Вы тут

Грыбны «квэст». Што варта прадугледзець, ідучы ў лес?


Ціхае паляванне — у самым разгары. А значыць, усё больш становіцца грыбнікоў, якія не могуць самастойна выбрацца з лесу і вярнуцца дахаты. Прычым губляюцца не толькі грыбнікі-навічкі, а і тыя, хто збірае лясныя дары на працягу дзясяткаў гадоў. І гэта звязана не толькі з тым, што лес мяняецца — зарастаюць даўно знаёмыя сцяжынкі, а добра вядомы шлях перакрывае паваленае дрэва. Нярэдка грыбнікі пераацэньваюць свае сілы і ў пошуках лісічак ды баравікоў пераадольваюць вялікія адлегласці. Вярнуцца назад не дазваляе здароўе. Іншыя, упэўненыя ў сваіх сілах, будучы ў лесе, не звяртаюць увагі на арыенціры — у выніку забрыдаюць у незнаёмыя месцы.


Бярыце з сабой тэлефон!

Практычна кожны дзень, а то і па некалькі разоў за суткі ратавальнікі выязджаюць грыбнікам на дапамогу. У нядзелю супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дапамаглі выйсці з ляснога масіву траім жынчынам і пажылому мужчыну, якія заблукалі на Віцебшчыне.

Пасля абеду ў МНС патэлефанавала жанчына і паведаміла, што яна разам са сваёй дачкой і знаёмай заблудзіліся ў лясным масіве паблізу вёскі Саўчонкі Віцебскага раёна. Як высветлілася, раніцай жанчыны накіраваліся ў лес па грыбы. Калі яны зразумелі, што заблудзіліся, патэлефанавалі ратавальнікам. Сувязь са згубленымі супрацоўнікі МНС падтрымлівалі па мабільным тэлефоне: пацярпелыя тлумачылі, дзе яны прыкладна знаходзяцца. Ратавальнікі падзяліліся на групы і пачалі прачэсваць лес, перыядычна ўключаючы гучнагаварыцелі. Першым жанчын знайшоў ратавальнік Мікалай Мяшчанаў, крыху пазней да іх падышлі астатнія работнікі МНС, якія дапамаглі жанчынам выйсці з лесу і паднеслі сабраны ўраджай. Усе трое былі ў нармальным стане, дапамога медыкаў ім не спатрэбілася.

А ўжо бліжэй да вечара ратавальнікам Віцебшчыны патэлефанаваў мужчына. Пенсіянер паведаміў, што згубіўся ў лясным масіве паблізу вёскі Гародна Бешанковіцкага раёна. У пошуках удзельнічалі падраздзяленні МНС і супрацоўнікі органаў унутраных спраў — усяго восем чалавек на чатырох адзінках тэхнікі. Высветлілася, што ў гэты дзень бліжэй да абеду віцяблянін адправіўся ў лес па грыбы. Час праляцеў незаўважна, пачало цямнець — мужчына зразумеў, што не можа знайсці выхаду з лесу. На шчасце, мабільны тэлефон быў зараджаны: ён патэлефанаваў у службу ратавання.

Як распавёў ратавальнік пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада «Віцязь» Мікалай КАНСТАНЦІНАЎ, першая спроба знайсці пацярпелага аказалася няўдалай. «Была ноч, моцны туман, да таго ж сувязь са згубленым спынілася, бо тэлефон разрадзіўся, — расказаў ён. — Тады мы патэлефанавалі ў міліцыю з просьбай знайсці прыблізнае месца знаходжання мужчыны па тэлефоне, калі ён яшчэ быў у сеціве. Затым ратавальнікі яшчэ раз адправіліся ў глыбіню лесу, і праз некаторы час на гук сігнальна-размаўляльнай прылады мужчына выйшаў. Медыцынская дапамога выратаванаму не спатрэбілася».

Як звяртаюць увагу ратавальнікі, першае, што чалавек павінен узяць з сабой, збіраючыся ў лес, — тэлефон. Абавязкова зараджаны! У выпадку пазаштатнай сітуацыі той, хто згубіўся, можа паведаміць аб гэтым кампетэнтным органам. Акрамя таго, наяўнасць пры пацярпелым мабільнага тэлефона значна аблягчае яго пошукі.

Апранацца ярка і папярэдзіць блізкіх

Увогуле, да паходу ў лес варта рыхтавацца. Збіраючыся па ягады або на ціхае паляванне нават на непрацяглы час, варта ўзяць з сабой невялікі запас ежы, ваду, нож і запалкі. Добра, калі вы паспяхова вернецеся дамоў. Калі ж заблукаеце, то гэты просты набор дазволіць пратрымацца некаторы час.

Вядома, у выпадку надзвычайнай сітуацыі ратавальнікі вас знойдуць, але ніхто ніколі не ведае, колькі гэта зойме часу. Некаторых згубленых адшукваюць за некалькі гадзін, на пошукі іншых нярэдка патрабуюцца суткі і больш. Так, на мінулых выхадных у Глыбоцкім раёне мужчыну, які заблукаў у лесе, ратавальнікі шукалі ўсю ноч. Вечарам 22 верасня ў МНС патэлефанаваў мужчына і паведаміў, што ён згубіўся ў лясным масіве паміж дзвюма вёскамі ў Глыбоцкім раёне. Сувязь з грамадзянінам падтрымлівалася па тэлефоне. У пачатку пошукаў ратавальнікі ўдакладнялі ў яго прыблізныя арыенціры. Гукі сірэны, якія падаваліся з пажарнай машыны, мужчына не чуў. Пошукі працягваліся ўсю ноч. Да ратавальнікаў далучыліся работнікі міліцыі і лясной гаспадаркі — усяго 15 чалавек. Толькі раніцай мужчына выйшаў на сувязь з ратавальнікамі і паведаміў, што ён выйшаў на нейкую прасеку. Пацярпелы ўдакладніў, што ў яго разраджаецца мабільны тэлефон. Супрацоўнікі МНС папрасілі, каб мужчына больш нікуды не ішоў і заставаўся на месцы.

— Мы разбіліся на групы і пачалі прачэсваць усе прасекі, — распавёў ратавальнік Вячаслаў ЛУБЧОНАК. — Я, ратавальнік Арцём Касцевіч і работнік лясгаса паглыбіліся па прасецы кіламетры на тры. У гукаўзмацняльную прыладу перыядычна клікалі мужчыну, праз некаторы час ён адгукнуўся. Мы ішлі наперад і ў хуткім часе ўбачылі таго, каго шукалі. Візуальна ён быў у нармальным стане, дапамога медыкаў не патрабавалася.

Калі чалавек рэгулярна прымае лекі, ратавальнікі рэкамендуюць узяць з сабой іх і падчас наведвання лесу. Як паказвае практыка, невядома, калі пасля збору грыбоў ці ягад чалавек вернецца дахаты, таму тое, што яму жыццёва неабходна, заўсёды павінна быць пры сабе. Акрамя таго спецыялісты раяць паклапаціцца і аб тым, у чым вы пойдзеце ў лес. Апранацца трэба так, каб у адзенні быў хаця б адзін яркі элемент — у надзвычайнай сітуацыі чырвоная куртка або аранжавая камізэлька дапамогуць быць заўважаным. Важна, каб адзенне і абутак не прамакалі.

Калі б мужчына, які днямі згубіўся падчас збору ягад у Ганцавіцкім раёне, не паведаміў аб сваім паходзе ў лес сястры, невядома яшчэ, як бы ўсё скончылася. Калі брат своечасова не вярнуўся дадому, жанчына забіла трывогу: суткі сваяк не выходзіў на сувязь, дома не начаваў. У пошуках мужчыны было задзейнічана шэсць адзінак тэхнікі і 17 чалавек. На ўключаную сігнальную гучнагаварыльную прыладу ніхто не адгукаўся, датэлефанавацца да мужчыны таксама не атрымалася: яго мабільны быў недаступны. Знайшлі пацярпелага пры аб'ездзе ляснога масіву. Пасля агляду брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі яго шпіталізавалі.

Вельмі стомленага і абяссіленага пенсіянера ратавальнікі знайшлі і ў лясным масіве Віцебскага раёна. Аб тым, што муж своечасова не вярнуўся дахаты, супрацоўнікам МНС паведаміла яго жонка. Мабільнага тэлефона з сабой у пенсіянера не было, таму жанчына ўказала ратавальнікам на месцы, куды звычайна муж ходзіць збіраць грыбы.

— На месцы мы пачалі прачэсваць лес і клікаць мужчыну, але ніхто не адгукаўся, — распавёў ратавальнік Андрэй САМАТЫЯ. — Абыходзячы лес, мы звярталі ўвагу на яры і канавы, каб не прапусціць мужчыну, калі раптам яму стала дрэнна і ён упаў. Праз некаторы час пошукаў я ўбачыў чалавека, які стаяў каля дрэва. Гэта быў той, каго мы шукалі. Мужчына быў вельмі стомлены і не мог самастойна перасоўвацца.

На насілках супрацоўнікі МНС вынеслі пенсіянера з лесу. Дапамога медыкаў яму не спатрэбілася.

Як адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ, перад паходам у лес аб сваіх намерах абавязкова варта папярэдзіць родных і блізкіх. «У выпадку, калі вы своечасова не вернецеся дахаты, будзе каму забіць трывогу, — тлумачыць ён. — Пажылым людзям, якія скардзяцца на дрэннае самаадчуванне або маюць хранічныя захворванні, увогуле варта ўстрымацца ад паходаў па грыбы або ягады. Таму, хто ў лесе бывае нячаста, аднаму хадзіць па лясныя дары ўвогуле не рэкамендуецца. Выбірайце сабе спадарожніка, які добра ведае мясцовасць».


Што рабіць, калі вы заблукалі?

  • Калі ж гэта ўсё-такі здарылася, у першую чаргу, не панікуйце!
  • Прыслухайцеся! Гукі могуць дапамагчы вам высветліць, што знаходзіцца побач, ідзіце на іх. Шум трактара звычайна чуваць за 3-4 кіламетры, браханне сабакі — за 2-3 кіламетры, цягнік — за 10 кіламетраў.
  • Шукайце лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі — прытрымлівайцеся іх, і абавязкова выйдзеце да населеных пунктаў.
  • Калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па цячэнні — і заўсёды выйдзеце да людзей.
  • Патэлефануйце ў МНС (па нумары 112) і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце па баках. А калі вы апынуліся ў лесе без тэлефона, супакойцеся і настройцеся на добры зыход.
  • Калі пачынае цямнець, сарыентуйцеся на мясцовасці і падумайце, дзе арганізаваць начлег. Для начлегу можна выкарыстаць яму ад вывернутага з коранем дрэва. Зрабіце з галін сховішча накшталт шалаша і посцілку з падручных матэрыялаў. Ліст газеты, засунуты пад адзенне, у два разы зменшыць цеплааддачу. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад адзенне. Паспрабуйце знайсці ваду. Арганізоўваючы начлег, паклапаціцеся аб тым, каб тыя, хто будзе вас шукаць, не прайшлі міма: дзеля прыцягнення ўвагі павесьце на кусты кепку, хустку або ліст паперы, абламайце галінкі.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МНС

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.