Вы тут

Разам з экспертамі разбіраем ролю і значэнне Дня народнага адзінства


Дзень народнага адзінства — свята, якое ўздымае вялікі пласт айчыннай гісторыі. З гэтым днём звязана мноства падзей. Вакол яго шмат разнастайных, часам супрацьлеглых і неадназначных меркаванняў. Пра значэнне 17 верасня ў гісторыі Беларусі вядома даўно, але беларускаму народу яшчэ патрэбны час, каб усвядоміць важнасць гэтага дня не толькі ў мінулым, але і ў цяперашнім і нават у будучым. Таму Дзень народнага адзінства — гэта не толькі святочны дзень, але і нагода ўспомніць урокі гісторыі. Даведаліся, што думаюць лідары меркаванняў пра самае маладое дзяржаўнае свята і яго гістарычную ролю.


Фота: БелТА

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава расказала, што асабіста для яе азначае Дзень народнага адзінства: «Для мяне гэтае свята — любоў да роднай краіны, наша гісторыя, той цяжкі шлях, які прайшла наша краіна і наш народ. Гэта свята, калі мы адчуваем адзін аднаго душой і сэрцам. Калі мы ўсе разам думаем аб тым, што дзякуючы старэйшым пакаленням сёння маем магчымасць жыць у такой цудоўнай, выдатнай краіне. І яшчэ раз разумеем, наколькі важна нам быць разам для таго, каб жыць на сваёй зямлі, у суверэннай, незалежнай краіне». Па словах спікера, раз’яднанне народа заўсёды прыводзіць да сур’ёзных наступстваў для дзяржавы. «Усё проста. Раз’яднанне нацыі — гэта заўсёды праблемы ў краіне. Для таго каб краіна развівалася, каб вырашаліся ўсе праблемы і задачы, народ павінен быць адзіны. А самае галоўнае, не будзе міру і спакою там, дзе няма згоды ў грамадстве», — адзначыла Наталля Качанава.

Як падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, адзінства — гэта паказчык паспяховасці нацыі. «Калі ёсць адзінства, то нам усё пад сілу: і 1939-ы год, і Вялікая Айчынная вайна, і будаўніцтва нашай маладой дзяржавы», — адзначыў ён. Па словах Максіма Рыжанкова, для беларусаў адзінства сімвалізуе Прэзідэнт, пад кіраўніцтвам якога Беларусь аб’ядналася, каб стаць упэўненай і паспяховай краінай. «Калі б ён не накіраваў народ у адзінае рэчышча, у адчуванне адзінства перад выклікамі, калі б не накіраваў у адзінае рэчышча развіццё нашай дзяржавы, то нічога б не было», — заявіў ён. Максім Рыжанкоў таксама заўважыў, што адзінства і згуртаванасць беларускага народа дапамагло справіцца з выклікамі, якія стаялі перад краінай у 2020 годзе. 

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс гэты дзень яна назвала святам яднання агульнай сілы, працвітання, святам нашай будучыні. «Такія святы цікавыя не толькі для грамадзян нашай краіны, але і для ўсяго свету. На нас глядзяць з цікавасцю ўсе. Таму што такіх незвычайных святаў не так шмат. Каранямі яно сыходзіць у гісторыю, падкрэслівае пераемнасць пакаленняў. Каштоўнасць гэтага свята заключаецца менавіта ў тым, што яно ўсіх нас аб’ядноўвае, усім дорыць радасць, будучыню, адзінства», — падкрэсліла Вольга Чупрыс. 

«Можна казаць, што свята стала сапраўды ўсенародным. Здавалася б, трэці год мы яго так шырока адзначаем, хаця гэтая дата добра вядомая. Асабліва ў заходніх абласцях ёсць шмат вуліц і іншых аб’ектаў, названых у гонар 17 верасня. Але трэці год адзначаем не толькі дату ўз’яднання Беларусі ў 1939 годзе пасля расстання, пасля разразання па-жывому нашай краіны і нашага народа, але яшчэ і адзінства нашага народа ў цяперашні перыяд перад агульным ворагам. Мы паказваем, што мы — маналітная нацыя, што мы адзіны народ і гатовы любым выклікам, любым пагрозам супрацьстаяць плячом да пляча», — адзначыў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падкрэсліў, што ў аснове адзінства беларускага народа — любоў да сваёй Радзімы. «Мне вельмі падабаецца вызначэнне, чым адрозніваецца патрыятызм ад нацыяналізму. Патрыятызм — гэта любоў да свайго. Нацыяналізм — нянавісць да чужога», — сказаў ён. Уладзімір Каранік падкрэсліў, што беларуская дзяржава заўсёды будавалася на любові. «І гэта ўз’яднанне ў 1939 годзе — акт гістарычнай справядлівасці і магчымасць нашаму народу разам будаваць сваю будучыню. Любіць сваю гісторыю, ведаць свае карані і рухацца наперад», — адзначыў ён. Уладзімір Каранік таксама заўважыў, што адзінства беларускага народа праяўляецца ў тым, што ў кожным куточку краіны адчуваеш сябе як дома. 

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда звярнуўся да гісторыі гэтага свята «Той Рыжскі дагавор, які раздзяліў нашу краіну, быў абсалютна не мірны, хоць яго так называюць у гісторыі. Для Беларусі ён такім не быў. Беларускія землі, сем’і разарвалі па-жывому, не спытаўшы іх саміх. Ім заявілі, што частка беларусаў будзе жыць у іншай дзяржаве. Гэта трагедыя для Беларусі. 20 гадоў частка нашых людзей жылі ва „ўсходніх крэсах“. Гэта не што іншае, як рэзервацыя, дзе не было ні законаў, ні правіл. Усё беларускае забаранялася, — нагадаў ён. — Таму 17 верасня — гэта вялікае гістарычнае свята, свята справядлівасці, уз’яднання адзінай беларускай сям’і».

«Дзень народнага адзінства адно з самых галоўных святаў краіны, калі мы сталі менавіта той Беларуссю, якую ўсе ведаюць. Дзень, які нарэшце стаў святочным дзякуючы волі кіраўніка дзяржавы. Беларусы ведаюць сваю гісторыю і ганарацца ёю. І гэта вельмі важна для будучыні. Дзень народнага адзінства — цудоўнае свята, калі мы адчуваем, што мы беларусы, што мы нацыя», — падкрэсліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.

Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская заўважыла, што зараз у Беларусі сфарміравалася трыяда святаў: Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці і Дзень народнага адзінства, якія гуртуюць беларусаў. " Дзень народнага адзінства — найважнейшае свята, таму што мы разумеем, што ў адзінстве наша сіла. І нездарма, напэўна, гэта свята было заснавана, бо дата 17 верасня мае глыбокія гістарычныя карані. Наша яднанне дапамагло выратаваць краіну. Важна яшчэ раз усвядоміць, што нам не трэба дзяліцца на нейкія групы, шукаць падставы для незадаволенасці і ставіць свае асабістыя амбіцыі вышэй за агульны дабрабыт. Наадварот, трэба быць адзінай сілай«, — сказала яна. 

Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў таксама адзначыў, што Дзень народнага адзінства стаіць у адным рангу з вялікімі святамі, якія прасякнуты потам і крывёю нашых продкаў, якія адстойвалі нашу незалежнасць. Таму гэта свята вельмі важнае. «Яно будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне нашым дзецям, унукам, каб мы захоўвалі і ўмацоўвалі сваю незалежнасць і адзінства. Гэта свята кансалідацыі грамадства. Яно неабходна, каб мы былі згуртаванымі, адзінымі, каб жыць і ствараць на карысць сваёй краіны і на карысць кожнага», — падкрэсліў Дзмітрый Шаўцоў.

Старшыня РДГА «Веды», генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін звярнуў увагу, што беларусы заўсёды дабіваліся сваіх мэт і задач менавіта дзякуючы адзінству. «Так было пры стварэнні БССР, і калі адбывалася ўз’яднанне, у гады Вялікай Айчыннай вайны, і калі нам удалося здзейсніць беларускі цуд — аднавіць краіну пасля Перамогі. І ў наш час у эпіцэнтры геапалітычных падзей нам удаецца падтрымліваць мір дзякуючы нашаму Прэзідэнту і дзякуючы той народнай мудрасці, якая ўласцівая беларусам», — падкрэсліў ён. Вадзім Гігін таксама заўважыў, што статус дзяржаўнага свята асабліва падкрэслівае значэнне Дня народнага адзінства. Па яго словах, гэта свята стаіць у шэрагу іншых свят, якія адлюстроўваюць ідэалогію краіны: Дзень Незалежнасці (3 ліпеня), Дзень Перамогі (9 мая), Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка), Дзень народнага адзінства (17 верасня). «У гэтым і ёсць ідэалогія — на што мы арыентуемся, у чым аснова нашай дзяржаўнасці: перамога над фашызмам, адзінства нацыі, канстытуцыйнага права. Вось той базіс беларускай дзяржаўнасці, з якім нам ісці ў будучыню», — звярнуў увагу Вадзім Гігін.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.