Вы тут

У эфіры цішыня — на вуліцах сталіцы спакойна


«Праца ў нас разнастайная. Кожны дзень не падобны да папярэдняга. Не засумуеш!» — з усмешкай сустракае каля службовага аўто міліцыянер-кіроўца роты патрульна-паставой службы міліцыі (ППСМ) упраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы прапаршчык міліцыі Сяргей Малатоўнік.


Міліцыянер хутка заскоквае ў новенькі «УАЗ» і прыспешвае нас. «Вечары будніх дзён, пятніца і выхадныя дні — „гарачы“ час для патрульна-паставой службы, — тлумачыць ён. — Людзі расслабляюцца пасля цяжкіх працоўных дзён і пачынаюць адпачываць. Усе адпачываюць па-рознаму. Большая частка злачынстваў адбываецца менавіта ў стане алкагольнага ап’янення — наша задача іх прадухіліць».

Разам з міліцыянерам-кіроўцам на службу заступае міліцыянер роты ППСМ старшы сяржант міліцыі Павел Іванушкін.

Першамайскі раён з’яўляецца адным з самых «зялёных»: тут засяроджана мноства абсталяваных паркаў і лесапаркавых зон. На жаль, там не толькі адпачываюць жыхары раёна, гуляюць дзеці на свежым паветры, але і здзяйсняюцца адміністрацыйныя правапарушэнні.

Адпраўляемся ў Севастопальскі парк, каб пераканацца ў тым, што там парадак і адпачынку грамадзян ніхто і нішто не перашкаджае.

«На лавачцы кампанія гучна крычыць і палохае дзяцей, — убачыўшы людзей у форме, дзеліцца інфармацыяй жанчына. — Мусіць, яшчэ і выпіваюць навідавоку ва ўсіх».

Міліцыянеры накіроўваюцца да ўказанага месца. Убачыўшы вартавых парадку, двое мужчын спешна хаваюць бутэлькі ў заплечнікі.

«Мы проста размаўляем», — пачынаюць апраўдвацца кампаньёны ў прыкметным стане алкагольнага ап’янення.

Праверка дакументаў паказала, што раней адзін грамадзянін ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напіткаў у грамадскім месцы. Гэтым разам будзе складзены паўторны пратакол, а мужчына адправіцца ў спецыялізаваны ізалятар, дзе прабудзе да поўнага працверажэння.

«Пакідаць грамадзян у стане моцнага алкагольнага ап’янення небяспечна, — заўважае Сяргей Малатоўнік. — Людзі ў нецвярозым стане — патэнцыйныя ахвяры злодзеяў і хуліганаў».

Другі мужчына абмяжоўваецца папярэджаннем. Ён накіраваўся дахаты з жонкай, якая якраз вярталася дадому з працы праз парк.

Наш аўтапатруль адпраўляецца ў выцвярэзнік. Сяргей Малатоўнік служыць у міліцыі больш за 14 гадоў. Лічыць, што рота патрульна-паставой службы міліцыі — кузня кадраў. З такой «школы» выходзяць добрыя ўчастковыя, аператыўнікі. Па-за службай Сяргей Аляксандравіч — муж і бацька чацвярых дзяцей, старэйшаму з якіх 11 гадоў, а малодшаму чатыры.

Павел Іванушкін у органах унутраных спраў крыху больш за пяць гадоў, нядаўна ажаніўся. Бярэ прыклад са старэйшага калегі. Гаворыць, што важны маральна-псіхалагічны клімат у патрулі для паспяховага выканання задач. Камандзір роты ўлічвае пажаданні падпарадкаваных пры фармаванні экіпажаў.

«Увага! Аўтамабіль без дзяржнумара рухаецца па вуліцы Каліноўскага. Патрабаванням спыніць рух не падпарадкоўваецца», — перадаюць па рацыі. На тэлефон дзяжурнага прыходзяць званкі рознага зместу — аўтапатрулі павінны адрэагаваць на кожны сігнал аб дапамозе. «Калі ў эфіры цішыня — значыць на вуліцах сталіцы спакойна», — кажуць супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

Тым часам, ад дзяжурнага паступае паведамленне, што жыхары дома па вуліцы Вадалажскага скардзяцца на шумную кампанію, якая распівае спіртныя напоі. Патруль едзе да ўказанага месца.

Каля названага дома міліцыянеры сустракаюць добра знаёмых грамадзян, якія неаднаразова траплялі ў іх поле зроку. Сёння яны зноў у стане моцнага алкагольнага ап’янення.

Абодва мужчыны адпраўляюцца ў спецыялізаваны ізалятар і будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, далейшы іх лёс вырашыць суд.

За змену аўтапатруль можа праехаць 150 кіламетраў. Змена — 12 гадзін. Кожнае дзяжурства не падобнае да папярэдняга. Супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі заўсёды гатовы да выканання складаных і нестандартных задач.

«Працу дадому мы „не носім“, імкнёмся абстрагавацца ад усяго, што бачым на службе, — адказваюць суразмоўцы на пытанне аб эмацыйным выгаранні. — Стамляемся больш псіхалагічна, чым фізічна. Праца з людзьмі — справа нялёгкая. Да кожнага трэба знайсці падыход».

Наперадзе ў Сяргея Аляксандравіча і Паўла Іванавіча — яшчэ шэсць гадзін працы, а значыць, спакой сталіцы — у надзейных руках.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы УУС адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.