Вы тут

Інтэрв’ю са старшынёй Пружанскага райвыканкама Міхаілам Грышкевічам


Са старшынёй Пружанскага райвыканкама Міхаілам Грышкевічам сёння гутарым пра важныя надзённыя справы працаўнікоў раёна, пра аграрную і прамысловую вытворчасць, добраўпарадкаванне, развіццё турыстычнай галіны, клопат аб гістарычнай памяці і не толькі.


Фота Лізаветы ГОЛАД

— Не так даўно Пружаны з размахам адзначылі 590-годдзе. Водгукі гараджан пра падзею давялося чуць і падчас нашай нядаўняй камандзіроўкі. Раскажыце крыху пра свята. Што, на ваш погляд, асабліва ўдалося, а што хацелася б увасобіць, скажам, на 600-я ўгодкі горада?

— Сапраўды, свята атрымалася адначасова і яркім, і душэўным. Насычаная культурна-забаўляльная праграма разгарнулася на некалькіх пляцоўках. Цэнтральная вуліца горада на гэты час стала пешаходнай. На ёй размясціліся рамеснікі, прадпрыемствы вобласці са сваёй прадукцыяй. У гарадскім парку працавала дзіцячая зона з песнямі, гульнямі, танцамі, аніматарамі. Былі там шоу мыльных бурбалак, пенная дыскатэка, гульнявыя атракцыёны, майстар-класы. Цікавымі для дзяцей і моладзі аказаліся ўзорныя выступленні падраздзяленняў МНС, вайсковых часцей.

Падзеяй стала выступленне ўдзельнікаў тэлепраекта «Х-Фактар Беларусь» і «Фактар.by». У вячэрняй канцэртнай праграме ўзялі ўдзел знакамітыя артысты: мінская група Goffman, маскоўскі гітарыст May Lіan, дарэчы, ураджэнец Пружан, Вольга Кармухіна, Аляксей Бялоў, Сяргей Скачкоў, Уладзімір Кузьмін. Былі потым і святочны феерверк, і дыскатэка пад адкрытым небам. Склалася ўражанне, што ўвесь горад спяваў і весяліўся.

Пры падрыхтоўцы да Дня горада акцэнт быў зроблены на добраўпарадкаванне. На цэнтральных вуліцах абнавілі асфальт. У скверы па вуліцы Р. Шырмы аформілі зону адпачынку для моладзі, там уладкавалі доўгачаканы скейт-парк і дзіцячую пляцоўку. Да свята ў райцэнтры паявіліся новыя цудоўныя муралы. У месцы зліцця рэк Муха і Вец добраўпарадкавалі сквер, яго адметнасцю сталі шэсць драўляных скульптур гістарычных асоб, звязаных з нашым краем. Дарэчы, у скверы залажылі капсулу часу для нашчадкаў з наказам распячатаць яе на 650-годдзе горада.

Пра 600-гадовы юбілей казаць, відаць, рана, але ўпэўнены, што да таго часу горад яшчэ больш расквітнее і папрыгажэе. Мы таксама будзем спрыяць таму па меры сіл. Напрыклад, плануем у найбліжэйшыя гады ўстанавіць фантан на плошчы па вуліцы Савецкай, а ў парку ўзвесці амфітэатр.

— Сёлетняе свята прайшло роўна праз 20 гадоў пасля «Дажынак-2003», якія змянілі райцэнтр. Што робіцца ў працяг таго вялікага добраўпарадкавання?

— Названы год сапраўды стаў знакавым у жыцці горада. Падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу была праведзена вялікая работа па капітальным рамонце жыллёвага фонду, замене інжынерных камунікацый. Капітальна адрамантавана 28 вуліц. Адных толькі новых бардзюраў праклалі 61 кіламетр. Больш за паўтары тысячы вулічных свяцільняў было адрамантавана і заменена, уладкавана 11,4 гектара газонаў, пасаджаны дрэвы, кусты. Змяніла аблічча гасцініца і іншыя сацыяльна-культурныя аб’екты. З’явіліся помнікі, такія як скульптура «Зліццё» над паверхняй ракі Мухавец... І яшчэ шмат чаго. Адным словам, горад змяніўся да непазнавальнасці. І ўсё гэта, несумненна, надало імпульс для далейшага яго развіцця. Люблю паўтараць, што парадак грунтоўна наводзіцца адзін раз, а потым ён толькі падтрымліваецца. Вось і мы стараемся адпавядаць папярэднікам, ісці ў нагу з часам у справе падтрымання парадку ў горадзе. Думаю, што гэта адна з задач нароўні з сельскай гаспадаркай альбо прамысловым развіццём.

— Прапаную пагаварыць пра сельскую гаспадарку. Сёння на парадку дня завяршэнне ўборачнай кампаніі, сяўба азімага палетка. Раскажыце крыху пра сёлетняе жніво, пра вынікі, з якімі раён прыйшоў да абласных «Дажынак».

— Варта сказаць, што да найважнейшага этапу сельгасработ нашы аграрыі з году ў год падыходзяць грунтоўна. Не стала выключэнем і сёлетняя ўборачная кампанія. Жніво прайшло паспяхова дзякуючы своечасовай падрыхтоўцы тэхнікі. Сёлета гаспадаркі атрымалі 18 новых збожжаўборачных камбайнаў, з іх 17 — айчыннай вытворчасці.

Фота Алены ДАЎЖАНОК

Было зроблена ўсё, каб атрымаць добры ўраджай: праведзена якасная апрацоўка глебы, выкарыстоўвалася насенне высокіх рэпрадукцый, стаўку зрабілі на перспектыўныя, найбольш прадукцыйныя сарты, прымянялася інтэграваная сістэма аховы раслін, былі ўнесены патрэбныя дозы мінеральных угнаенняў.

Намалочана 138 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 43,8 цэнтнера з гектара, што вышэй за леташнія паказчыкі, якія, між іншым, былі найлепшымі за мінулую пяцігодку. Сёлета атрыманы рэкордны ўраджай масланасення рапсу — 21,1 тысячы тон. Па выніках абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў ва ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур наш раён стаў трэцім.

Цяпер вядзецца падрыхтоўка глебы і сяўба азімых. Збожжавы палетак азімай сяўбы немалы — 21 тысяча гектараў. Работу вядзём з усведамленнем, што паспяховая сяўба ў тэхналагічныя тэрміны забяспечыць вялікую частку поспеху на фінішы.

— Ваш плён у сельскай гаспадарцы відавочны, вас заслужана ўшанавалі на «Дажынках» у Ганцавічах. А як развіваецца прамысловая галіна раёна? Што новага на прадпрыемствах?

— Наш раён аграрны, а прамысловы комплекс у асноўным прадстаўлены прадпрыемствамі перапрацоўчага кірунку. ААТ «Пружанскі малочны камбінат» — адно з вядучых малочных прадпрыемстваў вобласці па вытворчасці сыроў, сухой малочнай прадукцыі, масла сметанковага, з’яўляецца буйным экспарцёрам раёна. Сёння можна казаць, што якасная сыравіна, сучаснае абсталяванне, карпатлівая работа прафесіяналаў — асноўныя складнікі поспеху камбіната. Прадпрыемства ўвесь час развіваецца, працуе над пашырэннем разнастайнасці прадукцыі, прапануе спажыўцу навінкі з мясцовым каларытам. Вось і сёлета паявіліся сыр плаўлены з журавінамі, сыр «Пружанскі» са смакам вяршкоў і цэлы шэраг іншых найменняў прадукцыі.

Пружанскі завод радыёдэталяў з’яўляецца безумоўным лідарам па аб’ёме інавацыйнай прадукцыі. Завод радыёдэталяў пастаўляе гатовую прадукцыю на канвеерныя заводы МТЗ, МАЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш», «Атлант», адпраўляе камплектуючыя ў Расійскую Федэрацыю. Варта адзначыць, што попыт на прадукцыю прадпрыемства пастаянна расце.

Спажывецкае таварыства нашага раёна робіць стаўку на павелічэнне перапрацоўкі мяса. Вядзецца актыўная работа па арганізацыі вытворчасці мясных кансерваў.

— Раённая газета апошнім часам нярэдка паведамляе аб адкрыцці новых магазінаў, фірменных гандлёвых пунктаў прадпрыемстваў. Выходзіць, буйныя гаспадаркі раёна вырашылі развіваць уласную гандлёвую сетку. Наколькі гэта выгадна, якія перспектывы?

— Літаральна ў жніўні ў Пружанах адкрылі свае фірменныя магазіны ААТ «Ружаны-Агра» і ААТ «Жураўлінае». Відавочная двайная выгада. Жыхары атрымліваюць магчымасць купіць свежае мяса і паўфабрыкаты, тым самым робіцца ўклад у паляпшэнне гадлёвага абслугоўвання насельніцтва. Для сельгаспрадпрыемстваў гэта рост выручкі ад рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці. А сваё, яно ж заўсёды смачнейшае. Свядома падтрымаць рублём вытворцу са свайго раёна — гэта ўжо, згадзіцеся, пра патрыятызм.

— Як вядома, Пружаншчына мае добры турыстычны патэнцыял. Ці расце колькасць замежных гасцей і суайчыннікаў, што наведваюць славутасці раёна? Якія аб’екты выклікаюць найбольшую цікавасць турыстаў?

— Сапраўды, даводзіцца канстатаваць: лік тых, хто цікавіцца нашым краем, расце. Сведчанне таму — лічбы: у 2021 годзе колькасць турыстаў наблізілася да 48 тысяч, у 2022 годзе іх было ўжо больш за 60 тысяч, а за першае паўгоддзе сёлета нас наведала 29 тысяч чалавек, з іх 2144 — замежныя грамадзяне. Госці праяўляюць цікавасць да музеяў, аздараўленчых устаноў, паляўнічых гаспадарак, храмаў. Попытам карыстаюцца аграсядзібы. Сёння іх у раёне дванаццаць. Гаспадары прапануюць сваім гасцям збор грыбоў і ягад, дэгустацыю нацыянальных страў, экскурсіі па лясах, назіранне за птушкамі і жывёламі, майстар-класы і шмат іншых забаў. Летась аграсядзібы наведала амаль чатыры тысячы чалавек.

Асноўнымі турыстычнымі аб’ектамі раёна з’яўляюцца Ружанскі палацавы комплекс Сапег, музей-сядзіба «Пружанскі палацык», а таксама ААТ «Санаторый «Ружанскі», якія наведваюць дзясяткі тысяч чалавек штогод. Мы рады гасцям, у нас ёсць, што ім паказаць: цудоўная прырода, помнікі культуры, архітэктуры, даўніны, памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

— Асаблівы аб’ект гістарычнай памяці ў раёне — мемарыял у Белавежскай пушчы «Крыжы, якія падаюць». Яшчэ ў савецкія часы склалася традыцыя памятных мерапрыемстваў каля «Крыжоў», заўсёды збіралася шмат людзей. Цяпер яна працягваецца?

— «Крыжы, якія падаюць» — гэта сапраўды адметны помнік, не зусім звычайны. Сярод старадаўніх соснаў у самым сэрцы Белавежскай пушчы ўзвышаюцца бетонныя глыбы крыжоў, што схіленыя ў жалобе і смутку ў памяць пра тых мірных жыхароў навакольных вёсак, якія былі па-зверску забітыя фашыстамі ў 1941 годзе. Штогод у першую нядзелю жніўня мы збіраемся ў гэтым месцы, каб аддаць даніну памяці і павагі ахвярам вайны. Прыводзім туды моладзь, дзяцей, каб яны ведалі праўду. Гаворым з імі аб тым, што адбывалася на нашай зямлі нейкіх восемдзясят гадоў таму, за што ваявалі і гінулі іх папярэднікі. Ім трэба ведаць і помніць, бо ім узводзіць будучыню краіны на падмурку гістарычнай памяці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».