Вы тут

Чаму палякі коцяцца ў галечу?


Жыхары Польшчы імкліва бяднеюць. Краіна апынулася на парозе галечы. Як паведаміла выданне Rzeczpospolіta, палякі ўсё часцей выбіраюць прадукты са зніжкамі, наведваюць дыскаўнтары, дзе танней, а таксама бяруць тавары ў крэдыт. Небяспечны трэнд развіваецца даволі імкліва. Колькасць выдадзеных крэдытаў у Польшчы адчувальна павялічылася. І, як адзначаюць эксперты, гэтая крэдытная актыўнасць відавочна нездаровая. Пры гэтым афіцыйная Варшава на эканамічныя праблемы простых людзей нахабна заплюшчвае вочы. Чаму палякі коцяцца ў галечу, чаго людзям чакаць надалей?


На чале антырэйтынгу

Апошнім часам Польшча трывала ўзначаліла антырэйтынг краін ЕС па ўзроўні падзення валавога ўнутранага прадукту. Так, сёлета ў другім квартале ў параўнанні з першым ВУП краіны знізіўся на 2,2 працэнта, паведаміла БелТА. «У нас не толькі адзін з самых высокіх паказчыкаў інфляцыі ў Еўрасаюзе, але і адзін з самых глыбокіх спадаў дынамікі ВУП», — піша польскае выданне Busіness Іnsіder. Што правакуе зніжэнне? «Перш за ўсё, нястрымная інфляцыя. Гэта наступствы работы эканамічна некампетэнтнага ўрада „ПіС“. Палякі могуць сабе дазволіць усё менш і менш, і гэта ўплывае на эканоміку. Мы менш купляем, менш інвестуем, мы бяднейшыя. Зніжэнне ВУП адбываецца галоўным чынам з-за росту кошту жыцця і павелічэння пастаянных выдаткаў», — тлумачыць выданне Forum Polskіej Gospodarkі.

Акрамя гэтага, у краіне назіраецца спад прамысловай вытворчасці, а таксама індэкса дзелавой актыўнасці. Напрыклад, па выніках ліпеня прамысловая вытворчасць скарацілася на 2,7 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Спад закрануў 24 з 34 галін прамысловасці. Індэкс дзелавой актыўнасці Польшчы, паводле даных S & P Global, зніжаецца тры месяцы запар: у чэрвені ён склаў 45,1 пункта, у ліпені — 43,5, у мінулым месяцы — 43,1. Лічыцца, што калі дадзены індэкс на працягу некалькіх месяцаў запар паказвае значэнні паміж 40 і 45 пунктамі, можна казаць пра надыход рэцэсіі.

У ліпені інфляцыя ў Польшчы склала 10,8 працэнта, у жніўні — 10,1 працэнта. Гэта амаль удвая вышэй, чым у сярэднім па ЕС. Чакаць зніжэння цэн палякам пакуль не варта. У верасні Нацбанк прыняў рашэнне аб рэзкім зніжэнні базавай стаўкі — чарговае папулісцкае рашэнне ўлад напярэдадні выбараў, якое зноў падштурхне інфляцыю.

Можна прагназаваць працяг негатыўных тэндэнцый, паколькі эканамічная сітуацыя ў краіне наўрад ці ў хуткім часе палепшыцца, падкрэсліваецца ў матэрыяле Rzeczpospolіta. «Польшча ўваходзіць у лік краін з самым высокім бюджэтным дэфіцытам у Еўрасаюзе. Розніца паміж дзяржаўным доўгам, які разлічаны па метадалогіі ЕС, і дзяржаўным доўгам, які вызначаецца па нацыянальных правілах, з’яўляецца рэкордна высокай. Статыстыка не адлюстроўвае пазабюджэтных фондаў, што выклікае законныя апасенні з нагоды празрыстасці нацыянальных фінансаў, захавання бюджэтных правілаў і даверу да Польшчы на міжнароднай арэне», — канстатуе Rzeczpospolіta.

Паліўная анамалія

Паводле ацэнак экспертаў у галіне эканомікі, напярэдадні парламенцкіх выбараў у Польшчы ўрад кіруючай партыі «Права і справядлівасць» фактычна праводзіць палітыку штучнага стрымлівання цэн на паліва, максімальна задзейнічаўшы для гэтага рэсурсы найбуйнейшага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна Orlen. Эканамісты канстатуюць рост цэн на дызельнае паліва на 42 працэнты, які назіраецца ў Еўропе з пачатку другога паўгоддзя, у той час як у Польшчы яны знізіліся на 2 працэнты. Эксперты адзначаюць, што пры імклівым падзенні курсу польскага злотага (за месяц абясцэніўся амаль на 6 працэнтаў у адносінах да долара) і росце цэн на нафту (кошт нафты маркі Brent узрос з 75 долараў за барэль у чэрвені да амаль 95 долараў цяпер) цэны на паліва ў Польшчы не растуць, а падаюць. Згодна з разлікамі спецыялістаў, рэальны кошт літра «дызелю» ў краіне павінен складаць каля 7,4-7,5 злотага — больш чым на 20 працэнтаў вышэй за цяперашні. Сітуацыяй актыўна карыстаюцца жыхары суседніх краін, у прыватнасці Чэхіі, якія «выпампоўваюць» аўтамабільнае паліва на заправачных станцыях у прыгранічных рэгіёнах Польшчы.

Падобная «паліўная анамалія», на думку аналітыкаў, тлумачыцца выключна палітычнымі прычынамі: імкненнем стрымліваць магчымыя праявы сацыяльнай напружанасці напярэдадні выбараў, а таксама магчымасцю з прывядзеннем канкрэтных прыкладаў заяўляць патэнцыйным выбаршчыкам аб паспяховасці эканамічнай палітыкі «ПіС». Адзначаецца, што канцэрн Orlen, кіраўнік якога Даніэль Абайтэк з’яўляецца цалкам залежнай ад урада фігурай і хоча застацца на сваёй пасадзе пасля выбараў, штучна заніжае цэны на паліва. Акрамя таго, канцэрн мае настолькі моцныя пазіцыі на рынку, што можа дыктаваць цэны па ўсёй краіне, паколькі мае магчымасць навязваць аптовыя цэны ўсім гульцам. Іх заніжэнне адлюстроўваецца на цэнах на станцыях з некаторай затрымкай, але ў канчатковым выніку розніца ў рознічным гандлі таксама становіцца прыкметнай.

Эксперты не выключаюць, што Orlen, заніжаючы цэны на паліва, можа выкарыстоўваць так званы інтэрвенцыйны рэзервы — 90-дзённыя стратэгічныя запасы дзяржавы на выпадак катастрофы або вайны, а гэта з’яўляецца парушэннем адпаведнага закона і фактычным дзеяннем на шкоду інтарэсам кампаніі.

Аналітыкі падкрэсліваюць, што стрымліванне цэн на паліва з’яўляецца не адзіным інструментам ціску на электаральныя перавагі патэнцыяльных выбаршчыкаў, нагадваючы аб іншых папулісцкіх мерах «ПіС» апошнім часам, сярод якіх — зніжэнне цэн на электраэнергію для прадпрыемстваў, павелічэнне лімітаў спажывання электрычнасці для насельніцтва па льготных цэнах, бясплатныя лекі для пэўных груп пацыентаў.

Эканамісты прагназуюць, што палітыка стрымлівання росту цэн на паліва будзе спынена адразу ж пасля правядзення выбараў 15 кастрычніка. У лістападзе-снежні Orlen рэзка падыме цэны, каб не толькі аднавіць раўнавагу на паліўным рынку, але і папоўніць запасы, што з высокай доляй верагоднасці прывядзе да рэзкага скачка інфляцыі. У асобных польскіх СМІ прыводзяцца думкі аўтарытэтных арганізацый, згодна з якім налета ўзровень інфляцыі ў Польшчы можа быць самым высокі ва ўсёй Еўропе.

Цэны на электраэнергію ў Польшчы налета могуць рэкордна ўзрасці ў выпадку адмовы ад замарозкі цэн на энерганосьбіты, паведамляе газета Rzeczpospolіta. У матэрыяле адзначаецца, што менш чым за чатыры месяцы да канца года пачынаюцца першыя падрыхтоўкі да прагнозаў цэн на электраэнергію для насельніцтва на наступны год. Аднак пакуль невядома, ці прыме ўрад рашэнне зноў замарозіць цэны на энерганосьбіты.

Паводле ацэнак Forum Energіі, заснаваных на аналізе доўгатэрміновых біржавых кантрактаў на Польскай энергетычнай біржы на пастаўку электраэнергіі ў 2024 годзе, калі цяперашнія ахоўныя механізмы знікнуць, цэны на электраэнергію могуць стаць на 70 працэнтаў вышэйшымі ў параўнанні з бягучым «замарожаным» узроўнем.

Без грошай

Ужо цяпер простыя палякі ледзьве зводзяць канцы з канцамі. Усё сведчыць аб тым, што многія простыя палякі ў прамым сэнсе на мяжы жабрацтва. «Сярэднестатыстычны грамадзянін, які працуе на заходнім зборачным заводзе, магчыма, у невялікай польскай кампаніі, зарабляе ў сярэднім каля 3 тысяч злотых. Што значаць 3 тысячы злотых для жыхара невялікага горада? Гэта значыць, што за арэнду кватэры ён павінен заплаціць 1,5-1,6 тысячы злотых, у яго застаецца палова зарплаты, астатнія выдаткі — на ацяпленне, спажыванне газу, электраэнергіі, вады паглынаюць другую палову яго зарплаты. Сярэднестатыстычны польскі грамадзянін застаецца без грошай», — канстатаваў польскі палітолаг Даніэль Мікусек на YouTube-канале БелТА.

Ён дадаў: «Цэны на газ, электраэнергію ў Беларусі нашмат ніжэйшыя, цэны на прадукты харчавання ў Беларусі — ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў працэнтаў ніжэйшыя. У Польшчы бохан хлеба каштуе прыкладна ад 5,5 да нават 10 злотых у залежнасці ад якасці хлеба, вытворцы. Для параўнання: у Беларусі адзін бохан хлеба каштуе 1,5 злотага. Розніца вялізная. Літр малака ў Беларусі каштуе каля 3 злотых. У Польшчы — ад 6 злотых і вышэй. Цікавы прыклад тычыцца „кока-колы“. У Беларусі двухлітровая бутэлька каштуе 5,5 злотага. У Польшчы — 8-9 злотых. Тут здзівіў Маравецкі, які ўвёў падатак на цукар, дзякуючы чаму даходы ў бюджэт сталі вышэйшымі, але палякам даводзіцца за гэта плаціць. Такіх прыкладаў магу пералічыць мноства».

«Тысячы прыкладаў, якія паказваюць, як выглядае рэальнае жыццё, — гэта беднасць з галечай. 75 працэнтаў палякаў не маюць грошай нават на хлеб. Што іх ратуе? Сацыяльныя праграмы, гэта значыць, дзяржава бярэ ў доўг грошы па ўсім свеце, каб раздаць іх сваім грамадзянам, каб тыя не памерлі з голаду. Толькі ўсё гэта не можа доўжыцца бясконца. Таму што дзяржава не можа браць у доўг бясконца. А крэдыты, якія дзяржава бярэ ад імя грамадзян, потым ім жа іх раздае, рана ці позна гэтым грамадзянам прыйдзецца вяртаць», — падкрэсліў Даніэль Мікусек.

«Каб зразумець, што такое польскі каланіялізм, чаму Польшча з’яўляецца калоніяй і якія наступствы гэта мае, нам трэба вярнуцца крыху назад у часе. 1989 год. Палякі наладзілі мяцеж пры падтрымцы „Салідарнасці“, якая фінансуецца ЦРУ, і заявілі, што не хочуць сацыялізму, супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам, не жадаюць Варшаўскай дамовы, а хочуць капіталізм, хочуць Захаду, заходняга раю. Людзям шмат наабяцалі, і людзі паверылі», — адзначыў Даніэль Мікусек.

Палітолаг дадаў: «Людзі, якія тады падбівалі на мяцеж, цяпер знаходзяцца ва ўладзе, гэта яны абяцалі тое, што выканаць было немагчыма. У 1990-м, калі прыйшла новая ўлада, ліквідавалі некалькі тысяч польскіх заводаў, гэта былі дзяржаўныя заводы, акцыянерныя прадпрыемствы. Яны сталі непатрэбныя, а насамрэч такім чынам вызвалялася месца для заходняга капіталу, якому Польшча была цікавая».

Даніэль Мікусек таксама звярнуў увагу на польскую сельскую гаспадарку. У мінулым годзе польскі фермер, напрыклад, прадаваў трыцікале заходнім манапалістам па адной цане. «Сёлета, нягледзячы на велізарную інфляцыю, рэзкае павелічэнне выдаткаў, заходнія карпарацыі вырашылі знізіць цану за тону прыкладна напалову. Ці азначае гэта, што цана на хлеб у Польшчы знізілася? Не, яна, наадварот, узрасла на дзясятак-другі працэнтаў. Куды ідуць прыбыткі, ужо сапраўды не для ўрада Маравецкага, ён марыянетка ў руках заходняга капіталу і рэалізоўвае яго мэты. Даходы пойдуць тым, хто стварыў сённяшнюю Польшчу: у Вашынгтон, Берлін, Парыж, Лондан і Ватыкан, якія сочаць за тым, каб палякі не думалі, што яны дрэнна жывуць», — рэзюмаваў палітолаг.

«Польшча з’яўляецца членам Еўрапейскага саюза, фактычна ж яна з’яўляецца калоніяй Захаду, менавіта калоніяй, якая вельмі моцна эксплуатуецца заходнімі гаспадарамі. Краіны Балтыі адчуваюць на сабе тое ж самае. Гэта азначае, што польская прамысловасць пасля 1989-га была цалкам ліквідаваная, дакладней, ліквідавана больш за 60 тысяч заводаў, якія былі заменены заходнімі зборачнымі заводамі, дзе палякі працуюць як звычайныя наёмныя рабочыя, потым ідуць у сеткі супермаркетаў, купляюць там прадукты. І калі ў іх недастаткова грошай, яны бяруць крэдыты ў заходніх банках — такім чынам ім даводзіцца неяк выжываць», — звярнуў увагу Даніэль Мікусек.

У Польшчы ўзмацняецца атмасфера страху, няўпэўненасці і недаверу, што сведчыць аб вяртанні краіны ў эпоху цяжкіх дзевяностых, заявіў аглядальнік ІNN Poland Конрад Багіньскі. Ён распавёў, што прадаўцы ў Польшчы бачаць патэнцыяльнага злодзея ў кожным пакупніку. А ў супермаркетах усё часцей узнікаюць сітуацыі, калі пакупнікі імкнуцца схавацца з прадуктамі, не заплаціўшы. Па словах аглядальніка ІNN, выходзячы з дому на прагулку, ён перыядычна спрабаваў адгадаць, і нярэдка паспяхова, які з аўтамабіляў пазбавіцца колаў. Багіньскі нават згадаў выпадак, калі ў домакіраўніка скралі... венік. «Рэаліі такія, што злачыннасць пашыраецца, людзі адчуваюць пагрозу. Уладальнікі крам падлічваюць страты, у людзей крадуць аўтамабілі або запчасткі. У пэўным сэнсе да нас вяртаюцца дзевяностыя, — напісаў Багіньскі. — І гэта значыць, што добрым наша жыццё назваць ніяк нельга».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.