Вы тут

Элеанора Качалоўская: «Быць прыгожай — гэта ў першую чаргу быць сапраўднай»


Светлавалосая, блакітнавокая, добрая і шчырая — менавіта такая дзяўчына па-сапраўднаму ўвасабляе прыгажосць нашай краіны. Сёлета за тытул «Міс Беларусь» у фінале XІІІ Нацыянальнага конкурсу прыгажосці змагаліся дваццаць чатыры дзяўчыны з рэгіёнаў і сталіцы. Пераможцай стала мінчанка Элеанора Качалоўская, якая расказала нам аб падрыхтоўцы да конкурсу, сваім хваляванні ў дзень фіналу і адказнасці, якая прыйшла да яе разам з каронай.

Элеаноры дваццаць тры гады. Яна ўжо скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, а цяпер навучаецца на псіхолага ў педагагічным універсітэце. Паралельна працуе менеджарам мадэльнага агенцтва ў Нацыянальнай школе прыгажосці. А вось у Мінск пераехала некалькі гадоў таму з Гомеля, дзе і пачалася яе кар'ера ў сферы прыгажосці.


— Упершыню ў свет мадэлінгу я трапіла, калі была яшчэ зусім дзіцем. Мне было гадоў пяць-шэсць, і мы з мамай пайшлі да цырульніка цёткі Олі, якая на той момант працавала з мадэлямі. Тады яна параіла мне прыняць удзел у конкурсе прыгажосці «Маленькая гамяльчанка», але на той момант мне гэта было зусім не цікава. Я ўвогуле ў дзяцінстве хацела стаць прадаўцом рыбы. Мы з мамай часта хадзілі на рынак, і мне вельмі падабалася адна прадаўшчыца сваёй энергіяй. (Смяецца.) Праз нейкі час я пачала наведваць мадэльную школу ў Гомелі і ўжо праз два гады ўсё ж прыняла ўдзел у гэтым конкурсе і перамагла. Пасля гэтага мяне запрасілі супрацоўнічаць з фабрыкай «8 Сакавіка» і кампаніяй «Світанак».

Яшчэ праз два гады юная Элеанора выйграла конкурс «Lіttle Mіss and Mіster World 2012», які праходзіў у Турцыі. Як пісалі тады СМІ, маленькая красуня пакарыла журы не толькі дэфіле, але і вершам Караткевіча пад мелодыю «Белавежскай пушчы». І ў гэты ж час атрымала свой першы кантракт на работу ў Мілане. Але, нягледзячы на значныя поспехі ў свеце мадэлінгу, у шаснаццаць гадоў дзяўчына ўзяла паўзу і ўсю сябе прысвяціла падрыхтоўцы да паступлення ва ўніверсітэт.

— У маім жыцці вельмі часта ўсё адбываецца выпадкова. Я не планавала вяртацца ў гэтую дзейнасць. Аднак, будучы яшчэ студэнткай, стала працаваць у Нацыянальнай школе прыгажосці ў Мінску, дзе пасля пачала праходзіць адпрацоўку пасля заканчэння вучобы. Ужо падчас працы я воляй лёсу пазнаёмілася з фатографам і, дзякуючы «сарафаннаму радыё», атрымала кантракт на работу ў Турцыі мадэллю. Так адбылося і з конкурсам. Усё па волі лёсу. Проста аднойчы, выйшаўшы са спартзалы, наўпрост трапіла на кастынг «Міс Беларусь».

Падрыхтоўка да галоўнага конкурсу прыгажосці краіны заняла цэлы месяц без выхадных і перадышак. Як прызнаецца сама пераможца, гэта быў адзін з самых насычаных і эмацыянальна складаных месяцаў у яе жыцці.

— Конкурс проста ўнікальны, кожны дзень мы перажывалі розныя эмоцыі, атрымлівалі новы вопыт і набіраліся ведаў. Для мяне, мусіць, самым складаным этапам была нагрузка, якая з кожным днём увесь час павялічвалася, як фізічная, так і псіхалагічная. У працэсе падрыхтоўкі да фіналу конкурсу «Міс Беларусь» з намі праводзілі мноства розных заняткаў. Асноўнымі былі харэаграфія і дэфіле, дзе мы развучвалі пастаноўку. Акрамя гэтага, цікавымі былі ўрокі прамоўніцкага мастацтва ад тэлевядучай праграмы «Наша раніца» канала АНТ Таццяны Рудакоўскай і майстар-клас ад Паліны Шуба. Таксама з намі праводзілі адкрытыя дыялогі з вядомымі людзьмі, асабліва мне спадабалася сустрэча з Вадзімам Гігіным. Ён расказваў ужо вядомыя моманты з гісторыі нашай краіны, але рабіў гэта вельмі цікава.

Нягледзячы на загружанасць, канкурсанткі не ўвесь час праводзілі ў сценах Нацыянальнай школы прыгажосці. У перыяд падрыхтоўкі дзяўчаты выязджалі з камандай на розныя фотасесіі, а таксама ўдзельнічалі ў сацыяльных акцыях. Наша суразмоўніца адзначыла, што асабліва ёй запомнілася паездка ў дом-інтэрнат для пажылых людзей. Для яе гэта было адным з самых эмацыянальных момантаў, бо, як адзначае сама прыгажуня, ім выпала ўнікальная магчымасць стаць часткай жыцця для гэтых людзей, хоць і на кароткі час.

— Наогул, падчас усёй падрыхтоўкі да конкурсу я старалася не забываць пра сваё штодзённае жыццё і штодзённыя рытуалы. Да прыкладу, кожную раніцу я гуляла і працягваю гуляць са сваім Тыграм, гэта мой сабака, якога я падабрала на вуліцы, калі ён быў шчанюком. Нават у дзень фіналу я не здраджвала сваёй традыцыі. Наогул, гэты дзень прайшоў дастаткова бязладна. Першую частку дня я яшчэ магла кантраляваць: раніцай шчыльна паснедала, забегла ў краму па цукеркі ў якасці падзякі і знака павагі нашым ахоўнікам. Ужо будучы на пляцоўцы нават паспела выпіць кавы ў спакойнай абстаноўцы. А вось потым пачалася «святочная» мітусня. Нас павялі рабіць макіяж і прычоску, вось з гэтага моманту я пачала ўсведамляць, што вось ён, фінал, і такі блізкі.

Нягледзячы на шматлікія трэніроўкі і рэпетыцыі, дзе быў адрэпеціраваны кожны крок дзяўчат, наша гераіня прызналася, што адчувала моцныя стрэс і хваляванне, якія не пакідалі да канца. Ратавала Элеанору толькі тое, што была добра асветлена глядзельная зала, і яна бачыла сваю групу падтрымкі.

— Падтрымку я адчувала не толькі па шуме залы, але і проста па нейкай ментальнай унутранай сувязі. Таксама яшчэ да конкурсу шмат людзей напісала прыемныя каментарыі і проста паведамленні. Самай галоўнай апорай з'яўляецца мая мама. Яна заўсёды вельмі актыўна падтрымлівае мяне. Але пры гэтым ніколі не навязвае сваёй думкі. Так, яна выкажа, што думае з той ці іншай нагоды, але разумее, што гэта маё жыццё, я нясу за яго адказнасць і што любое маё рашэнне будзе правільным ці ўласнай памылкай. І, вядома адразу ж, калі я толькі даведалася, што выйграла і даныя загрузіліся ў сетку, я стала атрымліваць як станоўчыя (іх было вельмі шмат), так і адмоўныя каментарыі, але на іх я стараюся ніяк не рэагаваць і ў цэлым проста не заўважаць.

Элеанора згадвае: калі аб'яўлялі прызавыя месцы, нават не разлічвала, што менавіта яна стане галоўнай прыгажуняй краіны. У працэсе падрыхтоўкі дзяўчына ацэньвала магчымы зыход падзей і бачыла пераможцаў у сваіх канкурэнтках. Дарэчы, усе дзяўчыны, аб якіх думала Элеанора, увайшлі ў дзясятку фіналістак. А вось свае шанцы ёй было цяжка ацаніць, бо збоку агульную карціну заўсёды відаць лепш.

— Гэты конкурс даў мне шмат. Па-першае, падарыў каласальны досвед, які, як той казаў, пальцам не заткнеш. Па-другое, у працэсе падрыхтоўкі я пазнаёмілася проста з унікальнымі людзьмі, якіх у звычайным жыцці не сустрэнеш. Яшчэ знайшла сабе новую добрую сяброўку, якая, дарэчы, стала «Міс сімпатый гледачоў» (гаворка пра Марту Мірэйка). А, самае галоўнае, мне ўдалося папрацаваць з камандай тэлеканала АНТ — сапраўдных прафесіяналаў. Вядома ж, разам са станоўчымі момантамі конкурс, дакладней, перамога ў ім прынесла шмат абавязкаў і адказнасці.

Акрамя эмацыянальных падарункаў новай міс падарылі велізарную колькасць кветак, кошык прысмакаў і распісную шакаладку з гравіроўкай ад «Камунаркі», калье ад ювелірнага завода «Крышталь», збор кніг Янкі Купалы і, вядома ж, галоўны прыз — машыну Geely Coolray.

— Акрамя таго, што мая занятасць стала ў разоў пяць большай і графік перапоўнены падзеямі, я застаюся такім жа чалавекам, які любіць сябе, сваё жыццё і атрымлівае асалоду ад яго кожны дзень. У вольны час бачуся з роднымі, баўлю час на прыродзе, натхняюся людзьмі і падзеямі. Лічу, што вельмі важна заставацца самой сабой. Быць прыгожай — гэта ў першую чаргу быць сапраўднай.

Цяпер у Элеаноры надышоў новы этап падрыхтоўкі. Бо ўжо ў снежні дзяўчына прадставіць Беларусь на адным з самых значных і прэстыжных конкурсаў планеты — «Міс Свету». Мы жадаем прыгажуні поспехаў і перамогі ў ім!

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.