Вы тут

Пачынаецца сезон загоннага палявання


У адпаведнасці з Правіламі палявання, з 1 кастрычніка да 31 снежня ў краіне акрамя ружэйнага палявання з засады і з падыходу дазваляецца ружэйнае загоннае паляванне на паляўнічых жывёл нарміраваных відаў (лось, дзік, алень высакародны, алень плямісты, лань, муфлон). Паляваць можна загонам і з сабакамі ў светлы час сутак, з засады і з падыходу — на працягу сутак.


Як нагадвае прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі, пры гэтым можна выкарыстоўваць:

— для здабычы лася, аленя высакароднага, лані, дарослага дзіка старэйшых за два гады: наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў, гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі з куляй, паляўнічыя лукі і арбалеты;

— для здабычы аленя плямістага, казулі, муфлона і маладняку дзіка: наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў, гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі з куляй або карцеччу, паляўнічыя лукі і арбалеты;

— паляўнічых сабак: пароды па рашэнні карыстальніка паляўнічых угоддзяў.

Загонныя паляванні з'яўляюцца зонай павышанай рызыкі і патрабуюць ад яе ўдзельнікаў яшчэ большай адказнасці, асабліва ад кіраўнікоў палявання.

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаванні Міністэрства лясной гаспадаркі аб неабходнасці прыняцця дадатковых мер па забеспячэнні захавання правілаў бяспекі на паляванні, маюць месца няшчасныя выпадкі, у тым ліку са смяротным зыходам.

Асноўнай прычынай смяротнага траўміравання ўдзельнікаў палявання з'яўляюцца элементарнае невыкананне правілаў бяспекі яго правядзення, якія рэгламентаваны главой 6 Правілаў палявання, самімі ўдзельнікамі палявання пры яго легальным правядзенні.

Асноўнымі парушэннямі з'яўляюцца:

— стральба на шум, шоргат, па невыразна бачнай цэлі, у тумане, у моцны снегапад, у прыцемках, супраць сонца і пры іншых умовах дрэннай бачнасці, а таксама па птушцы, якая ўзлятае ніжэй чым 2,5 метра ва ўмовах абмежаванай бачнасці;

— стральба да таго, як паляўнічы папярэдне не пераканаецца ў тым, што ў напрамку стрэлу няма людзей або хатніх жывёл;

— пры правядзенні загоннага палявання: вядзенне стральбы па паляўнічых жывёлах уздоўж стралковай лініі, за межамі свайго сектара, пасля сігналу аб заканчэнні загону, самастойным выбары месца і сыходзе з нумара да заканчэння загону.

У сувязі з адкрыццём загоннага палявання, у мэтах прадухілення няшчасных выпадкаў пры правядзенні паляванняў, усім карыстальнікам паляўнічых угоддзяў неабходна арганізаваць дадатковае навучанне службовых асоб (кіраўнікоў палявання) правілам бяспекі палявання.

Таксама Мінлясгас звяртае ўвагу на неабходнасць выканання патрабавання абзаца трэцяга пункта 35 Правілаў палявання, згодна з якім пры рэалізацыі паляўнічай пуцёўкі, дазволу і (або) паляўнічай пуцёўкі да дазволу службовая асоба карыстальніка паляўнічых угоддзяў або яго вышэйстаячай арганізацыі, або іншай арганізацыі, якая заключыла дагавор на рэалізацыю паляўнічых пуцёвак з карыстальнікам паляўнічых угоддзяў, абавязаны азнаёміць паляўнічага з межамі адзінак унутрыгаспадарчага дзялення тэрыторыі паляўнічых угоддзяў, у якіх яму дазваляецца праводзіць паляванне, з устаноўленымі ў паляўнічых угоддзях парадкам правядзення палявання і правіламі бяспекі палявання, пасля чаго паляўнічы распісваецца пра азнаямленне ў паляўнічай пуцёўцы да дазволу.

Калі ў час палявання адбыўся няшчасны выпадак, кіраўнік палявання абавязаны неадкладна праінфармаваць аб няшчасным выпадку органы ўнутраных спраў, кіраўніка карыстальніка паляўнічых угоддзяў, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.