Вы тут

На «Беларусь 3» да юбілею Касталеўскага пакажуць фільмы з яго ўдзелам


У нядзелю 10 верасня свой 75-гадовы юбілей адзначыць заслужаны артыст РСФСР, акцёр тэатра і кіно Ігар Касталеўскі. У эфіры сацыякультурнага і іншых тэлеканалаў з гэтай нагоды запланаваны паказы фільмаў з яго ўдзелам.


Так, на тэлеканале «Беларусь 3» у суботу 9 верасня глядзіце мастацкі фільм «Тэгеран-43» (СССР, 1989 г.), у якім Ігар Касталеўскі задзейнічаны ў галоўнай ролі. Шпіёнскую драму міжнароднай вытворчасці экраны паказалі ў 1980 годзе. Рэжысёры Аляксандр Алаў і Уладзімір Навумаў падрыхтавалі для аўдыторыі кінааповед пра адважных савецкіх разведчыкаў, прыправіўшы яго прыгожай гісторыяй кахання Барадзіна і францужанкі Мары Луні. Увасобілі сюжэт акцёры Ігар Касталеўскі, Наталля Белахвосцікава, Ален Дэлон, Армэн Джыгарханян, Глеб Стрыжэнаў, Усевалад Санаеў і іншыя. Фільм меў поспех і быў узнагароджаны на шэрагу буйных кінафестываляў. Так, напрыклад, на Усесаюзным фестывалі галоўны прыз прысудзілі рэжысёрам Алаву і Навумаву.

А ў нядзелю тут жа нас чакае паказ кінастужкі «Законны шлюб» (СССР, 1985 г.). Фільм, зняты Альбертам Мрктчанам, вяртае нас у часы пачатку Вялікай Айчыннай вайны, дзе праяўляць сябе ў новых жыццёвых абставінах даводзіцца эвакуіраванаму акцёру Валошыну і настаўніцы музыкі Вользе, якія знаёмяцца ў Ташкенце. Ён марыць адправіцца на фронт, а яна, працуючы медсястрой, жадала б вярнуцца ў бацькоўскую кватэру ў прыфрантавой Маскве. Пару ў экранным дуэце Ігару Касталеўскаму склала Наталля Белахвосцікава. У герояў узнікаюць пачуцці, але пра сур'ёзнасць іх спачатку нішто не сведчыць. Аднак калі маладыя людзі заключаюць фіктыўны шлюб і адпраўляюцца ў Маскву, лёс дае ім шэраг кранальных выпрабаванняў, пасля якіх яны ўсведамляюць галоўнае... Усе падзеі адбываюцца на фоне эпічных пейзажаў Цэнтральнай Азіі і суправаджаюцца гучаннем настальгічных мелодый Ісаака Шварца, якія ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай музычнай культуры.

На тэлеканале «Расія-Культура» святочную дату вядомага акцёра адзначаць паказам мастацкага кінафільма «Вечны муж», які ўбачыў свет на «Беларусьфільме» ў 1990 годзе. Гэтую драму зняў рэжысёр Яўген Маркоўскі па аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. Драма, за якой гледачы назіраюць з экрана, па-ранейшаму актуальная і нагадвае нам пра сутнасць людзей, іх узаемаадносіны, а таксама наступствы ўчынкаў і выбару.

Не абмінуць свята Ігара Касталеўскага і ў эфіры тэлеканала АНТ. Тут гледачоў чакае паказ дакументальнага фільма «Чароўнае шчасце», дзе інтэрв'ю дае жонка акцёра францужанка Кансуэла. ...Калі Касталеўскі ў фільме «Зорка чароўнага шчасця» іграў дзекабрыста, закаханага ў францужанку, юная Кансуэла дэ Авіланд прачытала кнігу Аляксандра Дзюма «Настаўнік фехтавання» і літаральна палюбіла далёкую для яе Расію. Яшчэ дзяўчына тады вырашыла, што абавязкова стане жонкай дзекабрыста. Праз шмат гадоў яна заставалася вернай сваёй мары, а сустрэўшыся з Касталеўскім, сказала яму пра тое. Аднак акцёр ашаламіў дзяўчыну, паведаміўшы, што ён той самы дзекабрыст, і распавёў пра кінафільм «Зорка чароўнага шчасця». З таго часу для Ігара і Кансуэлы пачалося новае жыццё, адно на дваіх. Дзяўчына пераехала да мужа ў Расію, і каб ён застаўся ў прафесіі, яна адмовілася ад сваёй, хоць яна таксама актрыса. Але ж лёс, відаць, прызначыў ёй ролю жонкі Ігара Касталеўскага. Яна заўсёды побач з ім, каб падтрымліваць, раіць і натхняць на творчасць... А сам акцёр кажа, што ён чалавек другой паловы жыцця, таму што менавіта ў сталыя гады пачаўся перыяд яго чароўнага шчасця. І працягваецца дагэтуль, нібы мелодыя вечнага кахання. Не прапусціце магчымасць даведацца больш на тэлеканале АНТ 10 верасня.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.