Вы тут

Штрыхі да партрэта Паўліны Мядзёлкі


«Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,

З гэткай ласкай глядзеў у яе сумныя вочы, —

Як і сонца не туліць расквечаных ніў,

Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!...

Столькі песень над песнямі ёй я напеў,

Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, —

Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,

Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

...Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —

Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,

І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё.... 

А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..»

Гэты горкі верш Янка Купала напісаў пра сваё палкае і нешчаслівае каханне — прыгажуню Паўліну Мядзёлку, першую выканаўцу ролі Паўлінкі. Так яна найперш і ўвайшла ў гісторыю — пакутлівай Музай вялікага нацыянальнага паэта.


Прайшло 130 гадоў ад таго дня, як у Будславе, у сям’і настройшчыка раяляў і арганаў, нарадзілася чароўная дзяўчынка Паўлінка. Давайце ўспомнім незвычайныя факты з яе біяграфіі, у чым дапаможа і яе «легальная» аўтабіяграфія, выдадзены ў 1974 годзе зборнік «Сцежкамі жыцця», і перавыдадзены поўны варыянт, і тыя запісы, якія яна не прызначала да друку.

Са словамі Мацея Бурачка

Першае публічнае выступленне Паўлінкі адбылося ў Глыбокім, дзе тады жыла сям’я. Дзяўчынка марыла вучыцца, і ёй дапамагла мясцовая жыхарка, панна Юлія — але вучыла на польскай мове і ў духу польскага патрыятызму. 

А потым у рукі Паўлінцы трапіла газета «Наша доля» і «Дудка беларуская» Мацея Бурачка. Асабліва моцна запала ў душу прадмова да «Дудкі беларускай»: «Я сам калісь думаў, што мова наша — „мужыцкая“ мова і толькі таго... пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, або нямецкая, або іншая якая».

Напярэдадні 1907 года панна Юлія прапанавала Паўлінцы выступіць з дэкламацыяй вершаў на навагодняй ёлцы, прачытаць Адама Міцкевіча. А бацька Паўлінкі — агучыць верш Мацея Бурачка толькі нічога не гаварыць загадзя настаўніцы.

І вось пазбіраліся жыхары Глыбокага на навагоднюю ёлку, дзівяцца, як прыгожа ўсё ўбрана, як пекна выступаюць дзеткі. Надышла чарга Паўлінкі... І яна чытае верш Мацея Бурачка, ён жа Францішак Багушэвіч.

«У публіцы падняўся шум, гоман:

— Па-просту гаворыць! Слухайце, слухайце, па-просту, па-нашаму гаворыць!

— Цішэй вы там!

— Не пхніцеся! Дайце паслухаць!

Усе, хто стаяў на вуліцы, пачуўшы, што гавораць вершы на простай, тутэйшай мове, рынуліся ў залу і так стоўпіліся, што бліжэйшым прыйшлося стрымліваць напор.

Аднекуль з’явіўся стол, мяне паставілі на яго і сказалі: «Гавары зноў!»

У польскага панства, між тым, быў шок — яны сабраліся гуртам, шапталіся, потым параілі дзёрзкай дзяўчынцы больш ніколі не выбіраць творы для выступлення, не параіўшыся з паннай Юліяй.

А Купала выбраў Уладку....

«Я адчула, што ім не да спадобы прыйшліся вершы Мацея Бурачка. Але ўсё ж маё першае публічнае выступленне было на роднай мове».

Перабежкі з місай у руках

Увосень 1912 года Паўлінка паехала ў Пецярбург, на Вышэйшыя камерцыйныя курсы. Грошай было няшмат, і ёй параілі харчавацца ў студэнцкай сталоўцы, арганізаванай студэнцкай касай узаемадапамогі. Там было танна, і можна было падтрымліваць патрэбныя сувязі. Але Паўлінка не чакала, які ў той сталоўцы ў яе атрымаецца канфуз.

«У першыя дні я са сваёй міскай садзілася за стол, за якім бачыла сваіх сяброў з нелегальнага гуртка ў Вільні ці студэнтаў-беларусаў. Але аднаго разу, не пабачыўшы нікога з іх, я села на першае вольнае месца, якое трапілася на вока. Праз хвіліну падыходзіць да мяне нейкі хлопец і кажа:

— Чаму вы селі за гэты стол?

— Як гэта — чаму? — здзіўлена адказваю. — Вольнае месца, я і села.

— Вы, наколькі я заўважыў, — не належыце да нарадовай дэмакратыі?

— Не. А чаму вас гэта цікавіць? — падазрона пытаю.

— Бо я вас бачыў перш за сталом сацыялістаў, пасля сярод хрысціянскіх дэмакратаў, а цяпер за сталом эндэкаў. Ці вы так часта мяняеце свае погляды, ці наогул беспрынцыповы чалавек?

— Я мяняю не свае погляды, а стол, за якім ёсць вольнае месца, адказваю ўжо злосна».

На абурэнне Паўлінкі хлопец патлумачыў, што кожная палітычная групоўка студэнтаў мае тут свой стол і ніхто за чужы не сядае.

Прыйшлося Паўлінцы даядаць свой суп стоячы.

Нагадаю, што менавіта там, у Санкт-Пецярбургу, Паўлінка стала легендай, калі сыграла галоўную ролю ў прэм’еры п’есы Янкі Купалы «Паўлінка» на сцэне рабочага клуба «Пальма».

Прыўлашчаны верш

Паўліна Мядзёлка моцна перажывала, як выдаўцы пакрэслілі яе мемуары, хоць сама разумела: не ўсё магло прагучаць у савецкія часы. У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваецца яе сшытак, на першай старонцы якога значыцца: «Беглыя нататкі для памяці (Факты, якія ніколі не могуць і не павінны быць апублікаваны)». «А памяць затухае... Калісь вострая памяць катастрафічна затухае. І не дзіва — праз 3 месяцы мне стукне 75 гадоў. Трэба спяшацца, каб хоць паасобныя ўрыўкі, што ўсплывуць на памяць, запісаць».

Зразумела, мы павінны ўлічваць, што аўтар патаемных запісаў думала і пра тое, як будзе выглядаць для нашчадкаў, таму не ўсё ў іх варта прымаць на веру.

2 мая 1970 г. Паўліна Мядзёлка занатоўвае чарговы ўспамін:

«Быў гэта быццам мілы сон...» Толькі што пачула гэтыя словы па радыё ў кампазіцыі з твораў Я. Купалы «Яна і ён». І ўспомнілася тое, пра што нікому сказаць, ні ў сваіх «Сцежках жыцця», напісаць не магу, не хачу. А вось сама сабе... Не магу ўстрымаць успамінаў.

...Вільня. 1914 год. Седзячы ўдваіх з Янкам за столікам цукерні «Зялёнага Штраля», дзе кожны вечар сустракаліся нашаніўцы, акторы, мастакі, Янка сказаў:

— Паўлінка, давай мы з табой пажэнімся, раздзялі ты са мною долю і нядолю.

Хоць гэта было вымаўлена зусім сур’ёзна, але я не паверыла ў гэту сур’ёзнасць, бо ні разу з яго боку не чула слоў кахання. Нават тады, калі ў Пецярбурзе ў 1913 г. палез да мяне цалавацца пасля няўдалай сцэны на рэпетыцыі «Паўлінкі» («Ты прыйшоў вучыць мяне, як цалавацца з Якімам? Пайшоў прэч! Без тваёй навукі абыдуся!», — так тады адказала яму).

А ў той вечар у Штраля —

— Яначка, я цябе люблю, як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай».

Да таго ж патлумачыла, што яе сэрцам уладарыць іншы.

На наступны вечар Янка Купала прыйшоў у тую ж цукерню маўклівы, змрочны, прызнаўся, што ўсю ноч не спаў і напісаў верш, які і даў Паўлінцы прачытаць:

«Быў гэта толькі сумны сон

Душы расплаканай маёй,

Што сярод будніх цяжкіх дзён

Я свята меў, глядзеў ясней...

Быў гэта толькі сумны сон,

Што развяду я з ёй бяду...»

Паўліна піша, што пазней часта спявала гэтыя словы на матыў Глінкі «Не искушай меня без нужды». Вядома, яе самалюбства цешыла, што яе адмова гэтак узрушыла паэта і вылілася ў цудоўны верш. І да канца жыцця яе вярэдзіла, што Купала ўрэшце ажаніўся з яе сяброўкай, Уладзіславай Станкевіч, якую Паўліна відавочна лічыла куды менш прывабнай за сябе. У патаемных нататках вельмі шмат прысвечана абгрунтаванню думкі, што Купала Уладзіславу не кахаў, жыццё з ёю было нешчаслівым, увогуле з Паўлінкай яму было б куды шчасней. Часам яна нават сцвярджала ў гутарках, што таксама кахала Купалу. Але хацела «праверыць пачуцці».

«І якое ж было маё здзіўленне, калі Владка ўжо ў гады вайны ў Маскве паказала мне выразку з „Нашай нівы“ з гэтым вершам з надрукаваным прысвячэннем Уладзіславе Станкевічанцы».

Зразумела, Мядзёлку гэта закранула, тым болей давесці сваё права на верш народнага паэта, якога ўжо не было ў жывых, — як? Яе ўзрадвала, што ў поўным зборы твораў Янкі Купалы верш быў надрукаваны ўвогуле без прысвячэння. Яна нават удакладніла ў вучонага сакратара музея Янкі Купалы, і той патлумачыў, што прысвячэння не ставілі, бо ў рукапісе, які захаваўся ў архіве, яго няма. Мядзёлка зрабіла выснову, што прысвячэнне ў «Нашай ніве» з’явілася пасля таго, як Уладзіслава стала жонкай Купалы — натуральна, паэт хацеў зрабіць падарунак маладой жонцы.

«Калі так, дык якая ж сувязь гэтага верша з Владкай?» — крыўдуе Паўліна Мядзёлка. Але зрабіць, каб верш друкаваўся з прысвячэннем ёй самой, было не ў яе ўладзе.

Містычны покліч праз завіруху

Шмат давялося перажыць Паўлінцы... Прайшла і польскія турмы, і сталінскія... Заўсёды заставалася беларускай патрыёткай — паводле слоў Уладзіміра Калесніка, у Гародні польская клерыкальная газета назвала Мядзёлку Мяцёлкай, якая вымятае польскі дух і насаджвае беларускі. Апісваючы, як яны з мужам чакалі расстрэлу ў Мінску, акупаваным белапольскімі войскамі, яна перадае свае думкі: «Так, жыццё я складаю на алтары Бацькаўшчыны. Ах, вянкоў ніякіх не патрэбна! Жыццём і смерцю сваёй я хацела б збудзіць да чыну тых, якія дрэмлюць яшчэ, хацела б вочы іх звярнуць да сонца праўды, у душах іх распаліць агонь гарачага кахання да Бацькаўшчыны...» Вось калі яе арыштавалі ў 1930-м, ужо ў савецкай турме, рамантычны пафас знік. Пасля дзесяці дзён канвеернага допыту падпісала ўсё... Высылка ў Казань, дзе працавала, паводле некаторых крыніц, у Наркамасвеце. Потым нейкі час настаўнічала ў Маскве. Потым вярнулася на Беларусь, у родны Будслаў. Таксама настаўнічала.

Неадназначнымі выглядаюць і яе адносіны з сям’ёй Купалы — а яна была частай госцяй у іх доме па сваім прыездзе ў БССР. Колішні бялявы хлопец з несур’ёзнымі размовамі цяпер быў гонарам народа, жывым класікам, уганараваным усемагчымымі прывілеямі — але ж і знаходзіўся пад увесьчасным наглядам.

Уладзіслава Францаўна заўсёды ветла прымала сяброўку, а ў апошнія гады часта нагадвала, што яны амаль апошнія засталіся са свайго былога кола і трэба трымацца адна адной.

«25 лютага 1960 г. вечарам я за сваім сталом — чытала ўголас маме якуюсь кнігу. А ў галаве мільгала думка, што мне сёння трэба выехаць у Менск. Чаго? Каму я там патрэбна? Праганяю гэту думку і прадаўжаю чытаць. І зноў: як жа мне дабрацца да станцыі? На дварэ сільная вея, гурбы снегу... Ну, што за ліха! Нашто мне здаўся той Менск, чытаю далей. А што мне сядзець? Што з сабой узяць? І да таго гэтыя назойлівыя думкі надакучылі, што не змагла далей чытаць. Каля 10 гадзін вечара заходзіць суседка, у якой дома ёсць тэлефон.

— Паўліна Вікенцьеўна, званілі з пошты, прыйшла вам тэлеграма з Мінска.

— Як жа я пайду на пошту ў такую завіруху? А не перадалі тэксту тэлеграмы?

— Памерла Брані... Брані... вось забылася...

— Уладыслава Францаўна? — ускрычала я.

— Ага!

Дык вось чаму мне трэба зараз жа сабірацца ў Менск!»

Паўліна Мядзёлка паехала ў Мінск і прысутнічала на пахаванні Уладкі. Гэтак жа, як гадамі раней на пахаванні Янкі Купалы. Калі ён загінуў, яна якраз была ў Маскве. Менавіта нататкі Мядзёлкі аб тых падзеях у яе патаемных запісах сталі важнай крыніцай для многіх, хто спрабаваў разгадаць таямніцу гібелі паэта.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.