Вы тут

Красоўкі і твідавы гарнітур — не пара


Сучасны свет становіцца ўсё больш памяркоўным да таго, як чалавек апрануты. Але ўсё ж і сёння застаюцца месцы, якія маюць на ўвазе пэўны дрэс-код. А таксама тыя, хто па-ранейшаму сустракае і мяркуе пра нас па вопратцы.


Якія памылкі залішне відавочна паказваюць на адсутнасць густу? Чаго ў сваім гардэробе лепш пазбягаць, каб не выглядаць адкрыта недарэчна? На якія стылявыя промахі сучаснікаў зважаюць спецыялісты?

Сваімі назіраннямі на гэты конт я папрасіла падзяліцца дызайнера, магістра мастацтвазнаўства, старшага выкладчыка кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марыну МАШЭДА.

У сетках у моды

— На мой погляд, прыкрыя стылявыя казусы, недарэчнасці ў гардэробе часта тлумачацца сляпым прытрымліваннем модным тэндэнцыям, без уліку асаблівасцяў сваёй фігуры, узросту, статусу, — кажа Марына Машэда. — Вось сёння ў модзе аб’ёмныя джынсы з нізкай станам. Але некаторым жанчынам яны катэгарычна не ідуць. Навошта ж такімі рэчамі папаўняць гардэроб? Або аверсайз-мадэлі. Ёсць тыя, на кім яны глядзяцца цудоўна. Аднак уладальніцам пышных формаў ад іх лепш адмовіцца: яны візуальна яшчэ больш павялічваюць постаць.

Яшчэ распаўсюджаная памылка — неадпаведнасць адзення месцу знаходжання. Паміж стадыёнам і тэатрам ёсць розніца. Ніхто не адмяняў дрэс-кода падчас дзелавых, афіцыйных сустрэч. Выбіраючы прадметы гардэроба, заўсёды трэба прымаць да ўвагі, куды і навошта мы ідзем, чым будзем там займацца. Так, нашы сучасніцы цалкам могуць дазволіць сабе хадзіць улетку ў шортах-бярмудах. Але іх лепш усё ж насіць за горадам, на адпачынку, а не на работу. А на канцэрт класічнай музыкі відавочна недарэчна апранаць сукенку з эфектам «памятасці» ці з неапрацаванымі бакамі, нават калі яна вельмі вам падабаецца.

Спартыўны абутак не заўсёды дарэчны

— Некалькі гадоў таму ў наш паўсядзённы гардэроб трывала ўвайшоў зручны і практычны спартыўны абутак, — адзначае Марына Машэда. — Але апранаючы яго, трэба і адзенне выбіраць адпаведнае: камфортнае, свабоднае, аб’ёмнае. Да яго падыдуць, напрыклад, модныя ў гэтым сезоне шырокія штаны, сукенкі спартыўнага стылю ці ў стылі кэжуал. З аксэсуараў для стварэння гарманічнага вобразу лепш упадабаць кайстру-шопер або заплечнік.

Нажаль, часта сустракаеш жанчын у строгіх дзелавых гарнітурах і ў красоўках. Спалучэнне класічнага верха і спартыўнага абутку вельмі недарэчнае, яно стварае супярэчлівы і дзіўны вобраз. Гарнітур транслюе дзелавітасць, адказнасць, канкрэтнасць, а абутак — звычку да камфорту, непасрэднасці, волі. Таксама варта пазбягаць «саюза» красовак з твідавым касцюмам у стылі Како Шанэль. Злучэнне жаноцкага і элегантнага верха і спартыўнага абутку таксама выклікае ў навакольных дысананс успрымання.

І ў баль, і ў свет?

— Калі бачу ў горадзе дзяўчын у легінсах і топах, кожны раз думаю: на пляжы або на фітнес-занятках гэта глядзіцца выдатна, а вось на вуліцах мегаполіса — відавочна маветон, — прызнаецца Марына Машэда. — Калі камусьці вельмі ўжо хочацца «ўпісаць» спартыўнае адзенне ў паўсядзённы гардэроб, трэба рабіць гэта акуратна. Скажам, надзець па-над топам модныя ў гэтым сезоне ажурныя вязаныя рэчы. Да легінсаў падабраць больш аб’ёмны, свабодны верх, які б затуляў ягадзіцы. Цяпер у модзе скарочаныя легінсы — веласіпедкі. Калі яны знарочыста спартыўнага стылю (з кантраснымі кантамі, лампасамі і да т. п.), то для паўсядзённага жыцця катэгарычна не падыходзяць. Наогул, апранаць спартыўны гарнітур і на ранішнюю прабежку, і на працу, і ў тэатр гэта значыць ператварыць жыццё ў дзень сурка.

Смеласці — так, благому густу — не

— Быць дарослым, сталым — гэта сёння стала «супер», маючы на ўвазе цікавае, насычанае жыццё, — падкрэслівае Марына Машэда. — Асабіста ў мяне жанчыны ва ўзросце 45+ у залішне абліпальных сукенках, кароткіх спадніцах, з празмерна глыбокім дэкальтэ не выклікаюць нейкага катэгарычнага адрыньвання. Такія дамы, мяркую, цалкам сябе прынялі і зусім не камплексуюць з нагоды сваіх гадоў, постаці, не напружваюцца з-за грамадскай думкі. Як правіла, гэта смелыя жанчыны, якія не страцілі цікавасці да жыцця. Выбіраючы досыць правакацыйныя вобразы, яны імкнуцца ўсяляк падкрэсліць свае добрыя якасці, адкрыць тое, што хораша, каб прыцягнуць да сябе ўвагу прадстаўнікоў процілеглага полу. Часам гэта тлумачыцца тым, што яны адчуваюць сябе маладзейшымі за пашпартны ўзрост.

Часам дама ва ўзросце шукае новы вобраз, жадаючы вярнуць сабе эмоцыі, перажытыя ў маладосці. Напрыклад, жанчына 45+ прыходзіць у малады калектыў, дзе ўсё сочаць за модай, надаюць вялікае значэнне свайму вонкаваму выгляду. Не выключана, што яна пачне слепа раўняцца на супрацоўніц, прыдатных ёй у дочкі. Многім хочацца выглядаць сучаснымі, стыльнымі, а ведаў, як гэтага дабіцца, не хапае. Гэта зусім не значыць, што дамы ва ўзросце павінны насіць выключна чорныя балахоны. Проста лепш аб’ектыўна ацэньваць сваю фігуру, не насіць адзенне з вялікам дэкальтэ, падбіраць ніжнюю бялізну ці ніжнюю сукенку да празрыстай адзежы. Адна справа — калі ваш вобраз будзе выклікаць лёгкае хваляванне, зусім іншае — калі гэта будзе выглядаць вульгарна.

Калі касметыкі занадта шмат

— Яркі макіяж у дзённы час — дастаткова распаўсюджаная памылка, — лічыць Марына Машэда. — Здавалася б, гэта аксіёма: яркі макіяж — для вечара, днём ён павінен быць натуральным. Аднак па-ранейшаму сустракаецца меркаванне, што багацце касметыкі здольна схаваць узроставыя праблемы. Гэта памылка: звычайна такім чынам іх толькі падкрэсліваюць.

Назіраю, што многія дзяўчыны сёння часта аддаюць перавагу даросламу макіяжу. Магчыма, гэта тлумачыцца пошукам сябе, жаданнем прыцягнуць мужчынскую ўвагу, нейкімі асобаснымі асаблівасцямі, але выглядае гэта негарманічна, часам нават агрэсіўна. Рэкамендавала б усім, хто з дапамогай касметыкі імкнецца схаваць недахопы, звярнуцца да візажыстаў. Адзін-два візіты да прафесіянала, і стане зразумела, які варыянт макіяжу падыходзіць менавіта вам.

Ці ёсць забарона на спалучэнне колераў?

— Нейкіх катэгарычных табу на спалучэнне колераў у гардэробе цяпер няма, — расказвае Марына Машэда. — Важна не перабраць з каляровай палітрай, з малюнкамі. Да спадніцы з прынтам рэкамендуецца абраць аднатонны верх і наадварот. Можна злучаць рэчы як кантрасных, так і роднасных колераў. Але трэба памятаць: колеравы кантраст у адзенні — гэта заўсёды пра прапорцыі. Калі яны не выкананы, тым самым можна падкрэсліць буйныя сцёгны, спусцістыя плечы і ў цэлым стварыць пра сябе пройгрышнае ўражанне.

Часам дзяўчыны, апранаючыся выключна ў чорна-белыя ўборы, выглядаюць прыкметна старэй, невыразна, блякла. Такое кантраснае спалучэнне падыходзіць жанчынам з колератыпам «зіма», якія прадугледжваюць кантраст паміж колерам валасоў і скуры. У нас жа пераважаюць колератыпы «лета» і «восень», для якіх пераважная мякчэйшая, цёплая гама. Улічваць свой тыпаж, выбіраць рэчы таго ці іншага колеру важна, каб не падкрэсліць узрост, недахопы фігуры, скуры і да т. п.

Апранайцеся па сезоне

— Часам я бачу, як пад джынсавыя шорты апранаюць калготы, спадзеючыся схаваць недахопы ног, — дзеліцца Марына Машэда. — Шорты — летняе адзенне, прызначанае для адпачынку. А калготы — пра халодную пару года, пра дрэс-код. Сумяшчаць іх — значыць, парушаць гармонію.

Басаножкі таксама несумяшчальныя з калготамі. Сама назва паказвае: іх апранаюць на «босыя ножкі». Выключэнне — мадэлі з закрытым носам, а таксама тыпу дзедаўскіх сандаляў.

Адпаведнасць сезону — адна з праяў густу. Калі дзяўчыны апранаюцца відавочна не па надвор’ю: у халодны перыяд залішне агаляюць жывот, плечы, грудзі, ногі, а ў летнюю спякоту дэфіліруюць у ботах-батфортах і скураных куртках, то выглядаюць дастаткова недарэчна.

Выглядаць сучасна ў рэтра-адзенні? Лёгка!

— Калі сёння надзець на сябе джынсы, якія засталіся ад маці, якія былі моднымі ў 1970 гады, то, зразумела, будзеш выглядаць старамодна, фрыкавата, — пераканана Марына Машэда. — А вось сучасныя джынсы ў стылі тых гадоў будуць выглядаць суцэль арганічна. Дызайнеры ўвесь час звяртаюцца да рэтра-моды і ўключаюць яе элементы ў новыя мадэлі. Калі нейкія рэтра-рэчы, якія дасталіся ў спадчыну, вельмі ўжо хочацца ўключыць у свой гардэроб, то трэба добра падумаць, з чым іх спалучаць, каб не выклікаць здзіўлення і кпінаў. Акуратна варта выкарыстоўваць у сваім вобразе і вінтажныя рэчы. Дарагія, рарытэтныя залатыя завушніцы з гранатамі не надзенеш да шортаў і кедаў. Яны патрабуюць адпаведнай сукенкі, абутку, аксесуараў.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?