Вы тут

«Выкіньце раман Адамовіча...», альбо Лёс аднаго перавыдання


Для чытача многія таямніцы ўнутрывыдавецкай палітыкі, планавання і падрыхтоўкі да выхаду кніг у большасці выпадкаў малавядомыя ці зусім невядомыя. Часам складваецца нават падманлівае меркаванне, што ў добра знаёмых нам раманаў вядомых аўтараў шчаслівы лёс.


Возьмем, напрыклад, славутую «Партызанскую дылогію» Алеся Адамовіча...

У 1960 годзе маскоўскі часопіс «Дружба народов» надрукаваў раман беларускага празаіка «Вайна пад стрэхамі» («Война под крышами»). У тым жа годзе раман выходзіць асобным выданнем у Мінску. Праз тры гады — дылогія, ужо з другім раманам «Сыны сыходзяць у бой», прыходзіць да чытача адной кнігай, таксама ў Мінску. У Маскве другі раман выходзіць асобна — у 1963 і 1964 гадах. І яшчэ — у 1970 годзе. Пры гэтым «Партызанскую дылогію» знайсці на паліцах кнігарняў было даволі цяжка... Асабліва — беларускаму чытачу...

Некаторае святло на выдавецкі лёс папулярных і запатрабаваных чытачом твораў праліваюць тры дакументы, якія захоўваюцца сёння ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Сам пісьменнік звяртаецца ў Дзяржаўны камітэт па друку пры Савеце Міністраў БССР у студзені 1971 года... Працытуем гэты кароткі рукапісны зварот Алеся Міхайлавіча Адамовіча да старшыні камітэта Рыгора Канавалава:

«Паважаны Рыгор Васільевіч!

Вам у Камітэт і ў выд-ва «Беларусь» прыходзяць паперы з дзіўна настойлівай рэкамендацыяй: «Выкіньце раман Адамовіча з плана 1972 г., паколькі ў 1972 г. ён выходзіць у Маскве.

Але Вам, відаць, невядома, што нехта (мяркуючы па хлусні — дробны клерк) ад імя маскоўскага Камітэта па справах друку пазваніў у выд-ва «Художественная литература» і «парэкамендаваў»: «Выкіньце з плана раман Адамовіча, паколькі ён выходзіць (падкрэслена аўтарам звароту — К. Л., В. С.) у Мінску ў 1971 г.»

Вам пішуць, што ў Маскве — у 1972 г., маскоўскаму выдавецтву гавораць, што ў Мінску — у 1971 г., і ўсё дзеля таго, каб, заблытаўшыся, выкінулі і тыя і другія.

З маскоўскім не атрымалася: тыя разабраліся, там ужо карэктура. Цяпер усе намаганні — на Мінск.

Хто гэты дробны хлус, я не ведаю (ва ўсялякім выпадку не так ужо ўпэўнены, каб называць зараз), але што дробны і хлус — гэта відаць «па почырку». І дзейнічае як — праз Маскоўскі Камітэт, хаця сам, зразумела, не адтуль.

У выд-ве «Художественная литература» раман ляжыць з 1966 г. і нарэшце выходзіць у 1971 г. (Леў Салавей таксама бачыў карэктуру)...»

Кароткае адступленне. Леў Антонавіч Салавей (1925 — 1988) — беларускі перакладчык і крытык. Працаваў у Галоўным упраўленні па справах літаратуры і выдавецтваў пры Савеце Міністраў БССР. З 1950 года — рэдактар, з 1968-га — загадчык рэдакцыі перавыданняў і перакладаў выдавецтва «Беларусь». У 1972 — 1983 гг. — загадчык рэдакцыі перакладной літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пераклаў на беларускую мову творы А. Купрына «Алеся», Г. Маркава «Наказ», У. Цендракова «Вясеннія пярэваратні», Ч. Айтматава «Пасля казкі» («Белы параход»), раманы А. Рыбакова «Вадзіцелі», Дзін Лін «Сонца над ракой Сангань», Ф. М. Дастаеўскага «Белыя ночы», А. Ганчара «Бераг любові», А. Кешокава «Зламаная падкова», творы Л. М. Талстога, М. Садавяну, Лу Сіня... Леў Антонавіч шмат перакладаў і з беларускай мовы на рускую — раманы Р. Мурашкі «Салаўі святога Палікара», «Сын», М. Ткачова «Дыханне агню», М. Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі»...

«Што датычыцца плана беларускага, — тлумачыць Алесь Адамовіч, — то я толькі магу паўтарыць, што ў Мінску раман выходзіў толькі ў 1964 г.

Са шчырай павагай Адамовіч».

14 студзеня 1971 г. старшыня Камітэта дае распараджэнне разабрацца па сутнасці. Старшы рэдактар Камітэта Аляксей Гардзіцкі піша на гэты конт даведку (яна датавана 2 снежня). Вось змест той кароткай паперкі, напісанай таксама, як і ліст Алеся Адамовіча, ад рукі: «Сапраўды, дылогія «Партызаны» А. Адамовіча выходзіць у выдавецтве «Художественная литература» не ў 1972 годзе, а ў 1971 годзе.

Разам з тым выдавецтва «Беларусь» лічыць, што выдаваць масавым тыражом раман два гады запар (у 1971 г. выдавецтвам «Художественная литература», і ў 1972 — «Беларусь») немэтазгодна.

Пры абмеркаванні плана выпуска 1972 года ў Дзяржвыдаце (відаць, маецца на ўвазе Дзяржвыдат СССР? — К. Л., В. С.) вырашана раман А. Адамовіча «Партызаны» перанесці ў план выпуска 1973 года.

Пра гэта рашэнне мною паведамлена тав. Адамовічу А. М. па тэлефоне 2/ ІІ — 1971 г. ...»

Алесь Міхайлавіч усё ж меў рацыю, калі перажываў за лёс выдання рамана ўвогуле... Відавочна, што і далей пытанне маглі б завалацужыць. 16 жніўня 1971 г. пісьменнік ізноў звяртаецца да кіраўніка Дзяржкамдруку... «Шаноўны Рыгор Васільевіч!

Хоць я і далёка, аж у Мазыры, але адчуваю, што раман мой і ў план 1973 г. не пападае. Хацеў бы ведаць, якую прычыну (у мінулым годзе — маскоўскае выданне) прыдумаюць на гэты раз.

Умяшайцеся, Рыгор Васільевіч!

З павагай — Адамовіч...»

Гэтым разам Канавалаў рэзалюцыю наклаў канкрэтную: «... Раман т. Адамовіча трэба ўключыць у план...»

Абодва раманы «Партызанскай дылогіі» Алеся Адамовіча ўсё ж былі выдадзены ў Мінску менавіта ў 1973 годзе.

І «Вайна пад стрэхамі», і «Сыны сыходзяць у бой», як і іншыя творы Алеся Адамовіча, назаўсёды ўвайшлі ў скарбніцу беларускай нацыянальнай літаратуры, у яе залаты фонд. Шкада, што і амаль праз тры дзесяцігоддзі пасля смерці Алеся Міхайлавіча так і не прынята рашэнне аб выданні яго Поўнага збору твораў. Пры жыцці пісьменніка выйшаў чатырохтомнік яго мастацкіх і літаратуразнаўчых, літаратурна-крытычных, публіцыстычных твораў. Чаму б не сабраць разам усё зробленае вялікім вучоным і вялікім беларускім празаікам ды публіцыстам?

Кастусь ЛЕШНІЦА

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.  

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».