Вы тут

КДБ затрымаў памагатых СБУ ў Беларусі: яны рыхтавалі тэракты на чыгунцы


Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі спыніў чарговыя спробы ўкраінскіх спецслужбаў дэстабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне. Некаторыя памагатыя Службы бяспекі Украіны былі затрыманыя ў пагранічных раёнах, некаторыя — у цэнтральнай частцы нашай краіны. Усе яны былі гатовыя выканаць любыя пастаўленыя задачы. У тым ліку рыхтавалі тэракты, мэтай якіх маглі стаць простыя беларусы. У Камітэце дзяржбяспекі БелТА распавялі, як былі затрыманыя памагатыя СБУ, якія тэракты яны рыхтавалі і чаму ўкраінскія спецслужбы працягваюць свае спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў нашай краіне.


Сам выйшаў на сувязь. Затрыманы за спробу падрыву чыгункі Павел Вабішчэвіч распавёў пра кантакты з СБУ

Адзін з затрыманых — беларус Павел Вабішчэвіч 1986 года нараджэння. Да затрымання за спробу тэракту ў яго ўжо былі праблемы з законам. А яшчэ з азартнымі гульнямі: Вабішчэвіч захапляўся гульнёй у казіно і стаўкамі на спорт. Грошы нярэдка даводзілася займаць у сяброў і знаёмых, у красавіку гэтага года ён задумаўся аб падпрацоўцы. Добры заробак абяцалі ў адной з тэматычных груп у мэсэнджары, і Вабішчэвіч адгукнуўся на аб’яву. Праз некаторы час з ім выйшлі на сувязь і прапанавалі працягнуць зносіны ў іншым мэсэнджары-.

Праца заключалася ў наступным: па заданні заказчыка трэба было здымаць відэа і рабіць фатаграфіі розных аб’ектаў на тэрыторыі нашай краіны. Павел Вабішчэвіч пацікавіўся ў суразмоўцы, адкуль ён і чым займаецца. Куратар адказаў прама: ён грамадзянін Украіны і супрацоўнік украінскіх спецслужбаў. Для Вабішчэвіча гэта быў не першы досвед зносін з супрацоўнікамі Службы бяспекі Украіны. Тры гады таму на адпачынку ў Адэсе ён пазнаёміўся з нейкім Віталём, палкоўнікам СБУ. Пасля вяртання ў Беларусь Вабішчэвіч яшчэ некаторы час падтрымліваў з ім кантакт, але ў выніку зносіны спыніліся.

«Мне складана сказаць, чым яны займаюцца. Я ведаю расшыфроўку, а чым яны займаюцца... Мяркую, бяспекай сваёй краіны. Гэта я мяркую. Але па сабе магу сказаць, што яны мяне проста выкарыстоўвалі. Я б сказаў, што гэта структура тэрарыстаў», — пазней заявіў на допыце Павел Вабішчэвіч.

Але жаданне зарабіць аказалася мацнейшым за страх быць уцягнутым у працу гэтай структуры. Першым аплачваным заданнем для Паўла Вабішчэвіча стала здымка жылога дома на вуліцы Лабанка ў Мінску. Навошта ўкраінскім спецслужбам спатрэбіліся здымкі менавіта гэтага дома, ён мог толькі здагадвацца. Затое наступнае заданне было цалкам канкрэтным. Трэба было з’ездзіць у Маладзечна, зняць відэа і зрабіць фатаграфіі па перыметры вайсковай часткі.

За здымкі і відэа дома па вуліцы Лабанка і вайсковай часці ў Маладзечне Вабішчэвіч сумарна атрымаў $600. Грошы ён забіраў з схованак, каардынаты якіх яму дасылалі куратары. Мабыць, пазней ва ўкраінскіх спецслужбаў узніклі праблемы з перадачай наяўных, і фігуранту сказалі зарэгістраваць крыптакашалёк. Яшчэ адным аб’ектам, які сфатаграфаваў Вабішчэвіч, стала нафтабаза ў Фаніпалі і лесапаласа непадалёк. Украінскія спецслужбы вывучалі мясцовасць, з якой можна было запусціць робата. Пасля гэтага Вабішчэвічу даручылі забраць пасылку.

Са згоды СБУ Павел Вабішчэвіч прыцягнуў да арганізацыі тэракту былога калегу Андрэя Зіненку

Менавіта для гэтага са згоды ўкраінскіх спецслужбаў ён звярнуўся да свайго былога калегі Андрэя Зіненкі. У Зіненкі праблем з законам і азартнымі гульнямі не было. Ён атрымаў вышэйшую адукацыю, працаваў на кіруючай пасадзе, атрымліваў высокую зарплату. Тым не менш на прапанову Вабішчэвіча пагадзіўся.

З 19 жніўня яны перайшлі да актыўных тэрарыстычных дзеянняў. Ад куратара з СБУ былі атрыманы каардынаты двух схованак у Лоеўскім і Хойніцкім раёнах. У схованках была выбухоўка, частку якой Вабішчэвіч і Зіненка перавезлі ў Чэрвеньскі раён. Для чаго яна прызначалася, здагадацца нескладана.

Астатнюю частку выбухоўкі затрыманыя збіраліся выкарыстоўваць асабіста — для падрыву чыгуначнага шляху Стоўбцы-Баранавічы ў Стаўбцоўскім раёне. Ажыццявіць задуманае патэнцыйным тэрарыстам не ўдалося — іх затрымалі супрацоўнікі групы «А» Камітэта дзяржбяспекі ў ноч з 26 на 27 жніўня. Пры затрыманні Вабішчэвіч спрабаваў адмаўляць віну і заяўляў, быццам не ведаў, што знаходзіцца ў пасылках. На месцы злачынства выявілі і канфіскавалі выбуховае прыстасаванне з баявой часткай масай 1,2 кг у трацілавым эквіваленце. Тэракт супрацоўнікі ўкраінскай спецслужбы ацанілі ў $15 тыс. — менавіта столькі было абяцана Вабішчэвічу і Зіненку за падрыў чыгункі.

Зараз Вабішчэвіч і Зіненка даюць прызнальныя паказанні і актыўна супрацоўнічаюць са следствам. У дачыненні да затрыманых распачалі крымінальныя справы паводле артыкулаў «Замах на акт тэрарызму» і «Здрада дзяржаве». А за спробу тэракту ў Беларусі прадугледжана прыгавор аж да смяротнага пакарання.

Двое жыхароў Гродна пад кіраўніцтвам грамадзяніна Украіны спрабавалі падарваць чыгунку ў Талачынскім раёне

Яшчэ адну спробу тэракту, і таксама на чыгунцы, спрабавалі арганізаваць у Талачынскім раёне. Абвінавачаных гэтым разам трое. Двума жыхарамі Гродна непасрэдна кіраваў грамадзянін Украіны Іван Ліхалат. Ліхалат нарадзіўся ў 1992 годзе ў Хмяльніцкай вобласці. З 2012-га па 2013 год ён праходзіў службу ў разведвальных падраздзяленнях Узброеных Сіл Украіны. Для разумення: гэта тое самае галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны, якое нясе адказнасць за тэракты на тэрыторыі Расіі і гібель расійскіх грамадзян. Падобная трагедыя магла здарыцца і на тэрыторыі Беларусі, калі б Ліхалат і яго саўдзельнікі не былі раскрытыя і затрыманыя супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі 4 верасня.

У 2013 годзе Ліхалат перабраўся ў Беларусь. Дзесяць гадоў жыў і працаваў у нашай краіне, ажаніўся на беларусцы, выхоўваў трох непаўналетніх дзяцей. Здавалася б, што можа пайсці не так? Пакуль у яго роднай краіне ідуць баявыя дзеянні, а яго суайчыннікі гінуць у мясасечцы вайны, ён жыве ў мірнай і спакойнай краіне, працуе і гадуе дзяцей. Складана зразумець, што рухае падобнымі асобамі, але ўжо ў студзені гэтага года Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ. Яму даручылі тую ж задачу, што і Вабішчэвічу з Зіненкам — падарваць чыгуначныя шляхі, па якіх нібыта павінна была прайсці ваенная тэхніка.

Для падрыхтоўкі да тэракту Іван Ліхалат прыцягнуў двух жыхароў Гродна — Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага. Абодва валодалі прафесійнымі навыкамі мінна-выбуховай справы. Для ўкраінскіх спецслужбаў гэта бясцэнныя кадры, таму іх актыўна ўзялі «у працу». Яшчэ адзін штрых да партрэта аднаго з тэрарыстаў: раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову. Яму растлумачылі, што яго навыкі падрыўніка спатрэбяцца ў тэрарыстычных акцыях у Беларусі.

Першапачаткова яны выконвалі разведвальныя задачы. Збіралі звесткі аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі беларускіх частак, размяшчэнні ЗРК. За сваю працу яны атрымалі ад СБУ 500 еўра і $600. Потым заданні сталі сур’ёзней. У Кобрынскім раёне Пухальскі забраў з тайніка выбуховае прыстасаванне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі. Там ён і быў затрыманы супрацоўнікамі групы «А» КДБ. На месцы планаванага тэракту канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацавання выбухоўкі да рэек. Адначасова ў Гродне былі затрыманыя памагатыя Пухальскага — Ліхалат і Бародзіч.

Цяпер усе трое знаходзяцца ў СІЗА КДБ, дзе даюць прызнальныя паказанні. Дарэчы, Пухальскі прызнаў сваю віну. Больш за тое, папрасіў аб вышэйшай меры пакарання. Па яго словах, ён быў упэўнены, што па чыгунцы пойдуць склады з ваеннай тэхнікай. Пра тое, што падчас тэракту будуць ісці саставы з грамадзянскімі грузамі або зусім пасажырскія цягнікі Пухальскі нібыта не здагадваўся. «Не прашу ніякай ласкі, прашу прысудзіць мяне да вышэйшай меры», — заявіў Пухальскі пры праверцы паказанняў на месцы, чым кінуў у самы сапраўдны шок свайго адваката.

Украінскі баявік перамясціў у Беларусь і заклаў у схованку цэлы арсенал

Пасля ўсяго гэтага можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: а як усе гэтыя прылады смерці трапілі на тэрыторыю нашай краіны? Адказ — грамадзянін Украіны Вячаслаў Бародзій з псеўданімам Мангуст. Ён нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці ў 1978 годзе. Ёсць жонка і трое дзяцей. Па словах самога Барадзія, з 1996-га па 1999 год ён праходзіў ваенную службу ў Нацгвардыі Украіны. З 2000 года жыў і працаваў у Мазыры, але ўжо праз тры гады вярнуўся ва Украіну, дзе працаваў егерам.

У красавіку мінулага года Бародзіем зацікавілася Галоўнае ўпраўленне разведкі ўкраінскага Міністэрства абароны. Яго сталі рыхтаваць да здзяйснення тэрарыстычных актаў у навучальным цэнтры ГУР Мінабароны Украіны ў горадзе Белая Царква, што ў Кіеўскай вобласці. «Выпускнік» навучальнага цэнтра Барадый валодаў навыкамі мінна-выбуховай справы, умеў абыходзіцца са стралковай зброяй і беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Адным словам, стаў небяспечным і навучаным баевіком. У сябе дома Мангуст трымаў цэлы склад зброі. Там былі і ПЗРК, і гранатамёты, і выбухоўка. На выпадак заняцця Жытомірскай вобласці расійскай арміяй Бародзій павінен быў арганізаваць так званы партызанскі рух.

З сакавіка гэтага года акрамя ГУР МА ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны. Менавіта СБУ даручыла Мангусту перакідваць у Беларусь зброю і выбухоўку для арганізацыі тэрактаў не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі.


Канфіскаванай у памагатых СБУ выбухоўкі хапіла б, каб пусціць з рэек любы цягнік

Канфіскаванай у памагатых СБУ ў Стаўбцоўскім раёне выбухоўкі хапіла б для таго, каб пусціць з рэек любы цягнік. Пра гэта заявілі на тэлеканале СТВ, паведамляе БелТА.

Пасля прадухілення спробы тэракту і абясшкоджвання злачынцаў у Стаўбцоўскім раёне сапёры ўзяліся за размініраванне выбуховага прыстасавання. У выніку магутнасць выбухоўкі склала больш за кілаграм трацілу. Па словах экспертаў, гэтага цалкам дастаткова для таго, каб пусціць з рэек любы цягнік.

Як распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Уладзімір Атрашкоў, 28 жніўня супрацоўнікі КДБ прадставілі для правядзення выбухатэхнічнай экспертызы прадметы, канфіскаваныя падчас агляду месца здарэння. Спецыялісты ГКСЭ ўстанавілі, што яны ўяўляюць сабой самаробнае выбуховае прыстасаванне, якое складаецца з зарада выбуховага рэчыва, сродкі ініцыявання і выканаўчага механізму.

У якасці зарада выбуховага рэчыва зламыснікі выкарыстоўвалі чатыры трацілавыя шашкі агульнай вагой 1,2 кг. Такой колькасці выбуховага рэчыва хапіла б для падрыву чыгуначных пуцей і стварэння аварыйнай сітуацыі з рухомым чыгуначным складам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.