Вы тут

Выстава пра жыццё Купалы ў сяле Пячышчы праходзіць у Мінску


Айчыннай войнаў стала прытулкам для многіх бежанцаў з Беларусі. Іх цяжкі лёс падзяліў і Янка Купала, які жыў у сяле Пячышчы Верхняўслонскага раёна з 13 лістапада 1941 да 13 чэрвеня 1942 года. Гэта адносна малавядомая старонка жыцця паэта. Пра яго побыт у эвакуацыі можна даведацца як у экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску, так і ў адзіным музеі песняра Беларусі за межамі краіны — Мемарыяльным музеі Янкі Купалы ў сяле Пячышчы. Ён быў створаны ў 1975 годзе і з’яўляецца філіялам Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан.


Янка Купала, 1941 г. (Такім бачылі паэта ў Татарстане.) Са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Абодва музеі яднае даўняе сяброўства і супрацоўніцтва. Сёлета ладзіцца сумесны выставачны праект «Тут усякая рэч як гавора з табой...», які ў красавіку экспанаваўся ў Казані, а з 12 да 25 верасня — у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Татарстан у Рэспубліцы Беларусь. Калегі з Пячышчаў прывезлі з сабой шум волжкіх хваляў, унікальнае відэа землякоў з аповедам пра Янку Купалу і анімацыйныя ролікі па яго творах, даступныя праз QR-коды. 

Самае кранальнае, пра што сведчаць успаміны, — ідэя музея над Волгай пачала выспяваць як жывая памяць людзей, асабіста знаёмых з Янкам Купалам. Па ўспамінах мастака Канстанціна Елісеева ведаем цікавы выпадак, пра які сам паэт распавёў сябру 26 чэрвеня 1942 года пры сустрэчы ў Маскве: «Гуляю аднаго разу па беразе Волгі, а мне насустрач чалавек, мясцовы жыхар, татарын. Падышоў да мяне, прывітаўся і пакланіўся. Я яму адказаў на прывітанне і пайшоў. Іду назад, а ён зноў мне на спатканне і зноў пакланіўся. Я спыніўся і кажу: „Выбачайце, скажыце, дзе мы з вамі сустракаліся, не прыпомню нешта?“. А ён кажа: „Мы з вамі нідзе не сустракаліся, і вы мяне не ведаеце, а я вас пазнаў па пар¬трэце ў нашай газеце, вы — Янка Купала?“ — „Але, — кажу, — Янка Купала“. — „Ну вось, значыць, я не памыліўся і адразу пазнаў вас, а пакланіўся таму, што чытаў вашы вершы — у нас ёсць татарскія пераклады вашых вершаў, ну і, значыцца, лічу, што вы мой знаёмы, і, як свайму знаёмаму, якога я вельмі паважаю, я і пакланіўся“». 

Першым крокам мемарыялізацыі стала ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў Янка Купала, у маі 1950 года. На ўрачыстасці прысутнічала жонка паэта, стваральніца і першы дырэктар Музея Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Зробленыя тады фотаздымкі захоўваюць памяць пра яе сустрэчы з даўнімі знаёмымі. Сярод іх — прафесар Аляксандр Вазнясенскі (1888— 1966), даследчык творчасці Янкі Купалы, знаёмы з паэтам з 1926 года, аўтар даследавання «Нарысы па гісторыі навейшай беларускай літаратуры» (Казань, 1944); сябар паэта медыявіст Уладыслаў Чаржынскі і яго жонка Яўгенія, сястра Змітрака Бядулі; перакладчык твораў Янкі Купалы Закі Нуры, дырэктар Музея Максіма Горкага ў Казані Марыя Елізарава. 

Пакой Янкі Купалы ў Пячышчах. Са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Музей у Пячышчах мемарыяльны. Сярод асабістых рэчаў паэта зберагаецца рэпрадуктар, які, па успамінах відавочцаў, яму ўстанавілі як ганароваму госцю. І рабочым ужо не трэба было ісці да сельсавета, каб паслухаць навіны: Янка Купала ставіў рэпрадуктар на акно, выходзіў у двор, частаваў усіх махоркай, і яны разам слухалі зводкі. 

Наблізіць да нас вобраз Янкі Купалы, яго думкі і настроі дапамагаюць успаміны цёзкі паэта, дырэктара Мельзавода № 1 Івана Наякшына, напісаныя 10 ліпеня 1942 года, верагодна, па просьбе Уладзіславы Луцэвіч. Дзевяць машынапісных аркушаў маюць уліковы нумар КП 1416 у зборы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. З іх даведваемся, што надвор’ем у лістападзе 1941 года завалодаў сцюдзёны паўночны вецер, хвалі Волгі пачаў апаноўваць лёд, дождж і слота змучылі ўсіх, хто чакаў пераправы, каб дабрацца ў Казань. Завочна знаёмы з Янкам Купалам па яго творах, Іван Наякшын запрасіў паэта ў свой кабінет і ўбачыў стомленага, змерзлага чалавека, на якім было «доўгае футравае паліто, на галаве малахай, на нагах фетравыя боты ў галошах». За кубачкам гарбаты Янка Купала з удзячнасцю прыняў прапанову спыніцца на кватэры ў Пячышчах. Так, следам за Вязынкай і Мінскам, у яго лёсе з’явілася яшчэ адна незвычайная «хатка над рэчкаю» — будынак прадпрыемства Гандлёвага дома «Іван Аконішнікаў і сыны», які ў 1895 годзе збудавалі ў Пячышчах, на правым беразе Волгі, найбуйнейшы ў свеце паравы вальцавы млын — унікальны помнік прамысловай гісторыі. 

У першыя месяцы жыцця ў Пячышчах Янка Купала хварэў, чытаў кнігі і працаваў у ложку. І асабліва цяжка перажываў, што «пакінуў на радзіме сваю старую матулю і згінуў яго велізарны багаты архіў». Паэт прагна лавіў кожны выпуск навін і, як даведаўся пра пераможныя баі пад Масквой і Растовам, стаў здаравейшы, маладзейшы і больш бадзёры. Пазнаёміўся з многімі рабочымі, а таксама вельмі цікавіўся ўсім тэхналагічным працэсам, работай і адметнасцю кожнага механізма — «ён любіў сябе называць волжскім мукамолам і ў апошні час стаў патрыётам нашага завода». 

З надыходам вясны Янка Купала часта гуляў па гарыстых ваколіцах. Любімае месца яго адпачынку — «на гары, ля клуба, на лаўцы ля крутога берага Волгі, там яго можна было часта сустрэць у 5–6 гадзін раніцы, дзе ён любаваўся прыродай». 

Выстаўка «Тут усякая рэч як гавора з табой...» дае магчымасць убачыць унікальныя дакументы, фотаздымкі, рэчы, якімі карыстаўся Янка Купала ў эвакуацыі, а таксама прадстаўляе дзейнасць Музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы. 

Выказваю шчырую падзяку калегам з Татарстана за захаванне памяці, папулярызацыю асобы і творчасці Песняра Беларусі. І, канечне, запрашаю чытачоў пры нагодзе абавязкова наведаць абодва музеі песняра. 

Марыля БАРТКОВА, загадчык аддзела навуковаэкспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.