Вы тут

У гонар подзвігу


У Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці пасля рэканструкцыі адкрылі мемарыяльны комплекс на месцы злучэння войскаў 39-й арміі 3-га Беларускага фронту і 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.


Сёння паблізу вёскі Гняздзілава, што ў Бешанковіцкім раёне, ціха. Напамінам аб далёкіх ваенных дзеяннях для нашага пакалення з'яўляецца велічны мемарыял з гранітнымі стэламі, што імкнуцца ўверх. А вось у чэрвені 1944-га года тут ішлі кровапралітныя баі: перадавыя падраздзяленні 1124-га стралковага палка 334-й стралковай дывізіі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і злучыліся з 61-м гвардзейскім стралковым палком 19-й гвардзейскай стралковай дывізіі 39-й арміі 3-га Беларускага фронту. У выніку наступных трохдзённых баёў былі поўнасцю знішчаны пяць нямецкіх дывізій, больш за дзесяць тысяч гітлераўскіх салдат і афіцэраў узята ў палон.

У 1966 годзе на 235-м кіламетры па трасе М-3 Мінск — Віцебск была ўзведзена жалезабетонная стэла вышынёй 4,5 метра з замацаванай на ёй мемарыяльнай дошкай. З 2021 да 2023 года аўтарскі калектыў у складзе скульптара Аляксандра Гвоздзікава і архітэктараў Аляксандра Міхайлюкова і Глеба Арлоўскага працаваў над рэканструкцыяй помніка, які цяпер складае цэлы мемарыяльны комплекс, дзе злучыліся падзеі 1941—1944 гадоў. Два штыкі, якія імкнуцца ўверх, сімвалізуюць дзве злучаныя арміі, ордэн Айчыннай вайны — разгром ворага. На падножжы стэлы знаходзіцца п'едэстал з вянком, які сімвалізуе подзвіг савецкіх воінаў. У склад комплексу ўваходзіць самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-100 перыяду Другой сусветнай вайны.

— Адкрыццё помніка прайшло напярэдадні аднаго з самых ганаровых свят вайсковай славы — Дня танкіста. Танкавыя войскі ўнеслі значны ўклад у разгром фашызму. На пастаменце ўстаноўлена самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-100, якая будзе служыць напамінам аб подзвігу пераможцаў, аб тых, хто тут, на віцебскай зямлі, у 1941 годзе стрымліваў націск праціўніка, хто граміў ворага ў ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі 1944 года, аб героях Супраціўлення, партызанах-падпольшчыках, аб усіх, хто выкоўваў Вялікую Перамогу, — адзначыў міністр абароны Віктар Хрэнін.

— Сімвалічна, што адкрыццё памятнага знака, які будзе нагадваць сённяшнім і будучым пакаленням аб найважнейшай падзеі ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, праходзіць напярэдадні Дня народнага адзінства ў Год міру і стваральнай працы. Наш святы абавязак — памятаць пра ўрокі вайны, актыўна супрацьдзейнічаць забыццю. Мы, беларусы, захоўваем і працягваем створанае папярэднімі пакаленнямі, умацоўваючы канкрэтнымі справамі родную краіну. Галоўныя ўрокі нашай агульнай Перамогі — урокі згуртаванасці і яднання народаў у супрацьстаянні гвалту і прыгнёту. З кожным годам расце ўвага да захавання нацыянальнай спадчыны, да людзей, якія ўслаўлялі і ўслаўляюць нашу зямлю гераічным подзвігам і самаадданай працай. Помнік на значным гістарычным месцы — яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму. Яго адкрыццё будзе садзейнічаць грамадзянскаму станаўленню і патрыятычнаму выхаванню моладзі, — падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Сродкі на рэканструкцыю помніка былі сабраныя ў ходзе правядзення раённай акцыі «Вахта Памяці», да якой далучыліся не толькі жыхары раёна, але і расіяне. Старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч уручыла падзякі спонсарам і звярнулася да ўсіх хто паўдзельнічаў у рэканструкцыі.

У гонар подзвігу герояў-вызваліцеляў прагучалі залпы воінскага салюту, удзячныя нашчадкі ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяльнага комплексу.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.