Вы тут

Работа па абнаўленні ФАПаў актыўна вядзецца на Піншчыне


Пасля майскай нарады па актуальных пытаннях аховы здароўя работа па навядзенні парадку, рамонту і абнаўленні сельскіх устаноў аховы здароўя прыкметна актывізавалася. Напрыклад, у Пінскім раёне з 39 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, якія функцыянуюць на тэрыторыі, цалкам прыведзена ў парадак 28. Некаторыя з устаноў перажылі вялікі рамонт і рэканструкцыю, асобныя наогул справілі наваселле.


Падчас адкрыцця ФАПа ў Новым Двары.

Тры з іх былі ўрачыста адкрыты ў гэтым месяцы. Не проста камфортныя ўмовы, але і новы ўзровень як аказання, так і атрымання медыцынскіх паслуг цяпер у медработнікаў і пацыентаў ФАПаў у аграгарадку Новы Двор, вёсках Чухава і Кашэвічы. Як адзначыў намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Дзмітрый ПАЛХОЎСКІ, упор зроблены на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рамонт будынкаў, замену інжынерных камунікацый, даху.

— Работы вяліся ўнутры памяшканняў і звонку. Дзе патрабавалася, абнавілі мэблю і абсталяванне. Асвоена ўжо больш за 700 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Робіцца ўсё, каб жыхары вёскі не адчувалі сябе абдзеленымі ў плане медыцынскай дапамогі ў параўнанні з гараджанамі, — гаворыць Дзмітрый Георгіевіч.

У Новым Двары на адкрыццё ФАПа сабралася шмат людзей. Фельчарска-акушэрскі пункт памяняў дыслакацыю, са старога будынка ён пераехаў у новы. Для гэтага бібліятэку перанеслі ў іншае крыло Цэнтра культуры і адпачынку, а на яе месцы ўладкавалі медустанову. Калі ў ранейшым ФАПе не было ні вады, ні каналізацыі, то тут усе зручнасці ёсць. І цяпер можна гаварыць пра сучасную ўстанову аховы здароўя.

Тут размясцілі ФАП у Чухаве.

Работу паспяхова правялі спецыялісты філіяла СУ-138 ААТ «Будтрэст № 2». Як і належыць медыцынскай установе, перад уваходам устаноўлены пандус, для чаго спатрэбілася зрабіць цалкам новы ганак. Унутры была праведзена перапланіроўка, абноўлены столь, падлога, сцены, зроблена добраўпарадкаванне. Будаўнікі на гэтым аб'екце выступілі не толькі ў якасці падрадчыкаў, але і спонсарамі, на абсталяванне выдаткавалі 60 тысяч рублёў.

Як паведаміла загадчыца ФАПа Ала ГУЗАРЭВІЧ, цяпер іх установа мае ўсе выгоды, не трэба паліць печ, як было раней. Яшчэ з'явілася новае абсталяванне: партатыўны кардыёграф, апарат для вымярэння ўнутрывочнага ціску, іншыя патрэбныя прылады, у ліку якіх, напрыклад, электронныя вагі, асобна для дзяцей і дарослых. Цяпер маецца ўсё для таго, каб прымаць пацыентаў на адпаведным узроўні і праводзіць якасную дыспансерызацыю.

Паводле слоў кіраўніка справамі Навадворскага сельскага Савета Людмілы МАРЧУК, падчас адкрыцця людзі выказвалі падзяку за тое, што медыцынскую ўстанову размясцілі ў самым цэнтры. Раней яна была ўсё-такі наводдаль, а цяпер усё ў адным месцы: ФАП, крамы, пошта, іншыя сацыяльныя аб'екты, а гэта зручна.

У Навадворскім сельсавеце, дарэчы, у адзін дзень адзначылі наваселле адразу два ФАПы, другі — у вёсцы Чухава. Тамтэйшая ўстанова таксама набыла новы выгляд пасля рамонту. Абслугоўвае фельчарска-акушэрскі пункт 786 чалавек, што на сотню болей, чым нават у Новым Двары. І там медустанова размясцілася ў вялікім будынку Дома культуры ў цэнтры вёскі.

Як падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Юрый БУШЫК, урачыстае адкрыццё медыцынскіх устаноў прымеркавалі да Дня народнага адзінства найперш для таго, каб правесці гістарычную паралель. Згодна з архіўнымі дакументамі, фельчарска-акушэрскія пункты ў Пінскім раёне адкрывалі ў 1939—1941 гадах і пасля вайны. Такім чынам, пасля ўз'яднання Беларусі медыцына па-сапраўднаму зрабіла крок у бок вёскі.

Будынак ФАПа ў Новым Двары. Фота Навадворскага сельвыканкама.

Старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў ЛАЗЮК сказаў, што гэтую патрэбную справу адолелі ўсёй грамадой:

— Падключылася мясцовая ўлада. Не засталіся ўбаку ад важнай дзяржаўнай справы сельгаспрадпрыемствы, будаўнічыя арганізацыі горада і раёна. І на ўрачыстым адкрыцці горача падзякавалі іх калектывам, многіх людзей адзначылі граматамі, падзячнымі пісьмамі райвыканкама і раённага Савета.

Большасць фельчарска-акушэрскіх пунктаў паспяхова працуе пасля рамонту. Як, напрыклад, ФАП у Беразцах, адзін з самых аддаленых у раёне. Раней медустанова тулілася ў старым будынку без вады, іншых камунальных зручнасцяў. Цяпер там ёсць усё, у памяшканні светла і ўтульна. Работа працягваецца на астатніх ФАПах, якія ўжо гатовы амаль на 90 працэнтаў. Наперадзе — клопат пра абнаўленне амбулаторый урача агульнай практыкі, участковай бальніцы сястрынскага догляду.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.