Вы тут

«На тэрыторыі раёна ішлі кровапралітныя вызваленчыя баі»


У 20-кіламетровай экспедыцыі па тэрыторыі Чавускага раёна бралі ўдзел кіраўніцтвы і афіцэры Магілёўскага і Віцебскага ўпраўленняў Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Такім чынам яны адзначылі 10-гадовы юбілей свайго ведамства і ўшанавалі памяць абаронцаў Айчыны ў Год міру і стваральнай працы. Узначалілі паход начальнік упраўлення па Віцебскай вобласці палкоўнік юстыцыі Андрэй Пазнякоў і часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Андрэй Чарчук.


—  На тэрыторыі раёна ішлі вельмі кровапралітныя вызваленчыя баі, і судэкспертам было важна дакрануцца да гісторыі тых страшных ваенных падзей, — расказвае афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — Чырвонаармейцы не змаглі хутка прарваць абарону праціўніка на мяжы невялікіх рэк Мрэя і Проня. Немцы моцна ўмацаваліся на высокім заходнім беразе Проні. Відавочцы ўспаміналі, што па ўсёй лініі нямецкай абароны былі замаскіраваны танкі і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. На працягу 9 месяцаў савецкія воіны рабілі спробы атакаваць праціўніка на высокім беразе, але сур’ёзна замацавацца на тым баку не атрымалася. З кастрычніка 1943 года па чэрвень 1944 ў баях за гэты плацдарм толькі за адзін бой гінула часам па паўтары тысячы савецкіх салдат. Агульная колькасць загінуўшых за 9-месячнае стаянне фронту на Проні склала больш за 18 тысяч чалавек. Да сённяшняга дня пошукавікі працягваюць паднімаць з-пад зямлі астанкі загінуўшых воінаў.

Першым прыпынкам судэкспертаў на гераічнай чавускай зямлі стала воінскае пахаванне «Бынава», дзе адбыўся мітынг ў гонар воінаў. Дырэктар Чавускага раённага музея Іна Казакова, якая суправаджала экспедыцыю, рассказала, што ў Бынаўскім брацкім пахаванні вечны спакой знайшлі каля 2500 савецкіх воінаў 49-й арміі 2-га Беларускага фронту. Сярод пахаваных — камандзір кулямётнага разліку Герой Савецкага Саюза Дзмітрый Барысавіч Маматаў. 21 снежня 1943 года яго падраздзяленне знішчыла некалькі кулямётных кропак суперніка, адбіла 10 контратак ворага. Камандзір быў двойчы паранены, але не пакінуў поля бою. Працягваў змагацца нават тады, калі ўсе байцы яго кулямётнага разліку загінулі смерцю адважных. Аднак таксама гераічна загінуў. 

Супрацоўнікі экспертнага ведамства, ўсклаўшы да манумента вянок з кветак, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

Памятны знак «Прылепаўскі плацдарм», дзе схілілі галовы ўдзельнікі экспедыцыі, быў адкрыты да 60-годдзя вызвалення Чавускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод шматлікіх чырвонаармейцаў, якія знайшлі тут вечны спачын, ёсць 19-гадовы Даніла Вараб’ёў, ўраджэнец вёскі Зарубец Крычаўскага раёна. Напярэдадні бою 26 снежня 1943 года ён напісаў ліст бацькам, што жывы і здаровы. Але родныя атрымалі пахаванку раней, чым гэты ліст. І маці да апошняга спадзявалася, што яе сын жывы і чакала да самай сваёй смерці. За свой подзвіг юны герой быў узнагароджаны Ордэнам Славы 3 ступені. 

Яшчэ адно масавае воінскае пахаванне знаходзіцца каля вёскі Скварск, прыкладна ў сямі кіламетрах ад Бынава. Судэксперты ішлі да яго па лясных, часам, цяжкапраходных, сцежках, там, дзе калісьці праходзіла лінія фронту. Праз раку Проню перапраўляліся хто ўплаў, хто па нацягнутых лінах, а хто і з дапамогай лодкі. Потым зноў крочылі па сцяжынцы праз палі і лес. Комплекс з помнікам і мармуровымі плітамі з прозвішчамі загінуўшых знаходзяцца проста ў лесе. У брацкай магіле пахаваны каля 800 савецкіх воінаў. Удзельнікі экспедыцыі схілілі галовы ў гэтым жалобным месцы і ўшанавалі памяць вызваленцаў хвілінай маўчання. 

Канчатковым пунктам наведвання стаў імправізаваны партызанскі лагер, у які судэксперты ўвайшлі страявым крокам пад песню «Кацюша». Партызаны, як той казаў, накармілі і абагрэлі гасцей. У сяброўскай кампаніі каля вогнішча ўсе разам спявалі пад гармонік песні пра вайну і адданасць Радзіме.

— Падчас экспедыцыі мы глыбей пазнаёміліся з гісторыяй вызвалення Чавускага раёна ад фашысцкіх захопнікаў, даведаліся пра новыя імёны абаронцаў, якія, нягледзячы на свой зусім яшчэ юны ўзрост, праявілі ў баях з ворагам гераізм і мужнасць, — адзначыў часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Андрэй Чарчук. — Для нас, афіцэраў, гэта яркі прыклад праяўлення патрыятызму і самаахвярнасці. Мы прайшлі дарогамі вызваленцаў, дзе дагэтуль захаваліся варонкі і акопы, прасякнуліся гераічнай энергетыкай гэтых мясцін, пакланіліся мужным байцам за тое, што яны прынеслі свабоду і мір на нашу зямлю. Такія паходы дапамагаюць згуртавацца калектыву. На гэты раз нават двум калектывам — Магілёўскага і Віцебскага абласных упраўленняў. Мы ведаем адзін аднаго па службе, нехта разам служыў, вучыўся, а нехта сустрэўся адзін з адным ўпершыню за апошнія дваццаць гадоў! І гэта таксама сімвалічна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіву ДКСЭ па Магілёўскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.