Папярэдне вядома аб 14 пытаннях, запланаваных да разгляду дэпутатамі. Аб гэтым паведамілі на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў, якое ўчора адбылося пад кіраўніцтвам спікера ніжняй палаты парламента Уладзіміра Андрэйчанкі.
Як расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка, шэсць з 14 пытанняў падрыхтаваны да разгляду ў першым чытанні, чатыры — у другім. «Тры датычацца міжнародных пагадненняў, якія неабходна будзе ратыфікаваць парламенту, — удакладніў дэпутат. — Традыцыйна адно пытанне мы пакідаем у якасці рэзервовага для таго, каб разгледзець кадравыя змены, якія, магчыма, адбудуцца ў парламенцкім корпусе».
Па словах парламентарыя, да першага чытання падрыхтаваны законапраекты аб натарыяце і натарыяльнай справе, дарожным руху, аб закупках тавараў (работ, паслуг) і таксама шэраг іншых законапраектаў, якія сёння прадыктаваныя жыццём, правапрымяняльнай практыкай або іншымі прычынамі ўнясення іх у парламент. «Чатыры законапраекты будуць падрыхтаваны да разгляду ў другім чытанні: гэта законапраект аб адзінай дзяржаўнай сістэме ўліку правапарушэнняў (вельмі важны, на мой погляд), аб абароне і каранціне раслін; законапраект, які датычыцца змянення заканадаўства аб ахове здароўя і аб сацыяльнай абароне, — удакладніў Валянцін Семяняка. — Усе гэтыя законапраекты знаходзяцца ў вышэйшай ступені гатоўнасці».
Дзясятая сесія Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання, якая пачынае сваю работу 19 верасня, мае шэраг асаблівасцяў. «Першая асаблівасць заключаецца ў тым, што мы пачынаем сесіённы перыяд ва ўмовах, калі поўнасцю абноўлена заканадаўчая база, якая датычыцца работы парламентарыяў, у адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, — канкрэтызаваў Валянцін Семяняка. — У прыватнасці, унесены змяненні ў законы „Аб Нацыянальным сходзе“, „Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі“, зменены рэгламентныя дакументы. Гэта вельмі важна, што працуе Асноўны Закон ужо менавіта ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны».
Другая асаблівасць заключаецца ў тым, што ў адпаведнасці з абноўленай заканадаўчай базай сесія скончыць сваю работу 28 чэрвеня 2024 года. «Літаральна ў сярэдзіне яе работы пройдзе выбарчы працэс, будзе абноўлены дэпутацкі корпус Палаты прадстаўнікоў, — адзначыў парламентарый. — І гэта накладвае пэўныя абавязацельствы на дзеючы дэпутацкі корпус. Гэта значыць, што мы павінны не проста выканаць план заканадаўчай дзейнасці, але яшчэ і зрабіць задзел для нашых калег у абноўленым парламенце, каб яны маглі плаўна і эфектыўна ўліцца ў работу».
Паводле БелТА
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.