Паводле статыстыкі, у сярэднім «сексуальны дэбют» у падлеткаў адбываецца ў 16 гадоў. Сумеснымі намаганнямі ўрачоў, псіхолагаў і педагогаў удаецца стрымліваць колькасць ранніх цяжарнасцяў. Аднак пытанне застаецца актуальным.
Аб тым, як адбіваецца «цікавае становішча» на здароўі юнай мамы, якія міфы пра падлеткавую цяжарнасць не маюць навуковых абгрунтаванняў, у чым небяспека першага аборту і чаму перад ім даецца «тры дні цішыні», расказвае ўрач акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Яўгенія Маскальчук.
— У якім узросце можа зацяжарыць дзяўчынка і які ўзрост лічыцца аптымальным для наступлення цяжарнасці?
— Падлеткавая цяжарнасць — глабальная з’ява, якая мае дакладна ўстаноўленыя прычыны і прыводзіць да сур’ёзных медыцынскіх, сацыяльных і эканамічных наступстваў. Згодна з разлікамі, у рэгіёнах, якія развіваюцца, цяжарнасць штогод наступае ў 21 мільёна дзяўчынак ва ўзросце 15–19 гадоў, і прыкладна 12 мільёнаў з іх нараджаюць.
Аптымальным узростам наступлення цяжарнасці з медыцынскага пункту гледжання лічыцца 20–35 гадоў, калі ўсе сістэмы і органы дасягнулі свайго развіцця, рызыка храмасомных анамалій мінімальная і, як правіла, адсутнічаюць спадарожныя саматычныя захворванні. Аднак цяжарнасць можа наступіць і ва ўзросце 9 гадоў, а пры заўчасным палавым паспяванні — яшчэ раней.
— Многія дзяўчынкі не ведаюць першасных прыкмет цяжарнасці. Раскажыце пра іх.
— Дыягностыка цяжарнасці ў юным узросце грунтуецца на выяўленні тых жа меркаваных, верагодных і несумненных прыкмет, што і ў дарослых жанчын, аднак дыягназ устанаўліваецца нярэдка са спазненнем, гэта значыць, са з’яўленнем менавіта дакладных прыкмет.
Асноўнай перашкодай для правільнай і своечасовай дыягностыкі з’яўляецца сама юная цяжарная, якая па прычыне шэрагу абставінаў або не падазрае аб цяжарнасці, або хавае з’яўленне сумнеўных (суб’ектыўных) прыкмет. Часам упершыню даведваецца пра цяжарнасць чалавек, якому дзяўчынка асабліва давярае: школьная настаўніца, важатая і іншыя.
Нярэдка першым дыягназ цяжарнасці ставіць участковы педыятр пры аглядзе і пальпацыі жывата. Сімптомамі цяжарнасці з’яўляецца затрымка менструацый, станоўчы тэст ХГЧ і наяўнасць плоднага яйца ў матцы паводле ўльтрагукавога даследавання. Астатнія сімптомы — млоснасць, павелічэнне жывата — могуць адсутнічаць. Таму, калі дзяўчынка жыве палавым жыццём і ў яе ёсць затрымка менструацый, самы просты, танны і неінвазіўны метад дыягностыкі — мачавы тэст на цяжарнасць, які выконваецца ў ідэале раніцай з першай порцыяй мачы.
— Існуе мноства памылковых поглядаў на цяжарнасць сярод падлеткаў — накшталт, нельга зацяжарыць пасля першага палавога акту, цяжарнасць не наступіць да 18 гадоў, цяжарнасць немагчымая пры занятках сексам падчас менструацыі, у становішчы стоячы і іншае…
— Цяжарнасць можа наступіць у любой жанчыны ці дзяўчынкі, якая жыве палавым жыццём. На гэтым можна паставіць кропку. Не бывае 100-працэнтнага сродку кантрацэпцыі. Здараюцца авуляцыі падчас менструацый, сперматазоід здольны апладніць яйцаклетку яшчэ як мінімум тры дні пасля эякуляцыі. Няважна, першы гэта палавы акт ці не, калі сперматазоід трапіць у перыавуляторны перыяд, — цяжарнасць наступіць.
— У чым небяспека цяжарнасці ва ўзросце 13–17 гадоў для будучай мамы і для плода?
— Дзяўчынка ў падлеткавым узросце мае яшчэ не зусім спелую гарманальную рэгуляцыю, лабільнасць нервовай сістэмы, часта анатамічна вузкі таз. Ход і вынікі родаў істотна залежаць ад прыналежнасці дзяўчынкі да пэўнай узроставай групы. Калі ў 14 гадоў і маладзей працэнт цяжкіх ускладненняў вялікі, то ў групе 15–17 гадоў працэнт ускладненняў ніжэйшы.
У парадзіх ва ўзросце маладзей за 14 гадоў можна вылучыць наступныя асноўныя ўскладненні падчас родаў. Гэта клінічная неадпаведнасць паміж галоўкай плода і тазам маці, слабасць родавай дзейнасці, траўмы родавых шляхоў, гіпатанічны крывацёк.
У той жа час у парадзіх 15–17 гадоў структура ўскладненняў крыху іншая: хуткія роды, першасная слабасць родавай дзейнасці, разрывы шыйкі маткі і пахвіны, гіпатанічны крывацёк.
Такім чынам, большая частка ўскладненняў абавязана сваім генезам парушэнню скарачальнай здольнасці маткі, абумоўленаму як няспеласцю звёнаў, якія рэгулююць гэту дзейнасць, так і непаўнацэннасцю злучальных тканак (міяметрыя). Для дзіцяці неспрыяльныя наступствы могуць быць звязаны з нараджэннем з нізкай вагой.
— Ці выконваюцца ў нас медыкаментозныя аборты? Такі метад больш ашчадны ў параўнанні з хірургічным? У чым яго небяспека?
— Пры перапыненні непажаданай цяжарнасці выкарыстоўваюцца два метады — хірургічны і медыкаментозны. Медыкаментозны спосаб добры тым, што поласць маткі застаецца інтактнай, гэта значыць, не падвяргаецца хірургічным маніпуляцыям. Праводзіцца ён да тэрміну цяжарнасці 6-7 тыдняў і ў ідэале пад кантролем медперсаналу ў стацыянары.
Улічваючы, што цяжарная ў 15 гадоў дзяўчынка адчувае страх, яна «хаваецца» і па-дзіцячаму думае, што «ўсё само пройдзе». І калі ўсведамляе, што цяжарнасць не пройдзе, звяртаецца да гінеколага. І, як правіла, калі ўжо позна для медыкаментознага перарывання цяжарнасці, бо апроч самой працэдуры неабходны агляд, здача клінічных аналізаў, перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне.
Пра яго хачу сказаць асобна. Пасля першаснага звароту па псіхалагічную кансультацыю даецца «тры дні цішыні» — у гэты перыяд не праводзіцца перарыванне. Затым дзяўчынка паўторна наведвае спецыяліста і прымае канчатковае рашэнне аб зыходзе цяжарнасці.
У выпадку, калі тэрмін цяжарнасці ці супрацьпаказанні не дазваляюць выканаць медыкаментозны аборт, выконваецца хірургічны — да 12 тыдняў цяжарнасці. І тут адбываецца ўмяшанне ў поласць маткі, пашырэнне канала шыйкі маткі. Пры выкананні гэтай маніпуляцыі ёсць рызыка гнойных ускладненняў, перфарацыі маткі, ранення суседніх органаў, крывацёку.
Як адаб’ецца такое ўмяшанне на наступных цяжарнасцях, прадказаць немагчыма: у кагосьці пройдзе ўсё добра, а нехта, на жаль, адчуе на сабе наступствы ў выглядзе бясплоддзя, невыношвання, паталогій прымацавання плацэнты, парушэння сілкавання і росту плода.
— Як засцерагчы дзяўчынку ад ранняй цяжарнасці?
— Мая задача як гінеколага — данесці да дзяўчынак інфармацыю аб наступствах, відах перапынення і спосабах кантрацэпцыі. На сёння існуюць эфектыўныя метады, з дапамогай якіх можна пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. Яны не шкодзяць здароўю, не выклікаюць бясплоддзе і не парушаюць гарманальны фон.
Ідэальным лічыцца «двайны галандскі метад»: выкарыстанне бар’ерных сродкаў (прэзерватываў) для прафілактыкі заражэння інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам, і гарманальнай кантрацэпцыі для надзейнай абароны ад цяжарнасці. Пра прэзерватывы хачу адзначыць, што важна чытаць інструкцыю па іх выкарыстанні. Там апісана, як пазбегнуць разрыву, саслізгвання і іншых непажаданых момантаў.
Вельмі шмат міфаў склалася вакол гарманальных кантрацэптываў. Гэта даступны на сёння сродак кантрацэпцыі з высокай эфектыўнасцю. Дзяўчынкі і іх мамы транслююць боязь «гарманальных таблетак», пры гэтым забываючыся на рызыкі цяжарнасці і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Калі дзяўчынка вядзе палавое жыццё, запалохванні і метад «а можа, пранясе» не спрацуюць.
У Беларусі ёсць дзіцячая гінекалагічная служба. У даступнай форме з апісаннем усіх магчымых рызык, супрацьпаказанняў менавіта для кожнай канкрэтнай дзяўчынкі дзіцячы гінеколаг пракансультуе па пытаннях кантрацэпцыі. Мамам падлеткаў хачу сказаць: займайцеся палавым выхаваннем сваіх дзяцей, тлумачце, што іх бяспека на першым месцы, не адмаўляйце відавочнае, падтрымайце сваё дзіця ў паходзе да спецыяліста дзеля яго здаровай будучыні.
На думку экспертаў СААЗ, колькасць цяжарных падлеткаў стала агульнасусветным адмоўным сацыяльным феноменам. Самае дрэннае тое, што, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), нараджэнне дзяцей у падлеткавым узросце мае шмат сур’ёзных наступстваў для юнай мамы і для малога. Асноўная прычына такой сітуацыі ў тым, што падлеткі менш ахвотна, чым дарослыя, звяртаюцца па кваліфікаваную дапамогу падчас родаў.
Статыстыка, якая яшчэ зусім нядаўна была характэрна для так званых краін трэцяга свету, сёння расце і ў развітых дзяржавах.
Алена КРАВЕЦ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.