Вы тут

Нацыянальная бяспека, сацыяльныя гарантыі і ахова здароўя


Сёння адбылося адкрыццё адзінаццатай сесіі Савета Рэспублікі. Як падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, сімвалічна, што яно праходзіць адразу пасля дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства і напярэдадні Міжнароднага дня міру, заснаванага Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый як дзень адмовы ад гвалту і спынення агню. І ўсё гэта — у 2023 годзе, аб'яўленым у Беларусі Годам міру і стваральнай працы, што не толькі вызначае накіраванасць работы сенатараў у маючую адбыцца сесію, але і адпавядае агульнаму духу палітычнай, дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці ў нашай краіне.


Фота: БелТА

Як адзначыла член Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Эльвіра САРОКА, адзінаццатая сесія ўнікальная тым, што адкрываюць яе сенатары ў цяперашнім саставе, а закрываць будуць члены Савета Рэспублікі наступнага склікання. Яна падкрэсліла, што сенатары гатовы працаваць над законамі, накіраванымі на тое, каб палепшыць жыццё грамадзян Беларусі.

— Кожны закон выклікае ў нас шырокую дыскусію. Яго нельга прыняць на адным меркаванні. Абмеркаванняў, сумненняў заўсёды шмат, але падчас дыскусій ў камісіях мы прыходзім да адзінага выніку, — падзялілася Эльвіра Сарока.

Быў прыняты і рыхтуецца да абмеркавання шэраг законаў па бяспецы нашай дзяржавы.

— Жыццё паказала, што нам неабходна рабіць, — адзначыла Эльвіра Сарока. — Закон аб генацыдзе беларускага народа аказаўся вельмі своечасовым. Падчас святкавання Дня народнага адзінства мы ўсе бачылі, як людзі з кожным годам больш аб'ядноўваюцца. Мы ўсе разумеем, асабліва калі цяпер знешнія ворагі не даюць нам спакойна жыць, што мэта ў нас адна — наша дзяржава, захаванне міру і спакою для нашых дзяцей і ўнукаў.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА адзначыла, што на гэтай сесіі рыхтуецца да разгляду шэраг законапраектаў сацыяльнай накіраванасці — законы, якія датычацца сацыяльнага абслугоўвання, а значыць, усіх грамадзян нашай краіны. Гэта ў тым ліку і забеспячэнне сацыяльнымі паслугамі з улікам індывідуальнага падыходу.

— Па зваротах грамадзян мы ўбачылі, што неабходна вырашаць асобныя пытанні, якія датычацца якаснага забеспячэння і арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей і дзейнасці арганізацый, якія забяспечваюць гэту работу.

Яшчэ адзін важны законапраект, які будзе разгледжаны, — Закон аб ахове здароўя.

— Ён павінен адрэгуляваць дзейнасць універсітэцкіх клінік, ардынатуры, пытанні, якія тычацца арганізацыі работы і фінансавання тых устаноў аховы здароўя, якія праходзяць ці не прайшлі акрэдытацыю, фінансавання неакрэдытаваных арганізацый, і іншыя пытанні, актуальныя для сістэмы аховы здароўя, — дадала Ірына Старавойтава.

А ў першы дзень работы адзінаццатай сесіі сенатары адобрылі прыпыненне дзеяння дагавора аб звычайных Узброеных сілах у Еўропе ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі. Ён прадугледжвае абмежаванне сумарных узроўняў звычайных узбраенняў і тэхнікі па пяці асноўных катэгорыях (танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама механізмы праверкі выканання абавязацельстваў (абмен інфармацыяй і інспекцыі).

Рэч у тым, што Беларусь у поўным аб'ёме выконвала свае абавязацельствы па гэтым дагаворы. У рамках яго рэалізацыі наша краіна прыняла 334 інспекцыі ад дзяржаў — удзельніц ДЗУСЕ і правяла 242 інспекцыі на тэрыторыях дзяржаў-удзельніц. Аднак 21 сакавіка 2023 года ўрад Польшчы прыняў рашэнне аб невыкананні ДЗУСЕ ў адносінах да Беларусі. Чэхія паведаміла аб прыпыненні сваіх абавязацельстваў яшчэ ў жніўні 2022 года.

У рамках мер у адказ на недружалюбныя крокі Польшчы і Чэхіі Беларусь таксама прыпыняе выкананне абавязацельстваў па ДЗУСЕ ў адносінах да названых краін да паўнацэннага аднаўлення выканання імі сваіх абавязацельстваў па дагаворы.

— Гэта крокі ў адказ, якія зроблены нашымі апанентамі, у прыватнасці Польшчай і Чэхіяй. Дагавор датычыцца праверкі звычайнага ўзбраення. Мы яго прыпыняем, бы ведаем, якія адбываюцца цяпер падзеі, як адносіцца Польшча да Беларусі і колькі прынята і прымаецца мер і рашэнняў, якія працягваюць тэндэнцыю нагнятання абстаноўкі на граніцах з нашай краінай. У гэтым напрамку рухаецца і Чэхія, — адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Валерый ГАЙДУКЕВІЧ.

Акрамя таго, Савет Рэспублікі адобрыў прыпыненне дзеяння пагаднення з Украінай аб абароне правоў перасяленцаў і іх сем'яў.

— Праект закона падрыхтаваны ў рамках мер у адказ на недружалюбныя дзеянні Украіны ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь. Прыняцце законапраекта будзе садзейнічаць абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі і дасць магчымасць вызваліць нашу краіну ад абавязацельстваў выконваць гэта пагадненне на працягу перыяду прыпынення, — патлумачыў Валерый Гайдукевіч.

Таксама сенатары ратыфікавалі пагадненне паміж Беларуссю і Іранам аб перадачы асуджаных асоб.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.