Вы тут

Падрабязнасці рабочай паездкі Наталлі Качанавай у Віцебскую вобласць


На мінулым тыдні Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава два дні працавала на Віцебшчыне. Яна пабывала ў Наваполацку, Гарадку і ў абласным цэнтры. Пытанні, якія закраналіся падчас сустрэч на месцах, былі разнапланавыя, але ўсе важныя.


У фармаце адкрытага дыялогу

Першым пунктам на маршруце спікера верхняй палаты парламента стаў Наваполацк, дзе Наталля Іванаўна правяла сустрэчу з актывам Беларускага саюза жанчын Віцебскай вобласці. Падобныя дыялогавыя пляцоўкі адбыліся ўжо ў Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. «Я бачу, якую цікавасць выклікаюць гэтыя сустрэчы ў жанчын, якія жывуць інтарэсамі нашай краіны, задачамі і праблемамі, што ёсць у нашым грамадстве», — адзначыла Наталля Качанава.

Напярэдадні Дня народнага адзінства Наталля Качанава нагадала, што ў найбліжэйшыя гады ў Беларусі адбудуцца важныя палітычныя падзеі — беларускае грамадства чакаюць электаральныя кампаніі. Зрабіць правільны выбар нескладана, калі хочаш сваёй радзіме дабрабыту і каб твае дзеці жылі ў свабоднай і шчаслівай краіне. Для гэтага дастаткова памятаць урокі гісторыі і сёння пісаць праўдзівую гісторыю, пераканана спікер: «Каб будучыя пакаленні памяталі ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, генацыд, які перажыў наш народ, не забыліся пра гэта і не паддаліся на правакацыі. Якая будзе краіна, залежыць ад моладзі. Нам трэба захаваць яе цяпер. Наша задача — зрабіць усё, каб мы былі адзіныя як ніколі. І Прэзідэнт пастаянна праводзіць гэтую работу, пастаянна сустракаючыся з людзьмі, з кіраўнікамі іншых краін. На гэтыя мэты накіраваны законы, якія прымаюцца ў нашай дзяржаве».

Асобнай тэмай сустрэчы з жаночым актывам стала дэмаграфічная бяспека. Наталля Іванаўна адзначыла, што такімі льготамі і прэферэнцыямі, якія ёсць у нас, нямногія дзяржавы могуць пахваліцца. У Беларусі выплачваюцца розныя віды дапамог. Усе пытанні, якія вырашаюцца ў ахове здароўя, адукацыі, органамі працы і абароны, сёння накіраваны на падтрымку сем'яў.

Каля 600 жанчын Віцебшчыны падчас адкрытага дыялогу ўзнялі розныя тэмы. Іх цікавілі праблемы захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, пытанні выхавання дзяцей, эканамічнага развіцця, аховы здароўя, адукацыі. Старшыня верхняй палаты парламента анансавала мерапрыемства ў Полацку — «Размова пра галоўнае», — якое плануюць правесці з сем'ямі, абмеркаваць пытанні выхавання падрастаючага пакалення.

Без здаровай сям'і не будзе дзяржавы

Назаўтра Наталля Качанава прыняла ўдзел у пасяджэнні Гарадоцкага райвыканкама. На парадку дня было пытанне аб ходзе рэалізацыі ў Гарадоцкім раёне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2021—2025 гады.

«Адна, на мой погляд, з асноватворных дзяржаўных праграм — «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь». Гэта тое, што вельмі важна для нашай краіны і, мабыць, для развіцця любой іншай. Вы ведаеце, якая ўвага ўдзяляецца ў нас сістэме аховы здароўя. Каб выконваць задачы, якія стаяць перад ёй, вылучаюцца сур'ёзныя сродкі. Таксама мы разумеем, што нам трэба больш адказна ставіцца да ўсіх пытанняў. Калі казаць пра дэмаграфічную бяспеку, то мы павінны працаваць усе разам для таго, каб статус сям'і, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, тое, што прапісана ў асноўным законе нашай краіны — Канстытуцыі, — рэалізоўвалася на практыцы. Мы разумеем, што без моцнай сям'і і без таго, што нашы маладыя сем'і будуць нараджаць дзяцей, вядома, будучыні няма. Ніякі штучны інтэлект, інтэрнэт-рэсурсы і ўсё астатняе не заменіць чалавека. Якімі б высокатэхналагічнымі ні стваралі робатаў, чалавек усё роўна на чале ўсяго, а ў нашай краіне тым больш. Падтрымка, якая аказваецца сям'і з боку дзяржавы, сапраўды значная», — падкрэсліла Наталля Іванаўна.

Галоўны ўрач Гарадоцкай цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Самсонаў расказаў, што ва ўстанове аховы здароўя абслугоўваюцца звыш 20,7 тысячы чалавек, уключаючы больш за 3,6 тысячы дзяцей. Медыцынскія паслугі на сяле аказваюцца ў 14 ФАПах і 7 урачэбных амбулаторыях, для прыёму пацыентаў у аддаленых населеных пунктах выкарыстоўваецца перасоўны ФАП. Асаблівую ўвагу Наталля Качанава звярнула на правядзенне рэальнай, а не фармальнай дыспансерызацыі насельніцтва:

«Да мяне пастаянна паступаюць звароты, у якіх людзі з рэгіёнаў просяць накіраваць іх у медыцынскія ўстановы больш высокага ўзроўню — абласнога, рэспубліканскага. А гэта паказчык таго, што ў раёнах трэба больш працаваць з насельніцтвам. Усеагульная дыспансерызацыя ні ў якім разе не павінна ператварыцца ў фармальнасць, праводзіцца для птушачкі на паперы. Бо справа зусім не ў лічбах, а ў тым, каб чалавеку, кім бы ён ні працаваў, якога б узросту ні быў, была аказана своечасовая кваліфікаваная дапамога».

Валерый Самсонаў падкрэсліў, што ў Гарадоцкі раён з 2018 да 2023 года прыбылі 47 маладых спецыялістаў, з іх працягваюць працаваць 28. З пачатку жніўня гэтага года ў рэгіёне з'явіўся ўрач-афтальмолаг, хутка да працы прыступіць яшчэ адзін малады ўрач-хірург. Такая замацаванасць тлумачыцца блізкасцю да абласнога цэнтра. Амаль усе медработнікі, якія прыходзяць у раён, з'яўляюцца выпускнікамі Віцебскага медуніверсітэта і медкаледжа, і пасля адпрацоўкі частка спецыялістаў з'язджае ў Віцебск. «Вы павінны зацікавіць моладзь, на сваім прыкладзе паказаць, што можна паспяхова працаваць у раёне», — звярнулася Наталля Качанава да кіраўніка ЦРБ.

Не горш, чым ва Уфе

У гэты ж дзень Старшыня Савета Рэспублікі наведала Віцебск, дзе сустрэлася з кіраўніцтвам вобласці. Абмяркоўвалася падрыхтоўка да ХІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў 2024 годзе пройдзе ў горадзе на Дзвіне.

«Нам з вамі давядзецца прымаць вялікую колькасць гасцей, прадстаўнікоў з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Будуць прадстаўлены практычна ўсе з іх. Таксама будуць удзельнічаць усе рэгіёны нашай краіны. Таму неабходна старанна падумаць, дзе мы правядзём секцыйныя і пленарныя пасяджэнні, наколькі камфортна зможам размясціць гасцей, прадумаць, якія яшчэ могуць быць задзейнічаны аб'екты для размяшчэння ўдзельнікаў форуму. Таксама варта вызначыцца з аб'ектамі харчавання. Гэта асноўныя арганізацыйныя мерапрыемствы, якія павінны ў перыяд падрыхтоўкі знаходзіцца ў плоскасці нашай увагі і мясцовых органаў улады», — адзначыла Качанава.

Сёлета юбілейны форум з размахам сустракала расійская Уфа, таму Віцебску, які ў будучым годзе будзе адзначаць 1050-годдзе, неабходна бліскуча падрыхтавацца.

«У Віцебскай вобласці мы таксама павінны годна правесці гэтае мерапрыемства, каб паказаць увесь патэнцыял нашай краіны. Тым больш што ў гэтага рэгіёна моцна развіты міжрэгіянальныя эканамічныя і пабрацімскія сувязі з Расійскай Федэрацыяй. Дзякуючы «Славянскаму базару» Віцебск носіць званне культурнай сталіцы Беларусі. Усё гэта дазваляе нам разлічваць, што будучае важнае мерапрыемства мы правядзём на высокім узроўні, а таксама прадэманструем гасцям багаты культурны здабытак і традыцыі віцебскай зямлі», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава наведала аб'екты, якія стануць пляцоўкамі для правядзення мерапрыемства, пабывала ў тым ліку ў канцэртнай зале «Віцебск», для якой ужо не ў навінку быць адной з цэнтральных сцэнічных пляцовак падобных форумаў. Цяпер у канцэртнай зале ідзе рамонт.

Тэму пляцоўкі, спікераў, якія будуць выступаць на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, вызначаць на пасяджэнні аргкамітэта, сфарміраваным Саветам Рэспублікі і Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.