Вы тут

Магілёўская бібліятэка прысвяціла электронны рэсурс медыкам Прыдняпроўскага краю


Медык — самая што ні на ёсць высакародная прафесія, мірная і стваральная. Гэта тэма ў Год міру і стваральнай працы стала для спецыялістаў Магілёўскай абласной бібліятэкі ім. В.І. Леніна нагодай для распрацоўкі электроннага краязнаўчага рэсурсу «Медыцынскія работнікі Магілёўскай вобласці». 


— Аснову інфармацыйнага рэсурсу складаюць матэрыялы аб жыцці і дзейнасці медыкаў, якія стаялі ля вытокаў развіцця медыцыны на беларускіх землях, — расказвае загадчык аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы абласной бібліятэкі Наталля Дробышава. — Тут адлюстравана дзейнасць вучоных-медыкаў, ураджэнцаў Беларусі або тых, якія працавалі на яе тэрыторыі і ўнеслі значны ўклад ў развіццё не толькі беларускай навукі, але і агульнаеўрапейскай. Сабрана інфармацыя пра ўрачоў і сярэдніх медыцынскіх работнікаў, якія самааддана працавалі на франтах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Медыкаў, якія і ў цяперашні час выконваюць прафесійны абавязак, не шкадуючы сябе.

База даных складаецца з раздзелаў — «Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны», «Удзельнікі вайны ў Афганістане», «Навукоўцы ў галіне медыцыны», «Заслужаныя медыцынскія работнікі», «Людзі годнай прафесіі».

Старонка кожнай персаналіі змяшчае біяграфічныя даныя, звесткі пра воінскае або ганаровае званне, узнагароды, а таксама архіўныя дакументы, матэрыялы ў сродках масавай інфармацыі, бібліяграфію.

У раздзеле «Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны» можна знайсці інфармацыю пра партызанскіх лекараў, фельчараў і медыцынскіх сёстраў, якія былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За адвагу». Сярод іх Мікалай Кніга, Дзмітрый Зухцікаў, Ніна Алейнікава і іншыя.

Імя легендарнага доктара медыцынскіх навук, прафесара, Заслужанага ўрача БССР Дзмітрыя Бяляцкага знаходзіцца ў раздзеле «Заслужаныя медыцынскія работнікі». Гэты чалавек займаўся абясшкоджваннем і ліквідацыяй лагераў смерці, створаных фашыстамі для грамадзянскага насельніцтва, у тым ліку лагера «Азарычы».

Прачытаць пра ўраджэнца вёскі Мужычок Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні Іерафея Касценіча — вучонага ў галіне афтальмалогіі, доктара медыцынскіх навук — можна ў раздзеле «Вучоныя ў галіне медыцыны». Іерафей Касценіч кіраваў кафедрай афтальмалогіі Пецярбургскага клінічнага інстытута, яго пацыентам быў вядомы вучоны, стваральнік табліцы хімічных элементаў Дзмітрый Мендзялееў. Наш зямляк паспяхова прааперыраваў яму катаракту абодвух вачэй.

Дарэчы, менавіта з гэтага рэсурсу можна даведацца, што самая першая ў Расіі і другая ў свеце жанчына — акушэр-гінеколаг Варвара Кашаварава-Руднева нарадзілася менавіта ў Чавусах Магілёўскай губерні. У 1863 годзе, у выглядзе выключэння, яна была залічана ў Медыка-хірургічную акадэмію. Гэта стала сапраўднай сенсацыяй па тых часах, бо жанчыны на той момант не мелі права на вышэйшую медыцынскую адукацыю.

Пры стварэнні інфармацыйнага рэсурсу выкарыстоўваліся дакументы з уласнага фонду, а таксама матэрыялы з адкрытых крыніц сеткі Інтэрнэт.

Электронны рэсурс знаходзіцца ў свабодным доступе на сайце ўстановы. База даных будзе карысная ветэранам медыцынскай службы, медыкам, краязнаўцам, студэнтам, а таксама тым, хто цікавіцца развіццём аховы здароўя Магілёўскай вобласці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва аблбібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.