Вы тут

Ці цікавяць шэраговага чытача механізмы працы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі?


Ці цікавяць шэраговага чытача тыя механізмы, за кошт якіх дасягаецца зладжаная праца ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі? І ці ўвогуле чытачу, які корпаецца, выбірае кнігу на паліцах кнігарняў альбо шукае нечаканы і яшчэ невядомы яму цікавы твор, трэба ведаць пра тое, як працуе Саюз пісьменнікаў, што значаць яго паўсядзённыя клопаты для нараджэння новых твораў, новых кніг? А мо і не патрэбны ён зусім — гэты Саюз пісьменнікаў...


Фота: pixabay.com

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца даволі цікавая даведка з самых «недраў» апаратнай работы Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі. Назва сухаватая — «Аб рабоце творчых секцый Саюза пісьменнікаў БССР». Аўтар — загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КП Беларусі Алесь Савіцкі. Чалавек даволі цікавы, які пражыў немалое жыццё, шмат што паспеў зрабіць у жыцці і творчасці. На 24 чэрвеня 1969 года (на дзень, якім была датавана дакладная запіска), ён, Алесь Ануфрыевіч Савіцкі, быў ужо аўтарам зборніка апавяданняў «Белы гарлачык», аповесцяў «Кедры глядзяць на мора», «Пасля паводкі», «Самы высокі паверх» (у 1970 годзе яна будзе адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі), раманаў «Жанчыны» і «Палын — зелле горкае». Партызан, франтавік, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ён закончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, а следам і аспірантуру пры ім. Доўгі час працаваў вучоным сакратаром Літаратурнага музея Якуба Коласа. На пасаду загадчыка заступіў у 1969 годзе... Як павінны былі працаваць секцыі, ён, зразумела, ведаў, не мог не ведаць. І ўласны вопыт дзеля гэтага меў немалы…

І хаця тэкст дакладной запіскі лаканічны, усё ж ён ўяўляе сабою выразны партрэт не толькі падыхода, з якімі партыя кіравала літаратурным працэсам, а і само жывое жыццё ў гэтым працэсе. «У Саюзе пісьменнікаў створаны і працуюць 6 творчых секцый, — так пачынаецца расповед пра самае першаснае звяно ў адміністрацыйнай іерархіі творчага саюза. — Кожнай секцыяй кіруе бюро, якое выбіраецца агульным сходам секцыі. Склад бюро творчых секцый наступны: 

Бюро секцыі паэзіі: С. Грахоўскі (старшыня), Н. Гілевіч (намеснік), Я. Сіпакоў (намеснік), В. Зуёнак (сакратар), Р. Бярозкін, В. Вітка, А. Русецкі, А. Вялюгін, К. Цвірка, А. Лойка, А. Вярцінскі. 

Бюро секцыі прозы: Я. Скрыган (старшыня), А. Алешка (намеснік), Л. Арабей (сакратар), А. Асіпенка, У. Дамашэвіч, М. Кругавых, І. Навуменка, В. Адамчык, А. Кудравец. 

Бюро секцыі крытыкі: Дз. Бугаёў (старшыня), П. Дзюбайла (намеснік), А. Яскевіч (сакратар), В. Каваленка, Р. Шкраба, Н. Пашкевіч, М. Ларчанка. 

Андрэй Макаёнак

Бюро секцыі драматургаў: А. Макаёнак (старшыня), А. Дзялендзік (намеснік), Г. Колас (сакратар), К. Губарэвіч, А. Маўзон, К. Крапіва, А. Сабалеўскі. 

Бюро секцыі дзіцячай літаратуры: А. Пальчэўскі (старшыня), А. Марціновіч (намеснік), А. Кобец-Філімонава (сакратар), К. Кірэенка, Э. Агняцвет, У. Юрэвіч, А. Якімовіч. 

Бюро секцыі мастацкага перакладу: Я. Семяжон (старшыня), Н. Гілевіч (намеснік), Ю. Гаўрук (сакратар), Л. Салавей, А. Зарыцкі.» 

Язэп Семяжон

Некалькі слоў пра персанальны склад секцый. Нават калі аглядаць яго з вышыні сённяшняга «нелітаратурнага» часу, можна прыйсці да высновы, што ў склад актыву секцый уваходзілі добра вядомыя пісьменнікі, творцы, якія і на той час, і ў наступныя дзесяцігоддзі былі адзначаны высокімі ўзнагародамі, а самае галоўнае — зробленае заўжды знаходзілася ў полі зроку чытача, гледача. Званнямі народных паэтаў, народных пісьменнікаў былі адзначаны Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Андрэй Макаёнак, Кандрат Крапіва. Сярод складу бюро ( у ім — 45 літаратараў; Ніл Сымонавіч Гілевіч працаваў як намеснік у бюро двух секцый — паэзіі і мастацкага перакладу) нямала лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі БССР і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь — палова ад агульнай колькасці. 

З дакладной запіскі загадчыка сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры: «...Секцыя паэзіі на працягу 1968 — 69 гадоў правяла шэраг карысных творчых мерапрыемстваў, якія ўвогуле даюць падставу ацаніць працу секцыі станоўча. 

Унесены калектыўныя прапановы ў план выдання Бібліятэчкі беларускай паэзіі, праведзена некалькі літаратурных вечароў у клубе СП і ВНУ Мінска, абмеркаваны праблемы сучаснай беларускай паэзіі, праведзена сумесна з секцыяй і рэдакцыяй „Літаратуры і мастацтва“ нарада па пытаннях цяперашняга стану маладой беларускай паэзіі. Абмяркоўвалася пытанне аб выданні беларускай паэтычнай Леніяны. 

Разам з Бюро прапаганды мастацкай літаратуры распрацаваны маршруты паездак у глыбінныя раёны рэспублікі і складзены брыгады паэтаў, якія сустракаліся з чытачамі, выступалі ў калгасах, на прадпрыемствах, у школах і бібліятэках Беларусі. Можна было б адзначыць і іншыя такія ж важныя мерапрыемствы, але, тым не менш, ёсць (і ў першую чаргу ў старшыні секцыі тав.<арыша> Грахоўскага) пэўная незадаволенасць станам спраў у секцыі. Не створана сапраўдная творчая атмасфера, якая аб’яднала б паэтаў — членаў секцыі — надавала б аўтарытэт калектыўным абмеркаванням, выхоўвала жаданне дапамагчы таварышу, выключала б хваравітае рэагаванне на таварыскую крытыку. 

Добра было б для працы секцыі адвесці спецыяльныя дні». 

Чамусьці ў справаздачы няма ніякіх звестак пра канкрэтныя творы — напрыклад, пра здабыткі ў жанры паэмы, пра найболей яркія паэтычныя публікацыі ў часопісах «Полымя», газеце «Літаратура і мастацтва». Ды хаця б пра тое, што некаторыя паэты ў гэты час выдалі яркія кнігі, былі адзначаны прэстыжнымі прэміямі... Хаця б пасля апошняга перад 1969 годам з’езда пісьменніцкай арганізацыі, пятага па ліку. За тры гады, з 1966 па 1969-ы, выйшлі наступныя кнігі: Пімена Панчанкі — «Пры святле маланак» (у 1967 годзе была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа) і «Размова з наследнікам»; Максім Танк у 1966 годзе за зборнік «Мой хлеб надзённы» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССр імя Янкі Купалы; Аляксей Русецкі выдаў паэтычныя кнігі «Яго вялікасць» і «Служба святла»; Алег Лойка — кнігу вершаў і паэм «Блакітнае азерца» (1965) і «Каб не плакалі кані» (1967); Рыгор Барадулін — кнігі лірыкі «Неруш» (1966) і «Адам і Ева» (1968)... Хіба гэта не важней колькасці сустрэч і іншых статыстычных дадзеных?!. Наўрад ці і тысяча, і дзве тысячы сустрэч з чытачамі заменяць адзін верш, які застанецца на многія гады, будзе прыцягваць увагу чытачоў розных пакаленняў... 

Другі раздзел дакладной запіскі — пра працу секцыі драматургаў. І што вельмі важна, болей канкрэтны па сваёй сутнасці... «У сапраўдны час у бягучым рэпертуары тэатраў рэспублікі налічваецца 25 твораў беларускіх аўтараў. 

За перыяд пасля апошняга з’езда пісьменнікаў пастаўлена беларускіх п’ес, лібрэта, опер, балетаў, аперэт — 33. З іх найболей значныя і заслугоўваюць ўвагі „Бацькаўшчына“ К. Чорнага ў Віцебску, „Цудоўная дудка“ В. Вольскага ў ТЮГу, „Канстанцін Заслонаў“ у тэатры Я. Купалы. З новых п’ес актыўную цікавасць у гледача выклікала толькі адна — „Выклік багам“ А. Дзялендзіка. Усе іншыя, нягледзячы на важкасць паднятых ідэй, праблем, канфліктаў, на жаль, маюць часовае значэнне ў развіцці мастацтваў. 

Анатоль Дзялендзік

Засмучае ладная колькасць драматургічных падробак, спекулюючых на сацыяльнай праблематыцы („Адплата“ і „Я прысягаў радзіме“ А. Струніна ў Гродзенскім тэатры, „Дняпроўскі рубеж“ Я. Тарасава ў Магілёве і інш.). На сцэну пранікае відавочная халтура, як п’еса М. Гарулёва „Помста Палавінкіна“. 

Па ініцыятыве секцыі (рашэнне 7. I — 67 г.) з 1968 года пачала выдавацца серыя „Бібліятэка беларускай драматургіі“. 

Кандрат Крапіва

За два гады выдадзены: 

„Хто смяецца апошнім“ К. Крапівы,

„Пінская шляхта“ В. Дуніна-Марцінкевіча

„Выбачайце, калі ласка“ А. Макаёнка

„Паўлінка“ Я. Купалы

„Канстанцін Заслонаў“ А. Маўзона

Зборнік п’ес Ул. Галубка

На 1970 год рыхтуецца выданне: 

„Гуты“ Р. Кобеца

„Папараць-кветкі“ І. Козела

„У пушчах Палесся“ Я. Коласа...»

Алесь Ануфрыевіч Савіцкі не іначай як з павагі да старшыні секцыі — уплывовага Андрэя Макаёнка, запісаў у актыў секцыі і выданне драматургічных здабыткаў не толькі папярэдніх дзесяцігоддзяў, але і мінулага стагоддзя...

З дакладной запіскі: «Секцыя спрабавала ўцягнуць ў дзелавое абмеркаванне праблем драматургіі работнікаў тэатраў, для чаго на адзін са сваіх справаздачна-выбарных сходаў (25. III — 68 г.) разаслалі запрашэнні галоўным рэжысёрам тэатраў. На жаль, ніхто з іх не змог прысутнічаць, бо міністр культуры тав. Мінковіч М. А. забараніў ім гэта. А ў ліку ж другіх дакладаў, якія абмяркоўваліся на гэтым сходзе, быў і „Аб задачах беларускай драматургіі і тэатраў рэспублікі па падрыхтоўцы да 50-годдзя БССР і КПБ“. 

Секцыя прыняла актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні IV з’езда Беларускага тэатральнага таварыства, рэспубліканскай тэатральнай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю БССР і КПБ. У прыватнасці, быў падрыхтаваны даклад „Беларуская драматургія на сцэнах тэатраў СССР“. 

Бюро секцыі накіроўвала сваіх прадстаўнікоў у тэатры на абмеркаванне кожнай з новых пастановак беларускіх п’ес. Праведзены семінар драматургаў па п’есах, прысвечаных 50-годдзю Кастрычніка. У кіраўніцтве семінарам прынялі ўдзел К. Крапіва і К. Губарэвіч. Члены секцыі прымалі ўдзел ў працы падрыхтоўчых камітэтаў і юбілейных аглядаў-конкурсаў прафесійных і народных тэатраў. 

Па ініцыятыве бюро секцыі на старонках часопіса „Неман“ са студзеньскай кніжкі г. г. пачата абмеркаванне праблем сучаснага беларускага тэатра. У дыскусіі прынялі ўдзел: доктар мастацтвазнаўства Ул. Няфёд, галоўны рэжысёр тэатра імя Я. Коласа С. Казіміраўскі, артысты тэатра імя Я. Купалы Г. Гарбук, А. Мілаванаў, Р. Філіпаў, драматург і дырэктар ТЮГа А. Вольскі, намеснік дырэктара тэатра імя М. Горкага П. Левашоў. У чарговых нумарах выступяць кандыдат мастацтвазнаўца С. Місько, рэжысёр Полацкага народнага тэатра М. Манохін і інш.». 

І яшчэ: «Бюро секцыі драматургіі сумесна з Прэзідыўмам БТТ плануе ў пачатку новага тэатральнага сезона правесці нараду па падвядзенню вынікаў дыскусіі і выпрацаваць адпаведныя рэкамендацыі па ўзнятых праблемах. 

Справаздача будзе надрукавана ў часопісе «Неман». 

Зусім інакшым па структуру выглядае раздзел, прысвечаны працы секцыі дзіцячай літаратуры.

Вось што піша загадчык сектара свайму кіраўніцтву: «Пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей на беларускай мове, няшмат: Я. Маўр, А. Якімовіч, В. Вольскі, П. Рунец, Я. Бяганская, Ул. Ляўданскі...» Падкрэслім, што і Маўр, і Вольскі Віталь, і Алесь Якімовіч, і Ядвіга Бяганская пачыналі свой шлях у літаратуру яшчэ ў 1920-1930-я гг. Першая кніга Янкі Маўра — «Чалавек ідзе» — пабачыла свет у 1927 годзе. Наступная — «У краіне райскай птушкі» — у 1928-м... Першыя кнігі Алеся Якімовіча — «Вершы» і «Гул бубна» — выдадзены ў 1925 годзе. Дарэчы, забягаючы наперад, заўважым, што ў час, калі Алесь Ануфрыевіч Савіцкі пісаў сваю справаздачу, Алесь Якімовіч працаваў над працягам цыкла аповесцяў, прысвечанага сялянскаму жыццю ў другой палове XIX стагоддзя... У 1968 годзе выйшла аповесць А. Якімовіча «Канец сервітуту». Крыху пазней, у 1974 годзе, за гэты і іншыя творы Алесь Іванавіч атрымае Дзяржаўную прэмію БССР…

З дакладной запіскі: «На рускай мове пішуць для дзяцей: В. Сіманава, Г. Васюкова, Т. Цулукідзэ, В. Марозаў, М. Чэрнік, Ю. Багушэвіч і інш. Увогуле болей сарака чалавек за апошнія гады выдалі свае творы па рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва „Беларусь“ і „Народная асвета“. Праўда, некаторыя з іх яшчэ не з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў. За апошнія два гады ў Саюз пісьменнікаў па секцыі дзіцячай літаратуры прыняты двое: Я. Зазека, Т. Цулукідзэ. Падрыхтаваны дакументы на прыём у Саюз І. Сяркова і М. Бабарыка...» Віцебская журналістка, літаратар Маіна Бабарыка (1930 — 2021) пражыла доўгае жыццё. Першыя кнігі выйшлі ў сярэдзіне, другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя: «Книжкина неделя» (1964), «Непоседы» (1965), «Про Светку и ее друзей» (1967)... Яшчэ дзве кнігі ў 1970-я: «За круглым оконцем» (1972), «А у нас во дворе» (1974). І пасля быў доўгі перапынак... Дарэчы, яе творчым актыўнасцям паспрыяла і тая ўвага, якую далі ёй калегі па творчаму цэху, сябры Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўжо ў новым, XXI-м, стагоддзі. У 2005 годзе Маіну Максімаўну абралі ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, крыху пазней узнагародзілі медалём «За вялікі ўклад ў літаратуру». 

«Праца секцыі, — падкрэслівае А. Савіцкі, — галоўным чынам заключалася ў правядзенні паседжанняў бюро, агульных сходаў секцыі, выступленняў членаў секцыі ў школах і піянерскіх лагерах з гутаркамі і чытаннем сваіх твораў.» І далей: «У 1967 годзе быў праведзены рэспубліканскі конкурс на лепшы твор для дзяцей, які выявіў новае імя дзіцячага пісьменніка — Івана Сяркова. Адзначана прэміямі было 7 кніг.

Найболей арганізавана секцыя працуе сёлета. Многія члены секцыі прынялі актыўны ўдзел ў працы пашыранага паседжання прэзідыўма Саюза пісьменнікаў, якое абмяркоўвала стан дзіцячай літаратуры ў рэспубліцы. 

На паседжанні бюро і агульных сходах секцыі разглядаліся і абмяркоўваліся планы працы секцыі, перспектыўныя планы выдання дзіцячай літаратуры выдавецтвамі „Беларусь“ і „Народная асвета“, абмяркоўваліся новыя творы І. Сяркова, М. Бабарыка, Н. Галіноўскай, З. Кацубы і іншыя. 

Быў праведзены літаратурны вечар пісьменнікаў старэйшага і малодшага пакаленняў: Віткі і Бічэль-Загнетавай. На апошнім паседжанні бюро на Дзяржаўную літаратурную (так ў справаздачы: „літаратурную“ — К. Л., В. С. ) прэмію БССР вылучана кніга В. Віткі „Казкі“, выдадзеная выдавецтвам „Народная асвета“ у 1968 годзе». 

Чамусьці вельмі сціплым атрымаўся раздзельчык, прысвечаны працы секцыі прозы. Мо з-за таго, каб не крытыкаваць? А мо і па прычыне, што асабліва секцыі і не відаць было..? Ці таму, што не хацелася кранаць вострыя пытанні развіцця беларускай прозы на дадзеным этапе. Трэба ж было б, відавочна, гаварыць і пра Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, якія насуперак і справаздачам ЦК, і партыйным і іншым спробам «выправіць» іх творчы шлях, упарта ішлі да чытача са сваім мастацкім мышленнем, са сваёй жыццёвай праўдай. І як вынік — засталіся ў літаратуры сапраўднымі, не прыдуманымі класікамі... 

І ўсё ж прывядзём да ўвагі і раздзельчык пра працу секцыі прозы: «Асноўная форма працы — агульныя сходы і паседжанні бюро. 

За апошні час праведзены шэраг абмеркаванняў кніг і твораў, надрукаваных у часопісах. З аглядамі выступалі Стральцоў, Адамчык і іншыя. 

На секцыі было заслухана паведамленне перакладчыка Кабзарэўскага аб выданні ў Ленінградзе зборніка беларускіх апавяданняў і аповесцяў. Абмеркавана выданне зборніка літаратурна-мастацкіх твораў пра У. І. Леніна. Укладальнікамі зацверджаны тт. Гілевіч, Зарыцкі, Кудравец, Хадкевіч. 

Секцыя прозы праводзіла вылучэнне кніг на Дзяржаўную літаратурную прэмію. У 1967 г. — 7 кніг, у 1968 г. — 6 кніг, у 1969 г. — 4 кнігі (І. Навуменка, „Вецер у соснах“, А. Асіпенка „Вогненны азімут“, І. Гурскі „Вецер века“, І. Пташнікаў „Тартак“). 

За гэты перыяд секцыя прозы рэкамендавала ў Саюз пісьменнікаў 14 чалавек (У. Ляўданскі, В. Палтаран, П. Місько, В. Мыслівец, І. Мяла, М. Шумаў, М. Капыловіч, А. Кудравец, В. Карамазаў, А. Чаркасаў, А. Слесарэнка, А. Пінчук, В. Кудзін, В. Дайліда)». 

Канешне ж, якраз гэтая частка справаздачы выклікае дзіўнае ўражанне. Бо, акрамя Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, за межамі ўвагі загадчыка сектара мастацкай літаратуры засталіся такія розныя пісьменнікі, як Іван Шамякін, Леанід Гаўрылкін, Аляксей Карпюк (хаця, як маглі б яго «заўважаць», калі ў 1969-м ужо быў пік увагі да Аляксея Карпюка з боку спецслужбаў, Гродзенскага абкама партыі. Праўда, з КПСС яго выключылі толькі ў 1972-м; затым у 1973-м аднавілі) і іншых... 

З дакладной запіскі загадчыка сектара мастацкай літаратуры: «Бюро секцыі мастацкага перакладу сістэмнай працы ў секцыі не вяло, калі не лічыць бягучых спраў (рэкамендацыя кніг у выдавецтва і г. д.). Найболей масавым і цікавым з’явілася абмеркаванне, сумесна з секцыяй паэзіі, перакладу Я. Семяжона паэмы М. Гусоўскага „Песня пра зубра“. Але пераважна члены бюро працавалі „адзінцом“, прымаючы ўдзел у маскоўскіх і замежных канферэнцыях, уваходзячы ў кантакты з замежнымі літаратурамі. 

Кіраўнікі секцыі зважаюць на тое, што выдавецкія планы не адпавядаюць магчымасцям „цэха“ беларускіх перакладчыкаў, якія істотна выраслі». 

Якія ж высновы робіць Алесь Ануфрыевіч Савіцкі з праробленай працы па разгляду адміністрацыйнага і творчага плёну секцый СП БССР? 

«Пасля апошняга пісьменніцкага з’езда праца творчых секцый Саюза не была дакладна прадумана і спланавана. Секцыі не мелі канкрэтных планаў сваёй дзейнасці, працавалі без вялікай перспектывы, збіраліся ад выпадку да выпадку, не ставілі на абмеркаванне важнейшыя літаратурныя праблемы. Не былі, па сутнасці, знойдзены формы працы, якія найболей прымальныя дзеля дапамогі пісьменніку ў арганізацыі творчага працэса. 

На паседжаннях секцый, як правіла, вырашаліся арганізацыйныя мерапрыемствы: абмеркаванне выдавецкіх планаў, вылучэнне новых твораў на літаратурныя прэміі і г. д. У баку было галоўнае: творчая праца, дзелавыя творчыя спрэчкі пра сённяшні дзень літаратуры, пісьменніцкае майстэрства, абмен вопытам працы, творчыя справаздачы пра камандзіроўкі. Абмеркаванне новых твораў пісьменнікаў на секцыях не практыкавалася, яно праводзілася толькі тады, калі ўзнікаў канфлікт пісьменніка з выдавецтвам і неабходна была падтрымка секцыі, каб дамагчыся ўключэння твора ў выдавецкі план.

Мяшалі справе літаратурны снабізм, замкнутасць секцыі толькі ў коле сваіх інтарэсаў. Сумесныя паседжанні секцый не практыкаваліся. На паседжанні, скажам, секцыі крытыкаў рэдка ўбачыш празаіка. Крытыкі, у сваю чаргу, як правіла, не кажучы ўжо пра паэтаў, таксама не ўдзельнічаюць у працы секцыі прозы». 

Партыйны чыноўнік адну з прычын пралікаў разгледзеў і ў тым, што ранейшы станоўчы вопыт не ўзяты ў разлік. Да з’езда, як правіла, кансультант Саюза пісьменнікаў (гэта значыць: штатны, на зарплаце, супрацоўнік) быў адначасова і кіраўніком секцыі. Пасля з’езда, калі дадаткова было абрана некалькі сакратароў Саюза, «у кіраўніцтве секцыямі ўзнік нейкі паралелізм: секцыямі займаліся і сакратары і кансультанты, пры гэтым адзін спадзяваўся на адказнасць другога». 

Сёе-тое, відаць, было зроблена ўжо ў час праверкі ці па выніках яе... Чытаем у дакладной запісцы: «Цяпер у кіраўніцтве Саюза пераразмеркаваны абавязкі, і ёсць сакратары па жанрах і на іх абавязку ляжыць і непасрэднае кіраўніцтва секцыямі: 

Я. Брыль — дзіцячая літаратура і пераклады;

І. Мележ — проза і крытыка;

П. Панчанка — паэзія і драматургія. 

Янка Брыль

Нядаўна праведзены справаздачныя сходы ў секцыях і выбраны новыя склады бюро. Цяпер усё будзе залежыць ад таго, як яны змогуць арганізаваць сваю працу. 

Як нам уяўляецца гэта праца? 

У аснове яе — стварэнне дзелавой, сапраўды таварыскай абстаноўкі. Трэба рашуча адмовіцца ад літаратурнага снабізма, паважліва ставіцца да вялікіх і малых літаратурных твораў, наладзіць рэгулярнае правядзенне сходаў секцый, практыкаваць абмеркаванне рукапісаў кніг, праводзіць сумесныя пасяджэнні секцый, наладжваць творчыя вечары, напрыклад, аднаго апавядання, верша. Цяжка, зразумела, даць гатовы, дакладна распісаны план мерапрыемстваў. Праца секцый — справа творчая, і менавіта так, творча, павінны падыходзіць да арганізацыі сваёй працы бюро секцый». 

Пімен Панчанка

У запісцы ад 24 чэрвеня 1969 года чамусьці не вылучана справаздача пра працу секцыі крытыкі. Ізноў жа можна толькі здагадвацца, чаму... І гэта пры тым, што ў 1966 годзе крытык Нічыпар Пашкевіч адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа за кнігу крытыкі «На шырокіх шляхах жыцця». У 1967 годзе выходзіць кніга будучага акадэміка, літаратуразнаўца Віктара Каваленкі «Давер». У 1966-м — кніга літаратурна-крытычных артыкулаў Уладзіміра Карпава «Крылаты ўзлёт». З’явілася шмат цікавых публікацый у галіне гісторыі беларускай літаратуры. Напрыклад, кніга Рыгора Семашкевіча «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968). А Рыгор Бярозкін, да меркаванняў якога прыслухоўваліся ўсе паэты, выдае нарыс «Пімен Панчанка» (1968)... Шкада, што фактычна секцыя крытыкі засталася па-за ўвагай кіраўніка сектара мастацкай літаратуры Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай Партыі Беларусі... 

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.