Вы тут

Мабільны рэсурсны пакой для дзяцей з інваліднасцю адкрылі ў Віцебску


Камунікатары, лупы, трэнажоры, вертыкалізатары, гульнявыя наборы і іншае абсталяванне перадалі ў Віцебскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прадстаўнікі Дзiцячага фонду ААН (ЮНIСЭФ) у Беларусi, Прыорбанка і кампаніі «Райфайзен-Лізінг» у межах праграмы «Сям’я кожнаму дзіцяці». Яе новы этап стартаваў на Віцебшчыне летась у межах гуманітарнага праекта «Папярэджанне інстытуцыаналізацыі і дэінстытуцыаналізацыі дзяцей ранняга ўзросту і дзяцей з інваліднасцю ў Віцебскай вобласці». Праект, прадстаўлены ЮНІСЭФ і Мінадукацыі, разлічаны на два гады і закліканы наладзіць каардынацыю ўзаемадзеяння сістэм адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага, Докшыцкага, Лепельскага, Аршанскага, Полацкага, Сенненскага раёнаў, а таксама Чыгуначнага, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска.


З дапамогай асістыўнага і рэабілітацыйнага абсталявання коштам 50 тысяч беларускіх рублёў дзеці з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця з усіх куточкаў Віцебшчыны змогуць развівацца, вучыцца, займацца са спецыялістамі і мець магчымасць інтэгравацца ў грамадства.

— Стварэнне мабільнага рэсурснага пакою ўмацуе работу па прафілактыцы размяшчэння ў інтэрнатныя ўстановы дзяцей ранняга ўзросту з фактарамі рызыкі ўзнікнення парушэнняў развіцця, малых з інваліднасцю і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — упэўнены ў ЮНІСЭФ. — Пакой адкрыты ў межах праграмы «Сям’я кожнаму дзіцяці», якая мае на мэце дапамагчы дзецям з інтэрнатаў вярнуцца да сваіх біялагічных бацькоў ці знайсці новую сям’ю. А таксама яна дапаможа развіваць альтэрнатыўныя формы ўладкавання малых: усынаўленне, апека і папячыцельства, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

З тым, што стварэнне мабільнага рэсурснага пакою павысіць эфектыўнасць рэалізацыі праграмы «Сям’я кожнаму дзіцяці», згодна і Марына Фёдарава, каардынатар праекта, дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

— Пакой стане дадатковай падтрымкай для бацькоў і спецыялістаў з невялікіх гарадоў, райцэнтраў і вёсак, таму што цяпер у іх з’явіўся доступ да неабходнага абсталявання, каб займацца з дзецьмі. Спецыялісты, бацькі і апекуны будуць вучыцца выкарыстоўваць яго для рэабілітацыі і развіцця дзяцей з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця.

Праекты, якія дапамагаюць вырашаць важныя сацыяльныя праблемы, заўжды падтрымліваюць і ў Прыорбанку.

— Мы не баімся ставіць перад сабой смелыя мэты. Шэсць гадоў таму разам з партнёрамі з ЮНІСЭФ мы распачалі праект «Сям’я кожнаму дзіцяці», які задаў абсалютна новы вектар разумення праблемы выхавання і рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю, — расказаў Бернд Розенберг, намеснік старшыні праўлення Прыорбанка. — У Віцебскай вобласці мы зрабілі яшчэ адзін крок, які падорыць сем’ям новыя магчымасці па доглядзе і клопаце за дзецьмі. Для нас важна, каб бацькі ведалі, што неабходная дапамога побач, і маглі ёю скарыстацца.

За год у межах праекта «Папярэджанне інстытуцыаналізацыі і дэінстытуцыаналізацыі дзяцей ранняга ўзросту і дзяцей з інваліднасцю ў Віцебскай вобласці» ужо падрыхтаваны і абучаны спецыялісты, якія суправаджаюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; ацэньваюцца патрэбы сямей, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю і жывуць у інтэрнатах. Праграма «Сям’я кожнаму дзіцяці» ахоплівае каля 700 сямей у вобласці і чатыры інтэрнатныя ўстановы.

Ірына СІДАРОК

Фота прадастаўлена ААН (ЮНIСЭФ) у Беларусi

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.