Вы тут

Кнігі паэтаў Заходняй Беларусі, напісаныя ў зняволенні. Вершы, што вырваліся з-за кратаў


«Ці доўга аб даўнім 

сны сніць у палоне?

Хто скажа? 

Гады праплывуць...

Калі не загіну, — 

усё буду помніць,

І ты, жывучы, не забудзь».

Гэтыя радкі складаў малады паэт Валянцін Таўлай у 1929 годзе, седзячы ў Слонімскім астрогу і марачы аб вольнай Беларусі...
Да вызвалення Заходняй Беларусі з-пад польскай акупацыі было яшчэ дзесяць гадоў... І Дзень яднання, 17 верасня 1939 года, набліжалі не толькі палітыкі і вайскоўцы, але і паэты. Давайце ўспомнім гэтых людзей і іх кнігі, якія нараджаліся ў няволі.


«Я сын галоты і цямры»

А пачнём з паэта, які сёння сярод літаратараў таго часу, напэўна, не ўспрымаецца самым значным. Але пачытаем артыкул у сакавіцкім нумары 1936 года віленскага беларускага часопіса «Шлях моладзі» пра вечар беларускіх маладых паэтаў у Віленскім універсітэце, які адбыўся 15 сакавіка 1936 года, — падзея для беларускай супольнасці, бо ўсё, што тычылася беларускай культуры, уціскалася ці ўвогуле забаранялася. Там гаворыцца:

«Міхась Машара — наш слаўны Міхась. Хто яго цяпер не знае. Ён сёння першы пачынае паход маладняку. Ён сёння цешыцца сярод шырокіх беларускіх грамадскіх кругоў найбольшай папулярнасцю. Міхась Машара, сялянскі сын з Дзісненскага павету, з мазалямі на руках, а з агнём і чулай душой у грудзях — гэта вялікі талент і перадавік маладой беларускай паэзіі».

Пазначаецца: «Дасюль Машара мае ўжо выданых 7 кніжыц». І гісторыя першай з гэтых кніжыц унікальная! Бо нарадзілася за кратамі. За ўдзел у беларускім вызваленчым руху юны Машара трапіў у турму Лукішкі. Там перапісваўся з беларускай дзяячкай Людвікай Войцік, дасылаў ёй вершы. Вось Людвіка і сабрала тыя вершы, адрэдагавала, і ў 1928 годзе з’явіўся на свет першы зборнік Машары «Малюнкі» — у ім было ўсяго 14 вершаў, напісаных за кратамі.

Я сын галоты і цямры,

Паўстаў я з поту і крыві.

Я шэрай, ціхай вёскі сын,

Уладар палёў, лугоў, далін.

Мае дзяды — згіналі каркі,

Цярпелі здзек 

і ласку палкі.

Хачу ўзысці 

на шлях другі —

Я сын галоты і цямры.

Цікава, што калі пасля зняволення ў Лукішках Машара вярнуўся дахаты — страшны, худы, то, па ўспамінах сястры, да яго прыехалі нейкія паны з Варшавы і пачалі ўгаворваць, каб ён паехаў у Варшаву і пісаў па-польску. Але паэт адмовіўся ад абяцанага добрага жыцця. А ў верасні 1939-га ён быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, дзе было абвешчана аб утварэнні адзінай беларускай рэспублікі.

«Гэта ўжо этап апошні, — заўтра ўстанем!»

У тым жа артыкуле пра вечарыну беларускіх маладых паэтаў у 1936 годзе здагадваецца і Максім Танк, але наступным чынам: «З’яўляецца ён паэтам пачынаючым, але вялікіх здольнасцяў».

Праўда, пасля выступлення пачынаючага паэта захопленыя слухачы паднялі яго на рукі. І ён пры гэтым думаў адно: ці вытрымаюць ягоныя старыя штаны?

Нам цяжка ўявіць Танка маладым дзёрзкім хлопцам Яўгенам Скурко, яшчэ ніякім не класікам, якому новыя штаны няма за што набыць. Але сапраўды: у 1936 годзе ў яго выйшаў толькі першы паэтычны зборнік «На этапах». Але жыццёвы досвед за гэтым зборнікам быў важкі. Увайшлі туды вершы, напісаныя ў зняволенні.

«Гразнуць змораныя ногі

У каляінах...

— Што, этап яшчэ 

далёка? —

Раны востра забалелі.

.......................................

Мы ідзем у час найгоршы

Смерці, волі 

на спатканне?

Гэта ўжо этап апошні, —

Заўтра ўстанем!»

Максім Танк успамінаў пра тую першую сваю кнігу: «Ёсць вершы, якія я напісаў за дзесяць хвілін. Напрыклад, „Памёр стары лірнік...“. У час выдання зборніка „На этапах“ мне Р. Шырма гаворыць: там трэба вырэзваць чатыры ці пяць старонак, столькі застаецца пустой паперы. Я за адзін вечар напісаў тады некалькі вершаў — шкада было вырэзваць...»

На другі ж дзень па выхадзе цэнзура канфіскавала зборнік. Удалося выратаваць толькі 200 асобнікаў. Аўтар жа схапіў з друкарні два зборнікі, занёс на пошту і выслаў у Мінск, Купалу і Коласу.

«Пілую вершам краты»

А гэты паэт стаў аўтарам першай кніжкі фактычна ўжо ў чатырнаццаць гадоў — сапраўдны вундэркінд... Вось толькі быў ён беларусам, які жыў у панскай Польшчы, пісаў на беларускай мове і слухаўся запавету свайго бацькі — не цурацца роднай мовы і заставацца беларусам. Таму ягоны талент быў для акупацыйных уладаў вялікай небяспекай. Паэму «Непераможаная» вучань Віленскай беларускай гімназіі Валянцін Таўлай напісаў з нагоды суда над кіраўнікамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Паэму надрукавалі ў вучнёўскім часопісе «Золак» № 1 за 1928 год з подпісам «Янка Дванаццаты». Потым яна была выдадзена на шапірографе асобнай брашурай. Твор пераходзіў з рук у рукі, яго чыталі, дэкламавалі на сходах. А юны аўтар у той год за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы быў выключаны з гімназіі і пад паліцэйскім канвоем адпраўлены да бацькоў. А потым першы раз апынуўся ў турме. У вязніцы, і ў першай, і ў наступныя, Валянцін Таўлай таксама пісаў вершы, крадма, хаваючыся ад наглядчыкаў, трымаючы ў памяці радкі. Па ўспамінах аднаго з таварышаў, «Працэс „запісвання“ адбываўся так. Бывала, Валянцін адарвецца ад будзённых спраў і, заклаўшы рукі назад і крыху прыўзняўшы галаву, пачынае хадзіць па камеры. Пяць крокаў туды, пяць — назад. Ходзіць і аб нечым думае, нешта шэпча. Потым сядзе на лаву, бярэ ў рукі каменьчык, прынесены са шпацыра, і чыркае па цэментнай падлозе. Напіша 2-3 радкі і зноў ходзіць. Потым зноў сядае. Зноў піша. І так — радок за радком».

Калі адбылося вызваленне Заходняй Беларусі, Валянцін знаходзіўся ў гродзенскім астрозе. Пасля вызвалення кожны дзень пакутліва аднаўляў у памяці радкі сваіх вершаў, прыдуманых у зняволенні, як ён казаў, «вытрасаў з галавы», каб скласці, нарэшце, першы паэтычны зборнік. Дапрацоўваў, перажываў, што не ўсё памятае. Але мары пра ўласную кнігу не паспелі здзейсніцца — вайна... Зноў змаганне — на гэты раз з нямецкімі акупантамі. Рукапіс вершаў схаваны ў тайніку ў печы, за цаглінай. Баючыся за лёс твораў, паэт зрабіў у некалькіх экзэмплярах рукапісны зборнік вершаў з сімвалічнай назвай «Шляхі і краты» і аддаў на захаванне таварышам.

Пасля Перамогі Таўлай зноў пачаў працаваць над рукапісам зборніка. Гэта павінен быў быць ужо не проста дэбютны зборнік, а кніжачка «Выбранае». Яна ўбачыць свет у 1947-м... Але паэт так і не паспее патрымаць яе ў руках: перажытае падарвала здароўе, і 27 красавіка 1947 года паэт памёр. Яму было трыццаць тры гады. Вось што ён пісаў у творы «Аб маіх вершах»:

Маякоўскі 

па-сяброўску радзіў

Не збываць адразу 

вершы з рук:

Напісаў — замкні яго 

ў шуфлядзе,

Як адлежыцца — 

судзі, здавай у друк.

Не забыцца добрае 

парады,

Колькі мог, 

і пан мне «дапамог»,

Замыкаючы замест 

шуфляды

З вершамі і аўтара 

ў астрог...

«Лёс, відаць, назнарок мяне кінуў на сумнае поле...»

Калі Таўлай быў пачынаючым паэтам, ён захапляўся вершамі Міхася Васілька. Дужа той быў папулярны ў Заходняй Беларусі, Міхась Васілёк, ён жа — Міхась Касцевіч з вёскі Баброўня. Дзеля яго публікацый сяляне ў складчыну выпісвалі беларускія часопісы і газеты, вывучалі яго вершы на памяць, збіраліся старыя і маладыя на вячоркі, каб пачытаць тыя вершы ўголас.

«Не паэт я — о не,

Нарадзіла мяне,

Маю песню — пакута, 

нядоля.

Я ўсяго васілёк,

Лёс, відаць, назнарок

Мяне кінуў 

на сумнае поле».

Цікава, што часам ён падпісваўся іншым псеўданімам — Язэп Гром. Што ж, ён быў не толькі лірыкам, але і змагаром за вызваленне беларусаў.

Дарэчы, менавіта Міхаіл Касцевіч паслужыў правобразам Сяргея Крушыны, героя аўтабіяграфічнага рамана Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды. Кніга адной маладосці». А літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік прыводзіць вядомы факт пра верш Васілька «Як я пана перанёс»: «У першай рэдакцыі верш называўся „Як я трапіў у камуністы“. Паэт Міхаіл Ісакоўскі пачуў яго ад насельніцтва ў часе вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе і пераклаў на рускую мову як твор народны».

Першы зборнік Міхася Васілька «Шум баравы» з’явіўся на свет у 1929 г. дзякуючы славутаму хормайстру і беларускаму дзеячу Рыгору Шырму, які вырашыў падтрымаць малады беларускі талент. Аформіў кнігу мастак Язэп Горыд. Літаратураўзнаўца Уладзімір Калеснік ацаніў гэты зборнік так: «Ён сведчыў аб выхадзе з гушчы народа таленавітай моладзі, гатовай чэсна служыць нацыянальна-вызваленчай справе». Але польскія жандары кніжку канфіскавалі. Шырма ўспамінаў: «Пасля кожнага вобыску жандармы стараліся ўсяляк прынізіць уражлівага хлопца: „Эй ты, Максім Горкі, кідай пісаць свае вершы, ідзі лепш вазіць гной“... Жандармам не па нутру было, што беларускі „хлоп“ смее пісаць вершы, якія з-за адсутнасці беларускага друку больш разыходзіліся ў рукапісах».

Што ж, гэты зборнік хаця б пабачыў свет, ягоныя асобныя экзэмпляры захаваліся. А другі зборнік, які таксама быў канфіскаваны, знік, і рукапіс знік таксама.

«Мы выйшлі з цёмных брам»

«Краіна родная! 

Вітай зару збаўлення!

Ўжо мы прыйшлі 

з астрожных брам,

Скаваных дум прастор 

і радасць вызвалення

Нясём сваім 

затужаным братам», — урачыста пісаў Піліп Пестрак, паэт і пісьменнік, у вершы «Заходняй Беларусі», вітаючы яе вызваленне. І меў права: 17 верасня 1939 года выратавала яго і ягоную каханую Анастасію з турмы і нават ад расстрэлу — Анастасіі давялося на свае вочы пабачыць дакумент, у якім загадвалася ў ноч з 17 на 18 верасня расстраляць у гродзенскай турме палітычных зняволеных жанчын на вачах у мужчын, а потым і астатніх камуністаў і камсамольцаў. Прысуд спазніўся на сорак хвілін — Чырвоная Армія канчаткова вызваліла Гародню.

Піліп Пестрак у польскіх турмах правёў адзінаццаць гадоў. Таварышы ўспаміналі: «Здаралася, што ў адным кутку камеры цэменту „давяраў“ свае эмоцыі Таўлай, а ў другім — Пестрак. А вечарам яны ўжо чыталі свае новыя вершы...»

У гродзенскай турме, дзе Пестрак пазнаёміўся з будучай жонкай Анастасіяй, таксама «палітычнай», ён адседжваў свой чацвёрты тэрмін. Калі яго катавалі ў паліцэйскім участку за пераход польска-савецкай мяжы, пашкодзілі слых, а праз некалькі дзён ён згубіў валасы. У турме захварэў на сухоты. Пры гэтым вучыў вязняў матэматыцы, гісторыі, граматыцы, пісаў лекцыі, якія рассылаліся па турме. І складаў вершы — занатоўваў іх кавалачкам цэглы на цэментнай падлозе. Меў пры сабе мокрую анучу — каб, калі што, сцерці радкі... Некаторыя вершы з’яўляліся ў нелегальным рукапісным часопісе «Краты», які ствараўся вязнямі ў некалькі асобніках — Пестрак згадваў, што ён выглядаў як кішанёвы нататнік. На жаль, не ўсё з тых сцёртых вершаў удалося пасля аднавіць у памяці. Так нараджаўся першы паэтычны зборнік Піліпа Пестрака…

І 17 верасня 1939 года не толькі Піліп Пестрак атрымаў волю — але і яго вершы выйшлі з-за кратаў. Зборнік «На варце» пабачыў свет у 1940-м.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.