Вы тут

Адбыўся VІІ з’езд Міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў адукацыі і навукі


Сацыяльная падтрымка настаўнікаў, якасць падрыхтоўкі кадраў для адукацыйнай галіны і павышэнне статусу педагога ў грамадстве — гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў VІІ з'езда Міжнароднага аб'яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, які прайшоў у беларускай сталіцы. Дэлегаты прадстаўлялі восем галіновых прафсаюзаў з сямі краін СНД, якія аб'ядноўваюць у сваіх шэрагах 2,5 мільёна работнікаў сістэмы адукацыі. З папярэдняга з'езду прайшло пяць гадоў...


Пандэмія і санкцыі

— ...Яны былі напоўнены знакавымі падзеямі. І калі 2018—2019 гады можна ахарактарызаваць як адносна стабільныя, то пандэмія, якая ахапіла планету ў 2020 годзе, рэзка ўдарыла па ўсіх, у многім абясцэніўшы дасягненні апошніх гадоў, — падкрэсліла ў сваім выступленні на з'ездзе старшыня Міжнароднага аб'яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Галіна Мяркулава (яна таксама ўзначальвае Агульнарасійскі прафсаюз адукацыі). — У большасці краін нашага рэгіёна назіраецца замаруджванне тэмпаў эканамічнага росту, становішча ў эканоміцы ўскладняецца беспрэцэдэнтнымі санкцыямі Захаду супраць Расіі і Беларусі і мерамі ў адказ з нашага боку. Усё гэта моцна ўскладніла дзейнасць прафсаюзаў, але не змагло заблакіраваць барацьбу за правы і інтарэсы людзей працы.

Трэба канстатаваць, што нацыянальныя ўрады не без уплыву на іх галіновых прафсаюзаў — членаў нашага аб'яднання — не адмаўляюцца ад сваіх абавязкаў па падтрыманні сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў. Адбыліся сур'ёзныя змяненні ва ўмовах працы работнікаў адукацыі, каталізатарам якіх сталі пандэмія і паскорная лічбавізацыя. Аддадзім належнае: у гэты час былі ажыццёўлены буйнамаштабныя меры па арганізацыі работы на дыстанцыі і забеспячэнні навучальных устаноў і педагагічных работнікаў неабходным абсталяваннем і праграмным забеспячэннем. Гэта быў вельмі няпросты перыяд, да яго аказаліся непадрыхтаваныя і настаўнікі, і бацькі вучняў.

Членскія арганізацыі Міжнароднага аб'яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы і рэалізацыі нацыянальных праграм занятасці і перападрыхтоўкі кадраў, настойвалі на скарачэнні нефармальнай занятасці, клапаціліся пра абарону ад беспрацоўя. Паслядоўна дабіваліся павышэння аплаты працы сваіх работнікаў. Мы рашуча выступаем супраць спроб рэвізіі працоўнага заканадаўства ў некаторых краінах Садружнасці. У полі нашага зроку пастаянна знаходзіўся ўвесь комплекс пытанняў сацыяльнай палітыкі, аховы працы, здароўя работнікаў, пенсіённага і сацыяльнага забеспячэння работнікаў.

Паводле слоў Галіны Мяркулавай, для ўсіх краін рэгіёна захоўваюцца агульныя праблемы, такія як недасканаласць заканадаўства, нарматыўных актаў у галіне аховы працы, недастатковае веданне прафесійных рызык, адсутнасць матывацыі ў работадаўцаў па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў. Ёсць факты, калі няшчасныя выпадкі, што здарыліся з работнікамі, хаваюцца ў арганізацыях. Сярод найвастрэйшых праблем застаецца пенсіённае забеспячэнне. «Салідны працоўны стаж і высокі заробак не з'яўляюцца сёння гарантыяй добрай пенсіі, — падкрэсліла Галіна Мяркулава. — Трэба разумець, што толькі намаганнямі прафсаюза вырашыць увесь комплекс сацыяльных праблем немагчыма, таму вельмі важна наладжваць кантакты і знаходзіць паразуменне з сацыяльнымі партнёрамі. Нягледзячы на праблемы і спрэчныя пытанні, што ўзнікаюць, можна і трэба вырашаць іх у рамках стабільна дзеючай сістэмы сацыяльнага партнёрства, якую неабходна ўмацоўваць і развіваць на ўсіх узроўнях».

Узаемадзеянне ўлады і прафсаюзаў

Галіна Мяркулава звярнула ўвагу на эфектыўны вопыт сацыяльнага партнёрства паміж Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, ён адзін з найбольш уплывовых у краіне, аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 580 тысяч чалавек: работнікаў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, навучэнскую моладзь, аспірантаў і дактарантаў.

— У нас наладжаны сур'ёзны канструктыўны дыялог з міністэрствам, — канстатавала старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч. — Тэрмін «сацыяльнае партнёрства», якім сёння прынята называць узаемадзеянне ўлады і прафесійных саюзаў, — не проста гучнае азначэнне, а добра адпрацаваная практыка сумеснага вырашэння многіх актуальных пытанняў. Між іншым, у галіновае Пагадненне паміж прафсаюзам і Міністэрствам адукацыі ўключаны гарантыі для работнікаў перадпенсіённага ўзросту, жанчын, якія працуюць, маладых спецыялістаў, прафсаюзнага актыву, не вызваленага ад асноўнай працы, і іншых катэгорый работнікаў, якія працуюць на ўмовах кантрактнай формы найму.

Адна з прыярытэтных задач прафсаюза — калектыўна-дагаворная работа: наяўнасць калектыўнага дагавора ў кожнай арганізацыі, яго ацэнка на прадмет адпаведнасці пагадненням больш высокага ўзроўню, сістэматычны аналіз вынікаў яго выканання, недапушчальнасць выключэння з іх асобных нормаў.

Стан калектыўна-дагаворнай работы ў арганізацыях прафсаюза сістэматычна аналізуецца і разглядаецца на пасяджэннях кіруючых органаў, у працэсе чаго адзначаецца станоўчая тэндэнцыя па ўключэнні норм, якія паляпшаюць прававое становішча работнікаў — членаў нашага прафсаюза ў параўнанні з заканадаўствам. Разам з тым яшчэ сустракаюцца кантракты, якія патрабуюць больш прынцыповай пазіцыі як з боку кіраўнікоў арганізацый галіны, так і з боку кіраўнікоў арганізацый прафсаюза па напаўненні іх дадатковымі мерамі стымулявання працы.

Інтэлектуальны патэнцыял галіны

Ад чаго залежыць сацыяльны статус настаўніка ў грамадстве? Адказ на гэта пытанне шукаюць ва ўсіх краінах. На жаль, прафесія настаўніка не з'яўляецца запатрабаванай сярод моладзі. У Расіі, напрыклад, сур'ёзна заклапочаны тым, як утрымаць у галіне выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў, якія пасля заканчэння ВНУ рэзка мяняюць сваю прафесійную траекторыю. Невысокія зарплаты падштурхоўваюць настаўнікаў на пошук новых крыніц заробку. Многія бяруць дадатковую нагрузку, працуюць ці выкладаюць у іншых установах і арганізацыях і г. д. Спробы педагогаў палепшыць сваё матэрыяльнае становішча за кошт асваення дадатковых відаў дзейнасці нярэдка абарочваюцца назапашваннем хранічнай стомленасці і, адпаведна, зніжэннем якасці выкладання, падзеннем цікавасці да працы, пагаршэннем узаемаадносін з навакольнымі, расчараваннем у жыцці і лёсе. Фактычна такія педагогі становяцца транслятарамі сацыяльнага песімізму...

Сацыяльны статус работнікаў устаноў адукацыі павінен адпавядаць іх інтэлектуальнаму патэнцыялу, а работа і намаганні павінны належна аплачвацца — у гэтай думцы сыходзяцца ўсе.

— Для нас заработная плата і сацыяльнае становішча нашых настаўнікаў — галоўнае пытанне на парадку дня, — падкрэсліў старшыня ЦК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Кыргызскай Рэспублікі Асылбек Тактагулаў. — На жаль, заробкі ў педагогаў доўгі час заставаліся зусім невысокімі, і мы паступова працавалі над іх павышэннем. Цяпер заработная плата дайшла да 400 долараў, што, як мы лічым, ужо нядрэнна. Прафсаюз разам з прадстаўнікамі ўлады змагаецца за аўтарытэт і статус настаўніка ў грамадстве. Мы не застаёмся ўбаку і актыўна ўмешваемся, калі адбываецца ціск на настаўнікаў, становімся на іх абарону. Заўважу, што і матывацыя членства ў прафсаюзе расце, калі педагогі бачаць, што мы рэальна іх абараняем...

Абарона — на ўзроўні закона

— У сваёй рабоце мы тлумачым педагогам, што не трэба разглядаць прафсаюз як арганізацыю па выдачы навагодніх падарункаў і правядзенні культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Наша асноўная задача — гэта абарона вашых сацыяльных правоў і прадстаўленне прафесійных інтарэсаў, — расказала старшыня Казахстанскага галіновага прафсаюза работнікаў асветы, навукі і вышэйшай адукацыі Айгуль Мукашава. — Летась мы разгледзелі больш за 37 тысяч зваротаў ад членаў прафсаюза з усяго Казахстана. Была аказана дапамога 32,4 тысячы членаў прафсаюза па вырашэнні індывідуальных працоўных спрэчак.
33 члены прафсаюза мы абаранілі ў судзе і 17 членаў прафсаюза аднавілі на рабочых месцах (яны былі незаконна звольнены).

У Казахстане ў 2020 годзе быў прыняты адзіны на постсавецкай прасторы дзеючы Закон «Аб статусе педагога». У яго распрацоўцы прымаў непасрэдны ўдзел наш прафсаюз, а я была членам рабочай групы. Гэты закон насамрэч працуе: дзякуючы яму ў краіне прыкметна павысіўся статус педагога. Яны адчулі сябе абароненымі. У нас не могуць, як раней, прыцягнуць педагога да выканання неўласцівых яго асноўнай прафесійнай дзейнасці функцый. Калі такое адбываецца, яны адразу звяртаюцца ў прафсаюз.

У параўнанні з краінамі СНД заробкі педагогаў у Казахстане намнога вышэйшыя. Калі раней малады спецыяліст, які толькі прыступіў да працы, атрымліваў крыху больш як 100 долараў, то цяпер — каля 400. У нас прадугледжана вельмі шмат даплат.

Вялікая работа зроблена па аплаце бальнічных лісткоў. У 2015 годзе ў Працоўным кодэксе была прынята норма, паводле якой бальнічны ліст аплачваецца ў памеры 14 МРП (МРП — месячны разліковы паказчык. — Аўт.) — гэта было крыху менш за 100 долараў. А з мінулага года гэта сума складае ўжо больш як 200 долараў. Але мы не спыняемся і прапануем сваю методыку аплаты бальнічных, у залежнасці ад стажу работы.

Мінімальная заработная плата ў Казахстане ў мінулым годзе была ўзнята з 42 да 70 тысяч тэнге. А ў вераснёўскім сваім пасланні прэзідэнт паведаміў, што мінімальная заработная плата будзе павышана да 85 тысяч тэнге. Такім чынам, патрабаванні прафсаюза былі пачутыя, і на працягу двух гадоў мінімальная заработная палата павысілася больш чым удвая.

Апошнія гады ў Казахстане намецілася станоўчая тэндэнцыя: шмат маладых людзей паступаюць у магістратуру і бакалаўрыят на педагагічныя спецыяльнасці, прычым з вельмі высокімі баламі. Дарэчы, магістр навукова-педагагічнага кірунку да свайго акладу атрымлівае даплату ў памеры
10 МРП, а гэта складае больш як 100 долараў у месяц у валютным эквіваленце. А студэнты педагагічных і медыцынскіх спецыяльнасцяў атрымліваюць у Казахстане павышаную стыпендыю.

Удзельнікі шмат гаварылі пра асаблівасці прафсаюзнай працы ў розных краінах, пра тое, як яны працуюць на павышэнне прыцягальнасці прафсаюзаў для моладзі. Так, у Казахстане для навучання маладзёжнага прафактыву арганізоўваюць летнія прафсаюзныя лагеры, на якіх праводзяць прававую вучобу, вучаць кантраляваць правільнасць налічэння заработнай платы і інш.

Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў ужо некалькі гадоў фінансуе сацыяльныя праекты для моладзі, дапамагае ўвасобіць у жыццё яе цікавыя і карысныя ідэі. Напярэдадні з'езда дэлегаты наведалі Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО». Гасцей зацікавіла спецыфіка ВНУ і алгарытм падрыхтоўкі прафсаюзных кадраў.

Вынікам работы з'езда стала праграма цеснага супрацоўніцтва на найбліжэйшыя пяць гадоў. Размова ідзе аб абмене вопытам, новых праектах і правядзенні
сумесных мерапрыемстваў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота арганізатараў з’езда  

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.