Вы тут

У Гродне адкрылі мемарыяльную дошку Сяргею Прытыцкаму


Дошка ўсталявана на прахадной ААТ «Гродна Азот». Прадпрыемства больш за 30 гадоў насіла імя знакамітага земляка, якому ў лютым 2023 года споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння. 


Лёс яго стаў часцінай гісторыі не толькі гродзенскай зямлі, але і ўсяе Беларусі. Менавіта Сяргей Прытыцкі быў накіраваны ў Маскву народным сходам, каб перадаць у Вярхоўны Савет СССР рашэнні схода, у прыватнасці, «Аб уваходзе Заходняй Беларусі ў склад СССР». На сесіі ў Маскве ён выступіў са зваротам аб важнасці і неабходнасці аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Гэта адбылося 2 лістапада 1939 года. У 40-х гадах Сяргей Прытыцкі працуе першым сакратаром Гродзенскага абкама партыі, пазней узначальвае Мінскі абкам партыі. Займаў пасады намесніка старшыні Савета Міністраў, а затым і старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна і двумя ордэнамі Чырвонага Сцяга. 

Адкрыццё мемарыяльнай дошкі адбылося з удзелам гарадскіх уладаў, ветэранаў працы, работнікаў завода, моладзі. 

Ігар Ляшэнка, гендырэктар ААТ «Гродна Азот» выказаў словы ўдзячнасці ініцыятыўнай групе работнікаў завода, якія выступілі з прапановай ушанаваць памяць земляка, імя якога завод насіў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Гэты памятны знак павінен стаць для кожнага работніка свайго роду напамінам таго, якой цаной была заваявана незалежнасць Беларусі. Гэта не проста сімвал, а прыклад сапраўднага служэння сваёй радзіме, заўважыў кіраўнік завода. 

Адной з актывістак па ўшанаванні памяці знакамітага гродзенца стала былая работніца завода Лідзія Рымарчук. 

— Асабліва сімвалічна, што адкрыццё мемарыяльнай дошкі прымеркавана да дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. Немалую ролю ў гэтым адыграў менавіта Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, якога без перабольшвання можна назваць нацыянальным героем. Яго жыццё было надзвычай складаным, напоўненым драматычнымі падзеямі, ён неаднойчы глядзеў у вочы смерці, але змог праз гэта прайсці. Выпрабаванні закалілі яго, а мэта дала сілы ісці далей, праз вайну, а потым і на шляху мірнай стваральнай працы, — усхвалявана выказалася гродзенка.

Між тым, адной дошкай справа ўшанавання славутага земляка не абмяжуецца. Напрыканцы жніўня Гродзенскім гарадскім Саветам дэпутатаў прынята рашэнне назваць адну з вуліц горада ў гонар Сяргея Прытыцкага. Яна з’явіцца ў новым мікрараёне, які зараз будуецца ў абласным цэнтры. Рух па вуліцы Прытыцкага плануецца адкрыць ужо ў гэтым годзе. Аб гэтым паведаміў падчас урачыстасці старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель. Ён падкрэсліў, што такім чынам захоўваецца памяць аб чалавеку, які ўсяго сябе аддаваў барацьбе за тое, каб зрабіць рэгіён і ўсю Беларусь дастойнай для жыцця. І сёння яго заслугі не забытыя. 

Работа над вобразам дзяржаўнага дзеяча была няпростай і вялася на працягу некалькіх месяцаў. Праходзілі неабходныя ўзгадненні. Аўтар мемарыяльнага праекта, вядомы гродзенскі мастак, старшыня Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Качан напачатку азнаёміўся з дакументамі, біяграфіяй Сяргея Прытыцкага. Гэта дапамагло стварыць вобраз гераічнай асобы. 

— Такія асобы з’яўляюцца даволі ўплывовымі і актуальнымі на сённяшні дзень, — лічыць Уладзімір Качан. — Гэта знакавая фігура ў гісторыі нашай краіны, і такія асобы не павінны знікаць з нашай свядомасці і прасторы. Для нас, мастакоў, а гэта работа ўсяго творчага калектыва, гэты вобраз таксама мае сваю актуальнасць. Прыемна, што такія патрыятычныя тэмы пачалі знаходзіць увасабленне ў гарадской прасторы. 

На думку мастака, гэта вельмі сваечасовая плынь — усхваляць сваіх герояў. Ёсць задумкі працягваць гэту тэму. 

Маргарыта УШКЕВІЧ 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.