Вы тут

У Салігорску прайшлі абласныя «Дажынкі-2023»


Свята-фестываль працаўнікоў сяла сабрала не толькі гараджан і жыхароў раёна. Прыехалі прадстаўнікі суседніх рэгіёнаў і абласцей. Сярод прысутных былі людзі розных узростаў і прафесій: дзеці, дарослыя, людзі старэйшага пакалення. І кожны мог знайсці тут занятак па душы. Малыя забаўляліся на гульнявых пляцоўках. Многія наведвалі Горад майстроў, дзе бралі майстар-класы, вучыліся вырабляць розныя фігуркі і побытавыя прадметы з саломкі, іншых спадручных матэрыялаў. Працавалі арт-выставы, бульбяны падворак, дзе можна было пачаставацца выпечаным па традыцыйных беларускіх рэцэптах хлебам. Ну і вядома, якое свята без традыцыйнага конкурсу караваяў. Іх прадставілі ўсе 22 раёны вобласці. Што ні каравай, то шэдэўр, упрыгожаны клапатлівымі і ўмелымі рукамі хлебапёкаў. Шмат цікаўных сабрала дэманстрацыя сукенак-канструкцый рэгіёнаў Мінскай вобласці «Міншчына гасцінная». Перад удзельнікамі «Дажынак» выступалі творчыя самадзейныя калектывы, зоркі беларускай эстрады.


Фота: БелТА

Добры падарунак роднаму гораду зрабілі і салігорскія бібліятэкары, якія распрацавалі своеасаблівы інтэрактыўны квэст «Крышталь урадлівасці», дзякуючы якому прысутныя на свяце маглі «прайсціся» па падворках прадпрыемстваў Салігоршчыны, даведацца, чым славіцца гэты найпрыгажэйшы куток Міншчыны і атрымаць прыз.

На кірмашы «Беларускі агарод корміць круглы год» можна было азнаёміцца з сельгаспрадукцыяй аграрыяў вобласці. Шчыра сказаць, ад такой разнастайнасці вочы разбягаліся: багатырскія качаны капусты, морква, буракі, гарбузы, памідоры, агуркі і шмат чаго яшчэ.

Галоўнай падзеяй свята стала ўзнагароджанне пераможцаў жніва на галоўнай сцэне фестывалю. Сярод іх — кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, камбайнеры, механізатары, вадзіцелі, аграномы, інжынеры, медыкі, якія сачылі за здароўем удзельнікаў жніва, прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія кантралявалі, каб кожнае зярнятка дайшло да элеватара.

Удзельнікаў і гасцей свята павіншаваў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. На яго думку, развіццё цывілізацыі, тэхнічны прагрэс, лічбавая эканоміка апошнія гады спарадзілі шмат прафесій, аб неабходнасці якіх чалавек раней нават не здагадваўся. Але ёсць такія, якім не адна тысяча гадоў. І да гэтага часу яны актуальныя і запатрабаваныя. Гаворка ідзе пра хлебаробаў. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна адзначыў, што традыцыя ўшаноўваць і ўзнагароджваць сельскіх працаўнікоў працягваецца з году ў год. Гэта людзі, якія ствараюць харчовую бяспеку краіны.

— Сёлета ўраджай фарміраваўся ў няпростых кліматычных умовах, але гэта не перашкодзіла аграрыям Міншчыны намалаціць дастаткова значны для краіны ўраджай і стаць абсалютным лідарам у валавым зборы збожжавых і зернебабовых культур, — лічыць намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц.

Дарэчы, аграрыі цэнтральнага рэгіёна сабралі 1,5 млн тон збожжа, пазней засекі папоўняцца яшчэ 450 тысячамі тон зерня кукурузы. У лідарах Нясвіжскі, Дзяржынскі і Мінскі раёны. Добрым ураджаем упершыню за многія гады парадавала кукуруза ў паўночным Мядзельскім раёне. Рэкордныя 108 цэнтнераў з гектара каласавых атрымалі ў ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна. А ў ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна з’явіўся першы ў краіне камбайнер-тысячнік. Важкія вынікі на жніве паказала гаспадарка «Шаўры-Агра» Крупскага раёна, якая сабрала 5300 тон збожжавых. За восень запасы павялічацца за кошт зерня кукурузы.

Падчас «Дажынак» у Салігорску адкрылі спартыўны манеж комплексу «Шахцёр». Ён уяўляе сабой чатырохпавярховы будынак з заламі для гульнявых відаў спорту, бокса і адзінаборстваў. Ёсць таксама пляцоўка для настольнага тэніса, месца для заняткаў харэаграфіяй. Спартыўны комплекс наведалі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў і Аляксандр Турчын. Знакамітым гасцям паказалі элементы трэніроўкі з выкарыстаннем халоднай зброі. Максім Рыжанкоў адзначыў, што такіх спартыўных збудаванняў яшчэ не было ў Мінскай вобласці, у краіне шмат робіцца па развіцці спорту, у тым ліку і маладзёжнага.

Эстафету «Дажынак» Салігорск перадаў Валожыну. Менавіта там у наступным годзе пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».