Вы тут

У Магілёве вызначылі лепшых вадзіцеляў смеццявозаў


Конкурс прафесійнага майстэрства пад назвай «Магілёўскі майстар» адбыўся ў сёмы раз. Па традыцыі спаборніцтвы праходзілі на пляцоўцы Магілёўскага ДТСААФ. 18 прадстаўнікоў раённых камунальных службаў змагаліся за права быць названымі «Лепшы па прафесіі». Для гэтага трэба было прадэманстраваць свае веды ў тэарэтычнай і практычнай форме. Праехаць змейку на грузавіку, філігранна прыпаркавацца, заехаць у абмежаваную з усіх бакоў прастору заднім ходам — нават для дасведчанага кіроўцы гэтыя маніпуляцыі — вышэйшы пілатаж. Але ў прафесіяналаў, якія прыехалі сябе паказаць і іншых паглядзець, праблем з выкананнем мудрагелістых заданняў не было. Ведалі, што конкурс сур’ёзны, таму і рыхтаваліся па поўнай праграме. Падчас тэарэтычнай часці трэба было прадэманстраваць веданне Правілаў дарожнага руху, механічнай сістэмы машыны.


Пераможцам іспытаў стаў работнік Магілёўскага спецыялізаванага прадпрыемства Віталь Ждановіч. На другім месцы — кіроўца Горацкага УКВП «Камунальнік» Андрэй Акулік, на трэцім — працаўнік Бабруйскага спецаўтапрадпрыемства Уладзіслаў Стамплеўскі. Усе астатнія былі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў.

— Спаборніцтвы праводзяцца з мэтай павышэння прафмайстэрства ўдзельнікаў і прэстыжу прафесіі вадзіцеля смеццявоза, — адзначыў старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Павел Жуйкоў. — У конкурсе ўдзельнічаюць як дасведчаныя кіроўцы са шматгадовым стажам, так і людзі, якія толькі пачынаюць рабіць першыя крокі ў прафесіі. Гэта мерапрыемства дапамагае ім абменьваюцца досведам і, адпаведна, правяраць свае веды і ўменні на практыцы. Для пераможцаў конкурсу апроч дыпломаў і прызоў ёсць дадатковыя бонусы. Наймальнікам рэкамендавана рабіць за прафесійнае майстэрства надбаўкі да тарыфных ставак або акладаў у памеры да 15%.

У мерапрыемстве бралі ўдзел генеральны дырэктар дзяржаб’яднання «ЖКХ Магілёўскай вобласці» Міхаіл Сухараў, старшыня абласной аргструктуры ДТСААФ Аляксандр Мазур.

Як адзначыў Міхаіл Сухараў, ад дзеянняў работнікаў камунальнай гаспадаркі, у прыватнасці вадзіцеляў смеццявозаў, залежыць чысціня і парадак у нашых гарадах, камфорт і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Іх працу простай не назавеш, яна патрабуе пэўных вадзіцельскіх навыкаў. Дваровыя тэрыторыі загружаны аўтамабілямі, з-за чаго абцяжараны доступ да кантэйнерных пляцовак. Гэта адзін з фактараў, які паўплываў на рашэнне праводзіць такія спаборніцтвы. У вобласці імкнуцца рэгулярна абнаўляць машынны парк, каб якасна і зручна можна было вывозіць смецце.

Па дамоўленасці з Мінскім аўтамабільным заводам канкурсантам былі прадэманстраваны ўзоры сучаснай камунальнай тэхнікі айчыннай вытворчасці, каб яны змаглі загадзя ацаніць зручнасць і магчымасці новай машыны.

Конкурс прафесійнага майстэрства «Магілёўскі майстар» сярод вадзіцеляў смеццявозаў праводзіцца па сумесным рашэнні галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама і абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта mogilev-kbp.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?