Вы тут

Рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года» — пляцоўка педагагічнага майстэрства нацыянальнага маштабу


Уладзімір Здановіч, Валянціна Гінчук, Вадзім Шпетны, Ігар Якіменка, Ірына Клявец, Юрый Андрэйчык, Інеса Зубрыліна, Віктар Жук, Святлана Румянцава, Вадзім Лосеў... Усяго праз некалькі тыдняў на небасхіле педагагічнага майстэрства запаліцца новая зорка, дакладней, зорак будзе шмат, але абсалютным пераможцам абвесцяць толькі аднаго настаўніка.


17 верасня пад патранажам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі стартуе заключны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Пра тое, якія выпрабаванні чакаюць канкурсантаў у фінале і суперфінале конкурсу, і чаканні ад свята прафесійнага майстэрства мы гутарым з рэктарам акадэміі, кандыдатам філасофскіх навук, членам Савета Рэспублікі Алегам ДЗЯЧЭНКАМ.
Досвед, якім трэба дзяліцца

— Алег Віктаравіч, конкурс «Настаўнік года» праводзіцца на рэспубліканскім узроўні раз у тры гады. Ці не занадта вялікая паўза? Школа і сучасныя дзеці імкліва мяняюцца. Ёсць рызыка адстаць ад патрабаванняў, якія грамадства прад’яўляе да сучаснага настаўніка...

— Спецыфіка падрыхтоўкі і правядзення конкурсу такая, што фактычна паўзы няма. Хачу звярнуць увагу, што кожны конкурс праводзіцца ў чатыры этапы, і першы з іх, на ўзроўні ўстаноў адукацыі, праходзіць за год да фіналу. Другі і трэці этапы праходзяць адпаведна на раённым (гарадскім) і абласным узроўнях. А далей — рэспубліка, фінал. Таму, як кажуць, перыяд «ад конкурсу да конкурсу» займае ўсяго два гады.

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года» становіцца своеасаблівым арыенцірам для вызначэння напрамкаў для далейшага развіцця сістэмы адукацыі. Гэта ўнікальная пляцоўка нацыянальнага маштабу, якая дазваляе раскрыцца педагагічнаму таленту настаўнікаў, выявіць творчых, ініцыятыўных, энергічных і мэтанакіраваных педагогаў, надаць імпульс сістэмнай рабоце ўсёй метадычнай «вертыкалі».

На ўсіх этапах конкурс праводзіцца па васьмі намінацыях: фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка; замежная мова; руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура; пачатковыя класы; музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка; гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія; хімія, біялогія; выхавальнік дашкольнай адукацыі. У кожнай намінацыі вызначаецца пераможца конкурсу, а на трэцім і чацвёртым этапах — пераможцы і лаўрэаты.

Безумоўна, сучасны свет і грамадства інтэнсіўна мяняюцца. Але, па маім глыбокім перакананні, школа павінна заставацца на кансерватыўных, класічных пазіцыях, асабліва калі гаворка ідзе пра выхаванне асобы. Традыцыйныя беларускія каштоўнасці — гэта тая канстанта, дзякуючы якой мы адбыліся як нацыя, здольная адэкватна адказваць на выклікі часу. Што ж датычыцца адукацыйных тэхналогій, то яны, без усякага сумнення, перажываюць змены, і мы арыентаваныя на ўкараненне ў практыку найбольш эфектыўных з іх, дзякуючы якім педагогі дасягаюць пастаўленых мэт, а вучні паспяхова асвойваюць адукацыйныя праграмы і набываюць неабходныя для жыцця веды, уменні і навыкі. Дарэчы, выяўленню, абагульненню і распаўсюджванню перадавога педагагічнага вопыту і садзейнічае конкурс педагагічнага майстэрства.

— Мяркую, што не так лёгка рашыцца на ўдзел у конкурсе. Як правіла, добры настаўнік загружаны работай больш чым 24 гадзіны ў суткі, а таксама рэгулярна з’яўляецца штосьці пазапланавае. І адважыцца раптам на нешта яшчэ, што патрабуе сіл, аддачы і шмат часу, зусім няпроста! З аднаго боку, настаўнік у школе — публічная асоба, з другога — конкурс патрабуе ад яго іншага ўзроўню публічнасці, гатоўнасці адчыніць дзверы сваёй педагагічнай лабараторыі і ўмення падзяліцца яе зместам. А наколькі актыўныя былі настаўнікі падчас удзелу ў рэгіянальных адборачных этапах?

— Конкурсы прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў праводзяцца ў Беларусі пачынаючы з 1991 года. Спачатку гэта былі рэспубліканскія этапы Усесаюзнага конкурсу. Першым і адзіным «Настаўнікам года СССР» стаў у 1991 годзе настаўнік фізікі мінскай сярэдняй школы № 49 Валерый Гербутаў. А з 1995 года конкурсы педагагічнага майстэрства сталі рэспубліканскімі.

Удзел у конкурсе вельмі прэстыжны для педагогаў. І вось чаму. Па-першае, гэта прафесійнае і грамадскае прызнанне педагагічнага майстэрства асобна ўзятага настаўніка ці выхавацеля. Па-другое, конкурс садзейнічае далейшаму кар’ернаму росту педагогаў. З ліку канкурсантаў вырасла нямала кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў-наватараў і вучоных.

Конкурс дае магчымасць найбольш ініцыятыўным і творчым педагогам рэтрансліраваць на сістэмнай аснове вопыт сваёй работы ў постконкурсны перыяд. Пагадзіцеся, гэта ўнікальная магчымасць. Удзельнікі конкурсу вельмі запатрабаваныя на курсах павышэння кваліфікацыі педагогаў, семінарах, майстар-класах, у педагагічных майстэрнях і іншых мерапрыемствах дадатковай адукацыі дарослых. Да іх аўтарытэтнай прафесійнай думкі сёння прыслухоўваецца педагагічная супольнасць. Таму, нягледзячы на загружанасць штодзённымі настаўніцкімі справамі, тысячы ініцыятыўных педагогаў з усіх куткоў нашай краіны імкнуцца ўзяць удзел ва ўсіх чатырох этапах конкурсу. Толькі на трэцім абласным і Мінскім гарадскім этапе ў конкурсе ўзялі ўдзел 753 педагогі: у Брэсцкай вобласці — 105, у Віцебскай — 117, Гомельскай — 100, Гродзенскай — 86, Мінскай — 158, Магілёўскай — 105 і ў Мінску — 82.

Падкрэслю: гэта найлепшыя педагагічныя кадры краіны, якія гатовыя публічна, на ўсю Беларусь, прадэманстраваць і абараніць у конкурсных спаборніцтвах напрацаваны гадамі педагагічны вопыт.

Партрэт фіналістаў

— Традыцыйна ў фінальную частку рэспубліканскіх спаборніцтваў трапляюць яркія харызматычныя настаўнікі, людзі з творчым мысленнем і нестандартнымі метадамі работы, якія даказваюць штодня, што ў школе няма цяжкіх прадметаў. Калі прааналізаваць узроставы склад фіналістаў і іх педагагічны стаж, то каго сярод іх больш: маладых ці сталых? Ці можа моладзь скласці дастойную канкурэнцыю сваім больш дасведчаным калегам? Не сакрэт, што дзеці часта любяць менавіта маладых настаўнікаў...

— Дзеці любяць розных педагогаў. І гэта залежыць, у першую чаргу, ад саміх настаўнікаў і выхавацеляў, ад іх педагагічнага майстэрства, прадметных кампетэнцый, ад умення ўлюбіць дзіця ў свой навучальны прадмет, ад навыкаў правільна «разруліць» самыя складаныя педагагічныя сітуацыі. Таму ўжо на трэцім этапе ўдзельнікі конкурсу павінны былі прадставіць і вопыт сваёй педагагічнай дзейнасці, і зрабіць творчае самапрадстаўленне, і прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне ў мэтах праверкі ведаў у галіне вучэбнага прадмета, псіхалогіі, педагогікі, выхавання. Таксама канкурсанты правялі адкрытыя ўрокі і заняткі ў незнаёмым класе або групе, майстар-класы для педагагічных работнікаў або студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. Адбор праводзіўся вельмі сур’ёзны. І вось па выніках конкурсных мерапрыемстваў былі вызначаны 56 пераможцаў ва ўсіх намінацыях, якія і будуць змагацца ў фінальнай частцы спаборніцтваў за званне «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023».

Сярэдні ўзрост удзельнікаў фіналу складае прыкладна 39 гадоў. Усе маюць вышэйшую адукацыю. Сярэдні стаж педагагічнай дзейнасці фіналістаў — 15,5 года. 15 педагогаў маюць стаж да дзесяці гадоў, 27 педагогаў — да 20 гадоў і 13 педагогаў — да 30 гадоў. Найбольшы стаж работы (31 год) у настаўніка біялогіі са слуцкай гімназіі № 1 Іны Хаўстовіч, а найменшы (пяць гадоў) — у настаўніка дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі (модуль — медыцынская падрыхтоўка) сталічнай гімназіі № 43 Вольгі Зелянко. Хоць прадстаўніцтва мужчын у настаўніцкім корпусе па краіне нязначнае, у фінале педагогаў мужчын — 14 чалавек.

Варта адзначыць, што ў параўнанні з папярэднім конкурсам значна вырас кваліфікацыйны ўзровень педагогаў, а гэта, пагадзіцеся, важны паказчык прафесійнага майстэрства. Так, у сёлетнім конкурсе ўдзельнічаюць пяць настаўнікаў-метадыстаў, 42 педагогі маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і дзевяць педагогаў — першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Заўважу, што два педагогі ўдзельнічаюць у конкурсе ў другі раз: гэта настаўнік фізікі з бабруйскай сярэдняй школы № 34 Святлана Здаранкова і настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 горада Мазыра Яўген Есіс.

У конкурсе бяруць удзел педагогі як з гарадскіх, так і з сельскіх школ. Напрыклад, ужо трэці раз у чацвёртым (заключным) этапе конкурсу актыўны ўдзел бярэ настаўнік геаграфіі з Межысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэй Трэй. Звяртаю вашу ўвагу, што інфармацыю пра ўсіх удзельнікаў заключнага этапу конкурсу можна паглядзець на вэб-сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Акрамя таго, выставачныя стэнды з інфармацыяй аб канкурсантах размешчаны ў фае нашай Акадэміі.

Дадам, што ў мэтах забеспячэння гатоўнасці канкурсантаў да паспяховай самарэалізацыі Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі і інстытутамі развіцця адукацыі праводзіцца сістэмная метадычная работа. У прыватнасці, для ўдзельнікаў заключнага этапу конкурсу, кіраўнікоў абласных і мінскай камандаў, а таксама для членаў журы былі арганізаваны і праведзены семінар-практыкум «Арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023», выязны семінар «Прафесійны імідж педагога — удзельніка конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», вэбінар «Заключны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства „Настаўнік года Рэспублікі Беларусь“: змест і ацэнка конкурсных мерапрыемстваў, дзейнасць членаў журы».

Убачыць «педагагічную сутнасць»

— У штодзённай рабоце жыццё пастаянна падкідвае педагогам нестандартныя сітуацыі. А якія з выпрабаванняў у фінале, на вашу думку, могуць найбольш поўна раскрыць асобу педагога і за якія можна атрымаць найбольшую суму балаў? Што ўвогуле больш важнае: тэорыя, методыка ці практыка? Можна проста выдатна адказаць на пытанні ў псіхалагічным тэсціраванні, але праваліць гасцявы ўрок у незнаёмай аўдыторыі...

— Тэорыя і практыка — як два крылы ў птушкі, усе важныя, без іх немагчымы палёт, у тым ліку і педагагічны, творчы. Таму мяркую, што раскрыць асобу педагога дазваляюць абсалютна ўсе мерапрыемствы конкурсу. І справа зусім не ў балах. Балы дазваляюць толькі «алічбаваць» дасягненні канкурсанта, але галоўнае ж не гэта.

Праз конкурсныя мерапрыемствы, а менавіта праз прадстаўленне вопыту педагагічнай дзейнасці, самапрадстаўленне, «праектаванне ўрока (заняткаў)», правядзенне ўрокаў (заняткаў) па прапанаванай журы тэме, выступленне перад грамадскасцю па асноўных аспектах прадстаўленага вопыту педагагічнай дзейнасці, педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне, майстар-класы мы ўбачым патэнцыял кожнага канкурсанта, увасабленне на практыцы яго «педагагічнага крэда».

Усе конкурсныя мерапрыемствы дазваляюць за невялікі адрэзак часу ўбачыць «педагагічную сутнасць» кожнага ўдзельніка конкурсу. Ну а што да балаў за конкурсныя мерапрыемствы, то тут ніякай таямніцы няма. Такім чынам, за самапрадстаўленне можна атрымаць максімум 20 балаў, за вопыт педагагічнай дзейнасці — 50 балаў, за псіхолага-педагагічнае тэсціраванне — 80 балаў, праектаванне ўрока «каштуе» 100 балаў, за выступленне перад грамадскасцю — 40 балаў, урок-імправізацыя пацягне на сто балаў, самааналіз урока — 30 балаў і майстар-клас — 80 балаў. Такім чынам, максімум складае 500 балаў.

Па выніках правядзення конкурсных мерапрыемстваў журы ў кожнай намінацыі вызначае аднаго пераможцу і двух лаўрэатаў. Пераможцы ў кожнай намінацыі становяцца ўдзельнікамі суперфіналу — гэта восем педагагічных работнікаў.

Суперфінал заключнага этапу конкурсу пройдзе 27 верасня ў актавай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На дадзеным этапе канкурсантам неабходна будзе прайсці праз наступныя выпрабаванні: вырашэнне педагагічных сітуацый, міні-ўрок (міні-занятак) на сцэне і публічнае выступленне на тэму «Выхаваць чалавека...»

Хачу дадаць, што фінал конкурсу — гэта не толькі прафесійныя спаборніцтвы педагогаў, а яшчэ і магчымасць прадэманстраваць усяму грамадству, што настаўнік — унікальная прафесія, якая патрабуе ад яе ўладальніка мэтанакіраванасці і самаадданасці, незвычайнай душэўнай шчодрасці, павагі і самае галоўнае, любові да сваіх вучняў.

Рэалізаваць сябе

— Кожны конкурс прафесійнага майстэрства дае магчымасць раскрыць педагагічныя таленты, абагульніць вопыт і трансліраваць новыя педагагічныя практыкі на ўсю краіну. Што з прэзентаванага канкурсантамі на папярэднім конкурсе было ўзята ў школе на ўзбраенне? Наколькі ўвогуле актыўныя папярэднія ўдзельнікі конкурсу?

— Конкурс прафесійнага майстэрства — знакавае мерапрыемства для ўсёй нацыянальнай сістэмы адукацыі, якое падтрымліваецца кіраўніком нашай дзяржавы. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка традыцыйна сустракаецца з фіналістамі конкурсу і ўручае пераможцу галоўны прыз конкурсу — «Хрустальны журавель».

Для арганізацыі супрацоўніцтва настаўнікаў яшчэ ў 2007 годзе ў Беларусі быў створаны клуб «Хрустальны журавель», які аб’ядноўвае арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсаў розных гадоў. Каардынацыю дзейнасці клуба ажыццяўляе Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Дзейнасць клуба накіравана на павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, стварэнне ўмоў для развіцця творчай ініцыятывы і ўдасканалення педагагічнага майстэрства, арганізацыю прафесійных зносін настаўнікаў, распаўсюджванне эфектыўнага вопыту.

За час дзейнасці клуба адбылося больш за 70 метадычных мерапрыемстваў «Хрустальнага жураўля» ў розных рэгіёнах нашай краіны. У рамках семінараў-акцый праведзена больш за 800 адкрытых урокаў і майстар-класаў, у якіх узяло ўдзел каля дзесяці тысяч педагагічных работнікаў.

Трэба адзначыць, што пераможцы і ўдзельнікі конкурсу мінулых гадоў актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці клуба. Гэта пераможца 2001 года Вадзім Шпетны, пераможца 2004 года Ігар Якіменка, пераможца 2006 года Ірына Клявец, пераможца 2011 года Інеса Зубрыліна, пераможца 2014 года Віктар Жук і іншыя.

Пры актыўным удзеле членаў клуба праведзена 12 фестываляў педагагічнага майстэрства, у тым ліку чатыры — для маладых педагогаў. У гэтых фестывалях удзельнічала звыш сямі тысяч педагогаў. Дарэчы, пераможца конкурсу 2020 года ў намінацыі «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура» Васіль Маліноўскі стаў пераможцам другога Міжнароднага фестывалю педагагічнага майстэрства, які праходзіў у кастрычніку 2022 года ў Казахстане ў рамках VІІ З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Многія педагогі, якія бралі ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, сталі кіраўнікамі ў сістэме адукацыі, занялі розныя кіраўніцкія пасады. Так, Валянціна Гінчук узначальвае Нацыянальны інстытут адукацыі, Вольга Блажко — прарэктар Гомельскага інстытута развіцця адукацыі. Дырэктарамі школ сталі Ігар Якіменка, Алена Ананчыкава, Ірына Матузава.

Алег Клунін стаў намеснікам дырэктара Брэсцкага абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці, а Інеса Зубрыліна з’яўляецца начальнікам Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ.

Спіс паспяховых і таленавітых педагогаў — удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу можна працягваць бясконца. Для ўсіх нас важна, каб настаўнікі і выхавальнікі змаглі эфектыўна рэалізаваць сябе ў прафесіі, не выгараць і не расчаравацца ў справе жыцця.

Стаўшы флагманамі педагагічнай супольнасці, выхавацелямі і настаўнікамі для падрастаючых пакаленняў, яны ўвасобілі ў жыццё асноўны прынцып педагогікі, сфармуляваны вялікім савецкім педагогам Васілём Сухамлінскім — «Сэрца аддаю дзецям».

Хачу дадаць, што паралельна з конкурсам «Настаўнік года» ў Беларусі упершыню праходзіць рэспубліканскі фестываль «Педагагічны дэбют». Ён праводзіцца ў чатырох намінацыях: сярод маладых дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, маладых загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі, маладых настаўнікаў і маладых выхавальнікаў дашкольных устаноў. Да ўдзелу ў ім дапускаліся маладыя педагогі і кіраўнікі ўстаноў ва ўзросце да 31 года, якія маюць стаж работы на пасадзе не больш як пяць гадоў, незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі.

Мы лічым, што сёння вельмі важна падтрымаць не толькі вопытных педагогаў, але і маладых настаўнікаў, якія толькі прыходзяць у прафесію. Падтрымаць і тых, хто працуе з самымі маленькімі дзецьмі: выхавальнікаў, загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі. Таму што менавіта ў гэтым узросце закладваюцца самыя важныя якасці асобы.

Рэспубліканскі этап фестывалю будзе праводзіцца з 25 да 28 верасня ў вочным фармаце. Удзел у ім возьмуць 25 педагагічных работнікаў. Усе конкурсныя мерапрыемствы разгорнуцца на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А 28 верасня пройдзе ўзнагароджанне ўдзельнікаў фестывалю разам з удзельнікамі заключнага этапу конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Маладыя педагогі будуць удзельнічаць ва ўрачыстай імпрэзе да Дня настаўніка ў Палацы Рэспублікі.

Пажадаем усім канкурсантам поўнай унутранай мабілізацыі і ўдачы ў прафесійных спаборніцтвах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.