Вы тут

Як выжыць у рэжыме шматзадачнасці


Так ужо склалася, што новы працоўны год большасць з нас прывыкла пачынаць зусім не са студзеня, а якраз з верасня. Лета скончылася, адпускны настрой застаўся ў мінулым, і надышоў час сур’ёзна брацца за працу. А гэта значыць, хочаш не хочаш, а зноў вяртацца да рэжыму шматзадачнасці. Асабліва калі ў вас ёсць дзеці школьнага ўзросту: думаю, не памылюся, калі скажу, што пачатак верасня мамы і таты, дзядулі і бабулі таксама ўспрымаюць як «новы пачатак». І каб усё паспяваць, трэба, як Юлій Цэзар, навучыцца рабіць некалькі спраў адначасова.


Вось толькі ці правільна гэта? Яшчэ нядаўна ўменне выжываць у рэжыме шматзадачнасці лічылася карысным навыкам і яму нават навучалі на анлайн і афлайн-курсах рознага роду «гуру» і коўчы. Радок пра шматзадачнасць лічылася добрым тонам дадаць у рэзюмэ пры працаўладкаванні. Сёння псіхолагі гавораць, што эфектыўная шматзадачнасць — гэта ілюзія: імкненне рабіць некалькі спраў адначасова негатыўна адбіваецца на якасці выканання кожнай з задач і ў канчатковым выніку прыводзіць да неўрозу. Аб тым, як выжыць у рэжыме шматзадачнасці, мы спыталі ў практыкуючага псіхолага Кацярыны Зычынай.

Амаль як Юлій Цэзар

— Кацярына Аляксееўна, чаму сёння шматзадачнасць — то-бок уменне спраўляцца адначасова з некалькімі справамі — ацэньваецца псіхолагамі хутчэй са знакам «мінус»? Раней гэтае ўменне лічылася абавязковым для сучаснага чалавека…

— Практыкуючыя псіхолагі ніколі не ацэньвалі так званую шматзадачнасць, так бы мовіць, са знакам «плюс». Справа ў тым, што на практыцы, спрабуючы быць шматзадачнымі, мы займаемся хуткім пераключэннем паміж задачамі, кожная з якіх кідаецца на палове дарогі, каб вярнуцца да пакінутай раней папярэдняй або пачаць рашэнне наступнай. Гэта не дае нам засяродзіцца, спакойна давесці пачатае да лагічнага завяршэння. У выніку на рашэнне кожнай задачы патрабуецца больш часу, чым калі б вы займаліся ўвасабленнем у жыццё пастаўленых мэт па чарзе. Плюс назапашваецца псіхалагічная стомленасць, узнікае непакой і трывога — на жаль, гэта фон жыцця сучаснага чалавека. Пастаянная спешка спараджае нездаволенасць. А ўсе задачы ў «рэжыме шматзадачнасці» вырашаюцца так-сяк: такім чынам, ваша эфектыўнасць падае. Калі вы адначасова спрабуеце, дапусцім, пісаць працоўную справаздачу, смажыць катлеты і правяраць у дзіцяці ўрокі, то, напэўна, заблытаецеся ў лічбах і высновах (і, каб разабрацца, дзе памылка, запатрабуецца час, які вы якраз і жадалі сэканоміць). Катлеты падгараць, а няздольнасць дзіцяці самастойна разабрацца з «дамашкай» выкліча раздражненне і прывядзе да сваркі. Пасля гэтага вы пачняце лаяць сябе, што дрэнная маці (або бацька) і нікчэмны працаўнік, гэта выкліча пачуццё незадаволенасці сабой і трывогі — і ўсё закруціцца ў замкнёным коле…

А наогул шматзадачнасць — не вынаходства трэцяга тысячагоддзя. Мара аб здольнасці рабіць мноства спраў адначасова хвалюе людзей спрадвеку. Прыгадаем хоць бы Юлія Цэзара, на якога арыентуюцца «шматзадачнікі»... Ёсць такая старажытная прытча. Да знакамітага майстра каліграфіі прыйшоў прасіцца ў вучні юнак. Ён убачыў пажылога чалавека, які варыў рыс. «Вы знакаміты майстар?» — спытаў ён. «У дадзены момант я чалавек, які памешвае рыс», — адказаў мудрэц. Шматзадачнасці тут супрацьпастаўляецца прынцып адназадачнасці. І я цалкам за гэты прынцып.

— Значыць, наш мозг не здольны апрацоўваць больш за адну задачу ў пэўны момант?

— Гэта не зусім так. Наш мозг увесь час працуе ў шматзадачным рэжыме. Напрыклад, калі чалавек чытае пост у інтэрнэце, то адначасова апрацоўвае інфармацыю, разумее сэнс, стварае ва ўяўленні візуальныя вобразы, ацэньвае дакладнасць прапанаванай інфармацыі і выпрацоўвае ўласнае стаўленне да прачытанага. Магчыма, нават прыдумляе, што напісаць у каментарыях да гэтага паста. Пры гэтым мы заўважаем гукі і пахі, абстаноўку вакол нас, адзначаем, хто ўвайшоў у пакой, дзе мы сядзім, і хто з яго выйшаў. А калі чытаем у транспарце, то, як бы цікава ні было, не прапусцім свой прыпынак. Гэта значыць, наш мозг выконвае тысячы аперацый у кожную хвіліну часу. Але з большасцю задач ён спраўляецца, так бы мовіць, у «рэжыме аўтапілота», выводзячы на першы план нешта галоўнае на дадзены момант. Характэрны, хоць і негатыўны прыклад, сварка са сваёй другой палоўкай (мужам або жонкай) у месенджары падчас кіравання аўтамабілем, калі паведамленні кіроўца піша, спыняючыся на чырвонае святло. Усё роўна на першым плане для кіроўцы будзе дарожная абстаноўка — хоць, паўтаруся, гэта вельмі негатыўны прыклад, таму што ўвага рассейваецца, а гэта небяспечна. Такім чынам, наш мозг увесь час працуе ў рэжыме шматзадачнасці. І вось вам пытанне: ці разумна нагружаць яго дадатковымі — прычым часам неабавязковымі — задачамі. А мы гэта робім пастаянна. Прыйшоўшы на працу, наўрад ці сучасны чалавек можа вырашаць працоўныя пытанні хоць бы паўгадзіны, не адцягнуўшыся на праверку паведамленняў у месенджарах і электроннай пошты. Працуючы за камп’ютарам, мы раз-пораз адцягваем увагу на сёрфінг у інтэрнэце, лезем на YouTube або заходзім у «Інстаграм». Калі муж расказвае ўвечары, як прайшоў дзень, мы, хутчэй за ўсё, утыкаемся ў смартфон са словамі: «Ды слухаю я, слухаю!». Нават размаўляючы па тэлефоне з найлепшай сяброўкай, адначасова мы, напрыклад, фарбуем пазногці. Або думаем на ранішняй працоўнай планёрцы не аб тым, што нам кажуць, а аб старонніх рэчах: «А я выключыла прас?». Для многіх норма — не даслухаўшы да канца рэпліку свайго візаві, дадумваць за яго тое, што ён хоча сказаць, і — «я ўжо ўсё зразумеў!» — пачынаць адказваць. Псіхіка сучаснага чалавека адчувае пастаянныя перагрузкі, бо мы спрабуем уціснуць у кожную гадзіну нашага дня дзясяткі спраў. Адсюль — усе тыя праблемы, з якімі і прыходзяць да псіхолага. Напрыклад, пракрастынацыя (схільнасць адкладаць справы, якая прыводзіць да псіхалагічных праблем). Няздольнасць доўга канцэнтравацца на нейкай задачы. Асабліва калі гэтая задача патрабуе ўдумлівасці, спакою і ўвагі на працягу доўгага часу. Невыпадкова сучасныя падлеткі аддаюць перавагу коміксам замест сур’ёзнай літаратуры. Педагогі кажуць аб «кліпавай свядомасці», але гэта ўласціва не толькі моладзі, але і дарослым у наш час. Адсюль псіхалагічная прыгнечанасць і «выгаранне» — калі ўжо з раніцы мы адчуваем сябе стомленымі: «Я нічога не хачу» або «Хай мяне не чапаюць». Адсюль — нядбайнасць, забыўчывасць, якая часам здзіўляе самога чалавека: «Я ж хацеў усё зрабіць добра»…

— Чаму так адбываецца?

— Гэта фізіялогія. Так працуе наша ўвага. Калі тлумачыць проста, эфектыўнае кіраванне увагай працуе так. Першы этап — факусіроўка. Наш мозг ацэньвае абстаноўку і выбірае, на чым сканцэнтравацца. Наступны этап — утрыманне: канцэнтрацыя на абраным элеменце або задачы на працягу нейкага часу без стомленасці і жадання ўсё кінуць і задрамаць. Яшчэ адзін працэс, які мае дачыненне да ўвагі, ігнараванне: мы засяроджваемся на нейкай мэце і не адцягваемся на іншыя. І, нарэшце, пераключэнне — завяршыўшы рашэнне адной задачы, мы пераходзім да рашэння наступнай, якая патрабуе нашай увагі. Ёсць яшчэ падзел увагі — і гэта якраз пра шматзадачнасць. Гэта здольнасць працаваць над дзвюма ці трыма задачамі адначасова. Але даследаванні апошніх гадоў дакладна паказалі, што рэзультатыўнасць у гэтым выпадку сур’ёзна пакутуе. Справа ў тым, што ўвага паміж дзвюма задачамі не дзеліцца пароўну, гэтыя суадносіны — 70 на 30%. Таму рэжым шматзадачнасці апраўданы, толькі калі другую справу мы выконваем «на аўтамаце». Напрыклад, павольна шпацыруем па скверы, слухаючы аповед сяброўкі аб падзеях у яе жыцці. Або ўключаем музыку падчас прыборкі дома. Для прыкладу прадставім нашу ўвагу ў выглядзе праменя яркага святла ў цемры. На што падае святло, тое і знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Прамень можа асвятліць і нейкія прадметы побач, але не дакладна: выразна мы бачым толькі тое, на што канкрэтна накіроўваем святло. Калі ж увагі кожная са спраў патрабуе стапрацэнтнай, то, як я ўжо казала, мы прымушаем наш мозг хутка пераключацца з задачы на задачу (так званая серыйная шматзадачнасць). Напрыклад, гутарачы па тэлефоне з кліентам, просім яго пачакаць, каб праверыць працоўную пошту і прачытаць дакументы, якія вам даслалі, а потым вяртаемся да перапыненай размовы. Такое пераключэнне патрабуе ад нашага мозгу вялізных энергетычных затрат.

Менш, ды лепш

— Такім чынам, шматзадачнасць нельга назваць каштоўным навыкам?

— Я б сказала, гэта адна з распаўсюджаных праблем сучаснага чалавека. На гэтым трэба сябе лавіць і паступова адвучвацца. Нанова асвойваць амаль згубленае ў сучасным свеце ўменне засяроджвацца на адной справе больш за дзесяць хвілін. Нават калі сумна і рукі самі цягнуцца да смартфона, ноўтбука або пульта тэлевізара. Калі вы за рулём, засяродзьцеся на дарозе. Не трэба адказваць па тэлефоне, балбатаць з пасажырамі, пераключаць FM-станцыі ў пошуку музыкі ці навін. Тады ўвага не будзе рассейвацца, і калі так будуць рабіць усе, ДТЗ стане менш. Калі вы ясьце — не трэба адначасова глядзець серыял. Засяродзьцеся на сваёй талерцы і смакавых адчуваннях. У гэтым выпадку вы заўважыце кожны з’едзены кавалачак і не прапусціце пачуццё насычэння, а значыць, з’ясце ў разы менш, чым праглынулі б за камп’ютарам, нават не заўважыўшы. Карысць і для псіхікі, і для постаці. Дапамагаеце дзіцяці з урокамі? Займайцеся толькі гэтым на працягу выдзеленага на дадзеную задачу часу. Хутчэй за ўсё, у гэтым выпадку знікне звыклае раздражненне, а школьнік хутчэй зразумее тое, што вы яму тлумачыце. І, нарэшце, вырашаючы прафесійныя задачы, займайцеся толькі імі. І вы ўкладзяцеся ў працоўныя гадзіны: не прыйдзецца заставацца звышурочна, каб завяршыць справы або браць работу дадому. Ну, а калі вы выбраліся на прыроду з сябрамі, не варта абдумваць працоўныя праблемы і разважаць аб тым, што не зроблена дома. Пагадзіцеся, часта бывае так: у адпачынку чалавек не адпачывае, а хвалюецца аб працоўных момантах — а часам і працягвае аддалена выконваць — спехам і так-сяк, пад крыкі чаек і плёскат хваль — працоўныя задачы. А вярнуўшыся на работу, не адчувае, што адпачнуў, шкадуе аб дрэнна праведзеным адпачынку і марыць аб наступным. Такім чынам, рэжым шматзадачнасці не дае нам ні эфектыўна працаваць, ні ад душы адпачываць — таму ад гэтай шкоднай звычкі лепш пазбавіцца.

— Можа здацца, што, выбіраючы адназадачнасць замест шматзадачнасці, мы нічога не будзем паспяваць…

— Гэта распаўсюджанае памылковае меркаванне. Здаецца, што, калі мы робім дзве справы адначасова, на кожную марнуем удвая менш часу. Але даследаванні паказалі, што ўсё якраз наадварот: у рэжыме шматзадачнасці час і затрачаныя намаганні на выкананне кожнай задачы ўзрастаюць прапарцыянальна колькасці задач, якія выконваюцца адначасова. Калі задачы дзве — удвая, калі тры — утрая на кожную. Плюс падзенне рэзультатыўнасці кожнай з вашых адначасовых спраў. Гэта не значыць, што трэба, як робат, усё рабіць строга па чарзе. Наш мозг — складаны і вельмі эфектыўны «камп’ютар». Калі падчас гатавання вячэры вам прыйшла ў галаву выдатная думка, якая датычыцца працы, — што ж, запішыце яе. Але не кідайцеся адразу ж правяраць і дапрацоўваць ідэю, вярніцеся да яе, калі суп будзе звараны. Шматзадачнасць, паўтаруся, дапушчальная, калі на другую справу хопіць і 30% вашай увагі. У астатніх выпадках больш разумнай і эфектыўнай будзе адназадачнасць.

— Як на практыцы пазбавіцца ад дрэннай звычкі жыць «у рэжыме шматзадачнасці»?

— Перш за ўсё, неабходна дакладнае планаванне. Можна з раніцы складаць спіс задач на дзень (лепш — з указаннем часу, які вы плануеце выдзеліць на тую ці іншую задачу). Можна трымаць гэты спіс у галаве, але лепш усё ж напісаць, візуалізаваць яго. Прытрымлівайцеся складзенага плана, не адцягвайцеся на пабочныя задачы, і вы здзівіцеся, колькі ўсяго пачнеце паспяваць. Асвойце навык казаць «не». Спачатку — вашыя ўласныя задачы, потым — дапамога іншым. Паверце, увайшоўшы ў рэжым адназадачнасці, вы паступова вызваліце час і на тое, каб займацца яшчэ нечым, акрамя бягучых задач. І тады ўжо вырашыце, на што яго выдаткаваць — магчыма, на адпачынак, а можа быць, на дапамогу калегу ці сяброўцы. Прыцягвайце іншых. Школьнік можа схадзіць са спісам у краму або сам сабрацца раніцай у школу, калі вам трэба прыйсці на працу крыху раней. Навучыце дзіця гэтым навыкам — і вы вызваліце ўласны час. Муж здольны прыгатаваць вячэру сам — паспрабуйце наладзіць так сваё жыццё, і вам стане прасцей. І самае складанае: прыкладзіце намаганні, каб навучыць уласны мозг не адцягвацца, займаючыся рашэннем адной канкрэтнай задачы, хай нават гэта напачатку здаецца сумным. Наш мозг паддаецца трэніроўцы, як, скажам, і мышцы прэса ці біцэпс. Вядома, што любую звычку (як дрэнную, так і добрую) можна набыць за 21 дзень, калі штодзень працаваць над ёй. І калі адназадачнасць увойдзе ў лік вашых добрых звычак, вы станеце больш спакойнымі і эфектыўнымі, як на працы, так і ў паўсядзённым жыцці.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.