Вы тут

Экалагічныя праблемы эксперты абмеркавалі на выставе «ECOLOGY EXPO»


Выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў для вырабу новай прадукцыі ў межах эканомікі замкнёнага цыкла. Скарачэнне выкідаў парніковых газаў да 2030 года на 35% ад узроўню 1990-га дзеля запавольвання змен клімату. З’яўленне новых тэхналогій і прадпрыемстваў, якія прадухіляюць утварэнне адходаў. Гэтыя і іншыя экалагічныя пытанні абмяркоўваліся падчас ІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «ECOLOGY EXPO-2023» у Мінску. Госці з больш як 14 краін прадставілі свае дасягненні і бізнес-практыкі, якія дазваляюць эфектыўна выкарыстоўваць адходы, беражліва карыстацца прыроднымі рэсурсамі, абыходзіцца з небяспечнымі адходамі, укараняць «зялёныя» тэхналогіі ў энергетыку, ствараць біяўпакоўку.


Мінімальнае ўтварэнне, максімальная перапрацоўка і абясшкоджванне

Ахоўваючы прыроду, мы ствараем перадумовы для развіцця сённяшняга і будучага пакаленняў. Ахоўваючы прыроду, ахоўваем нашу краіну. Сёння экалагічныя праблемы паставілі экатэму на ўзровень з надзённымі эканамічнымі пытаннямі, таму так важна ўдзяляць пільную ўвагу вырашэнню і маніторынгу экапраблем, упэўнены Андрэй ХУДЫК, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Немагчыма сёння развіваць эканоміку ніводнай краіны, не развіваючы экалагічную тэму. У нас з гэтым пытаннем усё ў парадку, а пытанні экапавесткі — на самым высокім узроўні — на кантролі ў Прэзідэнта і ўрада. Як сказаў Прэзідэнт, «для мяне прырода — прыярытэт прыярытэтаў, ёсць прырода — ёсць жыццё, няма прыроды — няма жыцця». Сапраўды, у галіне экалогіі наша краіна — прыклад для ўсёй постсавецкай прасторы.

У рамках выставы эксперты правялі шэраг тэматычных пляцовак, дзе абмеркавалі экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння. Прафесіяналы галіны заўважылі, што яшчэ ў часы кіравання Пятра І яго ўказ «абавязваў збіраць усялякія палотны і абрэзкі і наземным і водным шляхам дастаўляць у Санкт-Пецярбург для перапрацоўкі, а таксама аплачваць здадзеныя адходы». У Савецкім Саюзе таксама існавала планавая эканоміка па ўключэнні адходаў у стварэнне новай прадукцыі.

У сучаснай Беларусі існуе комплексная сістэма па рэгуляванні абыходжання з адходамі. Адна з найгалоўнейшых задач эканомікі замкнёнага цыкла — мінімізацыя стварэння адходаў і максімальнае іх выкарыстанне. Многія прынцыпы і падыходы такой эканомікі замацаваны заканадаўча, найперш Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2035 года.

— Яшчэ ў 2012-м Беларусь замацавала прынцыпы пашыранай адказнасці вытворцаў, пастаўшчыкоў тавараў і ўпакоўкі, скіраваныя на павышэнне ўзроўню збору, выкарыстання і перапрацоўкі адходаў і тавараў, а таксама зніжэнне затрат на абыходжанне з імі, — нагадаў Аляксандр Корбут, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Пры гэтым адказнасць за зніжэнне затрат на абыходжанне з адходамі ляжыць непасрэдна на вытворцах. Цягам усяго жыцця вытворцы тавараў і ўпакоўкі адказныя за лёс як тавару, так і адходаў. Першасныя задачы ў галіне кіравання адходамі — прадухіленне іх утварэння. Для гэтага неабходна забяспечыць павышэнне рэсурсаэфектыўнасці вытворчасці, палепшыць экалагічны дызайн прадукцыі і сфарміраваць культуру адказнасці спажывання тавараў.

На прадпрыемствах Беларусі паслядоўна рэалізоўваюцца меры па ўкараненні энергаэфектыўных тэхналогій і абсталявання: зніжаюцца аб’ёмы ўтварэння адходаў, уцягваюцца ў паліўны баланс аднаўляльныя крыніцы энергіі, ствараюцца новыя магчымасці для дадатковай занятасці людзей. За апошнія дзесяцігоддзі ў краіне запушчана вытворчасць офіснай паперы з другасных матэрыяльных рэсурсаў на Папяровай фабрыцы Дзяржзнака ў Барысаве. Створана вытворчасць па перапрацоўцы адпрацаваных элементаў сілкавання на базе рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі «БелВТІ». Наладжана вытворчасць шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйных энергаэфектыўных, рэсурсазберагальных тэхналогій на Гродзенскім шклозаводзе.

На некаторых сельгаспрадпрыемствах збудаваны біягазавыя і энергетычныя комплексы па перапрацоўцы адходаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Рэалізоўваюцца дэманстрацыйныя праграмы па рэсурсаэфектыўнай вытворчасці на прадпрыемствах па перапрацоўцы сельгасгаліны, а таксама ў галіне вырабу будаўнічых матэрыялаў і вырабаў. Ажыццяўляюцца інавацыйныя праекты па ўкараненні малаадходных тэхналогій на прадпрыемствах прамысловасці, металургіі, распавёў Аляксандр Корбут:

— Дзякуючы праекту міжнароднай дапамогі, які рэалізоўваецца Мінпрыроды сумесна з праграмай развіцця ААН у Беларусі, з нашай краіны вывозяцца і абясшкоджваюцца небяспечныя адходы. Гэтая работа скіравана на ахову здароўя насельніцтва і наваколля, а таксама выкананне абавязкаў Беларусі, прадугледжаных Стакгольмскай канвенцыяй. Падтрымку ў гэтым аказваюць замежныя партнёры — польская кампанія «Геакома», якая ўжо ачысціла 21 склад сельгаспрадпрыемстваў у Гродзенскай і Віцебскай абласцях, у выніку чаго за мяжу вывезена на абясшкоджванне 920 тон непрыдатных пестыцыдаў. Цяпер кампанія займаецца пераўпакоўкай непрыдатных пестыцыдаў у Мінскай вобласці, і, як чакаецца, яшчэ 500 тон будуць вывезены на абясшкоджванне.

Славацкая кампанія «Равані» вывезла больш за 350 тон адходаў, якія ўтрымліваюць ПХБ, а французская кампанія «Трыдзі» — 500 тон такіх адходаў ад васьмі буйных прадпрыемстваў — уласнікаў небяспечных адходаў. Мінпрыроды разлічвае, што супрацоўніцтва ў гэтым кірунку працягнецца.

Адходы адных — сыравіна для іншых

Для рашэння новых задач неабходна сфарміраваць шматузроўневую сістэму абнаўлення развіцця эканомікі замкнёнага цыкла, павысіць рацыянальнае выкарыстанне ўсіх відаў сыравінных і паліўна-энергетычных рэсурсаў. Важна таксама развіваць партнёрства для замыкання вытворчых ланцужкоў, скіраваных на змяншэнне ўтварэння адходаў і максімальнае іх выкарыстанне, ствараць безадходныя і малаадходныя вытворчасці замкнёнага цыкла па прынцыпе «нуль адходаў». Немалаважна і ўкараненне экалагічнага дызайну прадукцыі, а таксама павелічэнне вырабу і ўжывання экалагічна бяспечнай упакоўкі. Для развіцця эканомікі замкнёнага цыкла павінны быць створаны ўмовы для развіцця бізнесу, забяспечаны попыт на другасную сыравіну, існаваць шэраг іншых эканамічных стымулаў, перакананы эксперты.

— Пытанні экалогіі ў частцы вытворчасці замкнёнага цыкла — магчымасці для развіцця бізнесу, — упэўнена Таццяна Бранцэвіч, намеснік міністра эканомікі. — Калісьці была праблема, куды падзець малочную сыроватку, адходы якой проста выліваліся. Каб вырашыць пытанне, стварылі вытворчасць па вырабе сухой малочнай сыроваткі з гэтых адходаў. А цяпер гэты тавар, які экспартуецца, і сёння шмат прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць адходы як сыравіну.

БМЗ практычна на 100% выкарыстоўвае металалом. Папяровыя фабрыкі і шкляныя прадпрыемствы на 50% працуюць на другаснай сыравіне. Пытанне ў эканамічным складніку. Раней было вельмі зручна купіць на замежных рынках сыравіну, той жа кварцавы пясок (сыравінныя рэсурсы ў нашай краіне абмежаваныя), і працаваць. Цяпер Беларусь пастаўлена ў пэўныя ўмовы выжывання, і тэхналагічны прагрэс дазволіў нам ствараць прадукцыю з другаснай сыравіны. Такім чынам адразу вырашаюцца два пытанні: экалагічнасці і развіцця бізнесу, падкрэсліла спецыяліст:

— Вялікую ролю ў гэтым іграе навука, якая дазваляе нам ствараць новыя прадукты. Адзін з прыкладаў паспяховай работы — кампанія, якая стварае модульныя смеццеперапрацоўчыя прадпрыемствы. Пры гэтым заказчык можа выбраць ступень глыбіні перапрацоўкі: ад 25% да 90%. Акрамя таго, кампанія-вытворца прапануе яшчэ каля 40 модуляў, з дапамогай якіх з другаснай сыравіны можна вырабляць розную прадукцыю: ёлачны «дожджык», шчоткі для ЖКГ, пліткі для пакрыцця тэрыторыі і іншае.

Павысіць эфектыўнасць збору другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) і спрасціць іх наступны продаж ці адчужэнне, каб ведаць, хто і якія адходы можа прапанаваць, можна ў тым ліку і з дапамогай электроннай гандлёвай пляцоўкі — Беларускай універсальнай гандлёвай біржы. Месяц таму тут быў запушчаны пробны модуль, з дапамогай якога, зыходзячы з патрэб прадпрыемстваў, на электронных таргах у адкрытым доступе ўжо з’явілася каля 200 лотаў з неліквіднай прадукцыяй.

— Зразумела, што не ўсе адходы падыдуць для рэалізацыі на гэтай пляцоўцы, аднак найперш мы арыентуемся на класічныя ДМР (макулатура, шклотара, пластык), — заўважыў Дзмітрый Пракапчук, начальнік упраўлення таргоў прамысловымі спажывецкімі таварамі «Беларускай універсальнай таварнай біржы». — Мяркую, што электронны гандаль стане адным з прыярытэтных кірункаў далейшага развіцця абароту другаснай сыравіны.

Супраць парніковых газаў і экстрэмальных тэмператур

Хоць эканамічная дзейнасць нясе прыбытак чалавецтву, ды і ўплывае на змену клімату, найперш праз выкіды парніковых газаў, на скарачэнне якіх скіравана палітыка многіх дзяржаў свету ў межах Парыжскага пагаднення. Галоўная мэта дакумента — абмежаваць павышэнне глабальнай тэмпературы ў гэтым стагоддзі да двух градусаў.

— Згодна са штогадовым дакладам Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА), летась засухі, паводкі і цеплавыя хвалі закранулі насельніцтва ўсіх кантынентаў і прывялі да шматмільярдных страт. Выкіды парніковых газаў працягваюць расці, клімат мяняецца, а насельніцтва планеты падвяргаецца ўздзеянню экстрэмальных умоў надвор’я, — адзначыў Іван Прыходзька, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — СМА прагназуе, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў рост глабальных тэмператур дасягне рэкордных узроўняў. Для Беларусі рост сярэднегадавой тэмпературы паветра (з 1976 года) склаў 0,6 градуса ў дзесяць гадоў, і такі тэмп удвая перавышае хуткасць росту тэмпературы паветра на сушы ў паўночным паўшар’і. Хвалі цяпла ў краіне сталі штогадовай з’явай і цягнуцца 5–10 дзён, павялічваюцца небяспечныя з’явы, звязаныя з моцнымі дажджамі і ліўнямі. Мяняюцца агракліматычныя вобласці, а на поўдні Беларусі стварылася новая, больш цёплая, плошча якой працягвае павялічвацца.

Згодна з абавязацельствам, якое ўрад Беларусі зацвердзіў у верасні 2021-га, да 2030 года выкіды парніковых газаў плануецца скараціць на 35% ад узроўню 1990-га. Дасягнуць гэтага мяркуюць у рамках дзяржаўных і галіновых праграм на 2021–2025 гады, сярод якіх павышэнне энергаэфектыўнасці ў сектары прамысловасці, будаўніцтва і ЖКГ, развіццё электратранспарту. Прымяняюцца новыя метады і ўдасканальваюцца тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваюцца аднаўляльныя крыніцы энергіі, аднаўляюцца тарфянікі, павялічваюцца плошчы лясоў.

Намеснік міністра заўважыў, што Беларусі, як і ўсім краінам Еўрапейскага саюза, прыйдзецца працаваць ва ўмовах зніжэння вугляродаёмістасці эканомікі. Так, распрацоўваецца канцэпцыя Экалагічнага кодэкса з наступным яго прыняццем, выпрацоўваецца стратэгія доўгатэрміновага развіцця з нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў да 2050 года, а таксама нацыянальны план дзеянняў у галіне адаптацыі да змен клімату. У Нацыянальную сістэму маніторынгу ўкараняецца справаздачнасць і верыфікацыя выкідаў парніковых газаў. Усё гэта будзе садзейнічаць далейшаму развіццю нізкавугляроднай эканомікі і паляпшэнню якасці жыцця людзей.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».