Вы тут

Стаць ферзём у сваёй прафесіі


Мноства пытанняў паўстае перад кожным маладым педагогам. З чаго пачаць? Што сказаць вучням ці выхаванцам пры першай сустрэчы? Як выбудаваць узаемаадносіны з дзіцячым калектывам і знайсці падыход да кожнага? Як зрабіць бацькоў дзяцей сваімі саюзнікамі? Як прызвычаіцца да новай сваёй ролі? Яны баяцца, што вучні не будуць успрымаць іх усур'ёз, баяцца аказацца з дзецьмі на розных хвалях, не ведаюць, як прымуць іх старэйшыя калегі.


Насамрэч, ці заўсёды школа гатова прыняць маладога педагога пакалення «nехt»? Для старэйшых калег па прафесіі і для адміністрацыі школы малады настаўнік — часта такі ж дзіўны і незразумелы чалавек, як, скажам, сучасны старшакласнік. Ды і па ўзросце ён ад адзінаццацікласніка не моцна адрозніваецца. Натуральна, малады спецыяліст здзяйсняе шмат прафесійных памылак, ён менш дасведчаны, чым яго калегі, якія працуюць у школе ўжо не першы год. Да таго ж яму не заўсёды хапае ведаў па прадмеце, методыцы выкладання, навыках узаемадзеяння з вучнямі. Аднак замест слоў падтрымкі часта ў яго адрас гучаць крыўдныя пытанні: «І чаму вас толькі ва ўніверсітэце вучылі?» ці «Вы нават ГЭТАГА не ведаеце?» і г. д. А маладому настаўніку — прадстаўніку новага пакалення — неабходны поспех, кар'ера, прызнанне. І як жа важна не расчаравацца ў сваёй прафесіі ўжо на першых кроках.

Што значыць быць маладым педагогам? Пра гэта шмат разважалі ўдзельнікі Рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют», фінал якога праходзіць гэтым днямі ў беларускай сталіцы.

Ствараць, накіроўваць, натхняць...

— У нас у сістэме адукацыі шмат навацый. Адна з іх, якая выклікае ва ўсіх толькі станоўчыя эмоцыі, — Рэспубліканскі фестываль «Педагагічны дэбют». У цэнтры яго ўвагі — маладыя настаўнікі, маладыя выхавальнікі дашкольных устаноў, маладыя дырэктары школ і маладыя загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Мы цудоўна разумеем: штогадовае папаўненне сістэмы адукацыі маладымі спецыялістамі надае імпульс яе развіццю, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю-конкурсу намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ. — Звяртаючыся да ўдзельнікаў, хачу сказаць, што маладосць — гэта адначасова і перавага, і недахоп, таму што яна хутка праходзіць. Дык цаніце яе, не бойцеся праяўляць наватарства, смеласць, таму што ў вас пакуль адсутнічае закасцянеласць педагагічнага мыслення, якое ўласцівае больш старэйшым вашым калегам.

Вы знаходзіцеся бліжэй да сваіх выхаванцаў і вучняў, ведаеце, што ім цікава і якія формы і метады ў рабоце з імі лепш прымяняць. І ў той жа час вы можаце «запаліць» і больш вопытных сваіх калег, надаць новы імпульс і сваёй установе, і педагагічнай супольнасці, у якой вы працуеце. Форма фестывалю ўнікальная тым, што нароўні з дэманстрацыяй вашага прафесійнага таленту яна мае на ўвазе і фармат сяброўскіх стасункаў. Таму я шчыра жадаю ўсім атрымаць прафесійны запал і рэалізаваць у сценах сваіх навучальных устаноў усе творчыя ідэі, якімі вы тут узбагаціцеся... А фестываль, які праходзіць упершыню, мае вельмі добрую перспектыву — стаць новай традыцыяй у айчыннай сістэме адукацыі і ўпісацца ў рэспубліканскі прафесійны конкурсны рух.

Трэба заўважыць, што «Педагагічны дэбют» стартаваў у мінулым навучальным годзе. Яго ўдзельнікамі маглі стаць маладыя педагогі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі ва ўзросце да 31 года, якія маюць стаж работы на пасадзе не больш як пяць гадоў, незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі. Спачатку праходзілі раённыя, абласныя і Мінскі гарадскі этапы. Затым завочны рэспубліканскі этап, падчас якога настаўнікі і выхавальнікі пісалі эсэ «Я педагог і гэта...» і план-канспект урока па абранай тэме, а дырэктары школ і ўстаноў дашкольнай адукацыі — эсэ «Я — сучасны кіраўнік» і метадычную распрацоўку пасяджэння педагагічнага савета. У вочны этап прайшлі 24 педагогі. Першым выпрабаваннем для іх стала візітная картка на тэму «Пачатак педагагічнага шляху, а для кіраўнікоў — «Я і мая каманда».

— Жыццё поўнае сюрпрызаў, — гаворыць выхавальнік маладзечанскага дзіцячага садка № 27 Настасся ВАСІЛЕВІЧ. — Прызнаюся, што педагагічная прафесія не была маёй дзіцячай марай. У тым узросце я бачыла сябе толькі ветэрынарам. Але лёс прывёў на факультэт дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. І прафесія педагога стала для мяне жыццёвым арыенцірам.

Цяпер кожны крок напоўнены імкненнем ствараць, накіроўваць, натхняць... Аб сваіх выхаванцах магу расказваць гадзінамі: і аб кожным паасобку, і пра ўсіх разам.

«Яна — класная», «прыгожая зайка», «прыгожая пірожанка», «любімая», «ласкавая», «цікавая», «таленавітая», «клёвая», «самая найлепшая», «яна проста супер» — так кажуць пра сваю выхавальніцу дзеці.

«Канешне, прафесія педагога дорыць нямала сюрпрызаў, але мы з маімі выхаванцамі, моцна ўзяўшыся за рукі, ідзём разам. Я разам з імі мару, шукаю сябе, імкнуся ахапіць неабдымнае, узлятаю, не баючыся ўпасці, спадзяюся, веру і люблю. Разам нам пад сілу будзе любы экзамен жыцця, я толькі пачынаю пісаць яго старонкі і веру, што найбольш важнай главой стане педагогіка. Аднак гэта не адзіная глава. Бо, як казаў Антон Паўлавіч Чэхаў, дрэнны той педагог, які не з'яўляецца мастаком і артыстам, горача ўлюблёным у сваю справу. Прафесія выхавальніка мае на ўвазе наяўнасць фантазіі, эмацыянальнасці, харызмы, умення імправізаваць і імпанаваць. Развівацца ў гэтым кірунку мне дае мадэльнае мастацтва, рэклама дзіцячага адзення і візаж, аднак шчасце залежыць не ад прыгожых сукенак, модных прычосак і прафесійнага макіяжу. Яно залежыць ад песні, якую пяе наша душа...»

Зрабіць складанае цікавым

— Я дакладна ведаю, калі распачаўся мой шлях у прафесію, — расказвае пра сябе Дзмітрый РАГАЎЦОЎ. — 7 сакавіка 2015 года ў школе быў дзень самакіравання. На мяне ўсклалі ролю настаўніка фізікі і біялогіі. Быць настаўнікам мне спадабалася літаральна з першай хвіліны, як толькі ўвайшоў у клас. Я зразумеў, што дзяліцца сваімі ведамі з дзецьмі — штосьці неверагоднае! Менавіта пасля гэтага я цалкам пераканаўся, што хачу быць педагогам. Ніякіх іншых варыянтаў! І вось я ўжо студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. Апошнія паўтара года вучобы паралельна працаваў настаўнікам фізікі ў сельскай школе, і веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, не адкладваліся на больш позні час, а прымяняліся тут і зараз.

Дзмітрый РАГАЎЦОЎ: «Як фізік, я ведаю, што сасуд зноў прыйдзецца напаўняць...»

Чэрвень 2019 года. Я — дыпламаваны спецыяліст. Жнівень — настаўнік фізікі ў бабруйскай сярэдняй школе № 31. Эмоцыі перапаўняюць. Ідэі змяняюць адна адну з хуткасцю гуку. Так хочацца ахапіць неабдымнае. У той час мне падавалася, што я напоўнены ўсімі неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, як вось гэты сасуд. Але надышло 1 верасня, і я ўжо літаральна на першых уроках сутыкнуўся з шэрагам праблем, якія дапамаглі мне зразумець, што напоўнены, на першы погляд, сасуд такім не з'яўляецца. Мне на дапамогу прыйшлі старэйшыя калегі, і я зразумеў, што трэба пастаянна самаўдасканальвацца, бо, як кажа народная мудрасць, колькі жыве настаўнік, столькі вучыцца.

Маё ўзаемадзеянне з навучэнцамі базіруецца на асноўных прынцыпах педагогікі супрацоўніцтва. Я вучу дзяцей таму, што ўсё цікавае — складанае, а ўсё складанае — цікавае. А наша жыццё — як паветраны шарык: калі яго не адпусціць, нельга зразумець, як высока можна ўзняцца. Я яшчэ ў самым пачатку свайго педагагічнага шляху, але разумею, што педагагічны сасуд ніколі не можа быць цалкам поўным. А яшчэ як фізік я дакладна ведаю, што пройдзе час, вада выпарыцца, і сасуд зноў прыйдзецца напаўняць, паколькі няма мяжы для ўдасканалення. Мне яшчэ вельмі далёка да дасканаласці, але я дакладна ведаю, што трэба займацца самымі важнымі рэчамі ў гэтым жыцці, неабходна правільна расстаўляць прыярытэты, каб выканаць місію, ускладзеную на настаўніка.

Даць магчымасць больш думаць

— Што наша жыццё? Гульня. А ў кожнай гульні ёсць выбар. Мой выбар — прафесія педагога, — кажа Андрэй МАРОЗАЎ, настаўнік гісторыі з Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна. — Калі прадставіць мой шлях педагога-пачаткоўца ў выглядзе шахматнай партыі, то стане зразумелым, што кожны крок — гэта фігура, якая перасоўваецца па полі. Для мяне як для настаўніка гісторыі шэсць шахматных фігур асацыіруюцца з асноўнымі прынцыпамі ў маёй прафесіі. Кароль — самая галоўная фігура, без якой не будзе сыграна ніводная партыя, не пройдзе ніводнае дзеянне. Для мяне кароль асацыіруецца з настаўнікам, місія якога заключаецца ў тым, каб весці дзяцей за сабой, быць каралём не над імі, а разам з імі, радавацца кожнаму іх поспеху і сумаваць, калі штосьці пойдзе не так, сумесна шукаць шляхі выхаду з са складаных сітуацый. Ферзь — самая моцная фігура. Я хачу быць моцным у веданні свайго прадмета, а яшчэ ў алімпіядах, конкурсах ды паўсюдна. Быць ферзём у сваёй прафесіі, мяркую, хоча кожны. Для мяне важныя творчасць, мэтанакіраванасць, уменне працаваць над сабой...

Андрэй МАРОЗАЎ: «Шэсць шахматных фігур асацыіруюцца з асноўнымі прынцыпамі ў педагагічнай прафесіі...»

Слон — фігура дальнабойная. Відавочны яе недахоп заключаецца ў тым, што слон можа перасоўвацца толькі па клетках свайго колеру. Але на маім педагагічным полі гэта плюс: тайм-менеджмент, перавернуты ўрок, уменне размяркоўваць патэнцыял навучэнцаў з улікам іх матывацыі. Упэўнены, што пры ўзважаным размеркаванні вынік перавысіць усе чаканні…

Самая незвычайная фігура — конь. Яго ўменне пераскокваць праз перашкоды дазваляе яму здзяйсняць асаблівыя хітрасці, якія я называю тактычнымі прыёмамі. Галоўнае, чаго прытрымліваюся ў выкладанні гісторыі, — гэта даць навучэнцам магчымасць больш думаць. Любая сучаснасць — праз імгненне ўжо мінулае. І мы не пабудуем будучыню, не зрабіўшы ўрокаў з мінулага.

«Пешка — душа шахмат», — так паэтычна ахарактарызаваў яе французскі шахматыст XІX стагоддзя Андрэ Філідор. Яна абараняе і падтрымлівае асноўныя фігуры, а ў выпадку поспеху становіцца адной з наймацнейшых фігур. Тут на памяць прыходзяць словы Суворава, што дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Здаровыя амбіцыі — гэта заўсёды прарыў. Сучасны настаўнік — гэта настаўнік, які здольны ствараць камфортныя ўмовы, развіваць інавацыі. Ну вось і ўсё — шэсць шахматных фігур, але якія складаныя задачы яны могуць вырашаць.

Калі камунікатыўнасць суміраваць з фундаментальнасцю ведаў свайго прадмета і памножыць на імкненне і пошук, то вынікам паспяховага праходжання педагагічнага шляху стане любоў да дзяцей і створаная каманда аднадумцаў, здольная пераадолець любыя перашкоды. Вось мая формула. Атрымаць прызнанне вучняў і рэалізаваць сябе з першых дзён работы ў школе, ці магчыма гэта? Упэўнены, што магчыма, галоўнае — верыць у заўтрашні дзень, не баяцца ўкараняць і апрабоўваць, вучыцца і вучыць. У кожнага вучня трэба верыць — вось маё крэда. Умець быць аб'ектыўным, забяспечыць даступнасць падачы матэрыялу, цікавую пабудову ўрока, бачыць на перспектыву, быць валанцёрам, лідарам, патрыётам, заўсёды верыць у сваю прафесію... Гэта толькі першыя крокі, і я ведаю дакладна, што мой шлях у педагогіцы працягваецца.

У фінале рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» педагогаў чакае яшчэ некалькі выпрабаванняў: адкрыты ўрок у незнаёмым класе, адкрыты занятак у незнаёмай групе па прапанаванай журы тэме і публічнае выступленне перад грамадскасцю на тэму «Я педагог! І гэта...» Кіраўнікоў чакаюць майстар-клас кіраўніцкай дзейнасці і публічнае выступленне на тэму «Мая формула поспеху». А 28 верасня ўдзельнікаў фестывалю ўзнагародзяць разам з удзельнікамі заключнага этапу конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Маладыя педагогі запрошаны на ўрачыстую імпрэзу да Дня настаўніка ў Палацы Рэспублікі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.