідэнта атрымалі спецыяльную ўзнагароду «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення». Чым знакавыя для вас такія адзнакі?

— Я столькі гадоў вяла гэтую цырымонію і радавалася за разумных, таленавітых, прыгожых, папулярных людзей, якія атрымлівалі гэтыя ўзнагароды. Аднак ніколі не прымярала такую сітуацыю на сябе. Помню, неяк да фестывалю выдалі спецыяльную азбуку, дзе кожнай літары адпавядалі пэўныя фотаздымкі і фразы, накшталт, «кветкі — тое, што прыносяць з сабой гледачы і забіраюць пасля артысты». А вось на літару «в» там быў вядучы — «той, хто вядзе за сабой артыстаў». І менавіта так я сябе і адчуваю на «Славянскім базары». Чалавекам, якому даверана першым выйсці на сцэну. Прычым штораз трэба зрабіць гэта так, каб той, хто з'явіцца там пасля цябе, адчуваў сябе нібы на чырвоным дыване, дзе адчуе камфорт і ўрачыстую атмасферу. А калі артыста не ведаюць, то мая задача — зрабіць усё, каб у яго ўлюбіліся пасля майго прадстаўлення. І вось у гэтым я бачу сваё прызначэнне. Словы звычайна прыходзяць патрэбныя. Але ў тым выпадку, калі думаеш не пра тое, ці пасуе табе новая сукенка і які ганарар атрымаеш пасля, а калі засяроджваешся на словах, інтанацыях, думках. У мяне неяк спыталі, чаму я не адкрываю свае курсы вядучых. А я проста не ведаю, як навучыць іншых бачыць, думаць так, як я тое раблю, апынуўшыся на сцэне. Вядома, ёсць сцэнарый і ты ведаеш яго на памяць, але разам з тым заўсёды адчуваеш і разумееш, дзе можаш яго скараціць, дзе памяняць абзацы ці правесці нейкія паралелі. Такім рэчам не навучыш.

— Атрымліваецца, у кожнага будзе свой прафесійны рэцэпт?

— Так, калі мы не гаворым аб пратакольных мерапрыемствах, дзе існуюць дакладныя правілы. Успамінаю, як аднойчы на такое мерапрыемства паклікалі працаваць мяне ў пары з адным артыстам. Чалавек упершыню вёў такое мерапрыемства. І вось мы пачалі аб'яўляць лаўрэатаў, і я іду па парадку, а мой калега аб'яўляе ў разнабой. За кулісамі людзі, якія ўручалі дыпломы, ледзь вытрымалі, але мерапрыемства мы правялі. А чалавек нічога не заўважыў нават. Кажа, як выдатна, і вучыць нічога не трэба — проста выйшаў і чытаеш. Таму пратаколы — асобная гісторыя. Увогуле ж, у вядучых вельмі прыемная праца — мы дорым іншым свята.

— На тэлебачанні, вядома, іншая спецыфіка працы...

— Так, на праграме «Беларуская часінка» я працую кожны тыдзень. І мне падабаецца, што мы кожны раз — у прамым эфіры. Там без розніцы, як ты паказаў сябе ўчора, пазаўчора, а важна, што адбываецца тут і цяпер. Плюс мы рэальна імкнёмся дапамагаць людзям. А бывае, што ў адказ ад некаторых гледачоў прыходзяць пасланні накшталт, вы далі надзею, а потым не адказалі. І тут трэба разумець, што адказаць асабіста кожнаму нерэальна, бо за час праграмы мы атрымліваем, напрыклад, сто паведамленняў, а адказаць можам толькі на дзясятак. Мне шкада, калі даводзіцца тлумачыць людзям, што яны не маюць рацыі, бо закон гаворыць аб адваротным. Тады ўжо мы не можам дапамагчы. А людзі ж заўсёды бачаць праблему так, як ім хочацца яе бачыць.

— А публічнаму чалавеку важна весці людзей за сабой?

— Гэта адказнасць. Я разумею, што людзі публічных прафесій для кагосьці з'яўляюцца прыкладам для пераймання. Мне важна незалежна ад абставін працаваць і сумленна выконваць сваю работу. Не магу ўявіць нават, быццам заўтра проста змяню свае погляды і стану ў шэрагі чужых мне людзей. Ведаю, што ў тым жа 2020 годзе некаторым маім калегам паступалі «цікавыя» прапановы, а да мяне, дзякаваць богу, ніхто нават не падыходзіў. Відаць, зразумелі, што са мной такое не пройдзе. Я магу падпісацца пад кожным сваім словам як сёння, так і пад тым, што гаварыла дзесяць гадоў таму. Ёсць некаторыя рэчы, якія непахісныя, як «не скрадзь», «не здрадзь» і гэтак далей. Вось нядаўна была на фестывалі ў Іўі, і там каля сабора святых Пятра і Паўла на зямлі ляжыць камень з надпісам «Любі сваю Айчыну, рабі дабро, адказвай перад Богам». І гэтыя словы, думаю, можна аднесці да ўсяго майго жыцця. Думаю, калі б так думалі ўсе мы, то многіх праблем і пытанняў проста і не ўзнікала б.

— На тэлебачанні вас ведаюць па праектах «Беларуская часінка», «Беларуская кухня»... А нядаўна гэты шэраг папоўніўся праектам «Фактар.by 60+». Як думаеце, што вызначае доўгае жыццё праекта на тэлебачанні?

— Калі мяне клікалі на праграму «Беларуская кухня», то спачатку я адмовілася. Па-першае, не вельмі добра гатую, а па-другое, такіх праектаў безліч на тэлебачанні. Аднак пасля я зразумела, што сутнасць «Беларускай кухні» ў тым, што яна распавядае пра нашу нематэрыяльную спадчыну. У кожнай мясцовасці ёсць жанчыны, якія атрымалі ў спадчыну ад сваіх бабуль-прабабуль сакрэты гатавання страў беларускай кухні. Прычым з тых прадуктаў, якія заўсёды былі ў іх пад рукой. А мы з шэф-кухарам Вартанам бяром гэтыя скарбы і аднаўляем на сучаснай кухні, арыентуючыся на свае магчымасці па тэхніцы і прадуктах, якія ёсць у доступе. І гаспадыням, якія нас глядзяць, тлумачым, як можна з таго, што маеш, згатаваць страву, якая нагадае пра іх мінулае. Таму сакрэт доўгага жыцця ў эфіры гэтай праграмы ў тым, што яна мае правільную філасофію — не проста вучыць гатаваць, а знаёміць нас з побытам, характарам і звычкамі нашых продкаў.

— Якія смакі вас вяртаюць у дзяцінства?

— «Беларуская кухня» ўжо 12 гадоў у эфіры, і за гэты час я згадала шмат страў, якія гатавала мая бабуля. Напрыклад, адносна нядаўна мы рабілі вельмі смачныя бліны. Зразумела, у печы яны атрымліваюцца іншыя, але ўсё ж... Гэта мучныя бліны на сыроватцы з дадаваннем таркаванай бульбы. Мая бабуля смажыла іх на сале, а пасля падавала з мачанкай са смятаны і растопленага масла.

— Вам уменне гатаваць не перадалося?

— Не ў такой ступені, як запэўнівае нашу аўдыторыю мой калега па праекце «Беларуская кухня». Хоць за гады існавання праграмы я многаму навучылася. Але, у адрозненне ад Вартана, які ў працэсе прыгатавання страў можа імправізаваць, я падыходжу на ролю асістэнта, які можа шмат распавесці цікавага. А паралельна, вядома, магу і морквы надзерці...

— З гадамі ці змяняюцца вашы погляды на дружбу і каханне?

— Сапраўдныя сябры застаюцца побач са мной па жыцці. Вельмі ўдзячная лёсу, што некаторыя людзі пакідаюць маё атачэнне і мне не даводзіцца жыць у падмане. Але адносна сяброўства я вельмі люблю паўтараць, што сапраўдны сябар — не той, хто перажывае з табой гора, а той, хто здольны тваю радасць, удачу святкаваць як сваю. Дзякуй богу, я маю такіх людзей.

— А каханне як у трывалым сямейным саюзе мяняецца?

— Яно не мяняецца, а жыве. Вялікае шчасце, калі мы ў жыцці маем з кім пагаварыць. І калі побач з вамі каханы мужчына, які нават без слоў здольны вам сказаць, што вы прыгожая, разумная, самая лепшая ва ўсім свеце, то больш нічога не патрэбна. І з гадамі нічога не мяняецца. Як і раней, я хвалююся, чакаю і сумую, калі мужа няма побач. Таксама сапраўднае каханне дае сілы што заўгодна перажыць разам.

— Які каштоўны вопыт у вас застаўся ад узаемадзеяння з бацькамі па жыцці?

— Маці, якая больш за 50 гадоў працавала на тэлебачанні, навучыла мяне працавітасці. Калі я прыйшла таксама туды працаваць, то пэўны час перажывала, каб мяне не ацэньвалі па маміных заслугах. Пасля любімая работа выратоўвала ў самыя розныя перыяды майго жыцця. Мамы не стала ў мінулым снежні, калі ў мяне быў двухдзённы перапынак на здымках «Фактар.by 60+». Там удзельнікі прыехалі з усёй краіны, пад праект пабудавалі цэлы горад, задзейнічаны былі сотні людзей, таму я, нягледзячы ні на што, вярнулася і працягвала працаваць. І гэта маміна навука. А бацька проста любіў мяне насуперак усім існуючым законам педагогікі. Яны адно аднаго ўраўнаважвалі, выхоўваючы мяне. Бацька сёння побач са мной, за што я яму бязмежна ўдзячная. Бывае, тэлефануеш яму, а ён не адказвае. І тады я гатовая ўсе планы перакроіць — толькі б ведаць, што з ім усё ў парадку. Таму, мяркую, у жыцці галоўнае — паспець скарыстацца часам, які нам даецца, каб быць разам.

— За што вы ўдзячныя, ацэньваючы сённяшні дзень і мінулае?

— Не хочацца гаварыць, што я была шчаслівай. У сваім жыцці я ўдзячная за кожны новы дзень. Што магу з радасцю думаць пра заўтра, строіць планы. За магчымасць рабіць нешта добрае для дарагіх мне людзей. За тое, што маю каханне і здароўе. Жыць — для мяне сапраўднае шчасце.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.