Вы тут

Новыя вяскоўцы. У чаканні свайго мядку, або Як мы завялі... пчол


Чатыры гады таму, калі мы толькі пераехалі жыць у вёску, заракліся, што, крый божа, не будзем ніколі заводзіць дамашнюю жывёлу. Бо, маючы гаспадарку, праблематычна ад'ехаць кудысьці нават на дзень, не кажучы ўжо пра тыдзень. Але жыўнасць чамусьці так і гарнулася да нас...


Пчаляр-пачатковец перастаўляе месцамі рамкі па парадзе свайго сэнсэя Леаніда.

То суседскі конь прыйдзе на канюшыну, то куры завітаюць, каб пакорпацца ў кветніку, я ўжо не кажу пра шматлікіх катоў і сабак. А летась у нас пад будаўнічым вагончыкам квактуха ўмудрылася зусім незаўважна вывесці сем ладных жоўценькіх камячкоў. Дык суседзі, якія збегліся паглядзець на нашу знаходку, ці то ўсур'ёз, ці то смехам прапаноўвалі забраць куранят сабе. Маўляў, падгадуеце і будзеце заўсёды са сваімі яйкамі. Куры ж не карова, ім можна насыпаць зерня ды наліць вадзічкі і спакойна пакінуць на пару дзён. Галоўнае — загончык зрабіць, і ўсё. Але мы не паддаліся на ўгаворы і аддалі малянят гаспадарам.

Мінулым летам па наводцы суседзяў паехалі да мясцовых фермераў па памідоры ды агуркі і ўбачылі на адной з вясковых агароджаў надпіс «Прадам мёд». «О, а ў нас якраз мядовыя запасы заканчваюцца, давай завітаем», — прапанавала я. Так мы зусім выпадкова ўпершыню ў жыцці пакаштавалі валошкавы мёд. Гаспадар, хоць і быў заняты, але паказаў нам сваю пасеку, нават дазволіў нашаму малому зазірнуць у вулей і паглядзець на пчолак. «Знаёмая можа аддаць мне проста так два дзедавы вуллі ў добрым стане. Як вы думаеце, наколькі рэальна вось так з нуля заняцца пчалярствам?» — вырашыў параіцца з пчаляром мой муж. На што наш новы знаёмы ўсміхнуўся і сказаў, як адрэзаў: «Для пачатку трэба хоць бы якую кніжку прачытаць». Прайшоў год, за шматлікімі справамі, якіх у вёсцы гаць гаці, муж так і не знайшоў часу, каб дачытаць да канца нават адну кніжку па пчалярстве, хоць і ўзяў у бібліятэцы некалькі штук. Але, як той казаў, лёс, каб і хацеў, не абмінеш. У пачатку гэтага лета ён зусім выпадкова звёў майго мужа з іншым пчаляром. Віктар не стаў адгаворваць, наадварот, падтрымаў, прычым не толькі словам, але і падарыў рой, які злавіў сам, а потым і яшчэ адзін вулей. Маўляў, «нічога не бойся, усяму навучышся ў працэсе. Прынамсі, я так рабіў».

Пасля садка наш Сымон цяпер першай справай бяжыць назіраць за пчолкамі.

Пасля размовы з Віктарам у мужа выраслі крылы. Ён так натхніўся, што ў той жа дзень паехаў у іншы раён да знаёмых па абяцаныя вуллі. Праўда, ён крыху спазніўся, з двух дамкоў застаўся толькі адзін. Другі, пакуль Уладзь думаў, ужо аддалі суседу па лецішчы.

Разам з драўляным жоўценькім вуллём муж прывёз дадому шмат вошчаных рамак, дымар і ладны стос часопісаў і кніг па пчалярстве. Менавіта па іх асвойваў пчалінае майстэрства былы гаспадар вулля. Што цікава, у яго была алергія на мёд, але ён усё адно займаўся пчоламі, бо вельмі любіў гэтую справу. Дарэчы, тыя вуллі дзядуля змайстраваў сам. Так супала, што ён, як і мой муж, шмат што па дому рабіў уласнымі рукамі, нават мэблю. А яшчэ таксама, як і мы, імкнуўся ўжываць натуральную ежу, таму клапаціўся, каб і гародніна, і мёд былі свае. 15 гадоў таму пчаляр-самавук сышоў у іншы свет, і ўвесь гэты час яго прылады ляжалі без ужытку на лецішчы. Яго дзецям і ўнукам ужо даўно хацелася вызваліць месца, але, прызналіся, выкінуць рука не падымалася. Хацелася аддаць гэты скарб не абы-каму, а чалавеку, які б дакладна пранікся пчоламі, каб дзедава справа жыла.

Увесь гэты пчалярскі рыштунак нам дастаўся абсалютна бясплатна.

Неўзабаве пасля таго, як муж устанавіў за хатай свой першы пчаліны дамок, яны з Віктарам у прыцемках засялілі туды адлоўлены рой. Першым чынам Уладзю параілі абзавесціся касцюмам пчаляра. Менавіта яго я і падарыла мужу на дзясятую гадавіну нашага знаёмства. Выбіраць абноўку паехалі разам у спецыялізаваную краму, у якой, дарэчы, вельмі прыемна пахне мёдам. І выйшлі адтуль не толькі з ільняным «скафандрам», але і з жоўтай скрыначкай, у якой поўзала пазначаная чырвонай меткай пчаліная каралева пароды карніка з часткай сваёй світы. Гэта сэнсэй (з японскай мовы — настаўнік) мужа, у якога мы надоечы купілі рой, прыязджаў да нас і, зазірнуўшы ў адлоўлены вулей, параіў замяніць матку, бо яна старая. Лічу, мужу вельмі пашанцавала сустрэць на сваім шляху Леаніда. Гэта чалавек, які большую частку свайго жыцця прысвяціў пчолам, ахвотна дзеліцца тым, што ведае, з пачаткоўцам. Яму можна ў любы час патэлефанаваць і спытаць парады.

Наш першы пчаліны дамок. І котка Ліска, якая таксама прыйшла пазнаёміцца з новымі суседзямі.

Карацей, як бачыце, усё складваецца само сабой. На нашым шляху сустракаюцца людзі, гатовыя падзяліцца не толькі досведам, але і аддаць пчаліныя дэвайсы. Вось і надоечы муж прывёз з суседняй вёскі медагонку 1955 года вырабу, раёўню, другі дымар, воскатапілку. Валерыю — 69, пасля смерці таты-пчаляра ён займаўся пчоламі два гады. У яго было 11 вулляў. Але так сталася, што восы адным махам знішчылі ўсе яго пчаліныя сем'і... І мужчына закінуў тую справу. У выніку усе бацькавы пчалярскія прылады больш як 20 гадоў пылілася ў яго на лецішчы. Менавіта таму ён абрадаваўся магчымасці падарыць ім новае жыццё. І проста так аддаў нам свае скарбы, у тым ліку шматкорпусныя вуллі, якія захоўваліся ў яго пчальніку пад дахам. У мужа пакуль няма вялікіх амбіцый, кажа, што не плануе займацца пчалярствам дзеля грошай. Проста хочацца, як і ўладальніку нашага першага вулля, забяспечваць натуральным мёдам сваю сям'ю, сяброў і аднавяскоўцаў. Таму марыць з часам пашырыць пасеку да пяці-сямі вулляў.

Мацуем пчаліную пастку на вясковую ліпу. На ёй, казаў сусед, пару год таму ўжо вісеў рой.

Таму, каб завесці пчол, паспрыяла яшчэ і тое, што мы некалькі месяцаў назад вырашылі паспрабаваць адмовіцца ад цукру. Нават у выпечку ў якасці альтэрнатывы пачалі дадаваць мёд. Шмат «жоўтага золата» ў нас ідзе на кансервацыю абляпіхі, каліны і чарнаплоднай рабіны. А яшчэ нядаўна адкрылі для сябе пяргу, якая смачнейшая за любую цукерку. Мы купілі яе ў пчаляра Генадзя на кірмашы ва Уздзе. Дарэчы, калі не ведалі, пачытайце, колькі разнастайных вітамінаў, лячэбных кампанентаў і мікраэлементаў яна ўтрымлівае. Акрамя таго, набылі ў пчаляра і слоічак пчалінага падмору — думаем зрабіць з яго гаючую мазь. Аказваецца, загінулых пчол (летам яны жывуць не больш за 35-40 дзён) можна не выкідваць, а выкарыстоўваць як для лячэння розных захворванняў, так і проста для павышэння імунітэту.

Забіраючы медагонку, муж паабяцаў Валерыю, што абавязкова пачастуе яго сваім першым мёдам. Цяпер жа той купляе мёд у жанчыны з Узды. Муж адразу ж паглядзеў на мяне, маўляў, «бачыш, нават жанчыны займаюцца пчоламі, глядзіш, з часам купім і табе ахоўны касцюм і будзеш мне дапамагаць. Грэх не заняцца пчоламі, калі ў тваёй маці нават дзявочае прозвішча Бортнік». Дарэчы, мама распавядала, што ў маленстве яны з братам елі мёду ўволю, бо яе дзядуля трымаў пасеку. У маім дзяцінстве таксама ў сезон на стале вадзіўся мёд у сотах, бо ў суседстве жыў ветурач, вуллі якога месціліся якраз за нашым агародам. Памятаю, любіла мачаць агуркі ў вадкі мёд, гэтым летам адкрыла такі ласунак для Сымона. А яшчэ цяпер мы ўсёй сям'ёй глядзім дакументальныя фільмы пра пчол, вучымся адрозніваць матку і трутняў, карыстацца дымаром... І марым пакаштаваць у бягучым сезоне свайго мядку. Прынамсі, Леанід, калі аглядаў рамкі, сказаў, што пчолкі яго ўжо даволі шмат нанасілі. Цяпер муж пад кіраўніцтвам сэнсэя падкормлівае працаўніц адмысловым сіропам, абараняе іх ад вос і кляшчоў — ставіць адмысловыя пасткі, уцяпляе вуллі старой ватнай коўдрай на зіму. Я ж, калі бачу, як свеццяцца яго вочы ад шчасця, калі ён вяртаецца ад сваіх новых дзвюх сем'яў, разумею, што людзі, якія хацелі аддаць вуллі ў надзейныя рукі, не прагадалі. Гісторыя іх продкаў, падказвае мне інтуіцыя, будзе мець працяг. Бо добрая справа заўсёды працягваецца...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?