Вы тут

Стаўка на сланечнік. Ці прыжывецца паўднёвая культура на беларускіх палетках?


Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай. Апошнім часам кола айчынных прыхільнікаў гэтай культуры пашыраецца. Сельгасвытворцы паспелі ацаніць якасць каштоўнага кармавога бялку, які ў пэўнай ступені становіцца імпартазамяшчальным. Менавіта такую стратэгію выбралі ў СВК «Гродзенскі», дзе алейная культура вырошчваецца ўжо чатыры гады. А сёлета тут набылі спецыяльную жняярку, якая, дарэчы, выдатна справілася з уборкай сонечнай культуры.


Яшчэ некалькі дзён таму жняярка хадзіла па полі, а цяпер сланечнікавы ўраджай чорнай гарой высіцца на складзе СВК «Гродзенскі». Галоўны аграном Юрый Вялічка зачэрпвае жменю з гэтай гары, перасыпае яе ў руках. Асабіста мне даводзілася бачыць падобныя семкі толькі на рынках альбо ў крамах. Зразумела, што не ў такіх вялізных аб'ёмах.

— У нас тут 430 тон, — акрэслівае памеры сланечнікавай гары мой суразмоўнік. — Гэта ўвесь сёлетні ўраджай. Атрымалі з гектара 43 цэнтнеры. Такі вынік можна лічыць дастойным.

Гаспадарка — адна з нямногіх у Гродзенскім раёне, дзе заняліся вырошчваннем нязвыклай для нашых мясцін культуры. Спачатку паспрабавалі сеяць сланечнік разам з кукурузай для атрымання сіласу — зялёнага корму для жывёлагадоўчага статка. А два гады таму пад сонечную культуру адвялі асобны ўчастак у сто гектараў. Так атрымалася, што якраз каля дарогі. Неяк даводзілася праязджаць міма падчас цвіцення. Прыгожае відовішча! Не дзіўна, што многія спыняліся, каб зрабіць фотаздымкі каля жоўтых сонейкаў, а потым вылажыць іх у сваіх акаўнтах. Такое поле сапраўды спрыяе ўзнёсламу і радаснаму настрою...

У галоўнага агранома падыход да сланечніку больш празаічны.

— Мы вырошчваем не для эстэтыкі, галоўнае — эканоміка, наколькі гэта выгадная культура для развіцця гаспадаркі. У згаданым аспекце асноўная наша задача — забяспечыць жывёлагадоўчую галіну якаснымі кармамі. Яны павінны быць правільна збалансаванымі. Напрыклад, вугляводы мы атрымліваем з кукурузы, якую навучыліся вырошчваць. Але для кармавой базы вельмі важны бялок, без якога не будзе высокіх надояў. Даводзіцца купляць соевы шрот, ён завазны і дарагі. Каб знізіць сабекошт малака, неабходна замяніць соевы бялок іншым, альтэрнатыва — кармавыя бабы, рапсавы і сланечнікавы шрот, — тлумачыць Юрый Вялічка.

Менавіта на гэтыя мэты і пойдзе ўся тая гара сланечніку, што знаходзіцца на збожжаскладзе. Сельгаспрадпрыемства мае ўласную лінію па адцісканні насення. У сярэднім атрымліваецца да 80 тон алею, які гаспадарка паспяхова рэалізоўвае. Макуха ідзе на корм буйнарагатаму статку, што ў якасці бялковай дабаўкі спрыяе высокім надоям.

І хоць сланечнік — больш звыклая культура ў паўднёвых шыротах, яна ўсё шырэй заваёўвае заходнія рэгіёны. Пры гэтым не патрабуе высокапрадукцыйнай глебы. Трэба сказаць, што земляробам самай заходняй зоны Гродзенскага рэгіёна не вельмі пашанцавала. Палеткі тут — то пагорак, то нізіна. Вырошчваць ураджай у такіх умовах няпроста, бо вільготнасць не ўсюды аднолькавая. Калі, напрыклад, азімы рапс трэба сеяць на высокаўрадлівых глебах, то для сланечніку падыдуць і лёгкія пясчаныя ўчасткі.

— Сланечнік — культура цеплалюбівая, больш звыклая для паўднёвых рэгіёнаў. Але мы бачым, што клімат мяняецца, засуха мяжуецца з ліўнямі, а сланечнік можа прыстасавацца да гэтых умоў з-за сваёй магутнай каранёвай сістэмы, яна можа выцягваць ваду. Таму яго можна сеяць на землях, якія лічацца нізкімі па прадукцыйнасці. Напрыклад, на палетках з пагорыстым рэльефам. Трэба вырошчваць такія расліны, якія могуць супрацьстаяць засусе, — упэўнены галоўны аграном.

Ёсць у вырошчванні сланечніку і свае асаблівасці. Сеюць увесну, калі тэмпература паветра не меншая за 8-9 градусаў, пасля таго як расліны ўзышлі, вядзецца падкормка азотнымі ўгнаеннямі. Для сланечніку важна, каб падчас цвіцення не было засухі, бо губляецца маса насення, а значыць, і ўраджай будзе меншы. Адзін з плюсоў — адсутнасць шкоднікаў. А вось ад гнілаты кошыкаў вядзецца апрацоўка фунгіцыдамі. У сувязі з кароткім вегетацыйным перыядам трэба падбіраць адпаведныя гібрыды, каб не зацягваць з уборкай.

На жаль, заспець яе саму не давялося — увесь ураджай дзякуючы цёпламу надвор'ю ў гаспадарцы сабралі на мінулым тыдні. Затое можна ўбачыць на мехдвары даволі цікавы агрэгат — спецыяльную жняярку для сланечніку. Гэта новая распрацоўка гомельскіх машынабудаўнікоў. Дарэчы, агрэгат можа ісці не толькі па даўжыні і шырыні поля, але і па дыяганалі, што дазваляе пазбегнуць страт.

Камбайн зрэзвае сцябло каля кошыкаў сланечніку, жняярка іх забірае, а потым адпраўляе ў малацільны бункер. На выхадзе застаюцца толькі семечкі. Яны прасушваюцца, калі трэба, затым паступаюць на склад.

— У нашых кліматычных умовах сланечнікам займацца можна, гэта рэнтабельная культура, проста трэба дакладна вывучыць тэхналогію яе апрацоўкі, усё падрыхтаваць зараней, як таго патрабуе любая культура, — разважае Юрый Вялічка. — Сэнс у тым, каб атрымаць буйное насенне, якое дасць лепшыя ўсходы.

Пакуль тут выкарыстоўваюць поўнасцю закупное насенне, сваё — толькі гібрыды першага пакалення. Але закупкі не асабліва адбіваюцца на рэнтабельнасці, бо складаюць толькі 5 % сабекошту прадукцыі. Гэты год аказаўся больш удалы. Зрэшты, не толькі па ўраджайнасці сланечніку. Напрыклад, збожжавых культур тут атрымалі больш за сто цэнтнераў з гектара. Сабраны рэкордны ўраджай рапсу — важнай кармавой культуры.

Па словах галоўнага агранома, важную ролю ў тым адыграла так званае дакладнае земляробства. Гэта цэлая сістэма апрацоўкі, якая прадугледжвае комплексны падыход да працэсу вырошчвання раслін на аснове складзеных электронных картаў палёў, на якіх выконваецца зададзены праграмай алгарытм работы. Механізатар устаўляе флэш-карту з заданнем у бартавы камп'ютар і проста кіруе тэхнікай, а агрэгат сам ведае, што сеяць, колькі ўносіць угнаенняў альбо сродкаў аховы раслін.

— Да гэтага нас прымусіла няроўная мясцовасць, што накладвае свой адбітак на ўраджай. Ёсць участкі поля з высокай урадлівасцю, а на пагорках яна нізкая. Дзякуючы электроннай платформе мы можам вызначыць урадлівасць, напрыклад, за пяць альбо восем гадоў. З гэтага і задаецца праграма для кожнага поля. Калі перайшлі на дакладнае земляробства, сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і рапсу значна ўзрасла, сёлета стала яшчэ вышэйшай, — расказвае суразмоўнік.

Што датычыць сланечніку, культура ўжо займае сваё месца ў севазвароце СВК «Гродзенскі». Гэта прадыктавана ўдасканаленнем кармавой базы — такім чынам папаўняецца бялок у рацыёне кармлення статка. Між тым перапрацоўка сланечніку пакуль не вельмі развітая з-за таго, што ён цяжка праходзіць праз прэс, у адрозненне ад таго ж рапсу. Калі рапс перапрацоўваецца ў вялікіх аб'ёмах, то сланечнік — культура хутчэй эксперыментальная. Многія гаспадаркі пакуль толькі прыглядаюцца да яе. Аргументам на карысць вырошчвання сланечніку можа быць той факт, што можна атрымліваць рэнтабельную прадукцыю не з самых лепшых палёў.


У тэму

Найбольшая ўвага ў вырошчванні сланечніку аддаецца ў Гродзенскім раёне. Тут культывацыяй гэтай культуры займаецца шэсць гаспадарак, у асноўным сеюць разам з кукурузай. Але некаторыя, як, напрыклад, СВК «Гродзенскі», вырошчваюць сланечнік у чыстым выглядзе. Кожная гаспадарка шукае магчымасць атрымаць эканамічны эфект.

Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама, пакуль заўчасна адводзіць вялікія плошчы пад сяўбу гэтай паўднёвай культуры. Адна з прычын — невысокая цана рэалізацыі семечак. У асноўным культура ідзе на сілас як зялёная маса. Таксама выказваецца думка, што пасевы сланечніку збядняюць глебу, на ёй пасля дрэнна растуць тыя ж збожжавыя культуры. Як выхад — займацца павышэннем урадлівасці зямлі на такіх участках.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.