Вы тут

У музеі-сядзібе Міцкевічаў прайшоў фестываль «Восень у Завоссі»


У філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Музей-сядзіба Міцкевічаў», які знаходзіцца ў вёсцы Завоссе Баранавіцкага раёну, прайшоў традыцыйны літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі». 


У сядзібе, адноўленай у 1998 годзе, нарадзіўся славуты паэт Адам Міцкевіч, якому сёлета спаўняецца 225 гадоў. «Восень у Завоссі» — гэта фэст, на які з’язджаюцца з усіх куточкаў краіны, у яго непаўторная атмасфера, якая адгукаецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю і шануе сваю культуру. Гасцей чакалі экскурсіі па сядзібе, канцэртная праграма, выступленні літаратараў, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы, квэсты, гульні, майстар-класы, фотазоны. Сярод выступоўцаў — салістка Белдзяржфілармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Галіна Сакольнік і музыказнаўца Святлана Немагай, капэла Алеся Лася, народны літаратурны тэатр «Жывое слова», фолк-бэнд «Неруш».

Падчас фэсту былі падведзеныя вынікі творчага конкурса «Там пакінуў я душы часціцу...», у якім удзельнічалі школьнікі з усёй Беларусі. На «Бібліятэчным падворку» адбылося выступленне літаратурнага аб’яднання «Купальскія зоры» з Баранавіч, якім кіруе паэтка Таццяна Яцук. Можна было і набыць кнігі беларускіх пісьменнікаў.

—Вельмі рады, што зноў змог пабываць у адным з цудоўных куточкаў нашай краіны, дзе праходзяць такія літаратурна-музычныя фестывалі, — падзяліўся ўражаннямі намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп. — Амаль у кожным кутку сядзібы адначасова праходзілі імпрэзы, і ўсюды былі слухачы і гледачы. І ўсюды гучала наша мова і наша музыка. Свята было ў кожнай душы і ў кожным сэрцы.

Жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у квэстах «Адамаў шлях пад вечным небам» і «Родная спадчына, як старонка матчына», паглядзець кніжную выставу «Шляхамі паэтычнай музы», набыць сувенірную прадукцыю, наведаць рамесніцкі кірмаш. А яшчэ вылепіць медаль з выявай Адама Міцкевіча, адчаканіць манету з профілем паэта, а таксама скласці з зёлак аромасашэ «Водары Завосся». Партнёрамі фестываля сталі Баранавіцкі раённы выканаўчы камітэт і ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».