Вы тут

Ці існуюць эмпірычныя сувязі паміж атмасфернымі з’явамі і паводзінамі жывёл і раслін?


Жыццё чалавека ва ўсе часы ў значнай ступені залежала ад надвор’я. Паводкі і засухі, пыльныя буры і марскія штармы прыносілі людзям нямала бедаў, знішчаючы ўраджай, пабудовы, а нярэдка адымаючы і жыццё. Вядома ж, чалавек з даўніх часоў спрабаваў прадбачыць надыходзячую непагадзь. У выніку людзі ўстанавілі існаванне эмпірычных сувязяў паміж атмасфернымі з’явамі і паводзінамі асобных жывёл і раслін.


Рыбы

Унікальнымі «прыборамі», здольнымі прадказаць хуткае змяненне надвор’я, валодаюць шматлікія жывёлы, у прыватнасці, рыбы. Напрыклад, сом перад непагаддзю падымаецца са дна вадаёма да паверхні. Напярэдадні перамены ў надвор’і змяняюцца паводзіны ў гальца і ўюна. Так, у яснае надвор’е галец амаль нерухома ляжыць на дне. Калі ж ён пачынае актыўна рухацца — трэба чакаць дажджу. Уюн, у сваю чаргу, перад непагадзю, як і сом, падымаецца бліжэй да паверхні вады. Прычым, змяненне надвор’я ён прадбачыць за суткі.

Выдатным сіноптыкам з’яўляецца невялікая сімпатычная рыбка акантафтальмус (кулі-кулі, або ўюн калючавокі), якая жыве каля берагоў Японіі. Зрэшты, многія японцы ўтрымліваюць яе і ў акварыумах. Акантафтальмус практычна беспамылкова прадказвае нават нязначныя змяненні надвор’я. У чым жа сакрэт яго ўмення? Аказваецца, у адмысловай прыладзе плавальнага пузыра. Ён у гэтых рыбак, акрамя таго, што дапамагае рэгуляваць глыбіню, з’яўляецца яшчэ і высокачуллівым прыборам, які ўспрымае найменшыя перапады ціску. Менавіта гэтая асаблівасць кулі-кулі і робіць іх непераўзыдзенымі аракуламі пагодных змяненняў.

Птушкі

Цудоўнымі сіноптыкамі з’яўляюцца і многія птушкі. Кліматычныя змяненні яны выказваюць спевамі, паводзінамі, тэрмінамі прылёту і адлёту. Так, калі зяблік заліхвацкім свістам абвяшчае акрузе — значыць, дзень будзе ясны і сонечны. Калі ж мелодыя яго песні змяняецца і ён манатонна цадзіць «рю-пінь-пінь-рю...», хутка хлыне дождж. Нездарма кажуць: «Зяблік круціць да непагадзі». Птушка амаль ніколі не памыляецца.

У сваю чаргу, івалга ў сонечны дзень выдае гукі, падобныя да ігры флейты; затое перад змяненнем надвор’я — пранізлівы крык. І жаўрукі, калі захаваецца яснае надвор’е без ападкаў, шмат і доўга спяваюць, а напярэдадні навальніцы сядзяць настырчыўшыся.

Вельмі добрымі сіноптыкамі лічацца вераб’і. Калі яны збіраюцца зграямі на зямлі, купаюцца ў пыле ці пяску, значыць, трэба чакаць дажджу, калі хаваюцца ўзімку ў галлё — быць марозу або завеі, а калі дружна зачвіркалі — неўзабаве наступіць адліга.

Насякомыя

Вельмі чуллівыя да атмасферных перападаў насякомыя. Напрыклад, мурашкі напярэдадні дажджу старанна зачыняюць уваходы ў мурашнік, а пчолы — сядзяць у вуллях і гудуць. Восы і мухі перад непагаддзю імкнуцца заляцець у памяшканне. А калі матылі-крапіўніцы ў яснае надвор’е шукаюць хованкі ў абароненых ад ветра месцах, значыць, праз некалькі гадзін можа пачацца навальніца. Затое, калі познім вечарам гучна трашчаць конікі, наступіць добры дзень. Добрае надвор’е прадвесцяць і камары і мошкі, якія лётаюць слупам.

Расліны

Вельмі адчувальныя да змен у надвор’і кіпцікі, мальва, павой палявы, кісліца, стрыжань лугавы, канюшына і іншыя. І такіх раслін-барометраў налічваецца каля 400 відаў. Аднак аб змяненнях надвор’я яны папярэджваюць па-рознаму.

Напрыклад, конскі каштан перад дажджом пачынае «плакаць»: на яго лісці з`яўляюцца кроплі вільгаці. Аналагічна паводзяць сябе каллы і манстэра далікатная (пакаёвая расліна), стрэлаліст звычайны, ежагалоўнікі, дзярбеннік івалісны. У бальзаміна становіцца вільготным сцябло, а ў клёна кроплі вадкасці з’яўляюцца каля хвосцікаў, прычым аб пагаршэнні надвор’я ён сігналізуе за 3-4 дні да змянення.

У аснове ўсіх гэтых «кропельных» барометраў ляжыць гутацыя — вылучэнне раслінай капежнавадкай вады, якое актывізуецца пры павышэнні вільготнасці паветра, гэта значыць перад дажджом.

Аб змяненнях надвор’я можна судзіць і па становішчы лісця некаторых раслін. Перад ліўнем «вянуць», прыціскаючыся да карэньчыка, лісточкі кісліцы звычайнай. Такі ж сігнал падае і канюшына лугавая.

А вось папараць згортвае лісце менавіта перад пацяпленнем — прадухіляе страту вады. Бо лісце ў яго вялікае, а значыць, і каштоўнай вадкасці выпарае нямала. І ў касцяніцы перад добрым надвор’ем лісце таксама закручваецца ўніз.

Белакрыльнік балотны, які расце на балотах, па берагах рэк, азёр і сажалак, мае вельмі кідкі выгляд: белы ліст, як скруткам, ахоплівае суквецце і з’яўляецца паказальнікам надвор’я. Перад дажджом ён адгінаецца ў бок, а ў яснае надвор’е глядзіць амаль у зеніт.

Прасігналізаваць аб набліжэнні непагадзі могуць таксама кветкі і суквецці раслін. Напрыклад, калі ў макрыцы або зоркаўкі сярэдняй кветкі да дзевяці гадзін раніцы не раскрываюцца, то днём, хутчэй за ўсё, выпадзе дождж. Аналагічна вядуць сябе і кіпцікі. Зусім інакш рэагуе на набліжэнне непагадзі ачыток пурпурны, або заячая капуста: калі яго кветкі да ночы не закрываюцца, значыць, з раніцы будзе дождж.

Многія расліны аб змяненнях надвор’я паведамляюць сваім водарам. У акацыі, бружмелі, грэчкі, гарчыцы белай, аданіса вясновага перад дажджом актыўна вылучаюцца эфірныя маслы і нектар, таму вакол гэтых раслін збіраецца асабліва шмат насякомых. Рабіна, чаромха, фіялка ці васілёк лугавы, наадварот, асабліва багата вылучаюць нектар у сухое надвор’е. Калі пчолы роем кружаць над гэтымі раслінамі, значыць, заўтра будзе добрае надвор’е.

Прычынай інтэнсіўнага вылучэння нектару перад дажджом з’яўляецца павышэнне вільготнасці паветра, што вядзе да памяншэння выпарэння вады лісцем. У выніку ў клетках раслін у вялікай колькасці назапашваецца вада, якая і пачынае вылучацца кветкамі ў выглядзе нектару. Так, пры павышэнні вільготнасці паветра з 65 да 98% у квітнеючага верасу пры тэмпературы +15 °С аб’ём нектара, які вылучаецца, павялічваецца ў 2,5 разы, але цукру ў ім менш. Такая ж заканамернасць уласціва і ліпе.

Інтэнсіўнасць водару — таксама добры пагодны індыкатар. Напрыклад, жоўтыя кветкі падмараніка сапраўднага і язміну асабліва моцна павеюць перад дажджом. Тым часам паніжаецца атмасферны ціск і палягчаецца ўзгонка эфірных масел.

Складваюць лісце расліны перад дажджом нездарма: яго кроплі вымываюць з лісця раслін арганічныя рэчывы і мінеральныя злучэнні, атрыманыя пры фотасінтэзе і каранёвым сілкаванні. Гэта даказаў яшчэ ў 1804 годзе швейцарскі вучоны Соссюр. Прамываючы 8 разоў на працягу 15 хвілін лісце ляшчыны лядоўні вадой, даследнік усталяваў, што пасля такога «душу» яны страцілі 2/3 якія знаходзіліся ў іх соляў.

Анатоль БЕРНАЦКІ

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА, Іны ШКУРКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».