Вы тут

Валерый Палішчук: «Сваю дзейнасць на прафесійную і грамадскую не падзяляю...»


Праблемамі грамадства начальнік Магілёўскага інстытута МУС генерал-маёр міліцыі Валерый Палішчук займаецца ўсё жыццё. На пасадзе начальніка міліцэйскай установы адукацыі ён апошнія 9 гадоў. А да гэтага прайшоў усе прыступкі сілавога ведамства, пачынаючы ад звычайнага міліцыянера да начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. За час сваёй работы не адну грамадскую праблему вырашыў. Гэты вопыт яму як члену Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве вельмі спатрэбіўся. Бо яго заўвагі і прапановы, як чалавека, які добра ведае, чым дыхае грамадства, з'яўляюцца вельмі карыснымі пры стварэнні беларускага заканадаўства. З размовы пра гэтую важную місію, уласна, і пачалося наша інтэрв'ю.


Фота Кірыла МАРЖАНАВА.

— Да разгляду якіх законапраектаў вы прычыніліся асабіста, з улікам вашага багатага прафесійнага досведу? — пацікавілася карэспандэнт «МС» у сенатара.

— Усе беларускія законы сацыяльна арыентаваныя. І калі мы абмяркоўваем тую ці іншую норму, суадносім яе з магчымасцю максімальна лёгка і зручна прымяніць на практыцы. Летась у сферы канстытуцыйнага заканадаўства быў разгледжаны Закон «Аб дзяржаўнай службе», які замацаваў цэласную сістэму дзяржаўнай службы і абнавіў падыходы да прысваення класаў дзяржаўным грамадзянскім служачым, узмацніў патрабаванні да іх дысцыпліны і адказнасці. Напрыклад, устаноўлена забарона на прыём на грамадзянскую службу асоб, звольненых па любых дыскрэдытацыйных абставінах.

Змяненні ў беларускім заканадаўстве аб зямлі выклікалі неабходнасць змянення і Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сёння аптымізуецца парадак выдзялення зямельных участкаў, іх грамадзянскі абарот і ўключэнне ў яго зямель, якія не выкарыстоўваюцца. Тым самым забяспечаны спрыяльныя ўмовы землекарыстання ў рэгіёнах, пашыраны правы землекарыстальнікаў і мясцовых выканаўчых органаў у частцы выдзялення і выкарыстання зямельных участкаў, ажыццяўлення здзелак з імі. У тым ліку нормы гэтага закона дазволілі грамадзянам легалізаваць свае правы на самавольна занятыя зямельныя ўчасткі і вырашыць лёс самавольных пабудоў.

А Закон «Аб сацыяльнай падтрымцы насельніцтва» даў дадатковыя магчымасці органам улады ў пытаннях аказання сацыяльнай падтрымкі асобным катэгорыям грамадзян, аператыўнага прыняцця рашэнняў па пераглядзе бюджэту пражытачнага мінімуму і індэксацыі мінімальнай заработнай платы ва ўмовах увядзення эканамічных і іншых санкцый у дачыненні да нашай краіны і існуючай сусветнай эканамічнай сітуацыі.

Многае за гэты перыяд Саветам Рэспублікі зроблена па пашырэнні і ўмацаванні дагаворна-прававой базы міжнароднага супрацоўніцтва — ратыфікаваны шматбаковыя дакументы ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і гэтак далей.

— А над якімі законапраектамі вы сёння працуеце?

— Сёння актыўна дапрацоўваецца праект Закона «Аб змяненні кодэксаў», якім удасканальваюцца палажэнні ў тым ліку па падрыхтоўцы праекта адзінага Кодэкса грамадзянскага судаводства, накіраванага на ўніфікацыю грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства, забеспячэнне аднастайнага падыходу да інстытута перагляду судовых пастаноў у судаводстве.

Прайшло паўтара года з моманту правядзення рэспубліканскага рэферэндуму. На працягу гэтага тэрміну мы паспяхова адаптаваліся ў прававым полі абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На сесіі Савета Рэспублікі, якая пачалася 19 верасня, фактычна завяршым прывядзенне законаў у адпаведнасць са змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі, разгледзім шэраг праектаў законаў, якія выключна важныя для нашай краіны.

— Што лічыце галоўным у вашай рабоце з насельніцтвам? З якімі праблемамі звяртаюцца жыхары вашых «падшэфных» раёнаў? Што ў сілах сенатара зрабіць для вырашэння асобных жыццёвых пытанняў?

— Штомесяц праводжу сустрэчы з насельніцтвам Горацкага, Мсціслаўскага і Дрыбінскага раёнаў. На сустрэчах абмяркоўваем актуальную палітычную сітуацыю, новаўвядзенні ў заканадаўчай сістэме. У гэтых жа раёнах вяду прыём грамадзян. Людзі прыходзяць са сваімі самымі патаемнымі пытаннямі, і я не магу іх падвесці. Заўсёды стараюся даць добрую параду, аказаць дапамогу ў вырашэнні сітуацыі. Многія не могуць падзяліць спадчыну, самастойна вырашыць праблемы з працаўладкаваннем або набыццём зямельнага ўчастка. Калі пытанне простае, вырашаем яго на працягу дня, больш складаныя стаўлю на кантроль.

Заўсёды разумею, што пры сустрэчах з людзьмі вельмі важна не толькі данесці да іх актуальную і запатрабаваную інфармацыю, але і пачуць іх меркаванне па закранутай тэматыцы, асабліва што датычыцца работы Савета Рэспублікі і заканадаўства, якое мы разглядаем. Я ўпэўнены, што зносіны могуць лічыцца эфектыўнымі толькі тады, калі агучаныя ідэі і прапановы прапрацаваны і ўлічаны падчас прыняцця рашэнняў, значных для людзей, якія звярнуліся.

Таксама сумесна з курсантамі і супрацоўнікамі Магілёўскага інстытута МУС ажыццяўляем шэфства, праводзім дабрачынныя праекты ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Пудаўня Дрыбінскага раёна, аказваем дапамогу ў добраўпарадкаванні тэрыторыі і набыцці неабходных тавараў для аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, якое знаходзіцца ў вёсцы Андраны Мсціслаўскага раёна.

Мы традыцыйна ўдзяляем увагу не толькі пажылым людзям, але і шматдзетным сям'ям, дзецям з цэнтраў рэабілітацыі. Наведваем з дабрачыннай місіяй Мацюцкі дзіцячы сад Горацкага раёна, шматдзетныя сем'і ў Магілёўскай вобласці, Мсціслаўскую школу-інтэрнат, Цэнтр рэабілітацыі ў Магілёве.

У мінулым годзе сумесна са старшынямі райвыканкамаў Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў арганізавалі спартыўна-турыстычную спартакіяду, прысвечаную Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. У ёй прымалі ўдзел каманды курсантаў Магілёўскага інстытута МУС і моладзі названых раёнаў.

Спартакіяды аб'ядноўваюць маладых і перспектыўных хлопцаў і дзяўчат, якія настроены на поспех. Згуртаванасць і стойкасць, хуткасць і сіла, майстэрства і воля — вось галоўныя складнікі поспеху!

— Грамадская дзейнасць для праваахоўніка і сенатара — справа агульная. І ўсё ж такі, наколькі складана сумяшчаць абавязкі кіраўніка сур'ёзнай ВНУ з сенатарскай місіяй?

— У нас у інстытуце ёсць такая практыка: кожны месяц праводзім адзіныя дні інфармавання, і я, асабліва калі ўступная кампанія, павінен аб'ехаць шматлікія навучальныя ўстановы, расказаць і зацікавіць патэнцыяльных курсантаў. Калі я стаў сенатарам, цяжкасцяў у плане выступленняў недзе ў калектывах у мяне не было. Наадварот, я выязджаю з задавальненнем, таму што зносіны з людзьмі і мяне ў нейкіх пытаннях развіваюць і нацэльваюць.

Вядома, складана весці актыўную грамадскую дзейнасць і забяспечваць выкананне на належным узроўні задач па ўдасканаленні адукацыйнага і выхаваўчага працэсу. Але ўсё атрымліваецца, калі ты не лічышся з асабістым часам, працуеш з энтузіязмам і адказна, перажываеш за вынік, і ў цябе ў камандзе аднадумцы з такім жа разуменнем і падыходам у працы і службе. Цяпер Магілёўскі інстытут МУС дынамічна развіваецца і выпускае дастойных маладых афіцэраў.

— Сёння ў свеце вельмі складаная міжнародная палітычная абстаноўка. Як беларускі парламент рэагуе на агрэсіўныя выпадкі недружалюбных краін?

— Мы своечасова адбівалі ідэалагічныя правакацыі нашых непрыяцеляў, якія спрабуюць пазіцыянаваць нашу краіну ў якасці агрэсара. Так, напрыклад, гэта было ў адносінах да ўнесенага ў 2022 годзе ў Сенат Кангрэса ЗША праекта чарговай рэзалюцыі па Беларусі, у якой на аснове адкрытых фэйкаў і дэзынфармацыі рабіліся бяздоказныя абвінавачанні. Тады Прэзідыум Савета Рэспублікі адрэагаваў публічным асуджэннем з заклікам да амерыканскіх заканадаўцаў засяродзіцца на вырашэнні праблем свайго народа.

І мы ў гэтай пазіцыі не адны. Геапалітычная рэальнасць сведчыць аб актыўным фарміраванні пояса краін і міжнародных арганізацый, якія маральна гатовы супрацьпаставіць аднапалярнаму свету шматпалярны, заснаваны на моцных нацыянальных дзяржавах. Гэта краіны «далёкай дугі», з якімі ў Беларусі склаліся добрыя дружалюбныя адносіны.

Кажучы аб прымаемых мерах па рэагаванні на патэнцыяльныя пагрозы нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту нашай краіны, мы зыходзім з вядомага пасылу: «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны...». Так, для павышэння эфектыўнасці выканання ўнутранымі войскамі МУС ускладзеных на іх функцый намі былі адобраны палажэнні Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў». У прыватнасці, замацаваны паўнамоцтвы ваеннаслужачых унутраных войскаў на прымяненне баявой і спецыяльнай тэхнікі для спынення масавых беспарадкаў і групавых парушэнняў грамадскага парадку і па іх удзеле ў падтрыманні прававога рэжыму ў зоне правядзення контртэрарыстычных аперацый.

Асобна спынюся на ролі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб народным апалчэнні» ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі нашай краіны. Прыняцце гэтага закона было абумоўлена наступнымі фактарамі: па-першае, стварэнне дадатковых умоў для падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія менш за ўсё будуць ахоплены органамі ўнутраных спраў і войскамі. Гэта перш за ўсё сельскія населеныя пункты і асобныя раённыя гарады. Па-другое, прадастаўленне грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія не будуць ахоплены мабілізацыйнымі мерапрыемствамі па розных прычынах, магчымасці ўдзельнічаць у абароне краіны. Такімі прычынамі могуць стаць узрост, адсутнасць патрабаванай падрыхтоўкі па сямейных абставінах. У маім уяўленні сапраўдны мужчына не павінен баяцца, што яго прызавуць. А сам прапаноўваць сваю кандыдатуру для абароны Радзімы і сям'і. Абарона беларускай дзяржавы можа мець усенародны характар, гэта ўнутраная ідэалогія кожнага грамадзяніна нашай краіны.

Таксама ўзмоцнены меры пакарання да арганізатараў і выканаўцаў тэрарыстычных актаў. Адобраны ў сферы заканадаўства аб крымінальнай адказнасці Закон «Аб змяненні Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» сёння прадугледжвае магчымасць прымянення выключнай меры пакарання за замах на ўчыненне актаў тэрарызму. Гэта заканадаўчае рашэнне з'яўляецца дадатковай мерай прэвентыўнага ўздзеяння і адэкватным адказам на існуючыя тэрарыстычныя пагрозы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.